паласа наносаў на ўзбярэжжы вадаёма або вадацёку ў зоне дзейнасці прыбойнага патоку. Фарміруецца ў выніку намнажэння прадуктаў разбурэння берагоў і прыбярэжных водмелей пры актыўным хваляванні і ўздоўж берагавых цячэнняў. Можа ўключаць берагавыя валы, косы і інш. акумуляцыйныя формы прыбярэжнай зоны. Вылучаюць П. валунныя, галечныя, жвіровыя, пясчаныя, ракушачныя, каралавыя і інш. Для рэкрэацыйных мэт выкарыстоўваюцца пясчаныя П. (напр., Рыжскае ўзмор’е) і галечныя (напр., Паўд. бераг Крыма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СПІДЫ, аспідавыя (Elapidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 43 роды, 181 від. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Паўд. Азіі, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў тропіках і субтропіках. Найб. вядомыя кобры, крайты (Bungarus), мамбы (Dendroaspis), каралавыя (Micrurus). Некат. ахоўваюцца. Сярэднеазіяцкая кобра (Naja naja oxiana) водзіцца на Пд Сярэдняй Азіі.
Цела стройнае, даўж. да 5,5 м. Афарбоўка разнастайная, стракатая. Галава ў большасці не адмежавана ад тулава, укрытая буйнымі сіметрычнымі шчыткамі. Наперадзе верхнясківічных касцей буйныя парныя ядаправодныя зубы. Яд нервова-паралітычнага дзеяння, небяспечны для жывёл і чалавека. Кормяцца грызунамі, жабамі, яшчаркамі і інш. змеямі. Большасць жывародныя. Жывуць на зямлі і дрэвах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВАЕ МО́РА (Corel Sea),
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. каля берагоў Аўстраліі, паміж а-вамі Новая Гвінея, Саламонавымі, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, рыфам Фрэдэрык. Пралівам Торэса звязана з Індыйскім ак.Пл. 4068 тыс.км². Найб.глыб. 9174 м. Шматлікія каралавыя астравы і рыфы, у т. л.Вял. Бар’ерны рыф. Дно моцна расчлянёнае. Цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, на зах. ускраіне якога бярэ пачатак Усх.-Аўстралійскае цячэнне. Т-ра вады на Пд ад 19 °C у жн. да 24 °C у лют., на Пн да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 7,2 м). Гал. парты: Кэрнс (Аўстралія), Порт-Морсбі (Новая Гвінея), Нумеа (Новая Каледонія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),
падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.
Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),
паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64°зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл. каля 1,2 тыс.км². Нас. каля 370 тыс.чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.Ахедам і А.Веспучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РАГ,
паласа ўзаемадзеяння паміж сушай і вадаёмам (мора, возера, вадасховішча і інш.) ці вадацёкамі (рака, канал і інш.). Мае надводную частку і падводны берагавы схіл, падзеленыя берагавой лініяй. Фарміруецца пад уздзеяннем гідралагічных (ветравыя хвалі, прылівы, адлівы, цячэнні, рачныя плыні і інш.), геал. (тэктанічныя рухі, састаў горных парод), геамарфал. (вышыня і формы рэльефу), антрапагенных (гідрабудаўніцтва, водакарыстанне) і інш. фактараў. Паводле вядучых фактараў у марскіх, рачных і азёрных берагах адрозніваюць абразійныя і эразійныя (гл.Абразія, Эрозія), акумулятыўныя і складаныя. Вывучае берагі геамарфалогія.
Бераг марскі з боку сушы абмежаваны лініяй, якой дасягае прыбой у час найб. прыліваў і штормаў, з боку мора — глыбінёй, дзе затухаюць рухі хваляў. У развіцці марскіх берагоў гал. роля належыць хвалям і прыбою. Яны разбураюць сушу і ўтвараюць абразійныя, часта з кліфам (уступам), берагі або перамяшчаюць і адкладаюць наносы, утвараючы акумулятыўныя берагі. Фарміруюцца яны таксама ў выніку дзейнасці рэк у вусці (дэльтавыя берагі) і пад уплывам занальных фактараў: у Арктыцы і Антарктыцы ад дзеяння вады на мёрзлы грунт і лёд узнікаюць тэрмаабразійныя, у трапічных морах жывыя арганізмы ствараюць біягенныя, пераважна каралавыя берагі (гл.Каралавыя пабудовы). Сучасныя берагі пачалі фарміравацца каля 6 тыс. гадоў назад, пасля позналедавіковай трансгрэсіі, калі ўзровень акіяна павысіўся на 90—100 м і заняў цяперашняе становішча. У выніку затаплення нізінных ускраін мацерыкоў утварыліся інгрэсійныя марскія берагі. Яны падзяляюцца на ледавіковыя (фіёрдавы, шхерны), эразійныя (рыясавы і ліманны), эолавыя (аральскі), структурна-дэнудацыйныя (далмацінскі), ватавыя і інш. (гл. таксама Інгрэсія, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты). Берагі рачныя развіваюцца пад уздзеяннем рэчышчавай плыні, якая выклікае бакавую і лінейную эрозію і ўтварэнне карэннага (тэрасавага) незатапляльнага берага або акумуляцыю наносаў і ўтварэнне акумулятыўнага (поймавага) затапляльнага берага. Рэкі Паўн. паўшар’я, якія цякуць на Пн, маюць правы стромкі, абразійны, левы нізкі, акумулятыўны бераг (пад уплывам Карыяліса сілы). У фарміраванні берагоў рэк вял. значэнне маюць апоўзні, абвалы, асыпкі і ўтварэнне яроў. Берагавыя працэсы на рэках паскараюцца пры змене базісу эрозіі.
На Беларусі берагі вадаёмаў і вадацёкаў пераважна акумулятыўныя, на іх развіты берагавыя валы і пляжы. Абразійныя берагі найб. уласцівы вадасховішчам (на некаторых да 50% даўжыні берагавой лініі) і рэкам. На многіх азёрах берагі амаль не перапрацоўваюцца, параслі лесам, хмызняком і травой. Балотная расліннасць стварае на іх сплавінныя берагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫАТЛАНТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА.
У Паўн. Амерыцы, у ЗША. Акаймоўвае Атлантычнае ўзбярэжжа ад Нью-Йорка да паўд. краю п-ва Фларыда. Шыр. ад 30 да 350 км. У аснове П.н. ляжаць палеазойскія крышт. структуры, перакрытыя вапнякамі і пясчанікамі мелу і палеагену. Паверхня плоская, выш. да 100 м. У паўн.ч. ўзбярэжжа расчлянёна глыбокімі залівамі (Дэлавэр, Чэсапікскі), на Пд — берагі лагуннага і маршавага тыпу са шматлікімі пясчанымі косамі, у паўд. краі Фларыды — каралавыя рыфы. Углыб П.н. лагуны змяняюцца азёрамі, балотамі і плоскімі марскімі тэрасамі, перарэзанымі шырокімі поймамі рэк. Уздоўж большай ч. ўзбярэжжа — цячэнне Гальфстрым. Клімат субтрапічны, мусоннага тыпу, на Пд Фларыды — трапічны. Зіма цёплая, дажджлівая, на Пд Фларыды — сухая. Сярэднія т-ры студз. 5—10 °C. Частыя цыклоны прыносяць дажджы і паніжэнне т-ры да 0 °C. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэднія т-ры ліп. 22—28 °C. Ападкаў 1000—1400 мм за год. Лясы з хвоі доўгаіглістай, хлыстовай, ладаннай, факельнай. На водападзельных слабаўзгорыстых участках лясы мяшаныя хваёва-дубовыя, з карлікавай пальмай у падлеску; балоты. Вырошчваюць бавоўнік, тытунь, рыс, сорга. Яблыневыя і персікавыя сады. Гал. гарады: Нью-Йорк, Філадэльфія, Балтымар, Вашынгтон.