ПЯТРО́ВЫ,

рас. спевакі; муж і жонка, Восіп Апанасавіч (15.11.1807, г. Кіраваград, Украіна — 11.3.1878), бас. У юнацтве спяваў у царк. хоры. З 1826 выступаў у розных правінцыяльных трупах. З 1830 у Пецярбургу. Спяваў на сцэнах Вялікага т-ра, Тэатра-цырка. З 1860 у Марыінскім т-ры. Адзін са стваральнікаў рас. рэаліст. опернай школы. Яго голас вылучаўся моцным гучаннем, шырынёй дыяпазону, багаццем фарбаў, што спрыяла стварэнню разнастайных вобразаў. Першы выканаўца партый Сусаніна і Руслана («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, абедзве партыі прызначаны для П.), Мельніка («Русалка» А.​Даргамыжскага), Івана Грознага («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Варлаама («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага); выконваў партыі ў операх зах.-еўрап. кампазітараў. Быў тонкім інтэрпрэтатарам рамансаў Глінкі, Даргамыжскага, Мусаргскага і інш. Ганна Якаўлеўна (14.2.1818, С.-Пецярбург — 26.4.1901), кантральта. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. Брала ўрокі ў Глінкі. У 1835—46 салістка Пецярбургскага опернага т-ра. Разам з мужам спрыяла станаўленню рэаліст. рас. опернага мастацтва. Валодала паўнагучным, аксамітным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, і каларатурнай тэхнікай. Першая выканаўца партый Вані і Ратміра (оперы «Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» Глінкі).

Да арт. Пятровы. Восіп Апанасавіч.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)