ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),

філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.​Кант, Г.​Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.​Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.​А.​Абрамаў, Л.​Берталанфі, Дж.​Клір, Э.​М.​Сарока, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯНІ́ЗМ,

1) рэлігійнае вучэнне пра будучае выратаванне чалавецтва дзякуючы прыходу звышнатуральнай істоты — месіі, збавіцеля. Узнік у стараж. іудаізме і быў абумоўлены іншаземным панаваннем, сац. эксплуатацыяй і расчараваннем стараж. яўрэяў у вучэнні пра заступніцтва Яхве. У хрысціянстве М. заснаваны на веры ў выратаванне Хрыстом не якой-н. канкрэтнай нацыі, а ўсяго чалавецтва і ў яго «другое прышэсце» пасля страшнага суда для ўсталявання на Зямлі вечнага «божага царства». Непасрэднае іудзейска-хрысц. паходжанне мае М. у будызме. У мусульман-шыітаў ён пашыраны ў форме вучэння пра махдзі-месію, які павінен аб’явіцца ў час другога прышэсця «схаванага імама».

2) Погляды на асаблівую ролю якога-н. народа, дзяржавы, сац. групы, арг-цыі, асобы ў вырашэнні грамадскіх праблем, канкрэтна-гіст. крызіснай сітуацыі. Месіянская канцэпцыя набыла своеасаблівае развіццё ў ідэалогіі сіянізму, у канцэпцыі асаблівай гіст. ролі Маскоўскай дзяржавы як «трэцяга Рыма» і богавыбранні рус. народа (гл. Славянафільства, Стараверства). Крыжовыя паходы і рэліг. войны натхняліся ідэяй асаблівай рэліг. місіі іх ініцыятараў, ажыццяўленне якой пажадана Богу і вядзе да ўсталявання «ісціннай» рэлігіі. Аднак з развіццём секулярызацыйных працэсаў М. паступова страчвае рэліг. змест. Ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. крызісаў растуць грамадскія надзеі на харызматычныя якасці таго ці інш. лідэра, магчымасці якіх-н. паліт. рухаў, партый, звышнатуральнае ўмяшанне незямных сіл і г.д.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МХІ І ЗАБАБО́НЫ,

вераванні, уяўленні і звязаныя з імі магічныя дзеянні, што з пункту гледжання афіц. рэлігіі разумеюцца як перажыткі і праявы традыцыяналізму; адзін з жанраў нар. творчасці. Вядомы многім народам свету, у т. л. беларусам, што данеслі да нашых дзён стараж. погляды продкаў. Выступаюць як нагляднае, канкрэтна-вобразнае ўвасабленне веры архаічнага чалавека ў сваю нявылучанасць з прыроды, у існаванне звышнатуральных сіл, здольных уплываць на стан наваколля і лёс індывіда. Сістэма П. і з. памагала грамадству захоўваць гарманічныя ўзаемаадносіны са светам, у т. л. і з міфічным, прадухіляць небяспечныя ўчынкі дэманічных сіл, часам рэкамендавала звяртацца да іх па дапамогу. Напр., у беларусаў кантакт з лесавіком забяспечвала шапка, надзетая задам наперад, барана каля дзвярэй засцерагала ад пранікнення ў хату чараўнікоў. П. і з. суадносяцца з раскладам на дзень, домам і гаспадаркай, адзеннем і ядою, святамі і надвор’ем, адносінамі ў сям’і і паміж аднавяскоўцамі. Таму багацце П. і з. невычэрпнае. Яны складваюцца ў адзін вялікі тэкст, што запаўняе духоўную дзейнасць народа; прысутнічаюць у нар. свядомасці як ментальныя існасці, як кіраўніцтва да дзеяння. У жыцці няма патрэбы моўна выражаць зашыфраваную ў іх інфармацыю; яна ўзнікае, напр., пры перадачы ведаў дзецям або інш. калектыву. Таму сфера П. і з. як моўнага жанру даволі абмежаваная.

Публ.: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 1—3. Мн., 1996—99.

Т.​В.​Валодзіна.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛЮСТРАВА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

спецыфічная форма асваення рэчаіснасці. Метадалагічнай асновай разумення сутнасці адлюстравання мастацкага з’яўляецца адлюстравання тэорыя, якая раскрывае агульныя заканамернасці і спосабы адэкватнага спасціжэння свету. Ужо ў антычнасці піфагарэйцы, а потым Платон і Арыстоцель сцвярджалі ідэю аб мімесісе (перайманні) як асн. эстэт. прынцыпе і сутнасці мастацтва. Наследаванне прыродзе было дамінантай у эст. трактоўках эпохі Адраджэння, класічнай эстэтыцы 16—17 ст. Гётэ выступаў супраць змешвання прыроды і мастацтва, недаацэнкі суб’ектыўнай творчасці «сапраўднага мастака». М.​Г.​Чарнышэўскі замацаваў у тэорыі мастацтва паняцце «ўзнаўленне». Сцвярджэнне ў мастацтве прынцыпу канкрэтна-гіст. ўзнаўлення абумоўлівае рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці (гл. Рэалізм). Канцэпцыя актыўнага ўздзеяння мастацтва на духоўны свет чалавека праяўлялася ў адраджэнні ант. тэорыі мімесісу (М.​К.​Сарбеўскі), развівалася Ф.​Скарынам, М.​Гусоўскім, Сімяонам Полацкім і інш. У эпоху Асветніцтва элементы адлюстравання мастацкага выявіліся ў арыентацыі на пазнавальныя і выхаваўчыя функцыі мастацтва (А.​Доўгірд, Л.​Бароўскі). К.​Каліноўскі, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, А. і І.​Луцкевічы, А.​Гарун і інш. развівалі ўяўленне пра маст. праўду як адлюстраванне праўды жыцця, гісторыі і самабытнай культуры бел. народа. Адлюстраванне мастацкае прадугледжвае асабістыя адносіны творцы да аб’ектаў, што пазнаюцца. Сэнс маст. абагульнення заключаны ў адборы істотнага і заканамернага, у раскрыцці тыповых характараў і сітуацый.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Юлдашев Л.Г. Искусство: философские проблемы исследования. М., 1981;

Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВА́ГА І РО́ЗУМ,

суадносныя філасофскія паняцці, якія характарызуюць дыялектыку пазнавальнага працэсу і 2 узроўні мысліцельнай дзейнасці; адна з ключавых праблем дыялектычнай логікі. Вытокі вучэння аб Р. і р. у ант. філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў «цёмныя» (неверагодныя) веды ад сапраўдных ведаў; Геракліт — «вучонасць» ад «мудрасці»; Платон падзяляў навакольны свет на бачны і розумаспасцігальны, а веды — на дакладныя і ненадзейныя. У сярэдневякоўі развага разглядалася як інструмент пазнання зямнога, канечнага, а розум як інструмент спасціжэння бясконцага і абсалютнага. Ідэяй трыумфу розуму прасякнута філасофія Адраджэння і Новага часу. Тэарэт. асновы праблем Р. і р. як 2 ступеняў мыслення распрацаваў І.​Кант. Развагу ён прадстаўляў як ніжэйшую ступень, функцыя якой сістэматызацыя і ўпарадкаванне матэрыялу пачуццёвасці; яна абмежавана ў сваіх магчымасцях і не здольная даць безумоўныя веды. Гэтую задачу павінен вырашыць розум як вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека. Аднак і розум не ў стане яе выканаць, паколькі ў працэсе адшукання безумоўнага і абсалютнага ён сутыкаецца з невырашальнымі супярэчнасцямі — т.зв. антыноміямі. Г.​Гегель абсалютызаваў розум, прызнаваў за ім здольнасць разгарнуцца ў выглядзе канкрэтна-ўсеагульнага паняцця. Як ключавую праблему дыялектычнай логікі яе распрацоўвалі рас. даследчыкі Э.​В.​Ільянкоў, П.​В.​Капнін, В.​С.​Сцёпін, У.​І.​Шынкарук і інш. Базавым палажэннем з’яўляецца прызнанне 2 узаемазвязаных форм мыслення — разважлівай і разумовай. Розум звязваецца з аперыраваннем паняццямі, абстракцыямі і з даследаваннем існасці самога спасцігаючага мыслення. Ён выступае і як вышэйшая форма тэарэт. асваення рэчаіснасці. Развага таксама аперыруе абстракцыямі, але ў адпаведнасці з зададзенай схемай, яна надае мысленню сістэмнасць, пэўную строгасць.

Літ.:

Природа научного познания. Мн., 1979;

Ильенков Э.В. Диалектическая логика. 2 изд. М., 1984.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАХО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (н. 25.9.1913, мяст. Нобель Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). У 1914 з бацькамі пераехаў у Глуск. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1935). Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. У 1936 беспадстаўна арыштаваны, сасланы на лесараспрацоўкі ў Горкаўскую вобл. У 1946—49 настаўнік у Слуцкім р-не. У 1949 арыштаваны паўторна і высланы ў Новасібірскую вобл.; настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1955. З 1956 у Мінску. У 1957—73 у час. «Бярозка», «Вясёлка». Друкуецца з 1926. Першы зб. вершаў «Дзень нараджэння» (1958). Грахоўскі — прыхільнік традыц. класічнай паэтыкі, канкрэтна-рэаліст. вобразнасці. Асн. рысы яго паэзіі — лірызм, роздум над складанымі праблемамі часу, спалучэнне грамадскіх і асабістых матываў, сцвярджэнне дабрыні, чалавечай годнасці, грамадз. адказнасці чалавека: зб-кі «Чаканне» (1960), «Паэма дарог» (1970), «Зачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1983), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988), «Споведзь» (1990, аповесці і вершы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакумент. аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1967, экранізавана ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), «Два лёсы — дзве трагедыі» (1988), аўтабіягр. трылогіі «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) і інш. Піша для дзяцей (зб. вершаў «Сёння і заўтра», 1961; «Гарыць касцёр», 1966; аповесць «Гарачае лета», 1974, і інш.). Перакл. на бел. мову асобныя творы А.​Гайдара, Р.​Тагора, кн. «Выбраныя вершы і паэмы» А.​Блока, зб. «Пасля спаткання» М.​Дудзіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1994.

А.​С.​Гурская, І.​У.​Саламевіч.

С.І.Грахоўскі.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЭЛЬШТА́М (Восіп Эмілевіч) (15. 1.1891, Варшава — 27.2.1938),

расійскі паэт. Вучыўся ў Сарбоне (1907—08), Гайдэльбергскім (1909—10) і Пецярбургскім (1911—17) ун-тах. Друкаваўся з 1907. У ранніх вершах уплыў паэзіі сімвалістаў. З 1912 адзін са стваральнікаў акмеізму (арт.-маніфест «Раніца акмеізму», 1913. апубл. 1919). Вершы гэтага перыяду (зб. «Камень», 1913) адзначаны канкрэтна-рэчавым успрыняццем свету, культ.-гіст. вобразамі і матывамі, імкненнем да дакладна вывераных «архітэктурных» форм. У зб. «Tristia» («кнізе смуткаў», 1922; пад назв. «Другая кніга», 1923) захапленне сярэднявеччам, готыкай змяняецца зваротам да культуры Грэцыі і Рыма; у вершах на інш. тэмы — прынцып асацыятыўнасці вобразнай сістэмы, узнікненне зашыфраванага сэнсу. Вершам 1920—30-х г. (зб. «Вершы», 1928; цыклы «Арменія», 1931; «Варонежскія сшыткі», апубл. 1966) уласцівы трагічнае гучанне, роздум пра адказнасць паэта перад часам, адкрытасць аўтарскага голасу. Кніга аўтабіягр. апавяданняў «Шум часу» (1925) і аповесць «Егіпецкая марка» (1928) пра духоўны крызіс інтэлігента. Аўтар зб. артыкулаў «Пра паэзію» (1928), нарысаў «Падарожжа ў Арменію» (1933), літ.-крытычнага эсэ «Размова пра Дантэ» (1933, апубл. 1967), гісторыка-культ. эсэ, вершаў для дзяцей і інш. Пераклаў асобныя творы Ф.​Петраркі, А.​Барб’е, В.​Скота і інш. У 1934 арыштаваны. сасланы на 3 гады ў Варонеж, у маі 1938 арыштаваны зноў, загінуў у перасыльным лагеры. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. СПб., 1995;

Собр. соч. Т. 1-4. М., 1993—97;

Об искусстве. М., 1995;

Автопортрет: Стихотворения 1908—1937 гг.;

Заметки о поэзии. М., 1996.

Літ.:

Мандельштам Н.Я. Воспоминания. М., 1989;

Яе ж. Вторая книга. М., 1990;

Мандельштам и античность. М., 1995;

Осип Мандельштам и его время. М., 1995;

Лотман М.Ю. Мандельштам и Пастернак;

(Попытка контрастивной поэтики). [Тарту, 1996].

С.​Ф.​Кузьміна.

В.Э.Мандэльштам.

т. 10, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ЖАЕ,

цэнтральная эстэтычная катэгорыя для вызначэння дасканалых з’яў прыроды, грамадскага быцця і мастацтва. У якасці эстэт. каштоўнасці П. ўключае таксама ісціну і дабро ў канкрэтна-вобразнай, асабістай выяўленасці. У сістэме дыялектычнай логікі П. інтэрпрэтуецца як гарманічнае адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў быцця і мастацтва, усеагульнага і асаблівага, грамадскага і асабістага ў жыцці. У тых аб’ектах эстэт. ацэнкі, дзе духоўнауніверсальнае рэзка пераважае над матэрыяльна-асабістым, П. ўзвышаецца да ўзнёслага і гераічнага (гл. Гераізм), адваротнае парушэнне раўнавагі пераводзіць П. ў камічнае або агіднае і нізкае. Вылучаюцца 3 аспекты П. — псіхалагічнае ўспрыманне, мастацкае ўвасабленне і тэарэт. асэнсаванне ў эстэтыцы і крытыцы.

Ідэалам П. ў ант. цывілізацыі была мера і гармонія, адзінства красы, дабра і карысці — т.зв. калакагатыя. У хрысц. мастацтве П. — духоўнае пераўтварэнне быцця, пераход П. ва ўзнёслае і трагічнае. Ням. класічная эстэтыка раскрыла спецыфіку П. як мэтазгоднасці без утылітарнай мэты (І.​Кант), пачуццёва-вобразнага выяўлення духоўнага пачатку ў быцці і мастацтве (Г.​Гегель). Пазітывісцкая эстэтыка акцэнтуе ўвагу на псіхалогіі П. як пераменнай і адноснай каштоўнасці. Народнікі крытэрыем П. лічылі сац. і эстэт. ідэалы прац. народа. Празмерная сацыялагізацыя П. характэрна для марксісцка-ленінскай эстэтыкі.

На Беларусі ў гісторыі маст. культуры ўсведамленне П. як духоўнай каштоўнасці ўзнікла ў нар. творчасці. У 12—18 ст. арыгінальна выявіліся канцэпцыі П. сярэдневяковага, рэнесансавага, барочнага тыпаў, класіцызму і Асветніцтва. Нац. адраджэнскі ідэал П. як гармоніі нац. і універсальнага, прыроды і культуры, чалавека і грамадства абгрунтавалі пачынальнікі і класікі бел. л-ры 19—1-й пал. 20 ст. (гл. Літаратура).

Літ.:

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;

Яго ж. Основные эстетические категории. Мн., 1974;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Яго ж. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 10—12;

Я го ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Там жа. 2000. № 7—12.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙТМАТЫ́Ў (ням. Leitmotiv літар. вядучы матыў),

1)у літаратуры — асноўная думка, сюжэтна-тэматычны кірунак, ідэйна-эмацыянальны тон, стылявая дамінанта творчасці пісьменніка ці асобнага твора. Напр., рамант. ўзвышэнне свабодалюбівых імкненняў — Л. дакастр. творчасці Я.​Купалы; сцвярджэнне хараства духоўнасці — Л. паэзіі М.​Багдановіча. Л. можа быць характэрны для асобнага стылю ці кірунку. Напр., разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — філасофскі Л. л-ры рамантызму. Канкрэтна праяўляецца Л. у сюжэце, дэталі, што паўтараецца і вар’іруецца ў творчасці (творы) пісьменніка і набывае такім чынам вял. кантэкст, напаўняецца глыбокім зместам. Напр., у паэзіі А.​Куляшова такімі дэталямі з’яўляюцца вобразы Бесядзі і першага кахання лірычнага героя — Алесі, якія нясуць думку пра памяць, вернасць дарагому ў жыцці. У паэзіі акрамя малюнкавых адзначаюць Л. гукавыя, інтанацыйна-рытмічныя.

2) У музыцы — адносна кароткая муз. пабудова, якая неаднойчы паўтараецца на працягу твора; служыць абазначэннем і характарыстыкай пэўнага персанажа, прадмета, з’явы, эмоцыі і інш. У якасці Л. могуць выступаць тэма (лейттэма), гарманічны зварот ці асобная гармонія (лейтгармонія), інстр. тэмбр (лейттэмбр).

Найчасцей выкарыстоўваецца ў муз.-тэатр. жанрах, з 19 ст. і ў сімф. праграмнай музыцы Як муз.-драматургічны прыём фарміраваўся ў канцы 18 ст. ў позніх операх В.​А.​Моцарта, у кампазітараў франц. школы (А.​Грэтры, Э.​Меполя, Л.​Керубіні). Найб. ролю адыгрываў у операх 19—20 ст. (Р.​Вагнер, Дж.​Вердзі, Ш.​Гуно, Ж.​Бізэ, Ж.​Маснэ, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, Р.​Штраус, К.​Дэбюсі, А.​Берг, Л.​Яначак, Дз.​Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, А.​Пятроў, Р.​Шчадрын і інш.). Л. у сімф. творах выкарыстоўвалі Штраус, А.​Скрабін і інш.

У муз.-драм. творах бел. кампазітараў Л. выкарыстаны ў операх М.​Аладава, А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, Г.​Вагнера, В.​Войціка, С.​Картэса, Дз.​Лукаса, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, Я.​Цікоцкага, балетах Вагнера, Я.​Глебава, В.​Залатарова, У.​Кандрусевіча, М.​Крошнера, А.​Мдывані, аперэтах Семянякі, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), Г.​Р.​Куляшова (музыка).

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ ((Miłosz) Чэслаў) (н. 30.6.1911, Шацейняй, Літва),

польскі паэт, эсэіст, перакладчык. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1992). Скончыў Віленскую гімназію (1929) і Віленскі ун-т (1934), вывучаў л-ру ў Парыжы (1934—35). Працаваў на польск. радыё ў Вільні і Варшаве. У 1945—51 на дыпламат. рабоце ў ЗША і Францыі, застаўся ў эміграцыі. З 1960 жыве ў ЗША. Праф. славістыкі Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (1961—78). Дэбютаваў як паэт у 1930. Піша на польск., англ., франц. мовах. У «Паэме пра застылы час» (1933), зб. «Тры зімы» (1936) прадчуванне катастрофы, здольнай знішчыць прыроду і чалавечую цывілізацыю, у зб. «Выратаванне» (1945) матыў маральнай адказнасці і еднасці паэта з лёсам нацыі. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуальнае багацце, філас. абагульненне, пошук нетрадыц. форм. Спалучэнне сімвалічна-эстэт. бачання свету з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, разумовасці з лірызмам, пафасу з іроніяй у паэт. зб-ках «Дзённае святло» (1953), «Горад без імя» (1969), «Дзе ўзыходзіць сонца і дзе садзіцца» (1974), «Неабдымная зямля» (1984), «На беразе ракі» (1994) і інш. Аўтар кн. эсэ «Зняволены розум» (1951—53), «Кантыненты» (1958; уключаны вершы і пераклады), «Радзіма — Еўропа» (1959), «Зямля Ульра» (1977), успамінаў «Год паляўнічага» (1990), паліт. рамана «Здабыццё ўлады» (1953), аповесці «Даліна Ісы» (1955, экранізацыя 1982) і інш. Кн. эсэ «Пошук бацькаўшчыны» (1992) звязана з гісторыяй зямель Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы. Перакладаў на польск. мову англ., франц., ісп. паэзію (зб. «Вершаваная форма», 1986), кнігі Старога і Новага запаветаў, а таксама польск. паэзію на англ. мову. Аўтар «Гісторыі польскай літаратуры» (1969). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Ю.​Бушлякоў, А.​Мінкін, А.​Разанаў, А.​Хадановіч, Я.​Чыквін. Нобелеўская прэмія 1980.

Тв.:

Бел. пер. — Вершы // Далягляды, 92. Мн., 1992;

Сведчанне паэзіі: Паэты і сям’я людзей;

Лекцыя біялогіі;

Вершы // Крыніца. 1997. № 7.

Літ.:

Gorczyńska R. (Czarniecka E.) Podróżny świata: Rozmowy z Czesławem Miłoszem: Komentarze. Kraków, 1992;

Fiut A Moment wieczny: Poezja Czesława Miłosza. Warszawa, 1993.

С.​Дз.​Малюковіч.

Ч.Мілаш.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)