ЛЯ́ПІС (лац. lapis камень),

сплаў серабра нітрату з нітратам калію. Выкарыстоўваюць у медыцыне як вяжучы бактэрыцыдны сродак.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ, бісульфаты, гідрагенсульфаты,

кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).

Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМІ́ДЫ неарганічныя,

хімічныя злучэнні брому з іншымі элементамі. Браміды большасці металаў маюць высокія т-ры плаўлення (напр., брамід калію KBr tпл 730 °C), добра раствараюцца ў вадзе, акрамя брамідаў серабра, ртуці, медзі, свінцу. Браміды неметалаў і металаў III і IV груп перыяд. сістэмы легкаплаўкія, лятучыя рэчывы і напр., брамід алюмінію AlBr3 tпл 97 °C). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, пры ўзаемадзеянні броміставадароднай кіслаты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі. Браміды натрыю і калію выкарыстоўваюць у медыцыне, хім. аналізе, браміды серабра — у вытв-сці кіна- і фотаматэрыялаў.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),

мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.

Карналіт.

т. 8, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛСБА́ДСКАЕ РАДО́ВІШЧА калійных солей,

у ЗША, штат Нью-Мексіка. Агульныя запасы аксіду калію K2O каля 100 млн. т, яго сярэдняя колькасць 18%. Распрацоўка з 1931. Здабыча падземным спосабам. Цэнтр — г. Карлсбад.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЙНАЯ САЛЕ́ТРА, каліевая салетра,

тэхнічная назва калію нітрату, KNO3. Падвойнае комплекснае ўгнаенне, мае калій (44% у пераліку на аксід K2O) і азот (13%). Выкарыстоўваюць на розных глебах, пераважна пад культуры, адчувальныя да хлору (лён, бульбу, тытунь, вінаград).

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННЫ КА́МЕНЬ,

кіслая каліевая соль віннакаменнай кіслаты, гідратартрат калію, C4H5O6K. Утвараецца пры браджэнні вінаграднага соку (выпадае пры адстоі він). Выкарыстоўваюць у вытв-сці віннакаменнай к-ты і таргратаў інш. металаў, як пратраву пры фарбаванні тканін (гл. Вінныя кіслоты).

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),

мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.

Нефелін.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),

лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.

М.​І.​Федзюкоеіч.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДНАВА́ТАЯ КІСЛАТА́,

моцная неарган. к-та, HIO3. Бясколерныя шклопадобныя крышталі, tпл 110 °C. Добра раствараецца ў вадзе. Солі HIO3 — ёдаты раскладаюцца пры т-ры, вышэйшай за 400 °C, моцныя акісляльнікі (напр., ёдат калію KIO3). Атрымліваюць у водных растворах акісленнем ёду канцэнтраванай азотнай к-той. Выкарыстоўваюць як матэрыял для гукаправодаў акустааптычных прылад.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)