Хларат калію 2/309

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ацэтат калію 7/108

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць калій. Найб. пашыраныя К.з. — солі неарган. кіслот. Большасць з іх бясколерныя крышт. рэчывы, добра растваральныя ў вадзе. Амаль 90% прадуктаў перапрацоўкі прыродных К.з. (сільвін, сільвініт, каініт) выкарыстоўваюць як мінеральныя ўгнаенні.

Калію галагеніды: брамід KBr, ёдыд К.І. выкарыстоўваюць для вырабу святлоадчувальных фотаматэрыялаў і ў медыцыне; хларыд KCl — найб. пашыранае з калійных угнаенняў. Калію гексацыянафераты (II, III): гексацыянаферат (II) K4[Fe(CN)6]3H2O (жоўтая крывяная соль), гексацыянаферат (III) K3[Fe(CN)6] (чырв. крывяная соль) — крышталі адпаведнага назве колеру. Выкарыстоўваюць як рэагенты ў аналіт. хіміі: жоўтую крывяную соль — пры вырабе пігментаў, фарбаванні шоўку, у вытв-сці цыяністых злучэнняў, ферытаў, каляровай паперы, для утылізацыі радыеактыўнага цэзію. Таксічныя. Калію дыхрамат (хромпік) K2Cr2O7 — аранжава-чырв. крышталі. Моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у запалкавай прам-сці, піратэхніцы. Таксічны: растворы разбураюць скурнае покрыва. Калію карбанат (паташ) K, CO3, выкарыстоўваюць у вытв-сці вадкага мыла, тугаплаўкага і хрусталёвага шкла. Калію нітрат KNO3 выкарыстоўваюць як угнаенне (гл. Калійная салетра), для вырабу чорнага пораху і піратэхн. саставаў, у вытв-сці запалак, шкла, для кансервавання мясных прадуктаў. Калію перманганат KMnO4 — цёмна-фіялетавыя крышталі, раскладаюцца з вылучэннем кіслароду пры т-ры вышэй за 240 °C. Выкарыстоўваюць як акісляльнік у арган. сінтэзе, антысептычны сродак у медыцыне. Калію сульфат K2SO4 утварае шматлікія падвойныя солі, у т. л. галын. Выкарыстоўваюць як бясхлорнае калійнае ўгнаенне і для атрымання інш. солей калію. Калію хларат (берталетава соль) KClO3, моцны акісляльнік. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў, запалак, для атрымання кіслароду ў лабараторных умовах. Каліюцыянід (цыяністы калій) KCN выкарыстоўваюць для цыянавання і ў гальванатэхніцы. Высокатаксічны: выклікае ўдушша ў выніку паралічу тканкавага дыхання.

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІЮ ГІДРАКСІ́Д, едкае калі,

KOH. Бясколерныя крышталі, tпл 405 °C, шчыльн. 2044 кг/м³. На паветры расплываецца, паглынае ваду і вуглякіслы газ. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле. Моцная аснова, належыць да шчолачаў. Водныя растворы разбураюць шкло, расплавы — фарфор, плаціну. Атрымліваюць электролізам канцэнтраваных раствораў хларыду калію. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага мыла, злучэнняў калію, у шчолачных акумулятарах і інш. К.г. і яго растворы выклікаюць цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎТАЯ КРЫВЯ́НАЯ СОЛЬ,

калію гексацыянаферату (II) трыгідрат, K4[Fe(CN)6]∙3H2O, гл. ў арт. Калію злучэнні.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТАЛЕ́ТАВА СОЛЬ, калію хларат,

гл. ў арт. Калію злучэнні. Упершыню атрымана (1785) К.Л.Бертале і названа яго імем.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́Ш [англ. potash ад pot гаршчок + ash(es) попел],

тэхнічная назва карбанату калію K2CO3. Гл. таксама Калію злучэнні.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЙНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

неарганічныя рэчывы, якія маюць солі калію, растваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць для павелічэння ўрадлівасці і паляпшэння якасці с.-г. прадукцыі пераважна на дзярнова-падзолістых, пясчаных і супясчаных, тарфяна-балотных і лутавых глебах. Асабліва эфектыўныя пры ўнясенні пад бульбу, цукр. буракі, лён, грэчку, бабовыя культуры, сланечнік. Колькасць калію ў К.у. паказваюць у працэнтах аксіду калію K2O.

Найб. пашыранае ўгнаенне — хларыд калію KCl мае 58—62% K2O. ВА «Беларуськалій» вырабляе дробназярністы і грануляваны KCl, які атрымліваюць абагачэннем сільвінітавай руды флатацыйным метадам (прадукт ружовага колеру; гл. Флатацыя) ці метадам растварэння і крышталізацыі (прадукт белага колеру). Для падкормкі раслін, якім патрэбны натрый (напр., цукр. буракі), выкарыстоўваюць змешаную калійную соль (30—40% K2O), што атрымліваюць мех. змешваннем тонказдробненай сільвінітавай руды KCl-NaCl з KCl, і сырыя калійныя солі — здробненая сільвінітавая руда (12—15% K2O). Пад с.-г. культуры (бульба, лён, тытунь і інш.), на якасць якіх адмоўна ўплывае залішняя колькасць хлору ў глебе, уносяць бясхлорныя К.ў. — сульфат калію K2SO4 (46—50% K2O), калімагнезія (падвойны сульфат калію-магнію) K2SO4-MgSO4 (24—27% K2O). Хім. прам-сць выпускае таксама канцэнтраваныя азотнафосфарна-калійныя комплексныя ўгнаенні.

Літ.:

Технология калийных удобрений. 2 изд Мн., 1978.

Х.​А.​Александровіч.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІ Е́ДКАЕ,

тое, што калію гідраксід.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЙНЫЯ СО́ЛІ, каліевыя солі,

асадкавыя горныя пароды, складзеныя з лёгкарастваральных каліевых і каліева-магніевых мінералаў: сільвіну, карналіту, палігаліту і інш. Па марфалогіі саляных пакладаў вылучаюць: пластавыя, лінза-, купала-, штока- і гнездападобныя радовішчы. Колькасць аксіду калію K2O у прамысл. пакладах 12—30%. К.с. — асн. сыравіна, з якой атрымліваюць калійныя ўгнаенні, метал. калій і яго злучэнні. Найб. радовішчы ў Канадзе, Германіі, Расіі, Казахстане, ЗША. На Беларусі К.с. звязаны з саляноснай тоўшчай верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Прамысл. запасы (1996) ацэньваюцца ў 6484,9 млн. т сырых солей (1128,7 млн. т аксіду калію) і сканцэнтраваны на Старобінскім і Петрыкаўскім радовішчах. Старобінскае радовішча распрацоўвае (запасы каля 800 млн. т аксіду калію) ВА «Беларуськалій».

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)