ГРЫГО́НІС (Генрых Юр’евіч) (20.5.1889, в. Пабяржэ Вільнюскага р-на, Літва — 4.11.1955),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.​Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.​Чарота), КавальКаваль-ваявода» Е.​Міровіча), Мікола («Салавей» З.​Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.​Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́КАМЕН ((Newcomen) Томас) (28.2.1663, г. Дартмут, Вялікабрытанія — 7.8.1729),

англійскі вынаходнік, адзін са стваральнікаў цеплавога рухавіка. Каваль па прафесіі. Сумесна з лудзільшчыкам Дж.​Коўлі пабудаваў у 1705 паравую машыну для адпампоўвання вады ў шахтах, якая шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. Адным з першых рэалізаваў ідэю пераўтварэння цеплавой энергіі пары ў мех. работу.

Літ.:

Конфедератов И.Я. История теплоэнергетики: Начальный период (XVII—XVIII вв.). М.; Л., 1954.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЛІ́НСКІ (сапр. Халафаў) Гусейн Мамед аглы

(сакавік 1881, Баку — 20.3.1919),

азербайджанскі акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў азерб. прафесійнага т-ра. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1905 у першых азерб. прафесійных трупах. Акцёр трагічнага плана, моцнага тэмпераменту, высокай культуры. Сярод роляў: Гяве («Каваль Гяве» Ш.​Салі), Франц Моор («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра). Ставіў п’есы класічнага і нац. рэпертуару. Першы азерб. акцёр кіно («У царстве нафты і мільёнаў», 1916).

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАВАЛІ́»,

бел. нар. танец. Муз. памер пераважна ​2/4, тэмп жвавы. Выконваецца 2 мужчынамі, якія імітуюць рухі каваля (удары адной рукой зверху ўніз па далоні другой рукі, што ляжыць на калене сагнутай нагі, і адпаведныя ўдарам ківанні корпуса). Зафіксаваны ў 1980 у Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Суправаджаецца прыпеўкамі; музыка зафіксавана ў Браслаўскім р-не. У 1982 балетмайстар П.​Свярдлоў стварыў на яго аснове сцэн. варыянт танца, які выконваюць 5 юнакоў (цэнтр. фігура — каваль); магчымы і масавы варыянт.

т. 7, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Іосіф Іосіфавіч) (8.12.1911, г. Данецк — 20.4.1994),

рускі паэт. Скончыў тэатр.-драм. курсы ў Мінску (1932). Працаваў акцёрам БДТ-2 (Віцебск), у тэатрах Расіі. З 1967 жыў у Мінску. Друкаваўся з 1931. Аўтар пейзажнай і любоўнай лірыкі. Пераклаў на рус. мову зб. паэзіі М.​Хведаровіча «Кляновы сок» (1972), казку А.​Якімовіча «Каваль-Вярнідуб» (1974). Выдаў зб. выбраных перакладаў з бел. паэзіі «Адвечнай песні галасы» (1980).

Тв.:

В добрый час. Смоленск, 1954;

Лирика. Смоленск, 1961;

Свершение. М., 1966;

Мой спутник солнце. Мн., 1971;

Река времени. Мн., 1989.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ЗАН,

1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар. драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.

3) Персанаж у творах У.​Шэкспіра, П.​Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.​Марашэўскага, Е.​Міровіча і інш.

У.​Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДЧАНКА (Таіса Канстанцінаўна) (н. 1.12.1951, р. п. Градзянка Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1980). Скончыла БДУ (1976). У 1979—92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.​Танка. Друкуецца з 1979. Даследуе творчасць бел. пісьменнікаў 1920—30-х г. (Б.​Мікуліч, В.​Каваль), сучасных бел. празаікаў (манаграфія пра І.​Чыгрынава «Жывая памяць народа», 1984; кн. «Перад праўдай высокай і вечнай: Беларуская проза сёння», 1991, і інш.). Аўтар даследавання «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.​Гарэлік і А.​Гурскай).

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́ЛЕВАЛА»

(«Kalevala»),

карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.​Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).

«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.​Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.​Сіпакоў.

Публ.: Бел. пер. — Калевала. Мн., 1956.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ЛІТАРАТУ́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ І ФЛО́ТУ (БелЛАЧАФ). Існавала з 3.10.1930 да мая 1932. Створана ў складзе ўсесаюзнага Літ. аб’яднання Чырв. Арміі і Флоту. Чл.: А.​Александровіч, П.​Галавач, А.​Звонак, В.​Каваль, Я.​Колас, Я.​Купала, М.​Лынькоў, М.​Чарот, І.​Шапавалаў і інш. Мела секцыі пры вайск. часцях, стварала літ. гурткі, наладжвала літ. вечары. Ставіла задачу выяўляць літ. сілы з радоў арміі, распрацоўваць ваенна-абаронную тэматыку. Выдала альманах «БелЛАЧАФ» (1931). У адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932) пераўтворана ў камісію абароннай маст. л-ры пры аргкамітэце Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, якая з вер. 1932 выдавала час. «Напагатове».

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.​Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.​Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.​Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.​Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.​Дударава), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.​Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)