ЯРАСЛА́Ў МУ́ДРЫ (у хрышчэнні Георгій; ? — 2.2.1054),

вялікі князь кіеўскі (1019—54). Трэці сын Уладзіміра Святаславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» ён прылічаны да сыноў Уладзіміра ад Рагнеды Рагвалодаўны, што выклікае сумненне, бо не стасуецца з кароткім тэрмінам гэтага прымусовага шлюбу. Прылічэннем Я.М. да сыноў Рагнеды кіеўскія князі імкнуліся абгрунтаваць законнасць уласных прэтэнзій на Полацкае княства. Пры жыцці бацькі Я.М. быў князем-намеснікам у Ноўгарадзе, пасля яго смерці (1015) з наўгародскімі і варажскімі дружынамі змагаўся за кіеўскае княжанне супраць вял. князя кіеўскага Святаполка Яраполчыча, якога падтрымлівалі Польшча і печанегі. У 1019 авалодаў Кіевам і стаў вял. князем. Вёў барацьбу з полацкім кн. Брачыславам Ізяславічам, у 1021 мусіў аддаць яму Віцебск і Усвяты, пасля чаго паміж Я.М. і Брачыславам усталяваліся сяброўскія адносіны і быў заключаны ваен. саюз. У 1024 пасля паражэння ў бітве пад Ліственам каля Чарнігава Я.М. аддаў свайму брату тмутараканскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу землі на У ад Дняпра з цэнтрам у Чарнігаве, а сам з прычыны небяспекі 2 гады знаходзіўся ў Ноўгарадзе, адкуль кіраваў Кіевам і падуладнай яму тэрыторыяй праз свайго намесніка, якім быў, відаць, Брачыслаў Ізяславіч. Я.М. фактычна і юрыдычна прызнаў незалежнасць Полацкага княства. У 1030—31 адваяваў у Польшчы страчаныя ў 1018 Чэрвеньскія гарады (на З Валыні). У 1030 авалодаў зах. узбярэжжам Чудскога воз., пабудаваў там г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Пасля смерці брата Мсціслава Уладзіміравіча аб’яднаў пад сваёй уладай усю Русь, акрамя Полацкай зямлі. У 1036 разбіў пад Кіевам печанегаў, рабіў паходы ў 1038 на яцвягаў, у 1040 і 1044 — на літву. Яму прыпісваецца заснаванне ў 1044 Новагародка (сучасны г. Навагрудак). З 1043 ваяваў з Візантыяй, з якой у 1046 заключыў мір. Быў прыхільнікам адукацыі, адкрыцця школ, развіцця пісьменнасці. Пры ім створана самая стараж. частка Рускай праўды (т.зв. Праўда Яраслава), пабудаваны ў Кіеве Сафійскі сабор, Залатая брама і інш., створаны першыя б-кі, перакладзены кнігі стараж. аўтараў, творы візант. айцоў царквы, закладзены Кіева-Пячэрскі манастыр. За веданне царк. кніг атрымаў мянушку Мудры. Пасля смерці Я.М. юрыдычна перастала існаваць адзіная дзяржава Русь, тэр. якой была падзелена паміж сынамі Яраслава. Ён быў жанаты з дачкой швед. караля Інгігердай, ад якой меў 7 (?) сыноў і 3 дачкі. Свайму сыну Ізяславу Яраславічу Я.М. сасватаў дачку польскага караля Мешка II, сыну Святаславу Яраславічу — дачку ням. графа Леапольда; сын Усевалад Яраславіч узяў шлюб з родзічкай візант. імператара Канстанціна Манамаха. Старэйшая дачка Я.М. Анастасія стала венг. каралевай, Лізавета — нарвежскай, затым дацкай, Ганна — французскай каралевай.

Літ.:

Толочко П. Володимир Святий. Ярослав Мудрий. Київ, 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 18, кн. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕМАЛО́ГІЯ (ад грэч. polemos вайна + ...логія),

навука аб вайне; кірунак у паліталогіі, у рамках якога даследуюцца войны і ўзбр. канфлікты, іх прычыны, сутнасць, віды і г.д. Закранае таксама пытанні міру, раззбраення, мірнага суіснавання паміж дзяржавамі. У вузкім сэнсе азначае інстытуцыяналізацыю ў Зах. Еўропе ў 2-й пал. 20 ст. вывучэння вайны як грамадскай з’явы. У гэты час узніклі навук. ўстановы П. ў Францыі, Нідэрландах, Італіі, Бельгіі і інш. Характэрная рыса П. — комплексны, міждысцыплінарны падыход да навук. асэнсавання ўзбр. канфліктаў у розных формах з выкарыстаннем элементаў сацыялогіі, дэмаграфіі, сац. псіхалогіі, матэм. мадэліравання, біялогіі і інш. навук, а таксама пазітывісцкая метадалогія, якая спалучае ў сабе элементы эканам., паліт., культ.-псіхал. тлумачэння гэтых з’яў. У П. нярэдка пранікаюць вульгарныя біясац. і псіхасац. канцэпцыі, якія абапіраюцца на ненавук. сцвярджэнне аб агрэсіўнай прыродзе чалавека і наяўнасці ў чалавечым грамадстве нейкага пастаяннага агрэсіўнага комплексу, што прыводзіць да перыяд. успышак узбр. насілля. У такім выпадку П. адрывае войны ад сац. адносін у грамадстве і ад палітыкі дзяржаў, вынікам якой служаць войны. Станоўчымі рысамі П. з’яўляюцца прадбачанне войнаў і ваен. канфліктаў, пошукі форм і спосабаў умацавання міжнар. міру і бяспекі, падтрымка ідэі раззбраення. Прускі ген. К.Клаўзевіц у працы «Аб вайне» (т. 1—3, 1832—34) даказаў, што вайна выступае як частка і інструмент палітыкі дзяржавы. Большасць сучасных вучоных таксама падкрэслівае арган. сувязь вайны з сістэмай паліт. адносін унутры дзяржавы і паміж дзяржавамі.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУСНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

сукупнасць астранамічных геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні для вызначэння параметраў фігуры Зямлі і вырашэння навук. задач. Іх сутнасць — вылічэнне радыуса Зямлі заключаецца ў прамым ці ўскосным вызначэнні адлегласці SAB і адначасовым вымярэнні вуглоў Z1 і Z2 на вельмі аддаленую зорку, для якой AN∥BN. Пры гэтым ΔY = Y2−Y1 = Z2-Z1 і R = S:ΔY, дзе ΔY — у радыянах. З прычыны сплюшчанасці Зямлі велічыні S, што адпавядаюць аднолькавым ΔY, змяншаюцца ў напрамку ад экватара да полюсаў. На гэтым засн. вылічэнне змяненняў R ад a да b. Градусныя вымярэнні зроблены александрыйскім вучоным Эратасфенам у 3 ст. да н.э. паміж Александрыяй і Сіенай (Асуан). Адлегласць ён вылічыў па звестках пра рух караванаў, розніцу даўгот (7°22″) па памерах сонечнага ценю шаста. Паводле разлікаў R = 6844 км (цяпер 6371,11 км). Градусныя вымярэнні выконваліся з выкарыстаннем метаду трыянгуляцыі і паліганаметрыі пры ўскосным вымярэнні SAB. У Расіі градусныя вымярэнні выкананы ў 1816—52 пад кіраўніцтвам В.​Я.​Струвэ і К.​І.​Тэнера па т.зв. дузе Струвэ ад Фугленеса (Ледавіты ак.) да Стара-Някрасаўскі (вусце Дуная); яна прайшла праз зах. раёны Беларусі. У шыротным напрамку (дуга 52-й паралелі: Зах. Еўропа — Усх. Прусія — Варшава — Арол — Ліпецк — Саратаў — Арэнбург — Орск). Градусныя вымярэнні ў Беларусі прайшлі праз Гродна і Бабруйск. Па сукупнасці градусныя вымярэнні розных краін у 1940 у СССР завершаны разлікі, паводле якіх а = 6378245 м, b = 6356863 м, прынятыя і на Беларусі.

А.​А.​Саламонаў.

Градусныя вымярэнні на паверхні Зямлі.

т. 5, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУ́РН,

планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд. км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙10​26кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр. магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Система Сатурна: Пер. с англ. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Сатурн.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,

1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.​Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.​Д.​Д’Арбіньі, Ж.Л.​Р.​Агасіс, А.​Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.​Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.​Ведэкінг, К.​Бойрлен, Э.​Даке).

2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.

Літ.:

Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр. М.; Л., 1937;

Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ. М., 1980;

Крисаченко В.С. Природные катастрофы. Киев, 1989;

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990.

В.​А.​Вадап’янаў.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),

выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),

вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, Р.​Дэкарт, І.​Ньютан, М.​В.​Ламаносаў, К.​Лышчынскі, Б.​Спіноза, С.​Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.

Літ.:

Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;

Исторические типы философии. М., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФАРМІ́ЗМ,

ідэйна-палітычная плынь у міжнар. рабочым руху, прадстаўнікі якой лічаць сац. рэформы і супрацоўніцтва паміж класамі і сац. групамі з супярэчлівымі, у т. л. антаганістычнымі інтарэсамі гал. шляхам да паляпшэння капіталіст. грамадства і яго пераўтварэння ў «сац. дэмакратыю», «грамадства дабрабыту» і г.д. Другі бок Р. — адмова ад радыкальнай рэвалюцыі і заваявання рабочым класам дзярж. улады, звужванне ролі класавай барацьбы, якая прызнаецца толькі ў канстытуцыйных межах і фактычна падмяняецца ідэяй сац. партнёрства. Сац. рэформа абвяшчаецца альтэрнатывай рэвалюцыі і карэнным зменам у грамадстве ў сац. кірунку. Гісторыя Р. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., калі частка лідэраў рабочага руху пад уплывам яго поспехаў прыйшла да высновы аб магчымасці паступовага рэфармісцкага паляпшэння тагачаснага грамадства (Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, А.Мільеран і інш.). Рабочы рух размежаваўся на рэфармісцкі (с.-д. партыі) і радыкальны (камуніст. партыі) кірункі. У працэсе сваёй эвалюцыі зах.-еўрап. сацыял-дэмакратыя імкнулася пазбавіць марксізм яго рэв. зместу.

Франкфурцкі кангрэс Сацыялістычнага Інтэрнацыянала (1951) абвясціў афіц. дактрынай Р. дэмакр. сацыялізм, які супрацьпастаўляецца марксісцка-ленінскаму разуменню сутнасці сацыяліст. грамадства і спосабаў яго пабудовы. У ідэалогіі Р. сацыялізм — перш за ўсё этычны ідэал, які выяўляецца ў прынцыпах свабоды. роўнасці, справядлівасці, чалавечнасці. У эканоміцы дапускаюцца грамадская ўласнасць і планаванне пры панаванні прыватнай уласнасці і капіталіст. канкурэнцыі. Рэфармісцкія ўрады, партыі і прафсаюзы, асабліва ў краінах Зах. Еўропы ў 1960—70-я г., праводзілі палітыку па стварэнні разгорнутай сістэмы сац. забеспячэння працоўных і заваявалі значны ўплыў у грамадстве. У апошнія гады практычнае ажыццяўленне ідэй Р. сустракаецца са значнымі цяжкасцямі, прычыны якіх — глабальная капіталіст. інтэграцыя, узнікненне суперманаполій, абвастрэнне экалагічных праблем. Усё гэта не толькі звужае магчымасці сац. манеўравання і новых рэформ, але вядзе да згортвання ўжо існуючых сац. праграм і мер, напр. у галіне асветы, медыцыны. пенсіённага забеспячэння і інш.

Літ.:

Попов С.И. Буржуазная идеология на пороге XXI столетия. М., 1988.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.​М.​Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.​В.​Гумянецкі, У.​М.​Макараў, С.​А.​Савік.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,

змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.

Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл. Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω​4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл. Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі, БПА.

Літ.:

Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ. М., 1961;

Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;

Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.

А.​П.​Іваноў.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)