Беларусь знаходзіцца (паводле класіфікацыі Г.Вальтэра, 1974) на стыку 2 асноўных раслінных зон Еўропы: барэальнай — з перавагай хвойных і немаральнай — з перавагай лісцевых летнезялёных лясоў. Пераходная паласа паміж зонамі характарызуецца наяўнасцю ў роўнай ступені як заходнееўрапейскіх (немаральных), так і паўночных (барэальных) элементаў флоры. Месцазнаходжанне краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы абумоўлівае найб. актыўнае ўзаемапранікненне шыракалістых лістападных і таежных лясоў, што выяўляецца ў канцэнтраванай і асаблівай разнастайнасці раслінных супольніцтваў. Каля 40 відаў дрэў і хмызнякоў (бружмель звычайны, брызгліна еўрапейская, ядловец і інш.), 230 відаў травяністых раслін (багнаўка чорная, балотны мірт звычайны, гудаера паўзучая, жаўтазелі, пралеска высакародная і інш.) маюць на Беларусі мяжу арэала (напр., паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі еўрапейскай і вольхі шэрай; паўн. мяжа грабу і берасту) або пашыраны лакальна. Кліматычныя і глебава-араграфічныя асаблівасці яе тэр. абумоўліваюць занальнасць расліннага покрыва, якое займае 19,34 млн.га (93,1% тэр. краіны). Прадстаўлена лясамі, у т. л. забалочанымі (7,84 млн.га, або 37,8%), хмызнякамі (0,73 млн.га, або 3,5%), лугамі (3,24 млн.га, або 15,6%), адкрытымі балотамі (0,93 млн.га, або 4,5%), воднымі (0,48 млн.га, або 2,3%), сегетальнымі, або паворыўнымі культурамі (5,76 млн.га, або 27,7%), і рудэральнымі, або сметнікавымі (0,36 млн.га, або 1,7%), супольніцтвамі.
Першае на Беларусі геабатанічнае раянаванне распрацавала В.С.Палянская (1929), якая вылучыла на ўсх. краіны 5 прыродных раёнаў. Лесараслінную апрацоўку гэтай тэр. з фітацэнатычным, экалагічным і занальна-кліматычным аналізам раёнаў зрабіў Юркевіч (1940). Раянаваннем лясоў займаліся таксама В.І.Пераход (1954) і М.І.Касцюкевіч (1954), лугоў — Е.А.Круганава (1968), балот — Н.Я.Кац (1971). Сучасную сетку геабатанічнага і лесарасліннага раянавання распрацавалі В.С.Гельтман і Юркевіч (1960, 1965, 1969, 1982).
За найважнейшы крытэрый прынята лясная расліннасць як найб. пашыраная і часова ўстойлівая. На гэтай аснове вылучаны 3 геабатанічныя падзоны: дубова-цемнахвойных падтаежных (шыракаліста-яловых) лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў (ялова-грабавых дуброў) і шыракаліста-хваёвых лясоў (грабавых дуброў). У межах падзон вылучана 7 геабатанічных акруг; Заходне-Дзвінская, Ашмянска-Мінская, Аршанска-Магілёўская, Нёманска-Перадпалеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Бугска-Палеская, Палеска-Прыдняпроўская. Акругі падзелены на 25 геабатанічных раёнаў (Гельтман, 1982).
Для кожнай таксанамічнай адзінкі характэрна свая асаблівая расліннасць. Паўн. геабатанічную падзону характарызуюць пераважна цемнахвойныя яловыя лясы, вярховыя балоты, сухадольныя лугі. Цэнтр. падзона грабава-дубова-цемнахвойных лясоў мае пераходны характар, дзе спалучаюцца барэальныя і немаральныя лясы, вярховыя, пераходныя і нізінныя балоты, сухадольныя і заліўныя лугі. Для паўд. падзоны характэрны шыракаліста-хваёвыя лясы, нізінныя балоты, астэпаваныя лугі. На ўсходзе, у Палеска-Прыдняпроўскай акрузе, сканцэнтравана больш за 50% ад усёй колькасці заліўных лугоў краіны, а на захадзе, у Бугска-Палескай акрузе, — найбольшая колькасць нізінных лугоў. На тэр. гэтай акругі захаваліся найбуйнейшыя ў Еўропе нізінна-балотныя масівы — балоты Званец і Спораўскае.
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Вальтер Г. Растительность земного шара: Пер. с англ.Т. 2. М., 1974;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;
Гельтман В.С. Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982;