МЕ́СЕРШМІТ ((Messerschmitt) Вілі) (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),

нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл. іл. да арт. Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЧАНКА (Пётр Лук’янавіч) (1.8.1921, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 21.2.1973),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1950), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943, лётчык-знішчальнік. Удзельнік Курскай бітвы (1943), вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі, Берлінскай аперацыі 1945. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант Грышчанка правёў 78 паветр. баёў, збіў 27 варожых самалётаў і аэрастат. Да 1961 у ВПС Сав. Арміі.

П.Л.Грышчанка.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНКЕ́ВІЧ (Анатоль Ігнатавіч) (н. 11.10.1932, в. Трасцівец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

ваенны дзеяч. Ген.-маёр авіяцыі (1978). Засл. ваенны лётчык СССР (1977). Лётчык-знішчальнік. Скончыў Батайскае знішчальнае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя А.​Сярова (1954), Ваен. камандную акадэмію проціпаветранай абароны імя Г.​К.​Жукава (1974). У 1954—83 камандзір авіяпалка, нам. камандуючага корпусам, арміяй, ВПС Далёкаўсх. ваен. акругі, ваен. саветнік у В’етнаме. З 1983 нам. камандуючага ВПС БВА. Асвоіў 14 тыпаў самалётаў, сярод іх 9 звышгукавых, у т. л. самалёт 4-га пакалення МІГ-29. З 1989 у запасе.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́ПЕНКА (Фёдар Фёдаравіч) (н. 30.10.1921, в. Аўсімавічы Бабруйскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскую ваен. школу пілотаў (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1951), Маскоўскі інж.-эканам. ін-т (1967). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Бранскім, Сталінградскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Укр. франтах, лётчык-знішчальнік. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Курскай дузе, вызвалення Украіны, Малдовы, Польшчы, Прагі, штурму Берліна. Зрабіў 467 баявых вылетаў, правёў 102 паветр. баі, збіў 44 варожыя самалёты. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫЦАВЕ́Ц (Сяргей Іванавіч) (6.7.1909, в. Бараўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.9.1939),

двойчы Герой Сав. Саюза (22.2 і 29.8.1939). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1932), школу паветр. бою (1936). Лётчык-знішчальнік, камандзір авіязвяна, атрада, знішчальнага авіяпалка. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39 (збіў больш за 30 самалётаў ворага), у 1939 баёў на р. Халхін-Гол (збіў 12 самалётаў праціўніка, у адным з баёў выратаваў камандзіра авіяпалка). Загінуў у авіякатастрофе каля пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У Мінску, Баранавічах, Балбасаве, в. Моўчадзь Баранавіцкага р-на яму пастаўлены помнікі.

С.І.Грыцавец.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Георгій Няфёдавіч) (24.4.1908, с. Старое Сямёнкіна Самарскай вобл., Расія — 6.1.1996),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. авіяцыі (1940), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Сталінградскую ваен. шкалу лётчыкаў (1933), Ваен. акадэмію Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1930. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Камандзір знішчальнай авіядывізіі, у склад якой уваходзіў франц. полк «Нармандыя—Нёман». З. вызначыўся пры вызваленні Віцебска, Оршы, Мінска, Гродна. Да 1961 у Сав. Арміі. Аўтар кніг «Аповесць аб знішчальніках» (1977), «Я — знішчальнік» (1985) і інш.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ВІЧ (Вікенцій Паўлавіч) (20.1.1914, пас. Калодзішчы Мінскага р-на — 12.4.1996),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Мінскі пед. ін-т нац. меншасцей (1937), Барысаглебскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію каманднага і штурманскага саставу ВПС (1944). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., 2-м Укр. франтах. Лётчык-знішчальнік, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Малдавіі, Украіны, г. Растоў-на-Доне, баёў за Берлін, вызвалення Прагі. Зрабіў 263 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 8 самалётаў праціўніка. 16.3.1942 цяжка паранены прывёў самалёт на свой аэрадром. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.П.Карповіч.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ГІН (Андрэй Міхайлавіч) (4.9.1921, в. Старое Закружжа Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен. паветр. акадэмію (1954). З 1936 працаваў на аўтарамонтным з-дзе ў Магілёве. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 на Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 2-м Бел. франтах. Лётчык-знішчальнік капітан К. зрабіў 762 баявыя вылеты, правёў 142 паветр. баі, збіў 32 варожыя самалёты, 7 у групавых баях. Да 1956 у Сав. Арміі, палкоўнік. З 1959 на парт. рабоце, з 1961 інструктар, заг. сектара ЦК КПБ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

А.М.Кулагін.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (27.2.1920, в. Вял. Качатоўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 1.8.1992),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Барысаглебскую авіяц. школу пілотаў імя В.​П.​Чкалава (1939), Ваен. акадэмію Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну лётчык-знішчальнік, у 1942—44 камандзір эскадрыллі, у 1944—45 нам. камандзіра авіяц. палка на Паўд.-Зах., Цэнтр., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 2-м Прыбалтыйскім франтах. Зрабіў 509 баявых вылетаў, збіў асабіста 16, у групавых баях 31 самалёт праціўніка. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

А.К.Разанаў.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Партызанская група «Артур», гл. «Артур»

- » - «Багатыры», гл. «Багатыры»

- » - «Бура», гл. «Бура»

- » - «Бывалыя», гл. «Бывалыя»

- » - «Дружба», гл. «Дружба»

- » - «Заходнія», гл. «Заходнія»

- » - «Знішчальнік», гл. «Знішчальнік»

- » - «Іскра», гл. «Іскра»

- » - «Мядзведзева», гл. «Мядзведзева»

- » - «Родныя», гл. Родныя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)