ГА́ШЫНЕЦ ((Gašinec) Эдуард) (н. 29.11.1923, г. Кісуцке-Нове-Места, Славакія),
славацкі вучоны-славіст і педагог. Праф. (1974). Скончыў Браціслаўскі ун-т (1950). Вядомы як аўтар шматлікіх прац па методыцы выкладання славацкай мовы ў школах, а таксама шэрагу эксперыментальных школьных падручнікаў і метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў. У 1940-я г. зацікавіўся духоўнай спадчынай беларусаў, самастойна вывучыў бел. мову. У 1970-я г. падтрымліваў творчыя сувязі з Ф.Янкоўскім, Я.Брылём, С.Панізнікам, асобныя творы якіх пераклаў на славацкую мову. У аглядных артыкулах, рэцэнзіях Гашынец знаёміць славацкіх чытачоў з бел. мемуарнай гіст. л-рай, пед. даследаваннямі; выступае з артыкуламі пра бел. мову: «Беларуская мова ў «Народнай асвеце» (1980—81), «Беларусы і іншыя славяне» (1991) і інш.
Літ.:
Мірачыцкі Л. Прафесар Эдуард Гашынец і Беларусь // Наша слова. 1995. 9 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Адкрыты ў 1968 у г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл.Пл. экспазіцыі 326 м², больш за 10 тыс. экспанатаў (1997). Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Дзятлаўшчыны са стараж. часоў да нашых дзён. Сярод экспанатаў археал. знаходкі эпох мезаліту і неаліту, човен 16 ст., выяўлены каля в. Пархуты, матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў кастр. падзей 1917, грамадз. вайны, пра становішча працоўных у 1920—30-я г., дзейнасць КПЗБ. Экспануюцца вырабы мясц. майстроў, прадметы нар. побыту, адзенне, узоры маст. ткацтва, дакументы, асабістыя рэчы С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка. Асобныя стэнды прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны (дзейнасць падполля, партызан. злачынствы ням.-фаш. акупантаў, вызваленне раёна), Героям Сав. Саюза Б.А.Булату, Ф.М.Сінічкіну. Макет помніка скульпт. А.Салятыцкага і карціна мастака П.Свентахоўскага прысвечаны І.Ю.Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І.Сусаніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛО́Г (грэч. prologos ад pro перад + логас),
уступ, які папярэднічае асноўнай частцы эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. П. знаёміць чытача з героямі, у ім аўтар паведамляе гісторыю ўзнікнення твора, яго задумы. Найчасцей П. псіхалагічна і эмацыянальна падрыхтоўвае чытача ці гледача да ўспрымання карцін жыцця, падзей, адлюстраваных у творы (напр., П. паэмы «Медны коннік» А.Пушкіна, «Слова двух сведак» у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У.Караткевіча). У П. апавяданне можа весціся ад імя аўтара або персанажа. Тэрмін «П.» можа і не прыгадвацца ў творы, але пэўная яго частка па сваім значэнні з’яўляецца П. (напр., 1-я частка ў паэме Я.Купалы «Курган», у якой апісваецца старадаўні курган). Бывае не ў кожным маст. творы. У адрозненне ад прадмовы П. — заўсёды мастацкі.
Існавала з сак. 1917 да вясны 1924 у Горках (цяпер у Магілёўскай вобл.); да аднаўлення ў 1919 Горацкага земляробчага ін-та наз.Бел. секцыя вучняў горацкіх с.-г. школ. Мела на мэце «пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатр. творамі, гісторыяй, культ. і эканам. становішчам Беларусі і дапамагаць бел.нац. руху захопліваць шырэйшыя нар. праслоі». Ініцыятары стварэння Г.Гарэцкі, С.Журык, Я.Чарняўскі. Пры секцыі заснаваны аддзелы: гіст.-эканам., літ., тэатр., муз., чыстага мастацтва. Члены тэатр. аддзела інсцэніравалі паэму «Тарас на Парнасе», ставілі п’есы У.Галубка, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы і інш. У 1918 распрацоўвала бел. тэрміналогію па сельскай гаспадарцы, выдала лістоўку для сялян «Як чытаць па-беларуску». У 1923 падрыхтавала план-сетку па пераводзе некаторых школ Горацкага пав. Смаленскай губ. на бел. мову навучання. Спыніла існаванне пасля далучэння Горацкага пав. да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКТЯ́БРЬ»,
літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.Ваншэнкіна, В.Каверына, Э.Казакевіча, Ю.Морыц, К.Паустоўскага, А.Рыбакова, У.Салаухіна, А.Сафронава, А.Талстога, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, Л.Філатава, А.Чакоўскага, М.Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, М.Гарэцкі, У.Калеснік, Я.Колас, Я.Купала, І.Навуменка, А.Савіцкі, М.Танк, І.Шамякін і інш.Гал. рэдактары: А.Серафімовіч (1926—29), Ф.Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.Кочатаў (1961—73), А.Ананьеў (з 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1962 на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1970 у г. Рагачоў Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 212 м², больш за 16 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае 5 аддзелаў (археал., гіст. мінулага, этнаграфічны, гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваенны), выставачную залу. Сярод экспанатаў каменная матыка, фрагменты ляпной і штрыхаванай керамікі 2—1-га тыс. да н.э., прылады працы, рыштунак конніка, ювелірныя ўпрыгожанні 11—12 ст. з раскопак археал. помнікаў на тэр. раёна; прадметы побыту, тканыя посцілкі і ручнікі канца 19 — пач. 20 ст. Аддзел гісторыі Вял.Айч. вайны знаёміць з ходам абарончых баёў у ліп.—жн. 1941, стварэннем і дзейнасцю падполля і партыз. руху, у т. л. прадметамі побыту і зброяй партызан, малюнкамі партыз. мастакоў С.Раманава і М.Ліпеня, матэрыяламі пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў 1944, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. Музей праводзіць выстаўкі дзіцячага малюнка, нумізматычных калекцый, вышыванак мясц. майстрых, карцін мясц. мастакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр.Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-ргіст.н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.Кіпель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.
Тв.:
Бел.пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ СОВРЕМЕ́ННИК»,
літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1964 у Маскве на рус. мове штомесячна. Узнік як працяг альманаха «Год...», засн. М.Горкім у 1933, і альманаха «Наш современник» (1956—63). Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Памяць», «Нарыс і публіцыстыка», «Крытыка», «Кніжны развал», «Слова чытача», «Дзённік сучасніка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Выступае за адзінства ўсх,слав. народаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы па праблемах жывапісу, мемуарыстыкі, кінематографа і інш.Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны творы Ф.Абрамава, Ю.Бондарава, В.Бялова, С.Вікулава, К.Ваншэнкіна, Г.Гарбоўскага, Г.Гусева, Ю.Кузняцова, У.Лічуціна, І.Ляпіна, Ю.Нагібіна, В.Пікуля, П.Праскурына, А.Праханава, А.Прыстаўкіна, В.Распуціна, М.Рубцова, У.Салаухіна, В.Сарокіна, М.Трапкіна, У.Цендракова, М.Шатрова, В.Шукшына, А.Яшына і інш. Друкуе творы бел. пісьменнікаў (У.Глушакова, В.Лукшы, І.Навуменкі, Г.Пашкова, А.Савіцкага, Э.Скобелева, І.Шамякіна і інш.). Апублікаваў водгук А.Пушкіна на выдадзены ў 1835 «Збор твораў Георгія Каніскага, Архіепіскапа Беларускага» з прадмовай В.Кожынава «Паэт і праблема адзінства беларусаў, рускіх і ўкраінцаў». Беларусі прысвечаны спец. выпуск (1997, №1). Гал. рэдактары: В.Палтарацкі (з 1956), Б.Зубавін (з 1958), Вікулаў (з 1968), С.Куняеў (з 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,
штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст.бібліягр. дапаможнікі.