ЭКСПО́ [ад франц. expo(sition) выстаўка],
сусветная выстаўка (звычайна з лічбай, што ўказвае год), якая знаёміць з дасягненнямі ў розных галінах дзейнасці. Напр., сусв. універсальная выстаўка «Экспо-2000. Чалавек—прырода—тэхніка» (г. Гановер, Германія) падвяла вынікі 20 ст.
т. 18, кн. 1, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЕ́РАНАЯ АСО́БА,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД, асоба якая ў перыяд выбараў у прадстаўнічыя органы ўлады ці кіраўніка дзяржавы знаёміць выбаршчыкаў з кандыдатам на выбарную пасаду і агітуе за яго выбранне. Колькасць давераных асоб ад кандыдатаў на выбарныя пасады вызначаецца заканадаўствам аб выбарах. Давераная асоба не можа ўваходзіць у склад выбарчай камісіі.
т. 5, с. 561
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс. Выходзіць з кастр. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах. Знаёміць чытачоў з сучаснай навук., пед., грамадскай думкай па розных галінах ведаў. Мае пастаянныя раздзелы: «Навука», «Эканоміка», «Улада», «Паліталогія», «Суверэнітэт», «Духоўны свет», «Мараль», «Экалогія» і інш. На старонках часопіса выступаюць буйнейшыя бел. і замежныя вучоныя, дзеячы культуры, педагогі, палітыкі.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА ЭКРА́НАХ»,
штомесячны ілюстраваны спецыялізаваны кіначасопіс. Выдаецца са жн. 1957 у Мінску на бел. і рус. мовах (напачатку наз. «На экранах Беларусі», з 1996 сучасная назва). Друкуе інфармацыйна-аналіт. матэрыялы, якія адлюстроўваюць сучасны кінапрацэс, знаёміць з гісторыяй нац. кінематографа, расказвае аб прэм’ерах бел. кіна-, відэа- і тэлефільмаў, змяшчае творчыя партрэты дзеячаў кіно і тэлебачання.
Л.І.Перагудава.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КИНОНЕДЕ́ЛЯ МИ́НСКА»,
інфармацыйна-рэкламная штотыднёвая газета. Выходзіць з 1959 у Мінску на рус. і бел. мовах. Змяшчае анатацыі і рэпертуар кінафільмаў, якія дэманструюцца на экранах кінатэатраў горада, знаёміць з выканаўцамі роляў і аўтарамі фільмаў. Вылучае рэпертуар для дзяцей і фільмы, тэматычна прымеркаваныя да знамянальных дат рэспублікі, фестываляў і дэкад. Асвятляе праблемы развіцця айч. і сусв. кінамастацтва і відэапрадукцыі, сучаснага тэатр. мастацтва.
т. 8, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».
Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЯЎНІ́ЧЫ І РЫБАЛО́Ў»,
газета для паляўнічых, рыбаловаў, аматараў прыроды. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах 2 разы ў месяц Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. Асвятляе дзейнасць паляўнічых і рыбалавецкіх арг-цый Беларусі, прапагандуе паляванне і рыбную лоўлю як формы рацыянальнага прыродакарыстання, барацьбу з браканьерствам, знаёміць з афіц. распараджэннямі па пытаннях палявання і рыбнай лоўлі, арганізуе праблемныя дыскусіі. Друкуе вершаваныя і празаічныя замалёўкі пра прыгажосць роднага краю, жыццё і звычкі звяроў і птушак.
Т.У.Люковіч.
т. 12, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ШЕ НАСЛЕ́ДИЕ»,
ілюстраваны гісторыка-культ. часопіс. Выдаецца з 1988 у Маскве на рус. мове. Мае рубрыкі: «Літаратура, гісторыя, філасофія», «Паштовая проза», «Кніжны знак», «Галерэя часопіса», «Памяць», «Сярод калекцыянераў» і інш. Друкуе неапублікаваныя і малавядомыя творы філосафаў, пісьменнікаў, мастакоў, іх мемуары, выступленні і інтэрв’ю дзеячаў мастацтва і навукі. Змяшчае лісты, архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі. Знаёміць з прыватнымі калекцыямі твораў жывапісу, графікі, прыкладнога мастацтва, запаснікамі цэнтр. і правінцыяльных музеяў і інш. Выдае забытыя творы л-ры і мемуары знакамітых людзей Расіі. Мае выставачную залу, дзе праводзіць выстаўкі работ сучасных мастакоў, работ з прыватных збораў, у т. л. замежных.
т. 11, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЛОВ’Я́НСЬКЕ ВІ́ЧЕ — XXI СТОЛІ́ТТЯ»,
міжнародны літ.-маст. і грамадска-паліт. альманах. Выдаецца з сак. 1995 у Кіеве на ўкр. мове штоквартальна. Творы бел. і рус. аўтараў друкуе на мове арыгінала, інш. слав. аўтараў — у перакладзе. Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Публіцыстыка», «Крытыка», «Мастацтва», «Дзелавы клуб», «Дзецям» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Выступае за духоўнае аб’яднанне славян, адраджэнне традыцый узаемасувязей слав. л-р. Змяшчае творы і пераклады сучасных слав. аўтараў, літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, архіўныя публікацыі, успаміны, лісты, артыкулы па мастацтве і інш. Друкуе творы ўкр. дыяспары, знаёміць з новымі кнігамі і імёнамі.
т. 15, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЗДЗЕЖСКІ ФАРТУШО́К»,
музей нар. творчасці. ў в. Бездзеж Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. Адкрыты 17.1.1999. Пл. экспазіцыі 227 м², каля 650 экспанатаў асн. фонду, 7 залаў (2003). У экспазіцыі фрагмент сял. падворка з прыладамі працы, інтэр’ер сял. хаты з мэбляй і рэчамі хатняга ўжытку 19 — пач. 20 ст., кросны, прылады для апрацоўкі лёну, сучасны інтэр’ер з творамі нар. мастацтва, вырабамі з керамікі; карта рамёстваў раёна. Асобная зала знаёміць з гісторыяй стварэння паўсядзённых і святочных бездзежскіх фартухоў. Музей праводзіць выязныя выстаўкі вырабаў мясц. майстроў ткацтва і вышыўкі, прац навучэнцаў мясц. школы нар. творчасці.
Н.С.Ярмац.
т. 18, кн. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)