ГЕЛІЯБІЁНТЫ [ад гелія... + біёнт(ы)],

віды расліннага і жывёльнага свету, якія аддаюць перавагу месцам, асветленым сонечным святлом, — геліяфіты і геліяфілы (святла- і сонцалюбівыя віды — большасць раслін, яшчаркі, змеі і інш.).

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШНУ,

у вішнуізме і індуізме адзін з асн. (нароўні з Брахмам і Шывам) багоў; ахоўнік, увасабленне вечна жывой прыроды, энергіі, што ўладкоўвае космас. Уяўлялі прыгожым юнаком (часам з чатырма рукамі) з цёмна-сінім колерам скуры. Жонка Вішну Лакшмі — багіня шчасця і дабрабыту. Паводле эпасу, у канцы кожнага сусв. цыкла Вішну ўбірае ў сябе сусвет і ўпадае ў сон, лежачы на змеі Шэшы, які плавае ў сусв. акіяне. Калі Вішну прачынаецца і задумвае новае тварэнне, з яго вырастае лотас, з якога з’яўляецца Брахма і стварае сусвет. Звычайнае месцазнаходжанне Вішну — вяршыня гары Меру. Вядомы аватары Вішну (цялесныя ўвасабленні) у выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка і інш.

А.​В.​Гурко.

Вішну, Брахма, Лакшмі на змеі Шэшы. Сярэдневяковы малюнак.

т. 4, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУСКАВА́ТЫЯ (Squamata),

атрад паўзуноў. 3 падатр.: амфізбены, змеі і яшчаркі, больш за 6600 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў: вераценніца ломкая, вуж звычайны, гадзюка звычайная, мядзянка (занесена ў Чырв. кнігу Беларусі), яшчарка жывародная (Lacerta vivipara) і яшчарка порсткая (Lacerta agilis).

Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі і луской. Зубы прырослыя да сківічных касцей. Размнажаюцца яйца-жыванараджэннем або адкладваюць яйцы.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКТО́Н (ад грэч. nēktos які плавае, плыве),

сукупнасць актыўна плаваючых водных жывёл, здольных процістаяць сіле цячэння і актыўна перамяшчацца на значныя адлегласці. Форма цела ў большасці нектонных жывёл абцякальная (верацёна- або тарпедападобная); добра развіты органы руху — ласты, плаўнікі і інш. Да Н. належаць ракападобныя, галаваногія малюскі, рыбы (асн. частка), водныя змеі, чарапахі, пінгвіны, кітападобныя, ластаногія, у прэсных водах таксама насякомыя і земнаводныя. У вадаёмах Беларусі да Н. належаць пераважна ракападобныя і рыбы.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГА́МІЯ,

мнагашлюбнасць. У раслін — мнагадомнасць, наяўнасць у аднаго віду адначасова адна- і двухполых кветак на адной ці на розных раслінах у розных камбінацыях (напр., грэчка, дыня, клён, сланечнік, ясень і інш.). У жывёл — адносіны паміж паламі, калі адзін самец апладняе некалькі самак. Уласцівая большасці млекакормячых, некат. птушкам (напр., глушцы, нанду, свойскія куры, цецерукі і інш.), паўзунам (змеі, яшчаркі), некат. беспазваночным (многія насякомыя і інш.). Тэрмін «П.» недакладна ўжываюць для абазначэння мнагажонства і мнагамужжа. Гл. таксама Манагамія.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ-ФОЛС (Victoria Falls),

нацыянальны парк у Зімбабве, у бас. р. Замбезі. Засн. ў 1952 (з 1931 рэзерват, з 1939 запаведнік). Пл. 1900 тыс. га. Гал. аб’ект аховы — ландшафты вакол вадаспада Вікторыя. Размешчаны на прылеглай да вадаспада плошчы ўздоўж цячэння р. Замбезі, у паўн. ч. змыкаецца з нац. паркам Мосі-Оа-Тунья (Замбія). Расліннасць — дажджавыя і галерэйныя лясы, што складаюцца пераважна з розных відаў пальмаў, бамбуку, дрэвападобных папарацей, а таксама пустынная расліннасць Паўн. Калахары. Для фауны звычайныя слон, бегемот, афр. буйвал, жырафа, антылопы, малпы, кракадзіл, леў, леапард, гіены, насарог, зебры; больш як 200 відаў птушак; шматлікія яшчаркі, змеі; пашыраны розныя віды мурашак і тэрмітаў. Цэнтр турызму.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Antillas),

архіпелаг у Атлантычным ак. паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай (Вест-Індыя). Падзяляецца на Вялікія Антыльскія астравы і Малыя Антыльскія астравы. Пл. 220 тыс. км². Антыльскія астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, паверхня б.ч. гарыстая (найвыш. г. Дуартэ, 3175 м, на в-ве Гаіці), характэрна моцная сейсмічнасць (акрамя раўніннай ч. Кубы). Клімат трапічны вільготны. Расліннасць — саванна, захаваліся ўчасткі лістападных і вечназялёных лясоў і хмызнякоў. Жывёльны свет: грызуны, лятучыя мышы, з паўзуноў кракадзілы, яшчаркі, змеі. На Антыльскіх астравах дзяржавы Антыгуа і Барбуда, Барбадос, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідат і Табага, Ямайка, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, ч. тэр. Венесуэлы.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),

клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн. г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал. эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн. г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.

Літ.:

Дарафееў А.М., Конюшка В.С., Ляшко А.А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. Мн., 1981;

Жизнь животных. Т. 5. 2 изд. М., 1985;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

А.​М.​Петрыкаў, Э.​Р.​Самусенка.

Паўзуны: 1 — ігуана цыклура; 2 — гекон дзённы; 3 — чарапаха арау; 4 — дынадон чырванапоясны; 5 — гатэрыя; 6 — варан камодскі.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе. Адрозніваюць першаснаводных (напр., рыбы, ракі) і другаснаводных (ластаногія, кіты, сірэны, некат. чарапахі, змеі, жукі, клапы, лёгачныя бруханогія малюскі).

Паводле спосабу жыцця падзяляюцца на водных жывёл, што жывуць на дне (гл. ў арт. Бентас), прымацаваныя да субстрату над дном (перыфітон), у тоўшчы вады, якія не могуць хутка актыўна перамяшчацца (гл. ў арт. Планктон), у тоўшчы вады і актыўна перамяшчаюцца (нектон), на паверхневай плеўцы вады (нейстон). Воднае асяроддзе (амаль у 800 разоў шчыльнейшае за паветранае) дае магчымасць водным жывёлам з празрыстым, студзяністым целам існаваць без трывалага покрыва або шкілетнага апарату, абумоўлівае характэрныя спосабы руху і інш. Толькі водным жывёлам уласціва размнажэнне дзяленнем і пачкаваннем. Дыханне ажыццяўляецца праз спец. вонкавыя нарасці цела — шчэлепы або ўсёй паверхняй цела.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд. Ажар

(Ajar) Эміль; сапр. Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),

«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.​Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Рига, 1994.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)