ДРАКО́Н,

у міфалогіі многіх народаў крылаты (часам шматгаловы) вогненны змей, тулава якога складалася з частак цела змяі, кракадзіла, птушкі, рыбы, льва, сабакі і інш. У краінах Усх. Азіі лічыўся бажаством вады, якое прыносіць урадлівасць, пазней — сімвал улады. Д. былі пераможаны Гераклам (Гідра, Ладон), Апалонам (Піфон, Тыфон), Георгіем Пераможцам і інш.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛІЗІ́НЫ,

рэчывы, здольныя вызваляць гемаглабін з эрытрацытаў крыві. Пры гэтым гемаглабін раствараецца ў плазме або навакольнай вадкасці і кроў робіцца празрыстай (лакавая кроў). Гемалізіны — прадукты жыццядзейнасці многіх бактэрый паразітычных чарвей, насякомых, скарпіёнаў, некат. ядавітых змей (лізалецыціны). Адрозніваюць нармальныя гемалізіны (прысутнічаюць у сываратцы крыві і лізіруюць уласныя эрытрацыты — аўтагемоліз), ізалізіны — лізіруюць эрытрацыты, уведзеныя ўнутрывенна ад жывёл таго ж віду, і гетэралізіны — ад інш. віду.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Удавы (сям. змей) 1/309; 4/584; 8/452; 10/417

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́ЛА,

калючая частка джалячага апарату самак перапончатакрылых насякомых; відазменены яйцаклад (страціў функцыю адкладкі яец і ператварыўся ў орган абароны і нападзення). У спакоі Дж. знаходзіцца ўнутры канцавога сегмента брушка, пры неабходнасці высоўваецца і ўтыкаецца ў цела ахвяры. У Дж. ёсць канал, па якім у ранку паступае ядавітая вадкасць са спец. залоз. Дж. пчалы вышчарбленае, часам застаецца ў ахвяры і пчала гіне. Дж. таксама ёсць у скарпіёнаў — іголка з унутр. пратокай ядавітай залозы. Дж. памылкова наз. язык змей.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,

могільнік канца мезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.

Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.

т. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́І-ЯЙЦАЕ́ДЫ (Dasypeltinae),

падсямейства вужападобных змей. 2 роды З.я.: афр. (Dasypeltis) і інд. (Elachistodon) па 1 віду ў кожным: D. scaber i E. westermanni. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Афрыцы, Паўд. Азіі.

Даўж. да 80 см. Верх цела пясчана-жоўты або бураваты, аднаколерны або з цёмным малюнкам з палос ці плям, якія часта зліваюцца ў зігзагападобную або рамбічнай формы паласу ўздоўж хрыбта. Корміцца птушынымі яйцамі, якія заглынае цалкам. У страваводзе шалупіна яйца расціскаецца ніжнімі адросткамі пазванкоў, якія ўваходзяць у яго поласць. Шалупіны выкідваюцца праз рот.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ХВА,

1) абкладка розных органаў у жывёл і раслін (напр., П. нервовага валакна, П. ліста — ніжняя ч., расшыраная ў выглядзе жалабка або трубкі). Наяўнасць (або адсутнасць) і форма П. — пастаянная прыкмета ў сістэматыцы раслін.

2) Уцінанне скурных покрываў у жывёл, якое служыць умяшчальняй некат. органаў (напр., П. языка ў змей).

3) Канечны аддзел палавых праток самак млекакормячых (акрамя аднапраходных), што злучае шыйку маткі і мочапалавы сінус, які ўтварае пераддзвер’е П. У жанчын — мышачная расцяжная трубка ў малым тазе паміж мачавым пузыром і мочаспускальным каналам спераду і прамой кішкай ззаду.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬТА́,

верхнепалеалітычная стаянка на р. Белай каля с. Мальта (за 85 км на З ад г. Іркуцк, Расія). Адкрыў і даследаваў у 1928—59 М.​М.​Герасімаў. Выяўлены рэшткі жытлаў рознага тыпу (чумы, паўзямлянкі, наземныя), якія існавалі адначасова. Насельніцтва М. займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, шарсцістага насарога. Знойдзены прылады працы з каменю (нажы, праколкі, разцы, скрабкі), вырабы з косці (наканечнікі восцяў, дроцікаў, кінжалы, нажы, шылы, іголкі, розныя ўпрыгожанні — спражкі, падвескі, дыядэмы, бранзалеты, скульптурныя фігуркі жанчын, качак, гусей, лебедзяў, насарога, гравіраваныя выявы маманта і змей). Выяўлена пахаванне дзіцяці ў яме, выкладзенай пліткамі, з багатым пахавальным інвентаром.

т. 10, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],

памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПІДЫ, аспідавыя (Elapidae),

сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 43 роды, 181 від. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Паўд. Азіі, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў тропіках і субтропіках. Найб. вядомыя кобры, крайты (Bungarus), мамбы (Dendroaspis), каралавыя (Micrurus). Некат. ахоўваюцца. Сярэднеазіяцкая кобра (Naja naja oxiana) водзіцца на Пд Сярэдняй Азіі.

Цела стройнае, даўж. да 5,5 м. Афарбоўка разнастайная, стракатая. Галава ў большасці не адмежавана ад тулава, укрытая буйнымі сіметрычнымі шчыткамі. Наперадзе верхнясківічных касцей буйныя парныя ядаправодныя зубы. Яд нервова-паралітычнага дзеяння, небяспечны для жывёл і чалавека. Кормяцца грызунамі, жабамі, яшчаркамі і інш. змеямі. Большасць жывародныя. Жывуць на зямлі і дрэвах.

Да арт. Аспіды: змяя-акулярніца.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)