старажытнагрэчаскі філосаф, кіраўнік перыпатэтычнай школы ў Афінах (канец 2 — пач. 3 ст.); найб. уплывовы каментатар Арыстоцеля. Для Аляксандра Афрадысійскага характэрны эмпірычны натуралізм і рэальнасць часу. У каментарыі да твора «Пра душу» развіў арыгінальную канцэпцыю траістасці розуму, якая паўплывала на сярэдневяковую араб. і еўрап. філасофію. Зберагліся яго каментарыі да асобных твораў Арыстоцеля, а таксама самастойныя т.зв. «малыя творы» «Пра душу», «Пра лёс», «Апарыі і рашэнні» (у 3 кн.), «Маральныя праблемы», «Пра зліццё і рост».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. coalesco зрастаюся, злучаюся),
зліццё кропель вадкасці ці бурбалачак газу пры іх сутыкненні ў рухомым асяроддзі (вадкасць, газ). Ідзе самаадвольна пры пастаяннай т-ры з памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы і ступені дысперснасці эмульсій і пен, што прыводзіць да іх распластавання на 2 фазы: вадкасць 1 — вадкасць 2 ці вадкасць — газ. К. — прычына выпадзення атм. ападкаў (дажджу, расы) з воблакаў і туману. Адбываецца пры абязводжванні нафты, нанясенні лакафарбавых пакрыццяў аэразольным метадам, пенатушэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЛАДНЕ́ННЕ,
зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл.Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл.Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАМА́ДЖВАННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
зліццё раздробненых вытв. працэсаў у розных галінах эканомікі ва ўсё больш паглыблены вытв. грамадскі працэс. Абумоўлена грамадскім падзелам працы, выкарыстаннем сродкаў вытв-сці, якія патрабуюць калектыўнай дзейнасці, вядзе да канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу, паглыблення спецыялізацыі вытворчасці, кааперавання вытворчасці, міжнар.інтэграцыі эканамічнай.
Аналізуючы працэс аграмаджвання вытв-сці і працы, К.Маркс зрабіў выснову аб асн. супярэчнасці капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення яе вынікаў. Гэта супярэчнасць, на яго думку, з’яўляецца рухаючай сілай развіцця капіталізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЯДЗІ́КТАЎ Анатоль Васілевіч (30.6.1887, с. Зірган, Башкірыя — 9.8.1959),
рускі вучоны-юрыст. Акадэмік АНСССР (1958). Скончыў пецярбургскія політэхн.ін-т (1910) і ун-т (1912). Выкладаў у Яраслаўскім ун-це, Петраградскім політэхн. ін-це і інш.ВНУ. Даследаваў арганізацыю кіравання прам-сцю і права дзярж. уласнасці. Аўтар прац па праблемах права і эканомікі: «Зліццё акцыянерных кампаній» (1914), «Прававая прырода дзяржаўных прадпрыемстваў» (1928), «Дзяржаўная сацыялістычная ўласнасць» (1948), «Арганізацыя дзяржаўнай прамысловасці ў СССР» (т. 1—2, 1957—61) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЕН-В’ЕТ (Хой льен хіеп куок зан В’етнам, Нац. саюз В’етнама),
в’етнамская паліт.арг-цыя ў 1946—55. Засн. на базе аб’яднання В’етміня (які захаваўся як самаст.арг-цыя) і некалькіх інш. арг-цый. Пазней да яго далучыліся Усеагульная канфедэрацыя працы, Саюз жанчын В’етнама, Федэрацыя дэмакр. моладзі, Партыя працоўных В’етнама (з 1951) і інш. У 1951 адбылося поўнае зліццё В’етміня і Л.-В. ў адзіную арг-цыю пад назвай Л.-В. На з’ездзе ў вер. 1955 абвешчана пра самароспуск Л.-В. і стварэнне на яго базе Айч. фронту В’етнама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МАЎ Максім Паўлавіч (17.1.1911, в. Хухарава Вялікаігнатаўскага р-на, Мардовія — 30.6.1973),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 у т-рах Расіі. З 1947 у Магілёўскім, з 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-рах. Вострахарактарны акцёр. Лепшым работам Абрамава ўласцівы жыццёвая праўда, зліццё з вобразам. Сярод роляў: Калеснікаў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка» А.Макаёнка), Гукан («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела), Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Яечня («Жаніцьба» М.Гогаля), Зыкаў («Зыкавы» М.Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАРА́ЛЬНЫЯ (Mucorales),
парадак зігаміцэтавых грыбоў. 8 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы; узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл, гнілі і цвілі пладоў, караняплодаў і інш. Трапляюцца на раслінных рэштках, глебе, харч. прадуктах, паразітуюць на грыбах.
Міцэлій добра развіты, галінасты, пераважна няклетачны, з узростам можа ўтвараць перагародкі, доўгія гіфы, рызоіды, хламідаспоры або распадацца на асобныя клеткі. Спарангіі шарападобнай формы, маюць нерухомыя споры або канідыі. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак). Зігаспора з тоўстай абалонкай. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць і выкарыстоўваюцца для атрымання антыбіётыкаў, дражджэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫХАМІЦЭ́ТЫ (Trichomycetes),
клас грыбоў. Сістэм. становішча недастаткова высветлена. 2 парадкі: амёбідыевыя і экрынавыя. 60—100 відаў. Трапляюцца ў кішэчніку, страўніку, на анальных пласцінках водных і наземных членістаногіх. Магчыма, многія з іх не паразіты, а аблігатныя (абавязковыя) каменсалы, што харчуюцца з навакольнага асяроддзя ў кішэчніку ці страўніку членістаногага (гл.Каменсалізм).
Слаявіна (даўж. да 1 см) у выглядзе шмат’ядзерных, простых, несептаваных або галінастых септаваных нітак, прымацаваных да субстрату спец. клеткай. Пры бясполым размнажэнні канцавыя сегменты нітак ператвараюцца ў спарангіі. Некат. Т. не ўтвараюць спор, іх слаявіны распадаюцца на аідыі. Пры палавым працэсе адбываецца зліццё адасобленых у ніткі пратапластаў або ядраў з утварэннем таўстасценнай зіготы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУДЖА́ВА Булат Шалвавіч (н. 9.5.1924, Масква),
расійскі пісьменнік, аўтар і выканаўца песень. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1956), «Астравы» (1959), «Вясёлы барабаншчык» (1964), «Арбат, мой Арбат» (1976), «Песні і вершы» (1989), «Дары лёсу» (1993) і інш. Для іх характэрна зліццё размоўнай і песеннай інтанацый, празаізмаў і патэтыкі. Стваральнік своеасаблівага выканаўчага стылю — аўтарскай песні («Возьмемся за рукі, сябры», «Лёнька Каралёў», «Паўночны тралейбус», «Ах, Арбат, мой Арбат...» і інш.). Напісаў раманы «Падарожжа дылетантаў» (кн. 1—2, 1976—78), «Спатканне з Банапартам» (1983); «Скасаваны тэатр» (1994); аповесці «Будзь здаровы, шкаляр» (1961), «Бедны Аўросімаў» (1969), «Паходжанні Шыпава, ці Старадаўні вадэвіль» (1971).