Існаваў у 14—17 ст. каля в. Запруды Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Яго абарончымі ўмацаваннямі былі земляныя валы з вастраколам наверсе і вадзяныя равы. У плане валы і равы нагадваюць упісаныя адзін у адзін прамавугольнікі, якія з У мелі бакі ў выглядзе паўдуг, што сыходзіліся ў месцы ўезду ў замак. У замку размяшчалася сядзіба феадала. Захаваліся валы выш. 1,5—2 м і шыр. у аснове да 4 м. Равы маюць глыбіню да 2,5 м і шыр. каля 5 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́ШКІ, земляныя блохі,
блашакі (Alticinae, Halticinae),
падсямейства жукоў сям. лістаедаў. У сусв. фауне больш за 7 тыс. відаў, пашыраных усюды. На Беларусі больш за 80 відаў.
Даўж. цела 1,5—5 мм. Заднія ногі скакальныя. Яйцы адкладваюць у глебу, радзей на расліны. Лічынкі развіваюцца ў глебе пераважна на каранях, радзей на сцёблах або лісці кармавых раслін. Акукліваюцца ў глебе. Дарослыя блошкі раслінаедныя, кормяцца зялёнымі ч. раслін, зрэдку генератыўнымі органамі. Шкоднікі. Меры барацьбы: знішчэнне пустазелля, правільная агратэхніка, апрацоўка інсектыцыдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮ́БАНЬ»,
доследны рыбгас. Створаны ў 1967 у г. Любань Мінскай вобл. як рыбакамбінат «Любань», з 1988 сучасная назва. «Л.» — поўнасістэмная гаспадарка (забяспечвае поўны цыкл вырошчвання рыбы ад ікры да таварнай прадукцыі), мае сажалкі матачныя, нераставыя, мальковыя, вырошчвальныя, зімавальныя і нагульныя агульнай пл. больш за 3000 га. Вытв. магутнасць прадпрыемства па выпуску таварнай рыбы 1740 т за год. Вырошчваюць карпа (97%), таўсталобіка, амура, сярэбранага карася, шчупака. Рыбгас мае бетонныя і земляныя рыбнікі, дзе ўтрымліваецца штогод да 200 т рыбы, што забяспечвае яе пастаўкі ў продаж у зімовы перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),
пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст.земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЛЮ́БАВА,
гарадскі пасёлак у Расіі, ва Уладзімірскай вобл., каля вусця р. Нерль. Былая рэзідэнцыя Андрэя Багалюбскага. Пабудавана ў 1158—65. У 1177 рэзідэнцыя разрабавана разанскім князем Глебам, у 1230-я г. разбурана татарамі. Часткова захаваліся земляныя валы, равы, ніжнія часткі сцен і слупоў белакаменных умацаванняў, рэшткі замка, цокальная частка храма Раства Багародзіцы (1158—65), на якой пастаўлена барочная ярусная царква (1751). Гал. сабор, надбрамная званіца і келлі пабудаваны ў 19 ст. Цяпер Багалюбава ў складзе Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 1,5 км ад Багалюбава — Пакроваў на Нерлі царква.
Літ.:
Воронин Н. Владимир. Боголюбово. Суздаль. Юрьев-Польской. 5 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г.Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Замак з землянымі ўмацаваннямі і бастыёнамі пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. на высокім беразе р. Пульва, якую падперлі плацінай і стварылі штучнае абвадненне. З усіх бакоў яго акружала вада. Цераз шырокі стаў да ўязной вежы-брамы быў перакінуты пад’ёмны мост. На вял. замкавым дзядзінцы стаялі драўляны палац і гасп. будынкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Высокаўскі замак моцна пацярпеў, але потым быў адноўлены. Захаваліся земляныя валы і брама замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,
сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.
Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст.н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс.н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял.земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШАНСКІ ПАЛА́Ц, Гальшанскі замак,
помнік палацава-паркавай архітэктуры. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) П.Сапегам на мяжы 16—17 ст.Асн. абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Палац — мураваны прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак з вял. квадратным унутр. дваром. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі. У паўн.-ўсх. крыле знаходзіцца ўязная брама, якая ў 17 — 1-й пал. 18 ст. завяршалася гранёнай вежай. Насупраць брамы размяшчалася 1-нефавая капліца, убудаваная ў паўд.-зах. крыло палаца. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, упрыгожаную лепкай. На ўзроўні 2-га паверха паўн.-зах. крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Перабудоўваўся ў 18—20 ст. Збярогся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРО́ЎНІК (Filipendula),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 12 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 4 віды: вятроўнік вязалісты (Filipendula ulmaria), аголены (Filipendula denudata), звычайны, або земляныя арэшкі (Filipendula vulgaris), і стэпавы (Filipendula stepposa) — рэдкі від, адзначаны ў паўд. раёнах. У Цэнтр, бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны вятроўнік далонепадобны (Filipendula palmata).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом выш. 2—20 см і моцным карэнішчам. Лісце перарывіста-перыстае, перыстарассечанае, пальчатае або суцэльнае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя (часта з жаўтаватым ці ружаватым адценнем), ружовыя, чырв., духмяныя, у густых шматкветных шчытападобна-мяцёлчатых або мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак ці шматлістоўка. Лек., меданосныя, перганосныя, кармавыя, фарбавальныя і дэкар. расліны. Каранёвыя клубянькі, маладое лісце і сцёблы ядомыя, з кветак і лісця вырабляюць духмяны лячэбны чай.
Вятроўнікі: вязалісты (злева) і звычайны (з коранем).