МАСКУЛІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. masculinus мужчынскі),

развіццё ў самкі мужчынскіх другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самак рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых як вынік парушэння гарманальнага балансу. У эксперыменце перасадка семянніка кастрыраванай курыцы суправаджаецца развіццём у яе петушынага галаўнога ўбору, з’яўленнем здольнасці пець па-петушынаму і інш. М. ў чалавека наз. вірылізмам.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАГІПНО́З (ад аўта... + гіпноз),

гіпнатычны стан (гл. Гіпноз), выкліканы самаўнушэннем, у процілегласць гетэрагіпнозу, выкліканаму ўздзеяннем інш. чалавека; адзін з прыёмаў у аўтагеннай трэніроўцы. Мэтанакіраванае ўвядзенне самога сябе ў гіпнатычны стан дасягаецца пэўнымі прыёмамі. Схільнасць да аўтагіпнозу залежыць ад фіз. і эмацыянальнага стану, асобасных асаблівасцяў, здольнасці да самакіравання фізіял. і псіхічнымі функцыямі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

магчымасць фіз. або юрыд. асобы своечасова выконваць свае фін. абавязацельствы па меры іх надыходу. Абумоўліваецца наяўнасцю ўласных або пазыковых сродкаў, дастатковых для выплаты даўгоў, аплаты паступіўшай або набытай прадукцыі, аказаных паслуг, выкананых работ. Адлюстроўвае фін. стан суб’екта гаспадарання, яго пакупныя здольнасці і залежыць ад поспеху і стабільнасці яго гасп. дзейнасці.

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛЕ́НТЫ (ад лац. violent нястрымны),

віды, найб. магутныя па здольнасці ўтвараць згуртаванні або ўкараняцца ў іх. Энергічна развіваюцца, захопліваюць тэрыторыю, утрымліваюць яе за сабой, прыгнечваюць сапернікаў больш моцнай энергіяй жыццядзейнасці і паўнатой выкарыстання рэсурсаў асяроддзя, становяцца дамінантнымі відамі ў згуртаванні (напр., дуб). Паняцце ўвёў сав. вучоны батанік і географ Л.​Р.​Раменскі (1936).

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.​І.​Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАКАМЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

часткі будынкаў ці збудаванняў (сцены, калоны, слупы, прасценкі, перамычкі і інш.), мураваныя з каменю або цэглы і ўзмоцненыя арматурай. Для арміравання выкарыстоўваюць стальныя сеткі, якія ўкладваюцца ў гарыз. швы для павелічэння нясучай здольнасці армакаменных канструкцый пры сцісканні; стрыжні і дрот — укладваюцца ўнутры каменных элементаў і супрацьстаяць у асн. расцягванню. Выкарыстоўваюць таксама ўзмацненне каменнай муроўкі ж.-б. элементамі (комплексныя канструкцыі).

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, бензаілгліцын,

C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛЧЫГУНПРАЕ́КТ», Прадпрыемства па праектаванні аб’ектаў чыгуначнага транспарту «Белчыгунпраект» Беларускай чыгункі. Засн. ў 1974 як Мінскі праектна-вышукальны ін-т «Галоўчыгпраект». У 1978—93 Мінскі філіял дзярж. праектна-вышукальнага ін-та па электрыфікацыі чыгунак і энергет. установак. Асн. кірунак дзейнасці: распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі аб’ектаў чыг. транспарту, якія забяспечваюць павелічэнне правазной і прапускной здольнасці чыгункі і павышэнне бяспекі руху паяздоў, а таксама аб’ектаў жыл. і культ.-прызначэння.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКСІ́Я (ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод),

анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць, паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́НСКАЯ (Таіса Паўлаўна) (н. 11.5.1921, г. Самара, Расія),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р біял. н. (1971). Скончыла Маскоўскую вет. акадэмію (1949). З 1960 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях штучнага асемянення жывёлы. Прапанавала спосаб вызначэння апладняльнай здольнасці спермы, метады яе крыякансервавання.

Тв.:

Глубокое замораживание спермы сельскохозяйственных животных. Мн., 1972;

Физиологические основы рационального использования производителей сельскохозяйственных животных. Мн., 1975 (разам з В.​С.​Антанюком).

т. 7, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)