ВАЛЮ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,
від банкаўскай дзейнасці па куплі-продажу замежнай валюты і каштоўных папер, выражаных у замежнай валюце, а таксама па ажыццяўленні інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі. Уключае аперацыі, звязаныя з пераходам права ўласнасці на валютныя каштоўнасці (замежную валюту, каштоўныя паперы ў замежнай валюце, каштоўныя металы, прыродныя камяні і інш.), выкарыстаннем у якасці сродку плацяжу замежнай валюты ў знешнеэканам. дзейнасці, увозам і перасылкай валютных каштоўнасцей, ажыццяўленнем міжнар. грашовых пераводаў. Валютныя аперацыі бываюць бягучыя і звязаныя з рухам капіталу. Да бягучых адносяцца: аперацыі па куплі-продажу валютных каштоўнасцей, тавараў і паслуг, рэалізацыі права на інтэлектуальную ўласнасць, разлікі за якія ажыццяўляюцца без адтэрміноўкі плацяжу і не маюць на мэце давання і залучэння пазыковых сродкаў; пераводы сродкаў за мяжу і з-за мяжы, працэнтаў, дывідэндаў і інш. даходаў ад банкаўскіх фін. аперацый; пераводы сродкаў негандл. характару. Валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, уключаюць: інвестыцыі, у т. л. набыццё і продаж каштоўных папер; даванне і атрыманне крэдытаў, залучэнне сродкаў і размяшчэнне іх на рахунках і ўкладах; рух капіталу ў таварнай форме па экспартна-імпартных аперацыях; фін. аперацыі, выкананне якіх праз пэўны тэрмін прадугледжвае плацяжы ці пераход права ўласнасці на валютныя каштоўнасці. Адрозніваюць валютныя аперацыі наяўныя («своп»: разлік ажыццяўляецца ў момант заключэння здзелкі ці праз мінімальна кароткі тэрмін па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі) і тэрміновыя («форвард»: маюць на мэце плацяжы ў тэрмін і па курсе, зафіксаваным на момант здзелкі).
Г.І.Краўцова.
т. 3, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФІ́ТЫ [ад апа... + ...фіт(ы)],
абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.
т. 1, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ СПРА́ВА,
1) умоўны тэрмін, які ў шырокім разуменні ахоплівае ўсе пытанні, звязаныя з узбр. сіламі, іх развіццём, навучаннем, выкарыстаннем у вайне і інш., а таксама падрыхтоўкай насельніцтва на выпадак вайны.
2) У вузкім сэнсе ваенная справа ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь абазначае сістэму ведаў, неабходных ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным для паспяховага выканання свайго воінскага абавязку.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭ́НТНАЕ ПРА́ВА,
галіна заканадаўства, нормы якой рэгулююць маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя правы на стварэнне, прававую ахову і выкарыстанне вынаходстваў, карысных мадэлей і прамысл. узораў; састаўная частка заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці. Сістэма аховы правоў — выдача патэнта. У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай П.п. з’яўляецца Закон «Аб патэнтах на вынаходствы і карысныя мадэлі» (1997).
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРАПІ́ВА»,
бел. сатырычны часопіс. Выйшаў 1 нумар у кастр. 1912 на 8 старонках у Вільні на бел. мове. Рэдактар З.Бядуля. Змяшчаў сатыр. творы разнастайнай тэматыкі. Сярод іх гумарэскі, фельетоны, анекдоты, афарыстычныя выразы і інш., звязаныя з падзеямі тагачаснага грамадска-паліт. жыцця, з’явамі побыту.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 235.
У.М.Конан.
т. 8, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя П.В.Масленікава.
Адкрыты 19.11.1990 у Магілёве, з 1996 імя П.Масленікава. Размешчаны ў Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынку. Плошча экспазіцыі 700 м². У музеі больш за 2 тыс. экспанатаў, пераважна твораў бел. мастакоў 20 ст., у т. л. работы З.Азгура, А.Анікейчыка, Л.Асецкага, А.Бембеля, В.Бялыніцкага-Бірулі, Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, У.Кожуха, У.Кудрэвіча, А.Малішэўскага, Л.Марчанкі, А.Маціевіча, М.Савіцкага, Р.Таболіча, В.Юрковай. У 1997 у музеі адкрыта карцінная галерэя Масленікава, створаная на аснове падараванай музею яго персанальнай выстаўкі (128 твораў). Экспануюцца: творы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці мастака ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (эскізы дэкарацый і касцюмаў да тэатр. пастановак 1938—41 і 1946—60); пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам Беларусі, і пейзажы, звязаныя з паездкамі ў Крым, Алтай, Карпаты, Прыбалтыку; уласныя рэчы, мэбля, эцюды, карціны, апошні няскончаны твор Масленікава «Нябёсы». У музеі праводзяцца маст. выстаўкі, міжнар. пленэры жывапісу.
С.В.Строгіна.
т. 9, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА ПРЭДЫКА́ТАЎ, функцыянальная логіка,
раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж выказваннямі з улікам іх унутранай (суб’ектна-прэдыкатнай) структуры; пашыраны варыянт логікі выказванняў. Прадметам даследавання з’яўляецца любая галіна аб’ектаў з дадзенымі на гэтых аб’ектах прэдыкатамі, г. зн. уласцівасцямі і адносінамі. У выніку фармалізацыі Л.п. прымае выгляд розных злічэнняў (напр., злічэнне выказванняў). Пры аналізе ўплыву на лагічны вывад унутр. структуры выказванняў прэдыкаты разглядаюцца як функцыі, значэннямі якіх служаць выказванні. У дапаўненне да сімвалічных сродкаў логікі выказванняў у мову Л.п. уведзены лагічныя знакі — аператары ∀ («для ўсіх») і ∃ («для некаторых», існуе... такое, што...»), якія адпаведна наз. квантарамі агульнасці і існавання. Для выяўлення структуры выказванняў уводзіцца бясконцы пералік індывідных пераменных x, y, z ... x1, y1, z1, .... якія ўяўляюць сабой розныя аб’екты, і бясконцы пералік прэдыкатных пераменных P, Q, R, ..., P1, Q1, R1 ..., якія ўяўляюць сабой уласцівасці і адносіны аб’ектаў. Запіс (∀x)P(x) азначае «Усякі x валодае ўласцівасцю P»; (∃x)P(x) — «некаторыя x валодаюць уласцівасцю P» і (∃xQ(xy) — «існуе x, які знаходзіцца ў адносінах Q з y» і да т.п. Квантары могуць звязваць у формулах індывідныя (звязаныя) пераменныя. Індывідныя пераменныя, не звязаныя ў формуле квантарамі, наз. свабоднымі. Так, ва ўсіх трох прыведзеных формулах пераменная х звязаная, у апошняй формуле пераменная у свабодная. Звязаныя пераменныя наз. фіктыўнымі. Формулы, якія прымаюць значэнне «ісціна» ў кожнай інтэрпрэтацыі, наз. агульназначнымі. Існуюць таксама некласічныя Л.п., якія прапануюць іншыя тлумачэнні лагічных звязак і квантара.
Літ.:
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн. 1990.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 9, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙКО́ (Баляслаў) (1877, Свянцянскі павет Віленскай губ. — 1939),
жывапісец. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе, у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Пасля 1902 жыў у Парыжы. Меў персанальныя выстаўкі ў Парыжы і Ніццы. Працаваў у жанры пейзажа і нацюрморта. У пейзажах адлюстроўваў мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю А.Міцкевіча: «Від на Свіцязь», «Туганавічы». Творы Буйко зберагаюцца ў музеях Вільнюса, Варшавы, прыватных зборах.
т. 3, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛО́ГІЯ (ад ды... + ...логія),
два самастойныя паводле будовы творы, звязаныя агульнасцю задумы, сюжэта, дзейных асоб. Найчасцей сустракаецца ў прозе (раманы А.Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях»; раманы А.Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», аб’яднаныя пад агульнай назвай «Партызаны»), рэдка — у паэзіі (Д. «Грозная пушча» А.Куляшова складаецца з паэм «Стрэчны агонь» і «Грозная пушча») і драматургіі.
т. 6, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС Рэспублікі Беларусь,
адзіны сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе адносіны, звязаныя з парадкам вырашэння гасп. спрэчак на тэр. краіны. Прыняты Вярх. Саветам Беларусі 5.6.1991, уведзены ў дзеянне з 1.7.1991. Складаецца з 12 раздзелаў і 108 артыкулаў. Вызначае падведамнасць і падсуднасць гасп. спрэчак, рэгламентуе правы і абавязкі іх удзельнікаў, працэсуальныя пытанні — суд. разгляду спраў, парадак перагляду рашэнняў гасп. суда і інш.
т. 5, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)