ПАДПАЛКО́ЎНІК,

воінскае званне старшага афіцэрскага саставу ў шэрагу дзяржаў, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі званню П. адпавядае lieutenant colonel, у ФРГ — Oberstleutnant. Уведзена ў Еўропе ў 17 ст.; у Расіі спачатку як пасада, потым як званне (чын) пам. палкоўніка (камандзіра палка). У казацкіх войсках у 1885—1917 званню П. адпавядаў чын вайсковага старшыны. У СССР уведзена ў 1939. У ВМФ званню П. адпавядае званне капітана 2-га рангу. У Рэспубліцы Беларусь званне П. існуе і для асоб, якія знаходзяцца на службе ў КДБ, МУС і інш. сілавых структурах.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТР-АДМІРА́Л (ад франц. contreamiral),

воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх марскіх дзяржаў; адпавядае званню генерал-маёра ў арміі. Званне ўпершыню з’явілася ў канцы 13 ст. ў Галандыі і працяглы час мела назву шаўтбенахт (ад галандскага schout bij nacht які назірае ноччу). У Расіі вядома з 1699; паводле Табелі аб рангах чын 4-га класа. Званне існавала ў ВМФ СССР у 1940—91.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁР (ад лац. major большы, старшы),

воінскае званне старшых афіцэраў ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Упершыню чын М. паявіўся ў 16 ст. ў Іспаніі і герм. дзяржавах; у рас. арміі існаваў у 17—19 ст. Да канца 18 ст. званне было ў арміі ВКЛ. У Сав. Арміі званне М. ўведзена ў 1935 і захавалася ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ПАРШЧЫК (ад стараж.-слав. прапар — сцяг, палотнішча),

воінскае званне ў арміях шэрагу краін, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У рас. арміі з 1649 П. наз. сцяганосцамі. У 1712—1917 — малодшы афіцэрскі чын (з 1884 толькі для ваен. часу). У рас. ВМФ у 1862—82 П. адпавядала званне гардэмарын. Ва Узбр. Сілах СССР званне П. ўведзена ў 1972 (адпавядала званню мічман у ВМФ), старшы П. — у 1980.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л (ад лац. vice замест, узамен + адмірал),

воінскае званне вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў. У эпоху паруснага флоту (17 — сярэдзіна 19 ст.) віцэ-адмірал камандаваў авангардам (перадавой часткай сіл) і быў нам. адмірала. У Расіі званне ўведзена ў 1699 (існавала да 1917), у СССР — у 1940; існуе ў ВМФ Расійскай Федэрацыі (адпавядае ген.-лейт. ў арміі). У сав. ВМФ званне віцэ-адмірала мелі ўраджэнцы Беларусі В.П.Дрозд, Г.М.Халасцякоў і інш.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДПАРУ́ЧНІК,

1) обер-афіцэрскае званне (чын) у рас. арміі (з 1703), якое прысвойвалася пасля заканчэння ваен. вучылішча. У кавалерыі яму адпавядаў чын карнета, у казацкіх часцях — харунжага. Скасавана ў 1917.

2) Першаснае воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ў Польшчы, Японіі і інш.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),

1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.

2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) і інш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.​У.​Гурка (гл. ў арт. Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск і Гал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.

3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРО́С (ад галанд. matroos),

1) малодшае воінскае званне ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў свету; адпавядае званню радавы (салдат) у інш. відах узбр. сіл. Ёсць таксама званне старшы матрос; адпавядае званню яфрэйтар.

2) На суднах гандлёвага і інш. цывільнага флоту М. — пасада члена экіпажа (каманды).

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДХАРУ́НЖЫ (ад харунжы),

воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У Расіі ўведзена ў 1880. У казацкіх войсках адпавядала званню падпрапаршчыка ў рэгулярных войсках. Прысвойвалася ўраднікам і вахмістрам, якія вытрымалі экзамен на афіцэрскае званне, але не атрымалі яго з-за недахопу вакансій або недастатковай выслугі гадоў.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

старшына,

воінскае званне.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)