АЛЕ́КСІН (Анатоль Георгіевіч) (н. 3.8.1924, Масква),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1950). Чл.-кар. АПН СССР (1982). Піша пераважна для дзяцей. Аўтар аповесцяў «Трыццаць адзін дзень» («Дзённік піянера Сашы Васількова», 1950), «Запіскі Эльвіры» (1956), «Позняе дзіця» (1968), «Дзеючыя асобы і выканаўцы» (1972), «У тыле як у тыле» (1978), «Раздзел маёмасці», «Сардэчная недастатковасць» (абедзве 1979), «Здаровыя і хворыя» (1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1979—81.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

беларускае кніжнае выдавецтва ў Германіі. Існавала ў 1952—66 пры газ. «Бацькаўшчына». Адміністрацыя выд-ва знаходзілася ў Мюнхене, мела прадстаўніцтвы ў розных краінах. Выдала творы Я.​Купалы («Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо», зб. «Спадчына»), Я.​Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы»), М.​Багдановіча («Вянок»), Л.​Калюгі («Нядоля Заблоцкіх»), А.​Мрыя («Запіскі Самсона Самасуя»), Р.​Крушыны («Выбраныя творы»), Ю.​Віцьбіча («Плыве з-пад святой гары Нёман»), В.​Ластоўскага (зб. «Творы»), альманах «Ля чужых берагоў», зб. «Беларускія казкі» і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН (Аляксандр Леапольдавіч) (н. 12.2.1949, г. Архангельск, Расія),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыўшы Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1977), працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў маст. Фільмы «Чужая вотчына» (1980, з Я.​Ігнацьевым), «Філіял» (1987), «Д’ябал» (1990), «Кветкі правінцыі» (1995) і інш., мультфільмы «Капрычыо» (1986), «З днём нараджэння!» (1996, аўтар сцэнарыя і рэжысёр), спектакль «Запіскі вар’ята» (Тэатр-студыя кінаакцёра, 1980). Жывапісным яго работам уласцівы глыбокі псіхалагізм («Аўтапартрэт», «Журба», абедзве 1994), рысы стараж. абраза («Замілаванне», 1996, і інш.).

А.Верашчагін. Журба. 1994.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Фёдаравіч) (2.10.1848, г. Омск, Расія — 15.11.1894),

расійскі ваен. гісторык. Праф. (1889). Ген.-маёр (1891). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1866), Акадэмію Генштаба (1873). З 1873 у войсках на штабных пасадах. З 1885 выкладчык, з 1890 нач. кафедры гісторыі рас. ваен. майстэрства Акадэміі Генштаба. Заснавальнік т.зв. рас. ваен.-гіст. школы, падкрэсліваў самабытнасць рас. ваен. майстэрства. Аўтар прац «Руская армія ў Сямігадовую вайну» (вып. 1—3, 1886—91), «Запіскі па гісторыі ваеннага майстэрства ў Расіі (1683—1794)» (вып. 1—2, 1891—94) і інш.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Афанасій) (? — 1472),

рускі падарожнік. цвярскі купец. У 1466—72 зрабіў падарожжа з гандл. мэтай у Персію, потым у Індыю, дзе пражыў амаль 3 гады. На зваротным шляху наведаў афр. бераг (Самалі), Маскат у Аравіі. Турцыю, ВКЛ. У дзённіку дакладна і рознабакова апісаў мясціны, дзе пабываў. Яго падарожныя запіскі — літ. помнік, каштоўны дакумент па гісторыі і геаграфіі Індыі 15 ст.

Тв.:

Хождение за три моря Афанасия Никитина, 1466—1472 гг. М., 1960.

Літ.:

Виташевская М.Н. Странствия Афанасия Никитина. М., 1972.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛАТАЎ (Андрэй Цімафеевіч) (18.10.1738, в. Дваранінава Тульскай вобл., Расія — 16.10.1833),

рускі аграном, раслінавод і пісьменнік. Яго праца «Пра падзел палёў» (1771) — першы дапаможнік па ўвядзенні севазваротаў і арганізацыі с.-г. тэрыторый. Распрацаваў памалагічную сістэму і апісаў больш за 600 сартоў яблынь і груш. Сфармуляваў асн. палажэнні тэорыі мінер. жыўлення раслін (1780—84). Склаў першы рус. дапаможнік па марфалогіі і сістэматыцы раслін «Дапаможнік пры пазнанні лекавых раслін» (1781). Распрацаваў прынцыпы лесаразвядзення і лесакарыстання. Аўтар літ. твораў, у т. л. аўтабіягр. запіскі «Жыццё і прыгоды А.​Болатава... (1738—1793)».

А.Ц.Болатаў.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́ЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (12.1.1754—18.1.1794),

расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярб. АН (1779). Удзельнічаў у акад. экспедыцыях (1768—74) пад кіраўніцтвам П.​С.​Паласа. У 1781—82 здзейсніў падарожжа ў раёны рэк Буг і ніжні Днестр, якое апісаў у кн. «Падарожныя запіскі ад Санкт-Пецярбурга да Херсона ў 1781 і 1782 гг.» (1787). Аўтар шэрагу прац па заалогіі, пераважна па сістэматыцы рыб, першага рус. падручніка па прыродазнаўстве «Нарыс прыродазнаўчай гісторыі...» (ч. 1—2, 1786).

Літ.:

Райков Б.Е. Академик Василий Зуев, его жизнь и труды. М.; Л., 1955.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЮРЫДЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

вышэйшая навуч. ўстанова ў 1931—54, у Мінску. Засн. на базе ф-та сав. будаўніцтва і права (з 1930), які вылучыўся з ф-та права і гаспадаркі (з 1925) БДУ. Да 1932 наз. Мінскі ін-т сав. будаўніцтва і права. Рыхтаваў спецыялістаў для юрыд. і судова-следчых органаў, дзярж. апарата, НДІ і навуч. устаноў. Пры ін-це існавала аспірантура. Выдаваліся «Працы», «Вучоныя запіскі». У 1954 у ін-це навучалася 2200 чал., працавала каля 70 выкладчыкаў. У 1954 пераўтвораны ў юрыд. ф-т БДУ.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЯГУ́Б (Сяргей Сілавіч) (13.12.1851, с. Бяляеўка Вальнянскага р-на Запарожскай вобл., Украіна —2.11.1907),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. З 1871 вучыўся ў Пецярб. тэхнал. ін-це. З 1872 чл. т-ва чайкоўцаў. Адзін з арганізатараў рабочых гурткоў у Пецярбургу і прапагандыстаў у асяроддзі рабочых. У 1873 арыштаваны і зняволены ў Петрапалаўскую крэпасць. Паводле «працэсу 193-х» (1877—78) асуджаны да 9 гадоў катаржных работ. Пакаранне адбываў на Кары. З 1881 на пасяленні ў Чыце. Аўтар успамінаў «Запіскі чайкоўца» (выд. 1929), рэв. вершаў, надрукаваных у нелегальных зборніках.

т. 14, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТО́ (Агнія Львоўна) (17.2.1906, Масква — 1.4.1981),

руская пісьменніца. Пісала пераважна для дзяцей. Зб. вершаў «Браткі» (1928), «Хлопчык наадварот» (1934), «Лялькі» (1936), «Снягір» (1939), «Вершы дзецям» (1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Я расту» (1968), «За кветкамі ў зімовы лес» (1970; Ленінская прэмія 1972) і інш. Яе вершы адметныя мяккім гумарам, яснасцю мовы. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Падкідыш» (1939), «Алёша Пціцын выпрацоўвае характар» (1958), празаічных твораў «Знайсці чалавека» (1969, пра пошукі сем’яў дзяцей, што згубіліся ў Вял. Айч. вайну), «Запіскі дзіцячага паэта» (1976). На бел. мову вершы Барто перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, А.​Вольскі, К.​Шавель і інш.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)