АРХА́НГЕЛЬСКІ ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВЫ КАМБІНА́Т,

у г. Навадзвінск Архангельскай вобл. Расійскай Федэрацыі, адзін з найбольшых у Еўропе. Першая чарга (сульфіт-цэлюлозны з-д і папяровая ф-ка) пачала дзейнічаць у 1940, другая (сульфат-цэлюлозны з-д і кардонная ф-ка) — у 1972, трэцяя (з-д беленай сульфатнай цэлюлозы) — у 1975. З 1994 холдынг. Асн. прадукцыя (1995): цэлюлоза, тарны кардон, папера. Выпускае таксама этылавы спірт, кармавыя дрожджы, драўняна-валакністыя пліты, сшыткі, папярова-белавыя тавары. Занята больш за 10 тыс. працаўнікоў (1990). Магутнасці разлічаны на перапрацоўку 4,5 млн. м³ драўніны за год. Частка прадукцыі экспартуецца ў Беларусь.

Я.М.Селіцкая.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ФІНА МО́РА

(Baffin Bay),

паўзамкнёнае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж в-вам Грэнландыя і ўсх. берагамі Канадскага Арктычнага архіпелага. Злучаецца на Пд Дэвісавым прал. з Атлантычным ак. Пл. 689 тыс. км², найб. глыб. 2414 м.

У Бафіна моры вялікія а-вы Байлат і Дыска, на ПнУ зал. Мелвіл. Клімат арктычны. Т-ра вады на паверхні летам ад 5 да 0 °C, зімой ніжэй за -1 °C. Большую ч. года Бафіна мора занята плывучымі льдамі і прыпаем. Шматлікія айсбергі. Салёнасць 30—34‰. Прылівы паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, палтус, пікша, камбала). Названа ў гонар У.Бафіна.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗАВІ́К,

балота ў Беларусі, на З Вілейскага р-на Мінскай вобл. і на У Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Спягліца, часткова ў вадазборы Вішнеўскага воз. Нізіннага (62%), вярховага (30%), пераходнага (2%), мяшанага (6%) тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,3 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м, сярэдняя 1,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 18,1 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 2,5 м. Сярод балота воз. Калодкі. Цэнтральная ч. балота занята драбналессем з хвоі і бярозы, кусцікавы ярус з багуну і буякоў, ёсць журавіны. Уздоўж Спягліцы і на ўскрайках балота вярба, разнатраўе, асокі.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, на паўн.-зах. ускраіне г. Глыбокае. Пл. 0,89 км², даўж. 2,15 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 5,7 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 40,1 км². Схілы катлавіны выш. 3—10 м, на ПнУ і У 10—16 м, пераважна разараныя, на ПнЗ пад лесам. Берагі месцамі забалочаныя. Дно складаецца з паўн. (вялікага) і паўд. (малога) плёсаў, злучаных пралівам глыб. да 1,7 м. У паўн. плёсе востраў пл. 0,7 га. Расліннасцю занята 16% пл. возера, шыр. паласы 10—100 м. На ПдЗ і З упадаюць 2 ручаі і пратока з воз. Кагальнае, сцёк па пратоцы ў Падлужнае возера.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ КАМА́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (выцякае з возера), за 17 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,25 км², даўж. 1,05 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 9,8 км². Схілы катлавіны выш. 9—14 м, на З і У 5—6 м, пад лугам і пашай. Берагі нізкія, парослыя хмызняком. У падводнай частцы катлавіны вылучаюцца 4 замкнёныя катлавіны з глыб. 8, 14,9, 18,5 і 22 м. Дно пясчанае, глыбей за 2 м выслана глеямі. 26% паверхні возера занята расліннасцю, шыр. паласы 5—30 м. Злучана пратокай з Малым Камайскім возерам.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАБА́МА

(Alabama),

штат на Пд ЗША. Пл. 131,4 тыс. км², нас. 4187 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Мантгомеры. Найб. гарады Бірмінгем, Мабіл, Хантсвіл. Большая ч. тэрыторыі занята нізіннай прыморскай раўнінай, месцамі забалочанай, на Пн і ПнУ — адгор’і Апалачаў. Клімат умерана цёплы, на Пд субтрапічны. Ападкаў каля 1500 мм за год. Рэкі Алабама, Тэнесі. Вядучая галіна эканомікі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія (Бірмінгем), вытв-сць алюмінію, пластмасаў, гумы, хімікатаў, тэкстылю, электратэхн. абсталявання. Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, авіяракетнай, суднабуд., тэкст. прам-сці. Здабыча вугалю, нафты, прыроднага газу. ГЭС на р. Тэнесі. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, бройлераў). Вырошчваюць сою, кукурузу, бавоўнік, сеяныя травы, арахіс, агародніну, садавіну. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Марскі порт Мабіл.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛУДЖЫСТА́Н,

правінцыя на ПдЗ Пакістана. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам, на Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 347,2 тыс. км², нас. 4,9 млн. чал. (1985), у асноўным белуджы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр, трансп. вузел — г. Квета. Паверхня пераважна горная і пласкагорная. Большую ч. паверхні займаюць хрыбты Макрана (Макранскі Берагавы хр., Цэнтр. Макранскі хр. і інш.). На Пн Сулейманавыя горы. Паміж хрыбтамі ўчасткі пласкагор’яў. Клімат субтрапічны. Ападкаў 100—250 мм за год. Пераважае расліннасць горных пустыняў і паўпустыняў. Насельніцтва занята качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, вярблюды, коні). У аазісах і далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бавоўнік, фінікавую пальму. На ўзбярэжжы рыбалоўства. Здабыча прыроднага газу, бурага вугалю, рудаў жалеза і хрому, серы, кухоннай солі. Транспарт уючны і аўтамаб., на Пн чыгуначны.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́ЖЖАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць пераважна на збожжа — асн. прадукт харчавання чалавека. корм для жывёл і сыравіна для многіх галін прам-сці. З.к. падзяляюць на зерневыя, у т.л. крупяныя культуры (найб. пашыраны пшаніца, рыс, жыта, кукуруза, ячмень, авёс, проса, сорга, грэчка, а таксама чуміза, магар, пайза, дагуса і інш.) і бабовыя (зернебабовыя) культуры. Займаюць амаль палову ўсіх пасяўных плошчаў свету і вырошчваюцца практычна на ўсіх кантынентах. На Беларусі пад З.к. занята каля 3 млн. га, яны даюць ⅓ таварнай прадукцыі раслінаводства. З хлебных злакавых культур найб. плошчы займаюць жыта і ячмень, вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, кукурузу (у паўд. раёнах), грэчку і проса, зернебабовыя культуры. Зерне хлебных злакаў высокапажыўнае, мае 60—80% вугляводаў, 7—20% бялкоў, 2—5% тлушчу. ферменты, вітаміны і інш., зерне бабовых — багатае бялком.

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЫ́Н, Цзілінь,

правінцыя на ПнУ Кітая. На У мяжуе з Расіяй, на ПдУ — з Карэяй. Нас. каля 30 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы, а таксама карэйцы (6%) і маньчжуры (3%). Адм. ц.г. Чанчунь. Паўд.-ўсх. ч. занята Маньчжура-Карэйскімі гарамі выш. да 2744 м (г. Байтаўшань). На ПнЗ — плоская раўніна Сунляопіньюань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. да -20 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў на раўніне 400—600 мм за год, у гарах да 1000 мм. Здабыча каменнага вугалю, меднай, свінцова-цынкавай, жал. рудаў, золата. Нарыхтоўка драўніны, лесаперапр., лесахім., папяровая прам-сць. Фынманьская ГЭС на р.Сунгары. Аўтабудаванне, чорная металургія, хім. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, гаалян, сою, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг., жывёлу, свіней, авечак, коней, маралаў. Збор жэньшэню. Транспарт пераважна чыг. і аўтамабільны.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТА

(Alberta),

правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс. км², нас. 2545 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч. прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.

З.М.Шуганава.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)