ЗА́ЙЦАЎ (Дзмітрый Яўгенавіч) (н. 26.3.1940, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Засл.маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1969). Творчай манеры як аператара ўласцівы лірычная інтанацыя, майстэрская перадача атмасферы падзей, партрэтных характарыстык герояў: маст. фільмы «Іван Макаравіч» (1968, Гран пры «Сярэбраная Мінерва» 22-га Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Нядзельная ноч» (1977), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. З 1986 рэжысёр-пастаноўшчык («Усе кагосьці кахаюць», 1986; шматсерыйны «Хам», 1990, прыз за этнаграфію і нац. своеасаблівасці на конкурсе тэлефільмаў у Атаве, Канада, 1991, і яго кінаварыянт «Франка», Гран пры 2-га Еўрап.Міжнар. кінафестывалю ў Кадысе, Іспанія, 1991; «Кветкі правінцыі», 1995, і інш.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ.псеўд.Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),
бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтар кн.гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.Ф.Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.
Тв.:
Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;
Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;
«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;
Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;
3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;