Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),
раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп.цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭГАРЫ́НЫ (Gregarinia),
падклас прасцейшых кл. спаравікоў. Больш за 150 родаў, 800—1000 відаў. Паразіты кішэчніка і поласці цела насякомых, кольчатых чарвей, ігласкурых, абалоннікаў. Найб. вядомыя: грэгарына ўзброеная (Corycella armata), грэгарына прусаковая (Gregarina blattarum), грэгарына паліморфная (G. polimorpha).
Даўж. цела 10 мкм — 16 мм, падзяляецца на 3 аддзелы: пярэдні — эпімерыт, якім грэгарыны прымацоўваюцца да сценак кішэчніка гаспадара, сярэдні — протамерыт і задні — дэйтамерыт. Рухаюцца за кошт скарачэння мускульных фібрыл або слупка слізі на заднім канцы. Большасць размнажаецца палавым шляхам, ёсць і бясполае размнажэнне. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюць усёй паверхняй цела. Мяркуюць, што некат. грэгарыны — узбуджальнікі інвазійнай хваробы пчол (грэгарынозу).
Грэгарыны: а — узброеная, б — прусаковая (1 — эпімерыт; 2 — протамерыт; 3 — дэйтамерыт; 4 — ядро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́НЫ, краншнэпы (Numenius),
род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Вядомы з верхняга эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, стэпах, на лугах, балотах. На Беларусі 2 віды: К. вялікі (N. arquata), нар. назвы — кулён вял., бакас вял., і К. сярэдні (N. phaeopus); абодва занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП К. эскімоскі (N. borealis).
Даўж. да 70 см, маса да I кг. Апярэнне шэрае. Дзюба доўгая (да 18 см), тонкая, загнутая ўніз. Ногі доўгія, пальцы пры аснове злучаныя невял. перапонкай, задні палец добра развіты. Крылы доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. К. вял. плаваюць. Манагамы. Гнёзды на зямлі. Нясуць 4 яйцы. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАНАФО́РЫ (Pogonophora),
тып беспазваночных жывёл. Вядомы з позняга дакембрыю (каля 600 млн.г. назад). 2 кл.: вуздэчкавыя, або франуляты (Frenulata), і безвуздэчкавыя, або афрануляты (Vestimentifera, або Afrenulata), больш за 150 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, на глыб. 3—10 км, пераважна прымацаваныя.
Даўж. 5,5—150 см, дыяметр 0,1 мм — 3,5 см. Цела нітка- або чэрвепадобнае, у ахоўнай хіцінавай трубцы. Газаабмен ажыццяўляецца шчупальцамі, размешчанымі на пярэднім канцы цела. Крывяносная сістэма замкнутая.
Жыўленне адбываецца пераважна за кошт арган. рэчыва, якое сінтэзуецца аўтатрофнымі сернымі бактэрыямі, што жывуць у поласці цела П. Раздзельнаполыя.
А.М.Петрыкаў.
Паганафора: 1 — шчупальцы; 2 — галаўная лопасць; 3 — вуздэчка; 4 — другі аддзел цела; 5 — трэці аддзел цела; 6 — задні аддзел цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТколавых машын,
элемент хадавой часткі, які ўспрымае і перадае на раму (ці кузаў) намаганні, што дзейнічаюць на колы машыны. У залежнасці ад функцыі колаў адрозніваюць М вядучыя (перадаюць вярчальны момант колам), кіроўныя (забяспечваюць паварот машыны), камбінаваныя (вядучыя і кіроўныя адначасова; могуць уключацца ў работу, напр., пры павелічэнні нагрузкі) і апорныя напр., у прычэпах); у залежнасці ад тыпу падвескі бываюць разразныя (пры незалежнай падвесцы колаў) і неразразныя (пры залежнай падвесцы). Вядучы М. — пустацелая бэлька (найб. пашырана), па канцах якой устаноўлены вядучыя колы, а ўнутры — элементы трансмісіі (галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі). Кіроўны М. складаецца з бэлькі, што злучае колы, і дэталяў паваротнага механізма. Гл. таксама Задні мост, Пярэдні мост.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́РА,
у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЖЭ́ЙКА,
складка брушыны, што прымацоўвае ўнутрыбрушныя органы ў другаснай поласці цела чалавека і жывёл. Развіваецца ў зародку з унутраных (вісцэральных) лісткоў бакавых пласцінак, якія зрастаюцца паміж сабой над і пад кішэчнікам і ўтвараюць 2 брыжэйкі: спінную і брушную.
У сталых арганізмах звычайна захоўваецца толькі адна брыжэйка. У пазваночных — спінная брыжэйка; на ёй падвешваецца кішэчнік і да яго ў тоўшчы брыжэйкі праходзяць нервы, крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Брушная брыжэйка рэдукуецца, яе пярэдні аддзел ператвараецца ў серпападобную звязку печані, задні ўтварае звязку, якая падтрымлівае ў некаторых рыб і земнаводных клааку, а ў млекакормячых мачавы пузыр. У чалавека брыжэйка — складка брушыны, што ўкрывае ножку кожнага ўнутрыбрушнога органа, якой ён прымацаваны да сценкі брушной поласці. Вонкава брыжэйка падобная на даўнейшы каўнер са складкамі — брыжы (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́БРЫ (Trochilli),
падатрад птушак атр. стрыжападобных. 1 сям., 319 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Пд Аляскі і Лабрадора да Вогненнай Зямлі). Жывуць у розных ландшафтах, пераважна аселыя.
Самыя дробныя птушкі на зямлі. Даўж.5,7—30 мм 5,7—21,6 см, маса 1,6—20 г. Апярэнне рознакаляровае, бліскучае. Дзюба доўгая, тонкая, у некат. выгнутая. Палігамы. Нясуць 1—2 яйцы. Кормяцца на ляту кветкавым нектарам і часткова дробнымі насякомымі. Адносная маса сэрца К. найб. сярод птушак. Інтэнсіўны абмен рэчываў, т-ра цела каля 43 °C. Ноччу і пры недахопе корму ўпадаюць у здранцвенне, т-ра цела зніжаецца да 14,5 °C. Лётаюць хутка (да 80 км/гадз). Могуць завісаць у паветры і даваць задні ход. Дробныя віды робяць крыламі да 80 узмахаў за секунду. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КА́РЛСБАД»
(«Karlsbad»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Круглянскім, Аршанскім, Талачынскім, Шклоўскім р-нах 10—23.10.1942 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 2 паліцэйскіх палкоў СС, 2 ахоўных батальёнаў, асобнага батальёна СС Дырлевангера, інш.спец. каманд пад кіраўніцтвам обергрупенфюрэра СС, начальніка СС і паліцыі групы армій «Цэнтр» Бах-Зелеўскага. Група аб’яднаных партыз. атрадаў пад камандаваннем С.Г.Жуніна і адзін з атрадаў партыз. брыгады «Чэкіст» 20.10.1942 каля в. Гоенка Круглянскага р-на прарваліся праз загараджальныя ланцугі гітлераўцаў і выйшлі на шашу Магілёў—Мінск у Клічаўскую партыз. зону. Карнікі не здолелі знішчыць партызан, затое расправіліся з цывільным насельніцтвам у вёсках Падар, Ваўкоўшчына, Задні Бор, Казёл, спалілі вёскі Гоенка і Паляжаеўка, расстралялі 1051 чал., пераважна жанчын, дзяцей і старых.