ЛЯВО́НАЎ Яўген Паўлавіч (2.9.1926, Масква — 29.1.1994),
расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Маскоўскую драм. студыю (1948). З 1948 працаваў у маскоўскіх драм. т-ры імя К.Станіслаўскага, т-ры імя У.Маякоўскага, з 1972 у т-ры «Ленком». Камедыйны, характарны акцёр, па-майстэрску валодаў сродкамі гумару і сатыры. У камедыйных ролях умеў паказаць драматызм вобраза: Іванаў («Іванаў» А.Чэхава, 1975), Важак («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, 1983), Тэўе («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, 1989) і інш. З 1947 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Паласаты рэйс» (1960), «Данская аповесць» (1965), «Трыццаць тры» (1966), «Джэнтльмены ўдачы», «Беларускі вакзал» (абодва 1971), «Старэйшы сын», «Афоня» (абодва 1975), «Прэмія» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Асенні марафон» (1980, Дзярж. прэмія Расіі 1981), «Забіць дракона» (1989), «Пашпарт» (1990), «Насця» (1993) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІ-ФУТБО́Л,
спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.
У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).
На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБО́Л,
[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙО́РКІ (Yorks),
дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.—жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛО́ПЫ,
асабіста залежная ад феадалаў і найб. эксплуатуемая частка насельніцтва ў Кіеўскай Русі ў 9—13 ст. і ў Расіі да пач. 18 ст. Паводле прававога становішча набліжаліся да рабоў. Тэрмін «Х.» ўпершыню сустракаецца ў летапісе пад 986. У 11—12 ст. ужываўся для абазначэння розных катэгорый залежнага насельніцтва. Паводле «Рускай праўды» поўнымі (абельнымі) Х. станавіліся: палонныя; самазапраданыя пры сведках; тыя, хто ажаніўся з халопкаю (рабою); свабодныя жанчыны, якія выходзілі замуж за Х.; дзеці Х.; даўжнікі. Уладальнік мог неабмежавана распараджацца асобай Х.: забіць, прадаць, аддаць за даўгі і інш. Ён таксама нёс адказнасць за ўчынкі Х.: знявагу вольнага чалавека, кражу і г.д.Асн. частка Х. працавала ў сельскай гаспадарцы, некаторыя былі рамеснікамі, хатнімі і ваеннымі слугамі, выконвалі функцыі ніжэйшай адміністрацыі ў маёнтках. У Расіі ішоў працэс зліцця Х. з асн. масай прыгонных. У ВКЛнайб. залежныя ад феадалаў людзі наз.чэлядзь нявольная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬГА (пасля хрышчэння Алена; ? — 969),
вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал.г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс.чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам I, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус.правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ГБІ,
камандная спартыўная гульня з мячом авальнай формы. Гуляюць 2 каманды па 13 (у прафес. матчах) ці 15 (у аматарскіх) чалавек, 2 таймы па 40 мін, на пляцоўцы 100 × 69 м (за лініяй варот заліковае поле). Мэта гульні — прызямліць мяч рукой у заліковым полі праціўніка ці забіць над перакладзінай Н-падобных варот. Перамагае каманда, якая набірае найб. колькасць ачкоў. Мяч можна біць нагой, несці ў руках, кідаць інш. гульцу (але нельга пасаваць уперад). Дапускаецца захоп саперніка за плечы, пояс і ногі, збіццё з ног плячом. Пры парушэнні правіл назначаецца «схватка», пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі выстройваецца «калідор».
Р. ўзнікла ў 1820-я г. ў Вялікабрытаніі ў г. Рэгбі (адсюль назва). У 1934 засн.міжнар. аматарская федэрацыя Р. (ФІРА); аб’ядноўвае каля 50 краін. З 1960 разыгрываецца кубак ФІРА (неафіц, чэмпіянат свету). У праграме Алімп. гульняў 1900, 1908. 1920. 1924. Найб. развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы і інш.
У Беларусі ў пач. 1930-х г. праводзіліся першынствы Мінска, рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНКО́ЎСКІ Алег Іванавіч (н. 23.2.1944, г. Джэзказган, Казахстан),
расійскі акцёр. Брат Р.І.Янкоўскага. Нар.арт.СССР (1991). Скончыў Саратаўскае тэатр. вучылішча (1965). З 1966 працаваў у Саратаўскім драм. т-ры, з 1973 у Маскоўскім т-ры «Ленком». Яго мастацтву ўласцівы стрыманасць выканаўчай манеры, палемічнасць трактовак роляў, сцэн. абаянне, вострая характарнасць. Сярод роляў: князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Мялузаў («Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Мешэм («Шклянка вады» Э.Скрыба), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Аркадзь Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава), Берынг («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага) і інш. З 1968 здымаецца ў кіно: «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Люстра», «Зорка чароўнага шчасця» (абодва 1975), «Салодкая жанчына» (1977), «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхгаўзен» (1979, абодва тэлефільмы), «Закаханы па ўласным жаданні» (1982, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1983), «Палёты ў сне і наяве», «Настальгія» (абодва 1983), «Забіць дракона» (1989), «Царазабойца», «Сны аб Расіі» (абодва 1992), «Першае каханне» (1995) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэміі Расіі 1989, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРО́НКлаўдзій Друз Германік Цэзар
(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),
старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б.ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.Мантэвердзі, Г.Ф.Гендэля, А.Рубінштэйна і інш.
Літ.:
Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат.М., 1993;
Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;
Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКЕ́Й З МЯЧО́Мна лёдзе, бендзі,
спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. Час гульні — 2 таймы па 45 мін з перапынкам. Задача каманд — забіцьспец. клюшкамі (даўж. да 120 см) у вароты сапернікаў найб. колькасць мячоў (дыям. 6 см, маса да 62 г). Памеры поля 90—105×50—70 м, варот — 3,5×2,1 м.
Блізкі да сучаснага Х. з м. хакей-бендзі ўзнік у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 19 ст., з канца 19 ст. пашырыўся ў Швецыі. Фінляндыі, Нарвегіі, Расіі (у 1914 засн.Усерас. хакейны саюз), Нідэрландах, Швейцарыі. Да сярэдзіны 1950-х г. існавалі 2 разнавіднасці Х. з м.: рускі і еўрап. (бендзі), якія мелі шмат агульнага, але розныя памеры варот, мяча, клюшкі. У 1955 створана Міжнар. федэрацыя Х. з м., зацверджаны адзіныя міжнар. правілы. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1957.
На Беларусі культывуецца з 1922, пашырыўся з сярэдзіны 1950-х г., калі рэгулярна пачалі праводзіць пяршынствы і розыгрышы кубкаў гарадоў, абласцей і рэспублікі. Федэрацыя хакея створана ў 2002. У міжнар. спаборніцтвах бел. хакеісты ўдзельнічаюць з 2001 (чэмпіянат свету, г. Оўлу, Фінляндыя). Зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца ў 1-м розыгрышы Кубка Аляксандра Неўскага (2003, С.-Пецярбург). На Беларусі 3 клубныя каманды (2003).