ЧАТЫРОХГАДО́ВЫ СОЙМ 1788—92,

доўгатэрміновая дзейнасць заканадаўчага органа Рэчы Паспалітай — Вялікага сойма, які спрабаваў рэфармаваць грамадска-паліт. лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння тэрміну саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэс. колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.​Малахоўскі і ген. артылерыі ВКЛ К.​Н.​Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы caros, які гарантаваў тэр. цэласнасць і ўзаемадапамогу. Сойм без уліку магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс. чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Камісіі вайсковай абодвух народаў. 19.1.1789 скасаваў Пастаянную раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. 7.9.1789 стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.​Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэр. дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада 24.11.1789 унеслі патрабаванне пра ўраўнаванне грамадзянскіх правоў мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм усклаў на сябе ўсю паўнату ўлады, для чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў, хоць апошнія выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу. Прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам», быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі. 16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца і працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку за карыстанне чужой маёмасцю. ВКЛ падзелена на 34 паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах пад дзярж. юрысдыкцыяй, у т. л. Брэст, Вільня, Гродна, Мінск, Навагрудак, Пінск. Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць вайскоўцаў і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком. У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады. Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. староствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзбр. сілай. 11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкія цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) В.​Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791. 3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што выкарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і ўмяшання Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 сойм прыпыніў сваю дзейнасць, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 17, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,

войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр. крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш. Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл. Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс. чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр. 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж. 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598 франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.

Літ.:

Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.​Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.​П.​Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.​М.​Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.​Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.​Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.​Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.​К.​Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.​Ф.​Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.​І.​Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.​Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.​Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.​Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.​Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.​А.​Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.​Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.​Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.​Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.​Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.​Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.​Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.​Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.​Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.​Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.​Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.​П.​Грыцкевіч

Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА ШЛЯХУ ДА СУВЕРЭНІТЭТУ І ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ

Народная гаспадарка. У 2-й пал. 1980-х г. эканам. развіццё Беларусі ішло супярэчліва. З аднаго боку, рос эканам. патэнцыял, дэфіцыт бюджэту і знешняя запазычанасць былі невялікімі, спажывецкі рынак знаходзіўся ў стане адноснай раўнавагі. З другога боку, з сярэдзіны 1980-х г. у эканоміцы назіралася зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне яе гал. эканам. паказчыкаў. Гэта азначала, што дзеючая дзярж. сістэма ўласнасці, строга цэнтралізаванае кіраўніцтва прывялі да адмаўлення ўласцівых эканоміцы ўнутраных законаў яе развіцця. Гаспадарамі ў эканоміцы СССР былі цэнтр. ведамствы, якія вырашалі, што будаваць і якую прадукцыю вырабляць у Беларусі. Толькі гэтым можна растлумачыць стварэнне ў г. Жодзіна вытворчасці магутных аўтасамазвалаў, пры тым, што у Беларусі няма металу і кар’ераў распрацоўкі выкапняў, дзе выкарыстоўваліся б гэтыя самазвалы. БССР давала ​1/4 агульнасаюзнай вытворчасці хім. валокнаў, 7% шын (у 2 разы больш на душу насельніцтва, чым у сярэднім па краіне). Але такая высокая канцэнтрацыя шкоднай вытворчасці не мела пад сабой эканам. абгрунтаванняў і з’яўлялася крайне экстрэмальнай з пункту гледжання экалогіі. Таму для многіх вучоных-эканамістаў краіны, як і для шэрагу палітыкаў, станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Пошук шляхоў рэфармавання эканомікі пачаўся з красавіцкага (1985) пленума ЦК КПСС, на якім быў узяты курс на паскарэнне сац.-эканам. развіцця краіны. Пад паскарэннем тады разумелася павышэнне тэмпаў эканам. развіцця шляхам усямернай інтэнсіфікацыі вытворчасці на аснове навукова-тэхн. прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых, эфектыўных форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы. У такім кірунку і прадугледжвалася развіццё Беларусі на 1986—90. Рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы павінен быў скласці больш за 20%. Гэта азначала, што па сутнасці ўвесь прырост вытворчасці неабходна забяспечыць за кошт яе інтэнсіфікацыі. Асн. надзеі ўскладаліся на адм. меры, на ўмацаванне адказнасці, працоўнай дысцыпліны, мабілізацыю скрытых рэсурсаў, сродкаў і іх пераразмеркаванне. Да восені 1986 стала відавочна, што нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, працягвала працаваць па старой схеме, выкарыстоўваючы загады, карэкціроўку планаў, «выбіванне» ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і інш. Механізм паскарэння ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, эканоміка захоўвала затратны характар і працягвала рух да крызісу. Таму наступным важным этапам у перабудове эканам. адносін стаў пераход ад курсу на паскарэнне да радыкальнай эканам. рэформы. У чэрв. 1987 Вярх. Савет СССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», а Савет Міністраў СССР і ЦК КПСС прынялі шэраг дакументаў аб радыкальнай эканам. рэформе, якая прадугледжвала пераход ад пераважна адм. метадаў да эканамічных і перавод галін нар. гаспадаркі, прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гасп. разлік і самафінансаванне, што азначала пэўнае аслабленне дыктату цэнтра і павышэнне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў. З 1.1.1987 ва ўмовах гасп. разліку ў Беларусі пачалі працаваць, акрамя прадпрыемстваў і аб’яднанняў лёгкай прамысловасці, калектывы аўтамабільнай, нафтахім. прамысловасці, прыладабудавання і шэрагу інш. галін. Аб’ём вытворчасці гэтых прадпрыемстваў складаў больш за ​1/3 прамысл. прадукцыі. Эканоміка рэспублікі стала развівацца больш дынамічна. За 1986—87 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 11,1%, нац. даход — на 11,5% (пры плане 9,1%). Сярэднегадавы прырост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці склаў 6,9%, прадукцыйнасці працы — 6,4%. У 1988 ва ўмовах гасп. разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысл. комплекс, транспарт, гандаль, большасць буд. арг-цый. У выніку за 1986—89 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 15%, нац. даход — на 14,8%, аб’ём прамысл. вытворчасці — на 27,3%, прадукцыйнасць працы — на 26%.

Аднак радыкальнага аздараўлення эканомікі не адбылося. Як і раней, яна працягвала развівацца на экстэнсіўнай аснове. Нар. гаспадарка арыентавалася не на спажыўца, не на яго запатрабаванні, а на прамежкавыя валавыя паказчыкі. Не адбылося істотнага росту эфектыўнасці вытворчасці, працягваў дзейнічаць затратны механізм гаспадарання. Тлумачылася гэта тым, што на практыцы т.зв. «радыкальная» эканам. рэформа не пайшла далей размоў аб гасп. разліку. Міністэрствы і ведамствы ў большасці выпадкаў працягвалі планаваць прадпрыемствам амаль усе гал. эканам. паказчыкі. У 1988—90 планавы дзярж. заказ працягваў ахопліваць большую частку вытворчасці (да 90%). Стварыць новае эканам. асяроддзе не ўдалося. Адм. метады рэгулявання аслабелі, а эканамічныя не былі ўведзены. Спад тэмпаў вытворчасці працягваўся. Калі сярэднегадавы прырост нац. даходу ў 1981—85 склаў 5,3%, то за 1986—90 ужо 3,9%, валавога грамадскага прадукту — адпаведна 4,6 і 4,5%. Значна знізіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі па гадах: у 1986 на 7%, у 1987 на 6, у 1988 на 3, у 1989 на 4,8, у 1990 на 4,1%. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні тэмпаў прыросту практычных даходаў насельніцтва, якія ў 1986—90 у сярэднім за год складалі 2% супраць 2,3% у 1981—85, 3,8% у 1976—80.

Яшчэ больш марудна ішлі перамены ў сельскай гаспадарцы, скіраваныя на змену камандных метадаў кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы. Паводле прыкладнага статута калгаса, прынятага ў 1988, у кампетэнцыю калгасаў перадаваліся пытанні аб памерах прысядзібных участкаў калгаснікаў, колькасці жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; прадугледжвалася павышэнне ролі брыгад і ферм у жыццядзейнасці працоўных калектываў. Але курс на рэалізацыю кааператыўных прынцыпаў у калгасным жыцці не ажыццявіўся. Паводле афіц. звестак, у 2-й пал. 1980-х г. у параўнанні з 1-й паловай валавы збор збожжа павялічыўся на 28%, бульбы — на 5%, агародніны — на 12%. Агульны аб’ём прадуктовых тавараў у 1989 перасягнуў узровень 1985 на 23%. Аднак у сувязі з агульным крызісам у эканоміцы ў 1990 стан сельскай гаспадаркі пагоршыўся, для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў.

Такім чынам, у 1990-я г. нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, усё яшчэ заставалася ва ўладзе адм.-каманднай сістэмы кіравання. Дзярж. заказ ахопліваў амаль усю вытворчасць, рэсурсы і сыравіна размяркоўваліся цэнтралізавана, цэны вызначаліся зверху, дзярж. форма ўласнасці пераважала над іншымі, большая частка капіталаўкладанняў кантралявалася з цэнтра. Але гэта сістэма падрывалася пастаяннымі эксперыментамі з эканам. паўрэформамі, якія паралізавалі існаваўшую эканам. сістэму. З сярэдзіны 1990 пачаліся канфлікты паміж цэнтр. і мясц. ўладамі. Апошнія адмаўляліся выконваць абавязкі па гасп. дагаворах, забаранялі вывозіць прадукцыю мясц. прамысловасці і сельскай гаспадаркі, праводзілі асабістую цэнавую палітыку. Стаў відавочным параліч улады. Гэта прывяло да таго, што з 1990 пачалося некантралюемае падзенне вытворчасці.

Дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Складанае сац.-эканам. і паліт. становішча, у якім апынуўся Сав. Саюз на мяжы 1970—80-х г., патрабавала рэфармавання. Красавіцкі (1985) пленум ЦК КПСС, XXVII з’езд партыі (1986), XIX Усесаюзная парт. канферэнцыя (1988) вызначылі палітыку перабудовы: правядзенне рэформы эканам. і паліт. сістэм, сац. і культ. сфер жыцця, стварэнне прававой дзяржавы. Значную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця адыграла абвешчаная ў сярэдзіне 1987 публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёперадачах разгарнулася палеміка пра ўмовы жыцця, шляхі абнаўлення сацыялізму і паскарэння рэформ. Развіццё публічнасці, пачатае зверху, хутка ахапіла шырокія слаі грамадскасці і ператварылася ў магутную плынь, спыніць якую КПСС ужо не здолела. Сталі раскрывацца т.зв. «белыя плямы» ў гісторыі, пачаўся 2-і этап рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Неўзабаве пачала набіраць сілу ідэя, што без паліт. рэформы нельга ажыццявіць эканамічную. Нечарговая 12-я сесія Вярх. Савета СССР у канцы 1988 прыняла Закон «Аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР», паводле якога было вырашана склікаць з’езд нар. дэпутатаў і стварыць пастаянна дзеючы Вярх. Савет СССР, а таксама Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», паводле якога не стала абмяжоўвацца колькасць кандыдатаў у нар. дэпутаты. Упершыню ў выбарчай практыцы ўводзілася права вылучаць кандыдатаў у нар. дэпутаты ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Трэцюю частку нар. дэпутатаў СССР прадугледжвалася выбіраць ад грамадскіх арг-цый, у т. л. ад КПСС.

Важную ролю ў паліт. рэформе адыграла абнаўленне выбарчай сістэмы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі. У кастр. 1989 сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы аб выбарах нар. дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах нар. дэпутатаў мясц. Саветаў. Грамадзяне атрымалі магчымасць упершыню за многія дзесяцігоддзі выбіраць дэпутатаў з некалькіх кандыдатур. Але па прыкладу саюзнага заканадаўства рэсп. закон захаваў права абрання ў Вярх. Савет БССР 50 дэпутатаў ад грамадскіх арг-цый. У выніку выбараў (адбыліся 4.3.1990) значна абнавіўся склад Вярх. і мясц. Саветаў, ажывілася іх праца.

З развіццём дэмакратыі ў грамадстве склаліся ўмовы для развіцця шматпартыйнасці, адкрытай формы паліт. плюралізму. Грамадзяне атрымалі права адстойваць свае інтарэсы або інтарэсы сац. груп ці слаёў праз адпаведныя паліт. аб’яднанні. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі ўзнікаць т.зв. «нефармальныя» аб’яднанні (суполкі «Талака», «Спадчына», т-вы «Тутэйшыя», «Узлёт», клуб «Мінская альтэрнатыва» і многія інш.), якія выступалі супраць афіц. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры, шмат увагі аддавалі экалагічнай сітуацыі. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі. Найб. уплывовым рухам у рэспубліцы з’явіўся Бел. нар. фронт (БНФ «Адраджэньне»), створаны як грамадска-паліт. рух у падтрымку палітыкі перабудовы. Устаноўчы з’езд яго адбыўся 24—25.6.1989 у Вільнюсе. У прынятай на ім праграме фронт яшчэ салідарызаваўся з лепшымі сіламі КПСС у справе рэформ, ставіў сабе за мэту адраджэнне нац. культуры, прыняцце закона аб дзяржаўнасці бел. мовы. Высоўвалася ідэя сапраўднай суверэннасці БССР у складзе Сав. Саюза, пад якой тады разумелася перавага рэсп. правоў над саюзнымі. Неадкладнай задачай прызнавалася ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і паляпшэнне дабрабыту людзей. Паступова ад падтрымкі перабудовы БНФ перайшоў да адкрытай антыкамуніст. скіраванасці сваёй дзейнасці і жорсткай канфрантацыі з уладамі, асабліва па праблеме вырашэння нац. пытання. На працягу 1990—91 заснаваны Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Нац.-дэмакр. партыя беларусаў, Бел. сацыял-дэмакр. грамада (пераемніца БСГ), Бел. сял. партыя, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць. Узнікненню ў Беларусі новых партый і паліт. рухаў садзейнічаў Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які ўступіў у дзеянне з 1.1.1991. З першых крокаў сваёй дзейнасці паліт. аб’яднанні, што ствараліся ў Беларусі, выступалі супраць манапалізму КПСС—КПБ, за дэпартызацыю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый.

Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Працэсы дэмакратызацыі ў СССР канца 1980-х г. узмацнілі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Яны былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 аб кіруючай ролі КПСС у сав. грамадстве паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў пра «аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы», скасаванне дзеяння канстытуцый Літ. ССР і СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. саюзныя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі пра выхад з СССР. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў Рас. Федэрацыі. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі зацвердзіў Вярх. Савет БССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў; за захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму.

У той жа час у Беларусі больш за 80% тых, хто галасаваў, выказаліся за захаванне СССР.

19.8.1991 група вышэйшых парт. і дзярж. кіраўнікоў у Маскве стварыла т.зв. Дзярж. к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС), абвясціла аб пераходзе да яго ўсёй паўнаты ўлады і ўвядзенні ў шэрагу рэгіёнаў СССР надзвычайнага становішча. Гэтыя дзеянні выклікалі адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Рас. Федэрацыі і інш. саюзных рэспублік. Бюро ЦК КПБ і Прэзідыум Вярх. Савета БССР заклікалі камуністаў і ўсіх працоўных рэспублікі да спакою і вытрымкі. 20 жніўня на пл. Незалежнасці ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг супраць ДКНС і КПСС. Пасля правалу 21 жніўня выступлення ДКНС урады і Вярх. Саветы суверэнных саюзных рэспублік канчаткова ўзялі курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Бел. ССР. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь; адначасова была ўведзена новая дзярж. сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі Камянецкага р-на) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. У дакуменце канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансаваў Дагавор 1922 аб утварэнні СССР.

Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць уласную дзяржаўнасць.

Адукацыя, навука. У сярэдзіне 1980-х г. у Беларусі ўзнята пытанне пра чарговую карэкціроўку школьнай рэформы, неабходнымі ўмовамі якой лічылася прадастаўленне навуч. установам большай самастойнасці, а таксама інтэграцыя іх у адзінае цэлае з навукай, нар. гаспадаркай і культурай. Дасягненне ўсеаг. сярэдняй адукацыі дазволіла пачаць скарачэнне вячэрніх навуч. устаноў (у Мінску ў 1990 іх засталося толькі 8 з 28 ранейшых). Зварот да еўрап. асветніцкага вопыту садзейнічаў пашырэнню новых тыпаў агульнаадук. і спецыялізаваных школ — гімназій, ліцэяў, каледжаў (восенню 1990 у Мінску створана першая бел. нац. гімназія). У сістэме вышэйшай адукацыі гэта рэформа праявілася ў падрыхтоўцы да пераводу айч. інстытутаў у ранг акадэмій і універсітэтаў (рэалізавана ў 1990-я г.). Паралельна адкрываліся і новыя ВНУ, у т. л. Гомельскі мед. ін-т (1990). З’явіліся падставы і для арганізацыі недзярж. навуч. устаноў (сярэдніх і вышэйшых). Усё большую заклапочанасць грамадства выклікаў працяг русіфікацыі айч. навуч. устаноў (у 1987 беларускамоўных школ у рэспубліцы засталося крыху больш за 18%). Выпраўленню становішча і фарміраванню нац. сістэмы адукацыі павінен быў садзейнічаць «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярх. Саветам БССР 26.1.1990. Паводле яго бел. мова атрымала статус дзяржаўнай, што дазволіла распачаць пашырэнне яе выкарыстання ў сістэме айч. адукацыі.

У 2-й пал. 1980-х г. навук. даследаванні на Беларусі значна актывізаваліся. Тлумачылася гэта ўрадавым курсам на паскарэнне агульнага развіцця гаспадаркі і ўмацаванне сувязей навук. устаноў з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Менавіта такая арыентацыя садзейнічала таму, што ў айч. навук. асяроддзі пераважалі прадстаўнікі фіз.-матэм. і тэхн. навук (60%). Патрэбы бел. эканомікі абумовілі стварэнне ў 1985 у Гродне НДІ біяхіміі, арганізацыю ў Мінску ў 1990 Ін-та сацыялогіі і буйнога вылічальнага цэнтра пры АН Беларусі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) востра паставіла ў рэспубліцы пытанне пра наступствы радыеактыўнага забруджвання — у 1987 у Мінску пачаў працу НДІ радыебіялогіі. Пашырэнне цікавасці да здабыткаў нац. культуры абумовіла арганізацыю ў 1989 Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны, якое выступала за шырокае ўжыванне бел. мовы ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. У цэлым у 2-й пал. 1980-х г. Беларусь займала 3-е месца ў СССР па колькасці вучоных (пасля Расіі і Украіны).

Развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей. Тагачасная знешнепаліт. дзейнасць і міжнар. сувязі Беларусі развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР і сацыяліст. краін—членаў Варшаўскага Дагавора і Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ). Магчымасці ўдзелу БССР у міжнар. дзейнасці Сав. Саюза пашыраліся дзякуючы адмаўленню сав. кіраўніцтва ад тэзіса пра непазбежнасць войнаў з капіталіст. краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляванасці ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадскімі сістэмамі. Разам з тым працягвалася «халодная вайна». БССР даволі актыўна праяўляла сябе ў дзейнасці амаль 70 міжнар. арг-цый і іх органаў, гал. чынам ААН, далучылася да шэрагу міжнар. дагавораў. У 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы Беларусі пры Аддзяленні ААН (1962) і інш. міжнар. арг-цыях у Жэневе, у 1962 — пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. Міжнар. правасуб’ектнасць рэспублікі была замацавана ў Канстытуцыі БССР 1978. У 1974—75 Беларусь з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі. Рэспубліка 5 разоў выбіралася членам Эканам. і Сац. Савета ААН. Пашырыўся яе ўдзел у Міжнар. арг-цыі працы (МАП, з 1954), Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ, з 1957). Рэспубліка стала членам Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (з 1970), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Арг-цыі Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО, з 1985) і інш. Калі ў канцы 1950-х г. Беларусь была ўдзельніцай 54 міжнар. дагавораў, канвенцый і пагадненняў, то ў сярэдзіне 1980-х г. — 168, сярод якіх дагаворы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц (1967), аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і інш. сродкаў масавага знішчэння людзей (1971), канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання бактэрыял. і таксічнай зброі (1972), аб забароне ваен. або ўсякага інш. варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (1977), аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца тымі, што наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне (1981) і інш.

Беларусь у кансалідаванай палітыцы СССР у ААН курыравала пытанні пакарання фаш. злачынцаў, ініцыіравала і падтрымлівала ўсе рэзалюцыі ААН, што датычыліся раззбраення, спынення гонкі ўзбраенняў. Пры актыўным удзеле БССР ААН прыняла Канвенцыю аб непрыдатнасці тэрміну даўнасці да ваен. злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (1969), ухваліла прынцыпы міжнар. супрацоўніцтва ў адносінах адшукання, арышту, выдачы і пакарання такіх асоб (1973); па ініцыятыве бел. дэлегацыі была прынята дэкларацыя аб выкарыстанні навукова-тэхн. прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). Беларусь падтрымала шэраг дакументаў ААН у галіне правоў чалавека і народаў: дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (1960), міжнар. пакты аб эканам., сац. і культурных правах (1966), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1968), міжнар. канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966); стала сааўтарам дэкларацыі сац. развіцця (1969). Па прапанове Беларусі Ген. Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якія затрыманы ці пазбаўлены волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму, расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі (1977).

Пашырэнню міжнар. сувязей Беларусі садзейнічала стварэнне пастаяннай камісіі па замежных справах Вярх. Савета БССР, адпаведных падраздзяленняў у Савеце Міністраў рэспублікі, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, на прадпрыемствах, у грамадскіх арг-цыях. У 1972 у Мінску адкрыты ген. консульствы Польшчы і ГДР, у 1990 — Балгарыі. БССР стала больш адкрытай як для афіц. зносін, так і для чалавечых кантактаў. Рэспубліку наведвалі дэлегацыі, кіраўнікі розных краін, паліт. і грамадскія дзеячы, у т. л. ген. сакратары ААН У Тан (1970) і Х.​Перэс дэ Куэльяр (1987), Сусв. Савета Міру — Р.​Чандра (1975), сакратар Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын Х.​Кампусана (1975); кіраўнікі кампартый і сацыяліст. дзяржаў: Манголіі — Ю.​Цэдэнбал (1965), Чэхаславакіі — А.​Новатны (1965), Югаславіі — І.​Броз Ціта (1965), Герм. Дэмакр. Рэспублікі — В.​Ульбрыхт (1966), Кубы — Ф.​Кастра Рус (1972), Польшчы — Э.​Герак (1975), Балгарыі — Т.​Жыўкаў (1961, 1976), КНДР — Кім Ір Сен (1984); кіраўнікі развітых капіталіст. краін і краін, якія развіваюцца: прэзідэнты Францыі — Ж.​Пампіду (1973), ЗША — Р.​Ніксан (1974), Фінляндыі — У.​К.​Кеканен (1977), Анголы — Ж.Э. душ Сантуш (1988); кіраўнік адміністрацыі Эфіопіі М.​Хайле Марыям (1982), прэм’ер-міністр Індыі Р.​Гандзі (1985) і інш. Дэлегацыі БССР выязджалі ў сацыяліст. краіны, а таксама ў Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Грэцыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Люксембург, Фінляндыю, Францыю, ФРГ, Швейцарыю, Швецыю, Японію. Актыўны ўдзел у расшырэнні міжнар. сувязей Беларусі прымалі створаныя раней Бел. к-т абароны міру і К-т маладзёжных арг-цый БССР. Бел. т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мела 12 рэсп. аддзяленняў: з 1958 дзейнічалі рэсп. аддзяленні т-ваў сав.-польскай, сав.-кітайскай дружбы і Сав. т-ва дружбы з Германіяй; з 1961 — т-ваў сав.-балгарскай і сав.-чэхаславацкай дружбы, з 1962 — Т-ва «СССР—Канада», з 1963 — т-ваў сав.-венгерскай дружбы і «СССР—Фінляндыя», з 1964 — Т-ва «СССР—Францыя», з 1966 — Т-ва сав.-в’етнамскай дружбы, з 1973 — Т-ва сав.-кубінскай дружбы, з 1980 — Т-ва сав.-аўстрыйскай дружбы. На 1.1.1990 працавалі 10 абл., 38 гар. і раённых, 311 пярвічных арганізацый т-ваў дружбы. У 1970 — пач. 1980-х г. у Беларусі адбыўся шэраг міжнар. форумаў антываен. скіраванасці. У форуме, які прайшоў пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі» (ліп. 1972) прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. На Міжнар. сустрэчу прыхільнікаў міру ў Мінску, прысвечаную 30-годдзю перамогі над фашызмам (май 1975), сабраліся 140 удзельнікаў з еўрап. краін, Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, Манголіі, Кубы, Сусв. Савета Міру, Дэмакр. федэрацыі жанчын. У межах Міжнар. года жанчыны Мінск прыняў удзельніц Міжнар. сустрэчы жанчын з 27 краін (жн. 1975), якая праходзіла пад дэвізам «Жанчыны ў барацьбе супраць фашызму, за трывалы і справядлівы мір на ўсёй зямлі». Кангрэс Міжнар. федэрацыі змагароў супраціўлення (май 1978) сабраў у сталіцы Беларусі прадстаўнікоў 29 краін, Сусв. федэрацыі ветэранаў вайны, Міжнар. к-та вязняў канцлагераў, якія заклікалі забараніць нейтронную бомбу, выступілі супраць неанацызму. У ліп. 1982 сталіца Беларусі стала завяршальным этапам Маршу прыхільнікаў міру, які пачаўся ў Хельсінкі і прайшоў праз расійскія гарады. Правядзенне міжнар. форумаў сведчыла аб прызнанні ролі Беларусі ў барацьбе з фашызмам, мела значэнне ў сэнсе яе сусв. папулярызацыі.

З 1957, калі быў заключаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Мінскам і англ. г. Нотынгем, БССР уключылася ў сусв. рух параднёных гарадоў. Пабрацімамі Мінска сталі таксама: з 1973 Сендай (Японія), Бангалор (Індыя); з 1976 Ліён (Францыя), Луанда (Ангола); з 1979 Мерыда (Мексіка); з 1983 Дэтройт (ЗША). Дагаворы аб пабрацімстве заключылі і інш. бел. гарады: Гродна з Беластокам (Польшча, у 1960) і Ліможам (Францыя, у 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, у 1967); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры (Германія) і Зялёна-Гурай (Польшча, абодва ў 1969); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, у 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, у 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, у 1975); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, у 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, у 1990); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, у 1977). Супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў спрыяла развіццю дружбы, узаемнаму азнаямленню з гісторыяй, культурай, дасягненнямі ў эканоміцы, сац. сферы і інш. З 1963 апошняя нядзеля красавіка ў Беларусі, як і ў інш. краінах, пачала адзначацца як сусв. дзень параднёных гарадоў. Адбывалася таксама парадненне абласцей Беларусі з тэр. адзінкамі еўрап. сацыяліст. краін. Усе вобласці мелі сістэматычныя сувязі на аснове дагавораў з ваяводствамі Польшчы: Брэсцкая з Люблінскім (з 1956) і Бельска-падляскім (з 1975, цяпер Люблінскім); Гродзенская з Беластоцкім (з 1956, цяпер Падляскім) і Сувалкаўскім (з 1975, цяпер Падляскім); Мінская — з Варшаўскім (у 1959—77), Плоцкім і Сядлецкім (з 1977, цяпер Мазавецкім); Віцебская — з Зеленагурскім (з 1967, цяпер Любускім); Магілёўская — з Тарунскім і Вроцлаўскім (з 1978, цяпер Куяўска-Паморскім і Дольнашлёнскім); Гомельская — з Зеленагурскім (з 1978, цяпер Любускім). У 1966 Магілёўская вобл. параднілася таксама з Габраўскай акр. Балгарыі, Гомельская — з Паўд.-Чэшскай вобл. Чэхаславакіі; у 1968 Мінская вобл. заключыла дагавор аб пабрацімстве з Патсдамскай, а ў 1969 Віцебская — з акругай Франкфурт, ГДР. Развіваўся рух параднёных прадпрыемстваў. Напр., Мінскі падшыпнікавы з-д супрацоўнічаў з чэхаславацкімі з-дамі ў Брно і Прэшаве, МТЗ — з польскім трактарным з-дам «Урсус» і Карлаўскім балгарскім трактарным здам. Да 1987 дагаворы аб устанаўленні прамых вытв. і навукова-тэхн. сувязей падпісалі 61 бел. прадпрыемства з 70 прадпрыемствамі і арг-цыямі сацыяліст. краін: Балгарыі (5), Венгрыі (3), ГДР (9), Польшчы (41), Чэхаславакіі (10), Югаславіі (2). Знешнеэканам. сувязі Беларусі ажыццяўляліся праз пасрэдніцтва агульнасаюзных арг-цый: Мін-ва знешняга гандлю СССР і Дзярж. к-т па знешніх эканам. сувязях. Развіццю знешнеэканам. сувязей спрыяла дзейнасць створанага ў 1952 Бел. аддзялення Усесаюзнай гандл. палаты, якое ў 1972 пераўтворана ў Гандлёва-прамысл. палату БССР. Яна ўваходзіла ў сістэму Гандлёва-прамысл. палаты СССР і падпарадкоўвалася дзярж. органам, садзейнічала арганізацыі міжнар. выставак, а таксама бел. раздзелаў на міжнар. кірмашах і сав. выстаўках за мяжой. У 1963—77 прадукцыя бел. прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах. Толькі на працягу 1972—78 Гандлёва-прамысл. палатай БССР было арганізавана ў Мінску 49 замежных і міжнар. спецыялізаваных выставак, у якіх прыняло ўдзел 600 фірм і арг-цый з 22 краін свету. Мінск быў адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе штогод на працягу 1970—80-х г. праводзіліся міжнар. выстаўкі. З канца 1970-х г. Гандлёва-прамысл. палата БССР падтрымлівала дзелавыя сувязі амаль з 500 замежнымі фірмамі і аб’яднаннямі 23 краін свету. За істотны ўклад у развіццё міжнар. супрацоўніцтва Гандлёва-прамысл. палата рэспублікі ў 1985 адзначана міжнар. прэміяй «Залаты Меркурый». Такой жа прэміяй адзначаны і найб. актыўныя ўдзельнікі міжнар. супрацоўніцтва — трактарны, аўтамабільны, маторны з-ды, аб’яднанне вылічальнай тэхнікі.

Асн. формай знешнеэканам. сувязей Беларусі быў гандаль. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін, 300 прадпрыемстваў у 1985 выйшлі на рынкі больш чым 100 краін свету. Большая частка тавараў накіроўвалася ў сацыяліст. краіны, каля 20% — у капіталістычныя, 10% — у краіны, якія сталі на шлях развіцця. У бел. экспарце пераважалі вырабы навукаёмістых і тэхналагічна складаных вытворчасцей, найперш машынабудавання і хім. прамысловасці. У 1972 у агульным аб’ёме экспарту БССР прадукцыя машынабудавання складала 44% (у экспарце СССР у 1970—22%, ЗША — 42%). У імпарце на тавары лёгкай і харчовай прамысловасці прыпадала 71%, на прадукцыю машынабудавання — 13%. Знешнегандл. сальда Беларусі ў 1970—80 было адмоўным: імпартныя закупкі значна перавышалі экспарт. БССР выйшла на 3-е месца пасля РСФСР і Украіны па аб’ёме знешняга гандлю, але поўнасцю яе магчымасці не выкарыстоўваліся: напр., у 1982 доля Беларусі ў знешнегандл. абароце СССР не перавышала 2,85%, хоць доля рэспублікі ў агульнасаюзнай вытворчасці складала 4%. Вываз бел. прадукцыі ішоў гал. чынам у інш. рэгіёны Сав. Саюза. У 1961 Мінскі трактарны з-д прадаваў прадукцыю больш чым у 40, а ў 1980 — у 70 краін. Экспартныя трактары накіроўваліся пераважна ў краіны «сацыялістычнага лагера» — Польшчу, Балгарыю, ГДР, Венгрыю, Румынію і інш. Так, у 1969 у Балгарыі працавала 15 тыс. трактароў «Беларусь», або кожны 6-ы трактар у гэтай краіне. Бел. трактары карысталіся попытам таксама і ў капіталіст. краінах, прадаваліся ў Францыю, Канаду, Фінляндыю, ЗША, Швецыю, Егіпет, Індыю. Напр., да канца 1970-х г. у Канаду было прададзена больш за 3 тыс. бел. трактароў. Да сярэдзіны 1990-х г. трактары «Беларусь» на міжнар. кірмашах і выстаўках атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя (1-е месца сярод бел. прадпрыемстваў па колькасці атрыманых узнагарод на міжнар. выстаўках). Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага з-да больш чым на 90% ішла ў інш. сав. рэспублікі і за межы СССР. У 1963 мінскія грузавікі працавалі ў 35 краінах свету — Балгарыі, Аб’яднанай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Гане, Афганістане, на Кубе і інш.

У 1970 МАЗ-516 на Лейпцыгскім і ў 1985 МАЗ-5432 на Плоўдзіўскім кірмашах адзначаны залатымі медалямі. Прадукцыя аўтазавода ў 1980 экспартавалася ў 52 краіны, у сярэдзіне 1990-х г. — амаль у 80 краін свету. Шырокім попытам па-за межамі СССР карысталася прадукцыя «Гомсельмаша», Віцебскага станкабудаўнічага з-да, Аршанскага льнокамбіната, Салігорскага калійнага камбіната і інш. У 1980 Мінскі маторны з-д экспартаваў прадукцыю ў 52 краіны, электратэхнічны імя Казлова — у 28, рысорны — у 26, падшыпнікавы — у 23, «Ударнік» — у 21, прыборабудаўнічы імя Леніна — у 20, інструментальны — у 19, электрамантажных вырабаў — у 18, веласіпедны — у 16, станкабудаўнічыя імя Кірава і імя Кастр. рэвалюцыі — у 15, «Гарызонт» і гадзіннікавы — у 13, электронных вылічальных машын — у 12. Значнае месца заняла вытв. кааперацыя. Абсталяваннем з Беларусі аснашчаліся прадпрыемствы, што будаваліся з дапамогай СССР: Бхілайскі металургічны камбінат у Індыі, Асуанская ГЭС у Егіпце, машынабудаўнічы з-д у Алжыры, цэментны з-д у Йемене, трактарны з-д у Эфіопіі і інш. Бел. спецыялісты дапамагалі ў геолага-разведачных работах у Афганістане, Іране, Мазамбіку, Сірыі, Малі. Імпартнае абсталяванне, гал. чынам з сацыяліст. краін, паступала і для аснашчэння бел. прадпрыемстваў. Так, у 1961—69 у БССР паступіла больш за 120 камплектаў імпартнага абсталявання, якім было аснашчана амаль 100 прадпрыемстваў, у т. л. Гродзенскі і Полацкі хім. камбінаты, Светлагорскі з-д штучнага валакна, Слуцкі і Жабінкаўскі цукровыя з-ды, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Мінскі з-д халадзільнікаў і інш.

Істотную ролю ў міжнар. супрацоўніцтве Беларусі адыгрывалі культурныя, навук., турысцкія і спарт. сувязі. Традыцыйнай формай культурнага абмену з’яўляліся Дні культуры. У Беларусі прайшлі Дні польскай (1958), чэхаславацкай (1962), венгерскай (1963), мангольскай (1966) культуры. Адбыліся Дэкада балгарскай культуры (1965), Дні балгарскай літаратуры (1966), Дні навукі і тэхнікі Польшчы (1966), Дні Беларусі ў В’етнаме і Дні В’етнама ў Беларусі (1968), Дні тэхнікі і прамысловасці Беларусі ў Польшчы (1968), Дні фінскай культуры ў Мінску (1970), Дні Францыі ў Беларусі (1981), Дні Беларусі ў Славеніі (1986). У 1970—80-я г. Дні культуры Беларусі праведзены таксама ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы і інш. За межамі СССР было выдадзена больш за 300 кніг 55 бел. пісьменнікаў. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа праведзена значная работа па перакладзе твораў бел. класікаў на замежныя мовы і папулярызацыі іх спадчыны. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж маст. калектывамі. Адпаведныя дагаворы былі заключаны паміж Дзярж. тэатрам оперы і балета і опернымі тэатрамі ў Вроцлаве і Лодзі (Польшча), Бел. дзярж. акадэмічным тэатрам імя Я.​Купалы і Славенскім нар. тэатрам г. Марыбар (Югаславія). У Мінску адбыліся выстаўкі фінскай графікі (1970), сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), шэдэўраў жывапісу з калекцыі А.​Хамера (ЗША, 1974), польскага жывапісу з калекцый Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе (1979), «К.​Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з музея Альтэнбурга (ГДР, 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі (1981) і інш.

Навукова-тэхн. супрацоўніцтва ажыццяўлялася гал. чынам з сацыяліст. краінамі ў рамках СЭУ. Атрымалі шырокае распаўсюджанне такія яго формы, як узаемная тэхн. дапамога ў будаўніцтве прадпрыемстваў, абмен перадавым вытв. вопытам, навукова-тэхн. дакументацыяй, спецыялістамі, павышэнне кваліфікацыі рабочых. Заводы абменьваліся групамі рабочых, якія асвойвалі новыя прыёмы працы. Так, у ліст.—снеж. 1960 група польскіх інжынераў і рабочых трактарнага з-да «Урсус» вывучала вопыт работы на МТЗ. У кастр. 1977 на Мінскім трактарным з-дзе працавала міжнар. школа-семінар перадавога вопыту слесараў-зборшчыкаў прадпрыемстваў трактарнага і с.-г. машынабудавання сацыяліст. краін.

Пашыраліся міжнар. сувязі ВНУ і навук. устаноў БССР з замежнымі партнёрамі. БДУ супрацоўнічаў з універсітэтамі Іены, Сафіі, Кракава, Любляны, Камагуэя; БПІ — з тэхн. ВНУ Браціславы, Ільменаў, Беластока; Бел. тэхнал. ін-т — з Варшаўскай с.-г. акадэміяй; Мінскі пед. ін-т замежных моў — з Солфардскім ун-там. Дзесяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю ў прафтэхвучылішчах і ВНУ Беларусі. Да канца 1985 у рэспубліцы завяршылі навучанне каля 10 тыс. замежных грамадзян, у т. л. каля 4 тыс. атрымалі вышэйшую і больш за 1 тыс. сярэднюю спец. адукацыю. У 1985 23 ін-ты АН Беларусі і 90 н.-д. устаноў краін—членаў СЭУ, Югаславіі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі праводзілі сумесныя даследаванні па 59 праблемах і тэмах. З 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі дзейнічаў Міжнар. цэнтр акадэмій навук краін «сацыялістычнага лагера» па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен».

Развіваўся замежны турызм, у т. л. транзітны. Заахвочваўся турыстычны абмен паміж прадпрыемствамі. У Мінск з турыстычнымі мэтамі прыбывалі цягнікі дружбы, дэлегацыі рабочых з капіталіст. краін, групы прафс. і грамадскіх дзеячаў. Акрамя азнаямленчых, ставіліся і паліт. мэты ідэалаг. ўздзеяння на гэтых патэнцыяльных саюзнікаў у ідэалаг. супрацьстаянні з зах. светам. У 1971—80 Беларусь наведала каля 100 прафс. дэлегацый амаль з 20 краін. Вял. колькасць замежных турыстаў прыняў Мінск летам 1980 у час спаборніцтваў XXII Алімпійскіх гульняў, на стадыёне «Дынама» адбыліся адборачныя гульні па футболе; у Мінск прыехала каля 15 тыс. удзельнікаў, гасцей Алімпіяды і замежных турыстаў. Калі ў 1958 у Мінску пабывалі крыху больш за 4 тыс. турыстаў з 25 краін, то на працягу 1977—82 Мінскае бюро падарожжаў і экскурсій абслужыла каля 34 тыс. замежных грамадзян. Толькі ў 1978 БССР наведалі 10 092 замежныя турысты, у т. л. 2946 з сацыяліст. і 7146 з капіталіст. краін, найбольш з Францыі (4000) і Італіі (2304). Павялічваўся і выезд бел. турыстаў за межы СССР. Калі ў 1960 па прафс. пуцёўках выехала 535 чал., то ў 1970-я г. выязджала больш за 7 тыс. чал. за год.

З абвяшчэннем у 1985 перабудовы ўсіх бакоў жыцця сав. грамадства ў СССР быў абвешчаны прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у сферы міжнар. адносін, пашырыўся ўдзел саюзных рэспублік у дзейнасці міжнар. арг-цый, ім была аказана дапамога ў падрыхтоўцы дыпламат. кадраў. Развіваліся чалавечыя кантакты. Разам з тым «аксамітныя рэвалюцыі» ў шэрагу сацыяліст. краін, ліквідацыя арганізацый Варшаўскага Дагавора і СЭУ аслабілі афіц. кантакты з гэтымі краінамі. Як і раней, асн. кірункам дзейнасці БССР на міжнар. арэне была работа ў рамках 70 арг-цый і органаў сістэмы ААН, 35 бел. спецыялістаў працавалі ў пач. 1988 у сакратарыятах міжнар. арг-цый. На 41-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя БССР выступіла разам з дэлегацыямі СССР і інш. сацыяліст. краін з ініцыятывай стварэння ўсеаг. сістэмы міжнар. бяспекі. У 1987, на 42-й сесіі Ген. Асамблеі ААН, Беларусь выступіла ў якасці сааўтара мемарандума і прынятай рэзалюцыі аб усеаг. сістэме міжнар. міру і бяспекі, у якой прызнавалася неабходнасць новага паліт. мыслення для ўсіх краін, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у міждзярж. адносінах, вызначаліся шляхі забеспячэння міжнар. бяспекі ў ваен., паліт., эканам. і гуманітарнай сферах. На той жа сесіі Беларусь выступіла сааўтарам прынятых рэзалюцый аб ядзерным і хім. раззбраенні, забароне інш. відаў зброі, умацаванні мер даверу, дэкаланізацыі і барацьбе супраць апартэіду, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру. БССР ратыфікавала канвенцыі ААН аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі (1986), аб дапамозе ў выпадку ядзернай ці радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі (1986), аб барацьбе з захопам заложнікаў (1987), аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў (1989). Унутранае заканадаўства рэспублікі прыводзілася ў адпаведнасць з міжнар. нормамі. У 1989 БССР заявіла аб прызнанні юрысдыкцыі Міжнар. Суда па шэрагу міжнар. дакументаў у галіне правоў чалавека. Аб прыхільнасці да Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948) Беларусь заявіла ў кастрычніку 1991. У 1985 у Беларусі праведзены Год ААН, у 1986 — Міжнар. год міру.

Перабудова садзейнічала пашырэнню міжнар. кантактаў грамадзян. У 1989 Бел. т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі супрацоўнічала з 320 грамадскімі арг-цыямі 74 краін свету па кірунках: садзеянне сац.-эканам. развіццю БССР, гуманітарнае супрацоўніцтва, турыстычны абмен, з 1986 — садзеянне ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку спрашчэння прыгранічных паездак толькі за 1-е паўгоддзе 1988 у Польшчы пабывалі больш за 18 тыс. жыхароў Гродзеншчыны, а Гродзенскую вобл. наведалі 34,2 тыс. палякаў. Працягваліся кантакты з гарадамі, абласцямі і прадпрыемствамі-пабрацімамі. У Віцебску адбыўся 1-ы фестываль польскай эстраднай песні (1987), у Бяльскападляскім ваяв. прайшлі Дні Брэсцкай крэпасці-героя (1988). У 1989 больш за 60 бел. прадпрыемстваў ажыццяўлялі прамыя сувязі з прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі Балгарыі. У 1987 былі зроблены спробы ўстанавіць прамыя шэфскія сувязі Гродзенскай вобл. з правінцыяй Лагман, Мінскай — з правінцыяй Кунар Афганістана.

Актывізавалася знешнеэканам. дзейнасць. З 1987 у плане эканам. і сац. развіцця БССР быў выдзелены спец. раздзел па знешнеэканам. сувязях. У 1990 прыняты Закон аб асновах знешнеэканам. дзейнасці Беларускай ССР. Больш за 90 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытв. і навукова-тэхн. сувязі з замежнымі партнёрамі. У 1987 было створана гаспразліковае аб’яднанне «Беларусьзнешгандаль», а на 8 буйных прадпрыемствах («БелаўтаМАЗ», МТЗ, «Палімір», «Атлант» і інш.) — знешнегандл. фірмы, якія наладжвалі адносіны з фірмамі замежных дзяржаў. Толькі па прамых сувязях з замежнымі краінамі прадпрыемствы і арг-цыі Беларусі ў 1989 экспартавалі прадукцыі на 74,1 млн. руб., імпартавалі — на 61,6 млн. руб. Усяго ў 1989 на экспарт пайшло 22,8 тыс. трактароў, 4,7 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,2 тыс. металарэзных станкоў, 438,7 тыс. халадзільнікаў, на 52,8 млн. руб. вылічальнай тэхнікі, 3,4 млн. т калійных угнаенняў, 17,5 тыс. т сінтэтычных валокнаў і інш. У 1989 зарэгістраваны 22 сумесныя прадпрыемствы па выпуску абутку, вырошчванні жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў нар. спажывання. Найбольш паспяхова дзейнічалі сумесныя прадпрыемствы «Белвест» (створана віцебскай абутковай ф-кай і зах.-герм. фірмай «Саламандэр», пачало выпуск прадукцыі ў 1989) і сав.-венгерскае па выпуску высакаякаснай пражы «Барыфорг», заснаванае ў Барысаве. З Польшчай былі створаны сумесныя калектывы канструктараў і вучоных Мінскага НВА «Дармаш» і камбіната «Сталева Воля», Гомельскага станкабудаўнічага ВА імя Кірава і з-да дакладных станкоў «Механіцы». 9 НДІ АН Беларусі вялі распрацоўкі з партнёрамі з сацыяліст. краін.

Такім чынам, у 1960—80-я г. Беларусь пашырыла сваю дзейнасць у рамках ААН і інш. міжнар. арг-цыях, актыўна ўключылася ў міжнар. эканам. і гуманітарнае супрацоўніцтва.

Літ.:

История Минска. Мн., 1957;

Минск: Краткая хроника (ноябрь 1917—1966). Мн., 1967;

Войтович С.Д., Воробей Н.С., Толстой В.С. Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами. Мн., 1970;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;

Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторонние междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1960—1980). Мн., 1983;

Сергеева Г.Г. Белорусская ССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—1985 гг.). Мн., 1986;

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн. 1986;

Лейкин Э.А. Ради жизни на земле: БССР в борьбе за мир и междунар. безопасность. Мн., 1986;

Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;

Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.). Мн., 1987;

Леднева А.С. Интернациональные связи рабочего класса Белорусской ССР (1976—1987 гг.): (Произв. сотрудничество рабочего класса БССР с социалист. странами). Мн., 1988;

Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1989;

Войтович С.Д. БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989;

Воробей Н.С., Захарченко И.А. Мосты дружбы. Мн., 1989;

Грыгор’ева В.В. Беларуская ССР на этапе перабудовы: Некаторыя аспекты сац.-экан. развіцця. Мн., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;

Снапкоўскі У. Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.) // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;

Абрамаў І.М. Тэндэнцыі развіцця эканомікі Беларусі // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;

Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. 2 выд. Мн., 2000;

Борисенко В.В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза, 1971—1985: Автореф. дисс... канд. ист. наук. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 5—6. Мн., 2002—03;

Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мн., 2003;

Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003.

І.​І.​Гвардзееў (народная гаспадарка), У.​Я.​Казлякоў (дэмакратызацыя грамадскага жыцця, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь), А.​Ф.​Самусік (адукацыя, навука), Г.​П.​Бушчык (развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей).

Генеральны сакратар ААН У Тан у час наведвання Хатыні. Ліпень 1970.
Прэзідэнт Францыі Ж.​Пампіду і Генеральны сакратар ЦК КПСС Л.​І.​Брэжнеў у Заслаўі. Студзень 1973.
Прэзідэнт ЗША Р.​Ніксан на прыёме ў 1-га сакратара ЦК КПБ П.​М.​Машэрава. Мінск. 1.7.1974.
Ліцэісты з французскага г. Ліён — пабраціма Мінска — каля экспазіцыі, прысвечанай подзвігам лётчыкаў палка «Нармандыя—Нёман». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Красавік 1979.

т. 18, кн. 2, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)