СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],
індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.
Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял. вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,
сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБУ́ТУ СЕ́СЕ СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; поўнае Мабуту Сесе Сека Куку Нгбенду Ва За Банга; да 1972 Мабуту Жазеф Дэзірэ; 14.10.1930, г. Лісала, Дэмакр. Рэспубліка Конга —7.9.1997),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга (ДРК). Маршал (1982). Скончыў ваен. школу ў г. Лулуабург. З 1949 у бельг.калан. войсках, з 1956 рэдактар газет «L’Avenir» («Будучыня») і «Actualité africaine» («Афрыканская рэчаіснасць»); дзярж. сакратар ва ўрадзе П.Лумумбы, з ліп. 1960 нач. Генштаба. У вер. 1960 скінуў Лумумбу. З 1961 галоўнакамандуючы Кангалезскай нац. арміяй. Пасля перавароту ў ліст. 1965 прэзідэнт ДРК. Адзінай дзярж. ідэалогіяй абвясціў канцэпцыю «сапраўднага заірскага нацыяналізму»; усталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым, які арыентаваўся на зах. краіны. У маі 1997 пад націскам узбр. паўстання пакінуў краіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКЛАДНА́Я МУ́ЗЫКА, функцыянальная музыка,
разнавіднасць муз. культуры, якая выконвае акрэсленыя жыццёвыя, практычныя, не ўласна маст. функцыі. У стараж. культурах музыка суправаджала грамадз. і культавыя абрады і рытуалы, працоўныя і быт. працэсы. Адзін з яе стараж. відаў — сігнальная музыка (пастухоўскія, паляўнічыя, апавяшчальныя і інш. сігналы). У еўрап.традыц. культуры адбылася дыферэнцыяцыя П.м. на вытв., цырыманіяльную, ваен. і інш. З 19 ст. ў гар. культуры дамінавалі забаўляльныя жанры, звязаныя з масавай муз. культурай (салонная, танцавальная музыка, шлягер, «жорсткі» раманс і інш.). Сучасная П.м. шматлікая і разнастайная; забаўляльная танцавальная музыка, сігнальная музыка (пазыўныя радыё- і тэлестанцый, прывітальныя сігналы нар. свят і міжнар. цырыманіялу, спарт. і інш.), асобныя віды музыкі ў драм. тэатры і кінамузыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦІК (Lolium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 2.1.1941, в. Засулле Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак-плакатыст. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Творы вылучаюцца лаканізмам выяўл. мовы, філасафічнасцю, часам у іх жорсткі сарказм, гумар: «Пабудаваны ў 18 ст. Рэканструяваны ў 20 ст.» (1974), «Лес — магутная крыніца здароўя» (1977), «Перабудова» (1987), «Мазыр. Віцебск» (1988), «26.IV. Чарнобыль» (1989), «Трэба любіць усё: звяроў, птушак, расліны, у гэтым — прыгажосць жыцця. А.Купрын», «За Радзіму, за Сталіна!» (абодва 1990), «Адраджэнне» (1992), «Што наша жыццё? Гульня!» (1995) і інш. Аўтар афіш для спектакляў «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1979) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, «Пінская шляхта» (1980) нар.т-раг. Слонім і інш.
У.Жук. Афіша спектакля «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАЯ́ВАРСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партыз. атрадаў Ленінскай брыгады супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Руда Яварская Казлоўшчынскага р-на ў Вял.Айч. вайну. На працягу 1942—44 партызаны некалькі разоў грамілі гарнізон ворага ў вёсцы. У кастр. 1942 сюды прыбыў паліцэйскі батальён для арганізацыі гарнізона з мэтай паралізаваць дзеянні партызан у навакольных лясах. Ноччу 25 кастр.партыз. атрады 3649-ы (камандзір Б.А.Булат) і Арлянскі (М.Р.Вахонін) акружылі вёску і пасля артыл. падрыхтоўкі раніцай выбілі з яе праціўніка. Да сак. 1944 Рудаяварскі ням. гарнізон (130 чал.) быў умацаваны траншэямі з кулямётнымі гнёздамі, меў 5 бункераў. 19.3.1944 партызаны атрада «Ленінскі» (камандзір В.С.Біцько) з дапамогай мясц. жыхароў праніклі ў размяшчэнне праціўніка і без бою захапілі 4 бункеры. Жорсткі бой каля 5-га бункера і ў будынку школы вымусіў партызан адысці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРГІ́Н (сапр.Ільін) Міхаіл Андрэевіч
(19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).
Тв.:
Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.
нарвежскі мастак, адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Осла ў Каралеўскай школе малявання (1881—86) і ў майстэрні К.Крога (1882—83). Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі, Германіі. У ранні перыяд зазнаў уплыў В. ван Гога і П.Гагена. Светаўспрыманне М. сфарміравалася пад уплывам твораў пісьменнікаў-сімвалістаў Х.Егера і А.Стрындберга, што абумовіла ў яго карцінах матывы адзіноцтва, трывогі, смерці. Творам уласцівы эмацыянальная напружанасць і абвостраная выразнасць вобразаў, жорсткі, віхрападобны контурны малюнак, павышаная дынаміка кампазіцый, дысананс колераў: «Хворая дзяўчынка» (1885—86), «Сястра мастака» (1892), «Крык», «Пакой паміраючага» (1893), «Вампір» (каля 1893), «Самота» (1894), «Танец жыцця» (1899), «Танец на беразе» (1900—02), «Дзеці на вуліцы» (1910), «Начны вандроўнік» (1939) і інш. Большасць карцін 1890—1910-х г. уваходзяць у няскончаны цыкл «Фрыз жыцця». Графічныя творы вызначаюцца змрочным эратызмам, успрыняццем жанчыны як увасаблення негатыўнай, разбуральнай сілы: «Дзяўчына і смерць» (1894), «Мадонна» (1895—1902), серыя «Укус» (1913) і інш. Аўтар фрэсак для залаў ун-та ў Осла («Альма Матэр», «Гара людзей» і інш., 1909—15).