КІРЫ́ЛЬЧАНКА (Пётр Міхайлавіч) (18.10.1914, г. Краснадар, Расія — 20.9.1997),
бел. альтыст, педагог, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1938). З 1938 артыст сімф. аркестраў у Маскве і Горкім. У 1944—62 саліст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, удзельнік струннага квартэта Бел. філармоніі. У 1970—73 гал. дырыжор Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі, у 1980—90 — Мінскай нар. опернай студыі Рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў. Выкладаў у Бел. кансерваторыі (1945—79). Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены спектаклі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра» І.Кальмана ў т-ры муз. камедыі; «Справа гонару» С.Манюшкі, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Джані Скікі», «Плашч» Дж.Пучыні і інш. ў нар. опернай студыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Яраслаў Сільвестравіч) (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СЕЎ (Канстанцін Іванавіч) (н. 24.3. 1933, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. і расійскі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1957). З 1957 у муз. т-рах Расіі і Украіны. У 1970—93 саліст Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, майстэрствам вострай сцэнічнай характарыстыкі. На бел. сцэне стварыў больш за 40 разнапланавых вобразаў: Якім і Сцяпан Крыніцкі, Дзмітрый, Матыль («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Несцерка («Несцерка» Р.Суруса), Дзяніс Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Эдвін і Феры, Тасіла («Сільва», «Марыца» І.Кальмана), Франк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Крамон і Негаш («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Пікерынг («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Мікіта («Халопка» М.Стрэльнікава), Янга і Філіп, Цэзар Галь («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Назар Дума («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Сцешка і Ігнат Рыгоравіч («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Карбон і Рагно («Сірано» С.Пажлакова), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Фельзера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЦІСАВА (Лізавета Парфенаўна) (17.9.1916, г. Магілёў — 20.1.1990),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла драм. студыю Бел.т-ра юнага гледача (1936). Працавала ў т-рах муз. камедыі Беларусі (1937—41, 1947—50, 1970—72). У 1951—69 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца роляў гераінь, т.зв. каскадных, камічных старых (у т-рах муз. камедыі), лірыка-драм. і характарных (у драм. т-ры). Актрыса выразнай пластыкі і тонкай музыкальнасці. Найб. значныя ролі: у т-рах муз. камедыі — Старая («Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі), Марыэта, Стасі («Баядэра», «Сільва» І.Кальмана), Пепіта («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Ірынка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава); у т-ры імя Я.Коласа — Зоська («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Галіна Адамаўна («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Таццяна, Юлія, Людміла («Ворагі», «Дачнікі», «Васа Жалязнова» М.Горкага), Фларэла («Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі), Рэгана («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Мікалай Піліпавіч) (11.7.1933, г. Рэчыца Гомельскай вобл. —22.11.1989),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. (1951; у 1953—56 і з 1960 выкладаў у ім) і Ленінградскае (1953) харэаграфічныя вучылішчы, Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1960). Працаваў у т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 арганізатар і кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Выкананне К. вызначалася высокай тэхнічнасцю, экспрэсіяй, тэмпераментам. Сярод партый на бел. сцэне: Мікалай, Князь («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Прынц, Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Балетмайстар спектакляў «Фіялка Манмартра» І.Кальмана, «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі (з Э.Піно, 1971) і інш. у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; ставіў танцы і пантаміму да драм. спектакляў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1967). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Літ.:
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДА (Наталля Віктараўна) (н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. спявачка (сапрана). Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж.т-рамуз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Джулія («Джулія» У.Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.Германа) і інш.
Літ.:
Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр. Мінск. 1980. № 4;
Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.
А.Я.Ракава.
Н.В.Гайда.Н.Гайда ў ролі Агнесы.Н.Гайда ў ролі Ганны Главары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл.драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.Матроса), «Кветка папараці» Г.Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.Остэра, «Бука» М.Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.Маслава, «Калабок» Я.Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.Азава і В.Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.Арлова і інш.Гал. рэжысёры: В.Чарняеў (1968—85), У.Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.Чабатароў (1968—78), Н.Баяндзіна (з 1980).
Гомельскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Я — кураня, ты — кураня» Г.Усач і Я.Чапавецкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫЗЫЛКУ́М (цюрк. чырвоныя пяскі),
пясчаная пустыня ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і, на тэр. Узбекістана, Казахстана і Туркменістана. Абмежавана на ПнЗ Аральскім м., на ПнУр. Сырдар’я, на У адгор’ямі Цянь-Шаня і Паміра-Алая, на ПдЗр. Амудар’я. Пл. 300 тыс.км². З’яўляецца раўнінай з агульным нахілам на ПнЗ (выш. ад 300 м на ПдУ да 53 м на ПнЗ), мае замкнёныя ўпадзіны і ізаляваныя моцна расчлянёныя астанцовыя горы — Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м) і інш., складзеныя з моцна дыслацыраваных і метамарфізаваных палеазойскіх сланцаў, рагавікоў, вапнякоў, гранітаў. Горы пустынныя з выраўнаванымі вяршынямі, скалістымі схіламі. Радовішчы карысных выкапняў: золата (Мурынтау), газ (Газлі). Раўнінныя ўчасткі складзены пераважна з кайназойскіх глін і пяскоў, шмат такыраў. Пераважную ч. пустыні займаюць градавыя паўзамацаваныя масівы пяскоў, трапляюцца барханы. К. размешчана ў асноўным у сярэдняй падзоне пустынь умеранага пояса, а на Пд — на пераходзе да субтрапічных пустынь. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. 0—-9 °C, ліп. 26—29 °C. Ападкаў 100—200 мм за год. Рэк няма, але знойдзены артэзіянскія басейны. Глебы шэра-бурыя, пясчаныя; ёсць саланчакі, саланцы. У раслінным покрыве пераважаюць эфемеры, саксаул, кандым, пясчаная акацыя, палын. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа-джэйран, воўк, грызуны, паўзуны; саксаульная сойка, чубаты жаваранак, драфа. У межах К. — Каракульскі, Кызылкумскі, Бадай-Тугай і Варданзінскі запаведнікі. Паліўное земляробства, гадоўля коз і авечак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (6.3.1923, Масква — 7.1.1995),
бел. рэжысёр т-ра лялек. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст.ін-т (1952). У 1956—86 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра лялек Беларусі, з 1975 адначасова выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Пастаноўкам яго ўласцівы жанравая разнастайнасць, беражлівыя адносіны да аўтарскай канцэпцыі і маст. своеасаблівасці твора, дэталёвая распрацоўка ўнутр. лініі персанажа ў спалучэнні з дакладнасцю і выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых пастановак па творах бел. аўтараў «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1957), «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі (1961), «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля (1962), «Ліпавічкі» паводле У.Галубка (1969), «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1982). 3 інш. пастановак «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет (1956), «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1959), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова (1960), «Доктар Айбаліт» паводле К.Чукоўскага (1966), «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда (1978), «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна (1984). Спектаклі для дарослых: «Чортаў млын» Я.Дрды, «Цудоўная Галатэя» Б.Гадар і С.Дарваша (абодва 1968), «Боская камедыя» І.Штока (1971), «Клоп» У.Маякоўскага (1975), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака (1981), «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гефеста» (1983), «Жаваранак» Ж.Ануя (1984). Аўтар кніг «Лялечны тэатр у школе» (1967), «Тэатр лялек» (1974).