КАШАНІ́ЛЬ (франц. cochenille ад ісп. cochinilla літар. макрыца),
некалькі відаў насякомых з розных сям.падатр.какцыд, самкі якіх выкарыстоўваюцца для атрымання чырв. фарбы — карміну. Найб. вядомыя мексіканская К. (Dactylopius cacti), якая жыве на надземных органах кашанільнага кактуса (Цэнтр. Амерыка, Зах.Еўропа, Паўн. Афрыка, Усх. Азія); армянская, ці арарацкая К. (Porphyrophora hamelii), якая жыве на каранях злакаў (Арменія) і польская К. (P. polonica) — на каранях дубровак, суніц, талакнянкі і інш. (Еўропа). На Беларусі сустракаецца К. польская, занесена ў Чырв. кнігу.
Дарослыя самкі К. польскай даўж. да 7 мм, вішнёва-чырв. колеру, бяскрылыя, нагадваюць макрыц. Самцы крылатыя, з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКЕНІ́ЦКІ (Sukiennicki) Віктар (25.7.1901, каля г. Каўнас, Літва — крас. 1983),
польскі гісторык. Д-р права (1927). Вучыўся ў Віленскім і Парыжскім ін-тах. Дацэнт НДІУсх. Еўропы пры Віленскім ун-це. З 1934 на навук. стажыроўцы ў СССР. У 1941 арыштаваны органамі НКУС і сасланы ў Краснаярск. У 1942 вызвалены, працаваў у польскім пасольстве ў СССР. З 1943 у Вялікабрытаніі, выкладаў у польскім ун-це ў г. Оксфард. З 1952 рэдактар на радыёстанцыі «Свабодная Еўропа». З 1959 у ЗША, працаваў у Гувераўскім ун-це пры Станфардскім ун-це. Аўтар прац: «Эвалюцыя ладу Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік...» (т. 1—3, 1938—39), «Сучасныя ідэі і палітычныя і грамадскія рухі» (ч. 1—2, Лондан, 1951—54), «Прычыны і пачатак польска-савецкай вайны, 1919—1921» (Лондан, 1963), «Усходне-Цэнтральная Еўропа ў час 1-й сусветнай вайны» (т. 1—2, ЗША, 1984) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРЭНГО́ЙСКАЕ РАДО́ВІШЧА нафтагазакандэнсатнае радовішча ў Расіі, на Пн Цюменскай вобл. Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Адкрыта ў 1966, распрацоўваецца з 1968. Паклады на глыб. 1,1—3,1 км. Пачатковыя запасы больш за 5 трлн. м³. Газ метанавы. Цэнтр — г. Новы Урэнгой. Газаправод Урэнгой—Памары—Ужгарад—Зах.Еўропа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ Павел Архіпавіч (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял.Айч. вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я, Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.Салавей, У.Паўлаў.
Тв.:
Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1986—87.
Літ.:
Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;
Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́СТКІ СВЕ́ТУ,
умоўны падзел буйных тэрыторый сушы з размешчанымі каля іх астравамі. Вылучаюць 6 асноўных Ч.с.: Антарктыда, Аўстралія, Афрыка (супадаюць з мацерыкамі), Еўропа і Азія (уваходзяць у склад мацерыка Еўразія, Амерыка (уключае 2 мацерыкі — Паўн. і Паўд. Амерыку). Часам, акрамя пералічаных, вылучаюць 7-ю Ч.с. — Акіянію, як сукупнасць мноства ціхаакіянскіх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРНА́Ч,
ударная халодная зброя, разнавіднасць булавы. Уяўляў сабой сярэбраную або пазалочаную паліцу ў форме жазла (даўж. да 0,5 м) з пазалочанай галоўкай і ажурнымі гранямі або кольцамі (пярсцёнкамі або пёрамі; адсюль назва). Быў таксама атрыбутам улады военачальнікаў у некат. краінах, у т. л. ў ВКЛ у 15—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ МІЖНАРО́ДНЫ, Міжнародны саюз архітэктараў (МСА),
міжнародная няўрадавая арганізацыя. Створаны ў 1948 у г. Лазана (Швейцарыя), сталае месцазнаходжанне штаб-кватэры — Парыж. Асн. задачы саюза: аб’яднанне на дэмакр. аснове архітэктараў усяго свету, абмен вопытам, павышэнне кваліфікацыі, умацаванне маст., навук. і прафес. сувязей паміж імі. Вышэйшы орган МСА — Асамблея (склікаецца раз у 3 гады), у час якой выбіраюцца Бюро і Савет. Быць членам саюза і прадстаўляць краіну можа толькі адна карпарацыйная арг-цыя (творчы саюз, асацыяцыя, ін-т і інш. арг-цыі архітэктараў). МСА аб’ядноўвае больш за 100 нац. секцый і рэгіянальных груп (Скандынаўскія краіны, краіны Балтыі і інш.). Нац. секцыі ўваходзяць паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў адпаведныя рэгіёны, кожны з якіх узначальвае віцэ-прэзідэнт (Зах.Еўропа, Усх.Еўропа і Сярэдні Усход, краіны Амерыкі, Азія і Аўстралія, Афрыка). У рамках дзейнасці МСА функцыянуюць больш за 10 рабочых груп і праграм, працуюць камісія па міжнар. конкурсах (засн. Залаты медаль за выдатныя творчыя дасягненні, прызы за лепшы праект), праграма па прафес. практыцы і інш. Саюз мае кансультатыўны статус пры ЮНЕСКА, Эканам. і сац. савеце ААН. Выдаецца Бюлетэнь МСА (выходзіць раз у 2 месяцы). У 1990-я г. ў МСА уваходзіў Саюз архітэктараў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКАТЭ́Й МІЛЕ́ЦКІ (грэч. Hekataios Milēsios; каля 546 — 480 да н. э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, географ. Аўтар адной з першых геагр. прац краіназнаўчага характару «Землеапісанне» (складаецца з 2 частак: «Еўропа», што ўключала Еўропу і Паўн. Азію, і «Азія», што ўключала Азію, Егіпет і Лівію). Паводле сведчання Герадота, да «Землеапісання» была прыкладзена карта з відарысам вядомай на той час населенай ч. сушы — айкумены. Карта не знойдзена, часткова яна адноўлена па ўрыўках з твораў Г.М., Герадота і інш. Другі яго твор «Генеалогія» (захаваліся фрагменты) змяшчае стараж.-грэч. міфы і паданні, сістэматызаваныя накшталт гіст. апісання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУПЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
сельскагаспадарчыя расліны, зерне якіх перапрацоўваецца пераважна на крупы. Большасць К.к. (магар, полба, проса, рыс, сорга, чуміза) з сям. метлюжковых, грэчка — з сям. драсёнавых. Крупы вырабляюць таксама з зерня аўса, пшаніцы, ячменю, гароху, кукурузы. Багатыя бялкамі, вітамінамі і вугляводамі. З зерня К.к. атрымліваюць крухмал, муку, спірт, іх выкарыстоўваюць на корм жывёле. З саломы вырабляюць паперу (рысавая папера), плеценыя вырабы, скормліваюць жывёле. Грэчка — добры меданос. Вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах. Найб. плошчы займаюць рыс (Азія), проса, сорга (Азія, Афрыка), грэчка (Еўропа, Паўн. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Kamieński) Генрык Міхал (24.2.1813, Варшава — 14.1.1866),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст, эканаміст, філосаф. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1842 чл.патрыят. арг-цыі «Саюз польскага народа.» У 1845—50 у ссылцы ў Расіі, з 1852 у эміграцыі ў Швейцарыі, з 1858 у Алжыры. Сцвярджаў, што нац.-вызв. паўстанню павінна папярэднічаць сац. рэвалюцыя, прапанаваў памяркоўную праграму агр. рэвалюцыі. Пад уплывам ідэй Г.Гегеля і сенсіманістаў сфармуляваў ідэаліст. канцэпцыю прагрэсу і грамадства будучыні. Асн. працы: «Філасофія матэрыяльнай эканоміі чалавечага грамадства» (т. 1—2, 1843—45), «Дэмакратычны катэхізіс...» (1845), «Расія і Еўропа. Польшча» (1857), «Народная вайна» (1866). Аўтар «Успамінаў вязня» (выд. 1977).