ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),

полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАСЦІСЛА́ВІЧ,

друцкі князь у сярэдзіне 12 ст., сын кн. Расціслава Глебавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 (у інш. крыніцах пад 1158), калі друцкае веча выгнала яго з Друцка, дзе ён княжыў, верагодна, з 1151, калі яго бацька стаў полацкім князем.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНУ́ФРЫЙ,

полацкі князь у ВКЛ. У грамаце, выдадзенай ім каля 1399 манастыру Іаана Прадцечы на валоданне бортнымі землямі на азёрах Сомніца, Лісна і рэках Ула і Нача, назваў сябе вял. князем — адзіны выпадак, калі полацкі князь так тытулаваў сябе. Мяркуецца, што Ануфрый быў апошнім полацкім князем.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,

друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЙ АЛЬГЕ́РДАВІЧ (пасля 1347—99),

князь у ВКЛ, сын Альгерда і Марыі Яраслаўны Віцебскай. Упершыню ўпамінаецца як князь у г. Трубчэўск (на Браншчыне), які разам з г. Старадуб у 1378 добраахвотна здаў свайму брату Андрэю Альгердавічу (на той час прыхільніку Масквы). На баку вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Вярнуўшыся ў ВКЛ, прысягнуў на вернасць Ягайлу (16.12.1388). Загінуў у бітве на Ворскле 1399.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,

князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названы кн. Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЕ́ВІЧЫ,

старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.​Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІКІ́Д,

князь ВКЛ у 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289, калі ён са сваім братам Будзівідам аддаў г. Ваўкавыск валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір. У некаторых ням. хроніках Будзікід выступае пад імем Путувера і Лютувера. Апошні ўпамінаецца ў хроніцы П.​Дусбурга пад 1291 як князь літоўскі, бацька Віценя. Магчыма, Будзікід пасля смерці кн. Трайдзеня разам з братам стаў вял. князем. Перадача Ваўкавыска магла азначаць паступовую страту Новагародскай зямлёй сваёй дамінуючай ролі ў ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎМО́НТ (хрысціянскае імя Цімафей; ? — 20.5.1299),

князь нальшчанскі і пскоўскі. У 1263 удзельнічаў у змове жамойцкага кн. Траняты супраць Міндоўга. У 1265 пасля заваявання Нальшчанаў навагрудскім кн. Войшалкам уцёк з дружынай у Пскоў, дзе ў 1266 прыняў праваслаўе і абраны князем Паколькі Войшалк аддаў Нальшчаны Полацку, Д. у 1266—67 арганізаваў 3 паходы на Полацкую зямлю. У 1268, 1269, 1272, 1298, 1299 вёў паспяховую барацьбу з крыжакамі, якія нападалі на Пскоўскую зямлю. Кананізаваны правасл. царквой. Статуя Д. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» (скульпт. М.​В.​Мікешын) у Ноўгарадзе.

М.​А.​Ермаловіч.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)