прылада для выяўлення магнітнага поля і вымярэння яго напружанасці. Мае адчувальны элемент, які ўяўляе сабой ферамагн. асяродак (звычайна з пермалою) з 2 абмоткамі (узбуджэння і вымяральнай).
Прынцып дзеяння грунтуецца на зменах магн. стану асяродка пад уплывам знешняга пастаяннага магн. поля і ўзнікнення эрс індукцыі, залежнай ад яго напружанасці, а таксама ад арыентацыі асяродка адносна магн. поля. Выкарыстоўваецца пры касм. і геафіз. даследаваннях (як састаўная частка каэрцытыметраў, магнітометраў і інш.), сістэмах кантролю за якасцю прадукцыі (гл.Магнітная дэфектаскапія), у медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА НЕРАЗБУРА́ЛЬНАГА КАНТРО́ЛЮ,
галіна навукі і тэхнікі, якая распрацоўвае фіз. метады і бескантактавыя сродкі вымярэння і кантролю фізіка-мех. уласцівасцей, таўшчынь пакрыццяў, парушэнняў суцэльнасці і структуры матэрыялаў і вырабаў. Даследуе фіз. з’явы і эфекты, што ўзнікаюць у матэрыялах і асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых палёў і нагрузак без іх разбурэння (гл.Неразбуральны кантроль, Ультрагукавая дэфектаскапія). На Беларусі навук. даследаванні па Ф.н.к. пачаліся ў 1960-я г. ў Аддзеле фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі і праводзяцца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН, БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-це, Магілёўскім маш.-буд. ін-це і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАЧЫРВО́НАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна прыкладной фізікі і тэхнікі, што ўключае распрацоўку і выкарыстанне ў навук. даследаваннях, вытв-сці і ваен. справе прылад і прыстасаванняў, прынцып дзеяння якіх засн. на выкарыстанні інфрачырвонага выпрамянення. Такія прылады бываюць актыўныя (маюць уласныя штучныя крыніцы выпрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваюць натуральныя крыніцы выпрамянення).
Да І.т. адносяць распрацоўку і стварэнне прыёмнікаў і крыніц інфрачырвонага выпрамянення, святлафільтраў (гл.Дысперсійныя фільтры), матэрыялаў, празрыстых у інфрачырвонай вобласці, прылад для вывучэння спектраў паглынання і выпрамянення (гл.Інфрачырвоная спектраскапія), прылад для назірання (гл.Электронна-аптычныя пераўтваральнікі) і фатаграфавання ў цемнаце, дыстанцыйнага вымярэння т-ры нагрэтых цел па іх цеплавым выпрамяненні (гл.Балометр, Пірометр), сушкі драўніны і лакафарбавых пакрыццяў, дыягностыкі захворванняў, скрытай сігналізацыі, зямной і касм. сувязі і інш.Гл. таксама Інфрачырвоная дэфектаскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,
кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.
Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.
На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш.мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.
Літ.:
Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;
Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;
Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАСКО́П (ад дэфект + ...скоп),
прылада або ўстаноўка для выяўлення дэфектаў (тыпу парушэнняў суцэльнасці ці аднароднасці, адхіленняў у хім. саставе) у матэрыялах, паўфабрыкатах і вырабах метадамі неразбуральнага кантролю. Стацыянарныя і лабараторныя Д. абсталёўваюць асцылаграфічнымі і лічбавымі індыкатарамі, самапіснымі прыстасаваннямі; пераносныя — стрэлачнымі прыладамі, гукавымі або асвятляльнымі сігналізатарамі. Існуюць Д., якія кантралююць рухомыя вырабы або самі рухаюцца адносна вырабаў (рэйкавыя Д., Д.-цялежкі і інш.).
Адрозніваюць Д.: ультрагукавыя (выкарыстоўваюць уласцівасць ультрагукавых хваль адбівацца ад дэфектаў, напр., трэшчын); рэнтгенаўскія і гама-Д. (прасвечваюць вырабы і матэрыялы адпаведнымі прамянямі, фіксуюць трэшчыны, ракавіны, пабочныя ўключэнні); магнітныя (з дапамогай магн. поля збіраюць магн. парашок або суспензію ў месцах дэфектаў); электраіндуктыўныя (узбуджаюць у вырабе або матэрыяле віхравыя токі, сіла і шчыльнасць якіх залежаць ад наяўнасці дэфектаў); люмінесцэнтныя (выяўляюць парушэнні пакрыццяў на дэталях электронных прылад); аптычныя (устаноўкі з прасветным экранам для візуальнага кантролю або сістэмай аўтам. аналізу відарысу; выяўляюць мікрашчыліны, мех. напружанні, адшчэпы, драпіны, скопішчы дыслакацый па змене інтэнсіўнасці адбітых прамянёў) і інш.Гл. таксама Дэфектаскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ (γ-выпрамяненне),
караткахвалевае эл.-магн. выпрамяненне з даўжынёй хвалі, меншай за 2∙10−10м. Узнікае пры распадзе радыеактыўных ядраў (гл.Радыеактыўнасць), тармажэнні хуткіх зараджаных часціц у рэчыве (гл.Тармазное выпрамяненне), сінхратронным выпрамяненні, а таксама пры анігіляцыі электронна-пазітронных пар і ў інш.ядз. рэакцыях. З прычыны кароткай даўжыні хвалі ў гама-выпрамяненні выразныя карпускулярныя ўласцівасці (гл.Комптана эфект, Фотаэфект), хвалевыя (дыфракцыя, інтэрферэнцыя) выражаны слаба.
Асн. характарыстыка гама-выпрамянення — энергія асобнага γ-кванта Eγ = hν, дзе h — Планка пастаянная, ν — частата выпрамянення. Пры пераходзе ядра атама з узбуджанага стану з энергіяй Ei у больш нізкі энергет. стан Ek выпрамяняецца γ-квант з энергіяй Eγ = Ei = Ek Eγ = Ei — Ek. У выніку гэтага гама-выпрамянення ядраў мае лінейчасты спектр. Натуральныя радыеактыўныя крыніцы даюць гама-выпрамяненню з энергіяй да некалькіх мегаэлектронвольтаў (МэВ), у ядз. рэакцыях атрымліваюцца γ-кванты з энергіяй да дзесяткаў МэВ, а пры тармазным выпрамяненні — да соцень МэВ і больш. Гама-выпрамяненне — адно з найбольш пранікальных выпрамяненняў (пранікальнасць залежыць ад энергіі γ-квантаў і шчыльнасці рэчыва).
Гама-выпрамяненне выкарыстоўваецца для выяўлення дэфектаў у вырабах і дэталях (гл.Дэфектаскапія), экспрэснага колькаснага вызначэння волава ў рудах, стэрылізацыі харч. прадуктаў, гаматэрапіі злаякасных пухлін і інш.
нябачнае электрамагнітнае выпрамяненне аптычнага дыяпазону з даўжынёй хваль ад 0,74 мкм да 1—2 мм (ад чырв. канца бачнага спектра да найб. кароткіх радыёхваль). Выпрамяняецца ўсякім целам, асабліва нагрэтым. Складае значную ч. выпрамянення Сонца, большую ч. выпрамянення лямпаў напальвання, розных газаразрадных крыніц святла. Шырока выкарыстоўваюцца спец. крыніцы І.в. — стрыжні на аснове вокіслаў рэдказямельных элементаў і карбіду крэмнію, перспектыўныя лазерныя крыніцы І.в. Адкрыта ў 1800 У.Гершэлем.
І.в. вылучаюць таксама касм. целы: халодныя чырв. карлікі (зоркі з т-рай паверхні 1000—1500 К), шэраг планетарных туманнасцей, пылавыя воблакі, ядры галактык (у т. л. нашай), квазары. Спектр І.в. (як і бачнага, ультрафіялетавага) можа складацца з асобных ліній, палос або быць неперарыўным у залежнасці ад прыроды крыніцы. Аптычныя ўласцівасці рэчываў (празрыстасць, каэф. адбіцця і пераламлення) у інфрачырв. вобласці спектра звычайна адрозніваюцца ад уласцівасцей у бачнай і ультрафіялетавай абласцях. Многія рэчывы, празрыстыя ў бачнай вобласці, непразрыстыя ў некаторых абласцях І.в. і наадварот У большасці металаў адбівальная здольнасць для І.в. значна большая, чым для бачнага. Вылучыць І.в. з агульнага патоку выпрамянення можна з дапамогай прызмаў, дыфракцыйных рашотак, дысперсійных фільтраў і інш. Для выяўлення і вымярэння І.в. выкарыстоўваюцца цеплавыя і фотаэлектрычныя прыёмнікі (балометры, тэрмаэлементы), оптыка-акустычныя і піраэлектрычныя прыёмнікі, фотаэлементы і фотапамнажальнікі, электронна-аптычныя пераўтваральнікі і фотарэзістары, спец. фотаматэрыялы. І.в. выкарыстоўваецца ў навук даследаваннях, прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ваен. справе — для ідэнтыфікацыі і вывучэння будовы хім. злучэнняў, якаснага і колькаснага спектральнага аналізу (гл.Інфрачырвоная спектраскапія), сушкі і нагрэву, дэфектаскапіі вырабаў (гл.Інфрачырвоная дэфектаскапія), фатаграфавання ў цемнаце, у начнога бачання прыладах і цеплапеленгацыі, саманавядзення снарадаў і ракет, наземнай і касм. сувязі, у лакатарах, дальнамерах і інш. (гл. таксама Інфрачырвоная тэхніка).
Літ.:
Леконт Ж. Инфракрасное излучение: Пер. с фр.М., 1958;
Марков М.Н. Приемники инфракрасного излучения. М., 1968;
Хадсон Р.Д. Инфракрасные системы: Пер. с англ.М., 1972;
Левитин И.Б. Применение инфракрасной техники в народном хозяйстве. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУ́К (ад ультра... + гук),
неўспрымальныя чалавечым вухам пругкія хвалі з частатой ваганняў прыблізна ад 15—20 кГц да 106кГц. Вобласць частот ад 106кГц да 109—1010кГцназ.гіпергукам. У. падзяляюць на 3 дыяпазоны: нізкіх частот (15—100 кГц), сярэдніх (100—104кГц) і высокіх (104—106кГц). Высокая частата і малая даўжыня ультрагукавой хвалі вызначаюць спецыфічныя асаблівасці У.: магчымасць распаўсюджвання накіраванымі пучкамі і іх факусіравання, генерацыі магутных хваль, якія пераносяць значную мех. энергію. Уласцівасці У. вывучаюць акустыка, акустаэлектроніка, гідраакустыка, нелінейная акустыка. У. выкарыстоўваецца ў многіх галінах навукі (у фіз., фізіка-хім., біял. даследаваннях) і тэхнікі (ультрагукавая апрацоўка, ультрагукавая зварка, ультрагукавая дэфектаскапія). З дапамогай У. ажыццяўляецца гукабачанне, гідралакацыя, падводная сувязь, паскарэнне хіміка-тэхнал. працэсаў, сушкі, ачысткі і інш. (гл.Ультрагукавая тэхніка); у медыцыне — дыягностыка, тэрапеўтычнае (гл.Ультрагукавая тэрапія) і хірургічнае лячэнне.
Малая даўжыня хваль У. дазваляе даследаваць іх распаўсюджванне метадамі геаметрычнай акустыкі, вызначаць малекулярныя ўласцівасці рэчыва метадамі малекулярнай акустыкі. Распаўсюджванне У. ў многіх вадкасцях і газах суправаджаецца рознымі з’явамі: рэлаксацыяй акустычнай, паглынаннем гуку, акустычнай кавітацыяй і інш. У. нізкіх частот выкарыстоўваюць у газах, вадкасцях і цвёрдых целах, сярэдніх і высокіх частот — у вадкасцях і цвёрдых целах. Генерыруюць У. эл.-мех. і мех. выпраменьвальнікамі (гл.Ультрагукавы генератар). Для павышэння інтэнсіўнасці У. робяць факусіроўку гуку, амплітуду ваганняў павышаюць з дапамогай акустычных канцэнтратараў.
Літ.:
Бергман Л. Ультразвук и его применение в науке и технике: Пер. с нем. 2 изд. М., 1957;
Физика и техника мощного ультразвука. Т. 1—3. М., 1967—70;
Труэлл Р., Эльбаум Ч., Чик Б. Ультразвуковые методы в физике твердого тела: Пер. с англ.М., 1972;
Эльпинер И.Е. Биофизика ультразвука. М., 1973;
Викторов И.А. Звуховые поверхностные волны в твердых телах М., 1981;
Ультрагук: а — факусіроўка ультрагукавога пучка ў вадзе плоскаўвагнутай лінзай; б — выпрамяненне падоўжных хваль L пласцінкай. якая вагаецца па таўшчыні. у цвёрдае цела: 1 — вадкасць для акустычнага кантакту; 2 — металічныя электроды; 3 — кварцавая пласцінка таўшчынёй /2 даўжыні хвалі; 4 — генератар электраваганняў; 5 — цвёрдае цела.