ПУНІ́ЙЦЫ (лац. Puni, Poeni, Phoenices),

назва, якую далі стараж. рымляне фінікійцам. Яны перасяляліся ў Паўн. Афрыку і заснавалі там у 12—7 ст. да н.э. калоніі Утыка, Карфаген, Лептыс-Магна і інш. Мова П. — дыялект фінікійскай. Ад П. паходзіць назва Пунічных войнаў.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЗІС (грэч. thesis палажэнне, сцвярджэнне),

1) у шырокім сэнсе — адно з асноватворных палажэнняў пэўнай канцэпцыі ці тэорыі.

2) У філасофіі Г.​Гегеля — зыходны момант у працэсе дыялект. развіцця, які разам з антытэзісам і сінтэзам складаюць трыяду.

3) У логіцы — палажэнне, сапраўднасць якога патрабуе доказу.

т. 16, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВО́РКА,

найдрабнейшая адзінка дыялектнай мовы, сродак зносін жыхароў аднаго рэгіёна. Кожная гаворка (на Беларусі, напр., слуцкая, навагрудская, чэрвеньская) уяўляе сабой пэўную сістэму ўзаемазвязаных асаблівасцей: фанетычных, граматычных, лексіка-фразеалагічных, што функцыянуюць як элементы складанага моўнага арганізма. Група або некалькі груп мясц. гаворак, аб’яднаных агульнасцю рыс у фанетыцы, граматычным і лексічным складзе, утвараюць дыялект.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЦІНА,

адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання; адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.​Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.​Мах, Р.​Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ ШКО́ЛА БЕЛАРУ́СІ імя У.​І.​Леніна.

Існавала з кастр. 1932 да сак. 1939 у Мінску. Створана на базе Камуністычнага ун-та Беларусі. Рыхтавала арганізатараў сацыяліст. сельскай гаспадаркі, кіруючых парт. і сав. работнікаў раённага звяна. Кафедры ў 1934: палітэканоміі, эканам. палітыкі, ленінізму і гісторыі партыі, дыялект. матэрыялізму, гісторыі народаў СССР, усеаг. гісторыі, арганізацыі с.-г. вытв-сці, аграноміі, жывёлагадоўлі, механізацыі сельскай гаспадаркі. Рэарганізавана ў с.-г. тэхнікум.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПЕДЭ́ЎТЫКА (ад грэч. propaideuo папярэдне навучаю),

скарочанае выкладанне якой-н. навукі ў сістэматызаваным выглядзе; падрыхтоўчы ўводны курс, які папярэднічае больш глыбокаму і дэталёваму вывучэнню адпаведнай дысцыпліны. У Платона П. — заняткі, якія папярэднічалі вывучэнню дыялектыкі. У філас. традыцыі І.​Канта П. часта называлі агульны курс арыстоцелеўскай логікі, які папярэднічаў вывучэнню канкрэтных навук. Кант, у якасці філас. П., прапанаваў разглядаць сваю трансцэндэнтальную філасофію (логіку). Г.​Гегель значэнне П. прыпісаў дыялект. логіцы.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНО́МЕН (грэч. phainomenon тое, што з’яўляецца),

1) паняцце, якое азначае з’яву, што спасцігаецца ў вопыце з дапамогай пачуццяў. Прынцыпова адрозніваецца ад наўмена, які застаецца за межамі вопыту і з’яўляецца прадметам інтэлектуальнага сузірання. І.​Кант імкнуўся з дапамогай паняцця Ф. рэзка адмежаваць з’яву ад сутнасці, якую лічыў непазнавальнай (гл. Агнастыцызм). З пункту гледжання дыялект. матэрыялізму непераадольнай мяжы паміж сутнасцю і з’явай няма; сутнасць пазнаецца праз з’яву.

2) Незвычайная, рэдкая з’ява, выключны факт, чалавек.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); мова славенцаў; афіц. мова Славеніі. Пашырана ў Італіі, Аўстрыі, ЗША. Мае 49 дыялектаў, якія аб’ядноўваюцца ў 7 дыялектных груп: панонская, штырыйская, карынтыйская, верхнекраінская («гарэньская»), ніжнекраінская («даленьская»), роўтарская, прыморская; да ліку цікавых і арыгінальных належыць дыялект Рэзіі на тэр. Італіі, на базе якога ёсць спробы стварыць літ. мікрамову. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — складаная сістэма галосных, дзе проціпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі, якія дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад націску; спецыфічны поўнагалосны е, э (транскрыбіруецца як перавернутае е: ә) неўласцівы інш. сучасным мовам, але падобны да праслав. рэдукаванага; у марфалогіі — шмат архаічных рысаў, у т. л. разгорнутая сістэма скланення, дзе захаваліся формы падвойнага ліку; форма супіна ў дзеясловаў, якая перадае намер што-небудзь зрабіць; некат. формы прошлага часу (перфект, плюсквамперфект) і інш. На дыялектным узроўні выяўляюцца шматлікія супадзенні паміж значнымі масівамі і асобнымі групамі славенскіх і бел. гаворак: пераход ненаціскнога o у a, пераход l у u і інш.

Пісьменства з 10—11 ст. (Фрэйзінгенскія ўрыўкі). Пачатак літ. С.м. звязаны з пратэстантызмам, дзейнасцю Прымажа Трубара, які перакладаў богаслужэбныя кнігі на даленьскі дыялект (аснова літ. мовы). Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Мечковская Н.Б. Словенский язык. Мн., 1991;

Цыхун Г. Аб славенска-беларускіх моўных сыходжаннях // III. Nemzetkōzi szlavisztikai napok. Szombathely, 1988;

Яго ж. Да беларуска-славенскіх дачыненняў (гістарычна-моўная праблематыка) // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мн., 2001.

Г.​А.​Цыхун.

т. 14, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОК (Broch) Олаф (4.8.1867, г. Хортэн, Нарвегія — 28.1.1961),

нарвежскі мовазнавец-славіст. Праф. ун-та ў Осла (1900). Стваральнік слав. апісальнай фанетыкі. Даследуючы слав. мовы, значную ўвагу аддаваў бел. мове і яе дыялектам («Пра адзін беларускі дыялект на поўдзень ад Вільні», 1957). Аўтар прац: «Нарыс фізіялогіі славянскай мовы» (1910), «Гаворкі на захад ад Масальска» (1916). Пераклаў на нарв. мову «Ганну Карэніну» Л.​Талстога і «Братоў Карамазавых» Ф.​Дастаеўскага.

Тв.:

Studien von der slovakisch-kleinrussischen Sprachgrenze im östlichen Ungarn. [T. 1—2]. Kristiania, 1897—99;

Die Dialekte des südlichsten Serbiens. Wien, 1903.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫХО́ЎСКІ Бярнард Эмануілавіч (12.9.1901, г. Бабруйск — 19.4.1980),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1941), праф. (1929). Скончыў БДУ (1923). У 1929—53 праф. БДУ. Даследаваў праблемы дыялект. і гіст. матэрыялізму, гісторыі зах.-еўрап. і сучаснай замежнай філасофіі. За ўдзел у стварэнні «Гісторыі філасофіі» (1941—43) Дзярж. прэмія СССР 1944.

Тв.:

Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізму. Мн., 1930;

Философия Декарта. М.; Л., 1940;

Метод и система Гегеля. М., 1941;

Философия неопрагматизма. М., 1959;

Людвиг Фейербах. М., 1967;

Джордж Беркли. М., 1970;

Кьеркегор. М., 1972;

Гассенди. М., 1974;

Шопенгауэр. М., 1975.

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)