МАРКАВЕ́Ц-БА́РТЛАВА Валянціна Пятроўна (н. 24.8.1951, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1978—86 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. З 1988 выкладае ў Бел. АМ (з 1991 заг. кафедры). Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца выкарыстаннем традыцый бел. нар. ткацтва і арнаментыкі, імкненнем перадаць праз разнастайнасць фактуры і каларыту, эксперыменты з матэрыяламі прыгажосць роднай зямлі, сувязь мінуўшчыны з сучаснасцю: «Жнівень» (1977), «Адчуванне» (1978), «Гаспадар пушчы» (1980), «Імгненне паэта» (1981), «Песні Купалля» (1982), «Раўбічы» і «Асеннія рытмы» (абодва 1983), «Канаплянкі» (1984), «Адраджэнне» (1987), дыпціх «Набат» і прасторавая кампазіцыя «Успаміны» (абодва 1988), «Поле экалогіі» (1989), «Парасткі» (1990), «Ралля» (1993), «Белыя кветкі ў чырвонай вазе» і «Сум» (абодва 1995), «Крумкачы» (1996) і інш. Аўтар манум. габелена «Белавежская пушча» (1990) для рэабілітацыйнага цэнтра Мін-ва аховы здароўя Беларусі, серыі «Вытокі» (1998—99, з Л.​Бартлавым) для адм. корпуса БДУ, сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Песняры», «Харошкі» і інш.

С.​У.​Пешын.

В.Маркавец-Бартлава. Поле экалогіі. 1989.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛА́ДЗЕНЬ,

складны абраз, або т.зв. машчавік з двух (дыпціх), трох (трыпціх) ці больш (паліпціх) частак-створак. Выконваецца ў тэхніках тэмпернага жывапісу, разьбы па косці або дрэве, у метале з выкарыстаннем чаканкі, філіграні, эмалі і інш.

Жывапісныя С. належаць да стараж.-візант. літургічнай традыцыі. У зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі, Адраджэння, барока пашырыліся алтарныя С., якія аб’ядноўвалі жывапіс і скульптуру (напр., С. М.​Пахера ў царкве г. Санкт-Вольфганг, Аўстрыя, 1471—81); скульптурныя (напр., драўляны С. В.​Ствоша ў касцёле Дзевы Марыі ў г. Кракаў, Польшча, 1477—89); жывапісныя (напр., «Алтар Ільдэфонса» П.​П.​Рубенса, 1632). У Расіі з 15 ст. пашыраны мініяцюрныя, медналітыя, выразаныя з дрэва ці косці С. з гравіроўкай, залатой і сярэбранай сканню (трыпціх майстра Лукіяна, 1412—13, і інш.).

На Беларусі С. меў вял. пашырэнне ў правасл. (напр., С. «Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл», 1760) і стараверскіх храмах (шматстворкавыя метал. С., аздобленыя выемчатай каляровай эмаллю 17—20 ст.).

Да арт. Складзень. Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл. Беларуская школа. 1760.

т. 14, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШКУРЭ́ВІЧ Арлен (Арсен) Міхайлавіч (н. 15.9.1929, Мінск),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959), выкладаў у ім у 1959—69. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Творам уласцівы глыбокае філас. асэнсаванне тэмы, маст. абагульненне. Майстар малюнка. Сярод станковых работ: серыі «Партызаны» (1969—70), «Купаліяна» (па матывах твораў Я.​Купалы, 1971; за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Блакада» (1979), «Асветнікі» (1989), «Святыя зямлі Беларускай» (з 1993), трыпціхі «Прысвячэнне В.​Быкаву» і «Спрадвечнае» (1984), дыпціх «Напалм» (1985) і інш. Аўтар ілюстрацый да выданняў: «Курган» Я.​Купалы (1967), «Авадзень» Э.​Войніч, «Каласы пад сярпом тваім» (абедзве 1968) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1983) У.​Караткевіча, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага (1973), «Фауст» І.​В.​Гётэ (1976), «Карнікі» А.​Адамовіча (1981), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.​Лойкі (1990), «Найвышэйшая песня Саламонава» (1995); да Новага запавету («Евангелле паводле Лукі» і «Апакаліпсіс», 1990).

Літ.:

Ганчароў М.І. А.​М.​Кашкурэвіч. Мн., 1976.

Г.​А.​Фатыхава.

А.М.Кашкурэвіч.
А.Кашкурэвіч. Апошняя калыханка. 1996.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ Георгій Георгіевіч (н. 15.2.1931, г. Роўна, Украіна),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар. мастак Беларусі (1997). Акад. Нац. АН Беларусі (з 1995). Акад. Расійскай АМ (з 1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). З 1962 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це, у 1965—68 у БПІ. З 1988 кіраўнік Творчай акад. майстэрні графікі Мін-ва культуры Беларусі. Працуе пераважна ў станковай і кніжнай графіцы. Творчасць вызначаецца яркай індывідуальнасцю, нац. характарнасцю, завершанасцю маст. формы, пластычнасцю лініі і гармоніяй тону. Аўтар цыклаў «Памяць» (1968), «Індыйскі дзённік» (1969—78), «Белы кантынент» (1970), «Браслаўшчына — край азёрны» (1971—98), «Высокае неба», «Радзіма касманаўтаў» (абодва 1971—80), «Камандоры» (1973), «Час доўгіх нажоў» (1982), «Чарнобыль. Дрэвы без лісця» (1987) і інш. Аформіў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Караткевіча, В.​Быкава, А.​Адамовіча, класікаў сусв. л-ры. Працуе таксама ў жывапісе: «Сыны-партызаны» (1969), «Браслаўскія калгасніцы» (1970), «Блакада» (1976), «Чарот» (1977), «Партрэт Ганны» (1999) і інш. Залаты медаль імя М.​Грэкава (1990). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970. Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1974. Іл. гл. таксама ў арт. Графіка, Дыпціх.

Літ.:

Ганчароў М.І. Г.​Г.​Паплаўскі. Мн., 1974;

Сурский О.А. Георгий Поплавский. М., 1984;

Акимова Л.И., Островский Г.С. Георгий Поплавский. М., 1986.

Н.​П.​Марчанка.

Г.Г.Паплаўскі.
Г.Паплаўскі. Партрэт Ганны. 1999.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)