БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн. шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфы дрэў, якія жывуць у лясах і гаях, дочкі Зеўса і дрэў. Жылі і паміралі разам з дрэвамі, апекавалі ўсіх, хто саджаў і даглядаў дрэвы.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКАВАЕ ПЛАДАВО́ДСТВА,

вырошчванне нізкарослых пладовых дрэў, пераважна яблыні і грушы; адзін з метадаў інтэнсіфікацыі пладаводства. Пашырана ў краінах з цёплым сухім кліматам, у паўд. краінах СНД, на Беларусі — у паўд. і паўд.-зах. раёнах.

Нізкарослыя (1,5—3 м) дрэвы атрымліваюць прышчэпліваннем звычайных сартоў на слабарослыя прышчэпы. У якасці прышчэпаў для яблыні выкарыстоўваюць пераважна парадзізку чырваналістую, для грушы — айву. Дрэвы на такіх прышчэпах пачынаюць рана (на 2—3-і год) плоданасіць, даюць больш вял. і больш цукрыстыя плады, з іх збіраюць больш высокія ўраджаі. У карлікавых садах больш зручна праводзіць інтэгрыраваную барацьбу з хваробамі і шкоднікамі, механізаваную ўборку ўраджаю і інш.

т. 8, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎЧУКАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

каўчуканосы, расліны, што ўтвараюць і назапашваюць у некат. органах і тканках каўчук натуральны. Вядома каля 1500 відаў з розных бат. сямействаў. Падзяляюцца на латэксныя (каўчук маюць у млечным соку — латэксе натуральным), парэнхімныя (у парэнхіме сцёблаў, каранёў), хларэнхімныя (у тканках маладых парасткаў і лісця). Прамысл. значэнне маюць латэксныя дрэвы трапічных краін: гевея бразільская (Hevea brasiliensis) дае 95% сусв. вытв-сці натуральнага каўчуку; 5% — дрэвы з родаў касціла, маніёк, сапіум, фікус. З дзікарослых раслін бел. флоры невял. колькасць каўчуку адзначана ў адуванчыку лекавым, малачаях, птушанцы сірыйскім, некат. відах казлабароду і інш. Да 1954 на Беларусі на прамысл. мэты вырошчвалі гваюлу, кок-сагыз, крым-сагыз, таў-сагыз.

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ВАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя расліны з адраўнелымі сцябламі. У залежнасці ад характару і ступені адраўнення падзяляюцца на дрэвы, кусты, кусцікі, паўкусты, паўкусцікі, ліяны. На Беларусі больш за 100 дзікарослых і каля 1500 інтрадукаваных відаў.

т. 6, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎКА звычайная,

старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.

Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).

Антонаўка звычайная.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАСТО́Й,

сукупнасць дрэў у лесе, асноўны кампанент лясных фітацэнозаў. Бывае чысты (складаецца з 1 віду дрэў) і мяшаны (з некалькіх відаў), просты (дрэвы растуць у 1 ярусе) і складаны (дрэвы ўтвараюць 2 і больш ярусаў), прыроднага паходжання (за кошт насеннага або вегетатыўнага аднаўлення) і штучнага (ствараецца сяўбой або насаджэннем). Паводле ўзросту адрозніваюць маладнякі, сярэднеўзроставыя, прыспяваючыя, спелыя і перастойныя Д. Прадукцыйнасць характарызуецца банітэтам і запасам драўніны на 1 га. Ступень гушчыні Д. вызначаецца паўнатой (шчыльнасць стаяння дрэў на 1 га). У лясах Беларусі сярэднія банітэт Д. 11,0, паўната 0,7, запас спелага Д. каля 200 м³/га. Заканамернасці будовы і росту Д. вывучае лясная таксацыя.

Склад і прадукцыйнасць іх вызначаюцца пры лесаўпарадкаванні.

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія шматразова цвітуць і пладаносяць на працягу жыцця. Да П.р. належаць усе голанасенныя і большасць пакрытанасенных раслін. У флоры Беларусі П.р. — усе дрэвы і кусты, а таксама большасць травяністых шматгадовых раслін. Гл. таксама Монакарпічныя расліны.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХІРА́ЦІ,

у будыйскай міфалогіі рай, які быццам бы знаходзіцца на ўсходзе. Своеасаблівая утопія, для якой характэрна поўнае ўраўноўванне ўсяго: у Абіраці няма ні гор, ні далін, усе дрэвы маюць аднолькавую вышыню, усе людзі аднолькава шчаслівыя, не пакутуюць ад хвароб і інш.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДКЕ́ВІЧ (Уладзімір Васілевіч) (н. 15.11.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. графік і жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1975), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1986). З 1987 выкладчык Бел. АМ (з 1997 дацэнт). Аўтар станковых графічных твораў: серыі «Хворыя воблакі» (1989), «Вяртанне Францыска Скарыны» (1990), «Стварэнне свету» (1992), «Вузлы і дрэвы» (1995) і інш. Аформіў і праілюстраваў паэму «Тарас на Парнасе» (1992), зб. «Легенды і казкі польскіх і беларускіх паэтаў» (1992), кн. «Зіма з летам сустракаецца» (1995). Сярод жывапісных твораў: «Затопленыя вёскі» і «Малітва» (усе 1994—95), трыпціх «Метамарфозы» (1996) і інш. Валодае разнастайнай сімволіка-алегарычнай выяўл. мовай, у творах — імкненне да апалітычнасці і маст. абагульнення.

С.​Ф.​Салавей Л.​Ф.​Салавей.

У.Гладкевіч. Вузлы і дрэвы. 1995.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)