КАКСАВА́ННЕ,

хімічная перапрацоўка выкапнёвага паліва (пераважна каменнага вугалю і цяжкіх прадуктаў нафтаперапрацоўкі) награваннем да 900—1050 °C без доступу паветра. У выніку атрымліваюць кокс (70—80%), коксавы газ (15—25%) і вадкія пабочныя прадукты (каля 3%), якія з’яўляюцца каштоўнай хім. сыравінай (у асноўным каменнавугальная смала і бензол).

К. каменнага вугалю робіцца ў некалькі стадый у коксавых печах, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — у метал. коксавых кубах або спец. печах (з атрыманнем нафтавага коксу). Узнікла ў 18 ст. (у Вялікабрытаніі і інш.), каб замяніць мінер. палівам драўняны вугаль, для атрымання якога ішло масавае вынішчэнне лясоў. У сучасным выглядзе працэс К. склаўся да пач. 20 ст.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕК (ад галанд. pek смала),

рэшткі пасля перагонкі дзёгцю, а таксама нафтавай смалы. Паводле зыходнай сыравіны адрозніваюць П. каменнавугальны (найб. пашыраны), тарфяны, драўняны, нафтавы.

Каменнавугальны П. — цвёрдае тэрмапластычнае рэчыва чорнага колеру. Асн. кампаненты: шмат’ядз. кандэнсаваныя араматычныя і гетэрацыклічныя злучэнні (бензаантрацэн, бензапірэны, перылен, нафтацэн і інш.). Перагонкай каменнавугальнай смалы атрымліваюць сярэднетэмпературны (т-ра размякчэння 65—90 °C), а яго перагонкай з вадзяной парай — высокатэмпературны П. (135—150 °C). Выкарыстоўваюць для атрымання пекавага коксу, як сувязнае аноднай масы ў вытв-сці алюмінію, пры брыкетаванні цвёрдага паліва, у вытв-сці толю, руберойду і інш. Таксічны: атручэнні і скурныя пашкоджанні магчымыя пры ўздзеянні пылу, кантакце з вугальнымі брыкетамі.

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,

сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл. Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).

Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл. Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1959 у г. Масты Гродзенскай вобл. на базе лесапільнага (1924) і фанернага (з 1927) з-даў. Складаўся з цэхаў: лушчыльнага, клеявога, сартавальнага, мяккай мэблі, лесапільнага; пабудаваны цэхі гнутаклееных дэталей (1961), драўнянастружкавых пліт (1972). З 1971 галаўное прадпрыемства Мастоўскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Мастоўдрэў», куды як філіялы ўваходзілі Мастоўская, Слонімская (вылучылася ў 1997) і Гродзенская (вылучылася ў 1993) мэблевыя ф-кі; з 1979 — Гродзенскі дрэваапр. камбінат (вылучыўся ў 1988), Гродзенскі леспрамгас (перайменаваны ў Мастоўскі леспрамгас), Смаргонскі лесазавод (ліквідаваны ў 1989). У 1994 аб’яднанне пераўтворана ў адкрытае акц. т-ва «Мастоўдрэў». Асн. прадукцыя (1999): фанера, драўнянастружкавыя пліты, драўняныя пліты з арыентаванай стружкай, піламатэрыялы; мэбля: корпусная, мяккая, кухні, спальні, крэслы; жывіца, шкіпінар, драўняны вугаль і інш.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,

прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.​Б.​Дзюма і Э.​Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.

Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРО́ЛІЗ ДРАЎНІ́НЫ, сухая перагонка драўніны,

тэрмічнае (пры награванні да 450 °C) раскладанне драўніны без доступу паветра. Асн. прадукты П.д. — драўнінная смала, воцатная кіслата, драўняны вугаль. Адзін з першых працэсаў хім. тэхналогіі, вядомы з 12 ст. (смалакурэнне, вуглевыпальванне). У 19 ст. пачалося прамысл. выкарыстанне П.д. пераважна для атрымання воцатнай к-ты.

Пры П.д. адбываецца тэрмадэструкцыя геміцэлюлоз (пры 200—260 °C), цэлюлозы (240—350 °C), лігніну (250—400 °C). Выхад прадуктаў залежыць ад скорасці награвання і канчатковай т-ры працэсу, а таксама пароды і вільготнасці драўніны. З 1 м³ драўніны атрымліваюць (у сярэднім) 140—180 кг драўнянага вугалю, 280—400 кг вадкага дыстыляту, з якога вылучаюць драўнінную смалу і воцатную к-ту, і 80—100 кг газападобных прадуктаў (некандэнсавальных гаручых газаў; цеплата згарання 3—15 МДж/м³). Асн. стадыі тэхнал. схемы П.д.: раздрабненне сыравіны на кавалкі, высушванне драўніны (да вільготнасці не вышэй за 15%), піроліз, ахаладжэнне вугалю і яго стабілізацыя, кандэнсаванне пары лятучых прадуктаў. Звычайна П.д. ажыццяўляюць у верт. апаратах (рэтортах) бесперапыннага дзеяння з унутр. цыркуляцыяй газападобнага цепланосьбіта. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст.пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́Д (лац. Carboneum),

C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​12C (98,892%) і ​13C (1,108%). Ізатопам ​12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп ​14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3∙10−2% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2∙10​−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл. Біягены).

Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАХІ́МІЯ,

галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.

Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл. Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл. Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш. Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн. драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі і Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.

Літ.:

Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;

Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, заснаваная на хім. перапрацоўцы драўніны. Да яе адносяцца: сухая перагонка драўніны, розныя віды каніфольна-шкіпінарных вытв-сцей (гл. Лесахімія), выпальванне вугалю. На Беларусі спецыялізавана па выпуску каніфолі, шкіпінару (тэрпенцінавага масла), хваёвай смалы, масла хваёвага флатацыйнага, дубільных экстрактаў.

У дарэв. Беларусі дзейнічалі дробныя саматужныя смолашкіпінарныя і дзягцярныя прадпрыемствы. У 1900 іх было 161, працавала каля 400 рабочых (без занятых нарыхтоўкай і падвозам); у 1912 давалі 18% агульнарасійскай прадукцыі Л.п. Першымі прадуктамі былі смала, драўняны вугаль, дзёгаць. У БССР каніфольна-шкіпінарная вытв-сць пачалася ў 1926 з прамысл. падсочкі жывіцы ў Старабарысаўскім і Крупскім лясніцтвах. У 1927 засн. каніфольны з-д у Навабеліцы (з 1976 Гомельскі папярова-лесахім. з-д), у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д (з 1971 у складзе папярова-лесахім. з-да). У 1940 здабыта 2903 т жывіцы, выраблена 2837 т каніфолі, 4269 т шкіпінару-сырцу і 3534 т ачышчанага шкіпінару.

У 1967 валавая прадукцыя Л.п. дасягнула найвышэйшага ўзроўню, у наступныя гады яе аб’ём скараціўся, што абумоўлена змяншэннем сыравіннай базы, заменай асобных відаў прадукцыі сінтэтычнымі. Нарыхтоўка асмолу і смолашкіпінарная вытв-сць метадам сухой перагонкі драўніны праводзілася ў вытв. лесанарыхтоўчых аб’яднаннях. Цяпер атрымліваюць пераважна вугаль і дзёгаць; перапрацоўку жывіцы вядзе акц. т-ва «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахім. з-д). У 1998 выраблена каніфолі хваёвай 7 тыс. т, шкіпінару жывічнага 1,4 т, прэпарата ВРП (рэчыва для наклейкі этыкет на пластыкавыя бутэлькі) 227 т, мальтаміну 20 т, клею-пасты 3002 т, аліфы 3567 т, сальвенту 1873 т, лаку па дрэве 103 т, тасолу 920 т, лаку бітумнага 1503 т, фарбы ВЭ 280 т, лакаў паркетнага ПФ-283—23 т, для фарбаў ПФ-060—288 т. Запланаваныя ў падсочку хваёвыя лясы дазваляюць забяспечыць аб’ём здабычы жывіцы да 15 тыс. т. Акц. т-ва «Лесахімік» штогод перапрацоўвае 10 тыс. т жывіцы. Патрэбнасць у жывіцы для вытв-сці неабходнай Беларусі каніфолі складае 20% ад агульнага аб’ёму яе здабычы.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесахімічная прамысловасць. Збор жывіцы ў леспрамгасе.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)