ВАСЮЧЭ́НКА Пётр Васілевіч (н. 15.2.1959, г. Полацк),
бел. празаік, крытык. Канд. філал. н. (1985). Скончыў БДУ (1981). З 1984 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1979. Даследуе спадчыну класікаў бел. л-ры (Я.Купалы, М.Гарэцкага, А.Мрыя і інш.), творчасць сучасных празаікаў і драматургаў. Выдаў манаграфіі «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995). Піша навелы і прыпавесці, казкі і апавяданні для дзяцей (зб. «Белы мурашнік», 1993).
т. 4, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭА́ТР ДРАМАТЫ́ЧНЫ» ў Варшаве.
Створаны ў 1955 у выніку рэфармавання «Т-ра Дому Войска Польскага», з 1957 сучасная назва. У розны час т-р узначальвалі М.Мелер, Я.Свідэрскі, Я.Касінскі, Г.Галоўбек, З.Запасевіч, М.Прус і інш. У рэпертуары пераважае сучасная польская (С.І.Віткевіч, С.Мрожак, Т.Ружэвіч, В.Гамбровіч), замежная (Б.Брэхт, Э.Іанеска, Ж.Ануй, Ф.Дзюрэнмат, Ж.П.Сартр, А.Мілер, М.Фрыш) і класічная драматургія. У 1965—81 і з 1987 у т-ры адбываюцца агульнапольскія Варшаўскія тэатр. сустрэчы (паказы лепшых спектакляў мінулага сезона).
т. 16, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРАЛІ́НСКАЯ ШКО́ЛА»,
адзін з кірункаў англ. паэзіі барока 17 ст. (разам з «метафізічнай школай»), Паслядоўнікі — «паэты-кавалеры» — імкнуліся да вытанчанасці формы, асаблівай маляўнічасці, складанай метафарычнасці і адначасова афарыстычнасці мовы. Культывавалі метафару-канцэпт як плён «высокай дасціпнасці». Эталонам для іх была паэзія Дж. Дона і Дж. Марына, драматургія Б.Джонсана. Найб. яскрава манера «К.ш.» выявілася ў творчасці Р.Герыка, Т.Кэр’ю, Р.Лаўлейса, Дж. Саклінга і інш.
Літ.:
Горбунов А.Н. Поэзия Джона Донна, Бена Джонсона и их младших современников // Английская лирика первой половины XVII в. М., 1989;
Мирский Д.П. Барокко и английская литература // Мирский Д.П. Статьи о литературе. М., 1987.
т. 8, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВА Людміла Іванаўна (н. 8.2.1947, в. Паўлаўка Магілёўскага р-на),
бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1992). Засл. дз. культуры Беларусі (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 працавала ў выд-ве «Навука і тэхніка» (з 1995 — гал. рэдактар). З 1996 дырэктар выд-ва «Беларуская навука». Аўтар прац па праблемах тэатразнаўства, гісторыі бел. драматургіі, тэорыі і практыкі кнігавыдання. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Рамантыкі пранікнёнае святло: Бел. драматургія 20—30-х гг. Мн., 1987;
Выданне малатыражнай навуковай літаратуры ў арганізацыях НАН Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2001. №2;
Аўтарскае права ў кантэксце выдання навуковай літаратуры // Там жа. №3.
т. 13, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДЭЛЬ Міхась (Мендэль Моўшавіч; 13.4.1904, в. Камень Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1980),
бел. крытык, тэатразнавец. Вучыўся ў БДУ (1921—26). Быў на парт. і журналісцкай рабоце, працаваў у навук. і тэатр. установах Беларусі. У Вял. Айч. вайну ў т-рах і ўстановах культуры Тамбова, Ташкента, Андыжана. З 1944 заг. літ. часткі т-ра оперы і балета ў Мінску, з 1945 у рэдакцыях час. «Полымя», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1925. У 1930-я г. прытрымліваўся вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў, у пасляваен. час імкнуўся іх пазбягаць. Аўтар зб. артыкулаў «Тэатр і драматургія» (1935), брашуры «Л.П.Александроўская» (1945), кнігі нарысаў «Народныя артысты БССР» (1948).
т. 10, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЭА́ТР СТАРЫ́» імя Г.Маджаеўскай, адзін з найстарэйшых т-раў Польшчы. Адкрыты ў Кракаве па ініцыятыве Я.Клюшэўскага. Будынак існуе з 1799, неаднаразова перабудоўваўся. Першапачаткова ў будынку т-ра выступала нямецкая трупа, зрэдку ставіліся польскія спектаклі. Высокага маст. ўзроўню т-р дасягнуў у 1865—85 пад кіраўніцтвам А.Скарупкі і С.Козьмяна. У 1894—1943 не дзейнічаў. Аднавіў дзейнасць у 1945 (у 1946—54 аб’яднаны з Тэатрам імя Ю.Славацкага), з 1956 сучасная назва. У рэпертуары тэатра польская і замежная класічная і сучасная драматургія (пастаноўкі рэжысёраў З.Хюбнера, К.Свінарскага, А.Вайды і інш.).
Літ.:
Orzechowski E. Stary Teatr w Krakowie 1945—1985. Wrocław etc., 1987.
т. 16, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎЛО́ЎСКАЯ Марыя Фёдараўна (н. 14.2.1941, в. Выдранка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, крытык. Канд. філал. н. (1972). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала, з 1964 у Бел. пед. ун-це (з 1995 заг. кафедры). Даследуе праблемы сучаснай бел. драматургіі, дзіцячай л-ры і фальклору. Аўтар кн. «Беларуская драматургія» (1981), сааўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (2-е выд., т. 1—3, 1996—2000), падручнікаў «Роднае слова» для 1-га (1998) і 2-га класаў (1999, абодва з В.Віткам), для 3-га класа (2001, з М.Мішчанчуком), складальнік хрэстаматый «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (2-е выд. 1991, з Мішчанчуком), «Беларуская дзіцячая літаратура» (2003) і інш.
т. 17, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭА́ТР ІМЯ́ Ю.СЛАВА́ЦКАГА.
Адкрыты ў 1893 у Кракаве (Польшча), з 1909 імя Славацкага. У 1946—54 аб’яднаны з «Тэатрам Старым». У розныя часы т-р узначальвалі: Т.Паўлікоўскі, Ю.Катарбінскі, Л.Сольскі, Ю.Астэрва, К.Скушанка і інш. На сцэне т-ра адбыліся прэм’еры шэдэўраў польскага рамантызму («Кардыян» Славацкага, 1899; «Дзяды» А.Міцкевіча, 1901; «Не-Боская камедыя» З.Красінскага, 1902), п’ес С.Выспянскага («Вяселле», 1901, «Вызваленне», 1902, «Баляслаў Смелы», 1903, і інш.). У рэпертуары т-ра польская і сусв. драматургія розных стыляў і эпох (С.І.Віткевіч, П.Кладэль, Л.Пірандэла, С.Жаромскі, А.Чэхаў, Мальер і інш.).
Літ.:
Poskuta-Włodek D. Co dzień powtarza się gra...: Teatr im. Juliusza Słowackiego w Krakowie, 1893—1993. Kraków, 1993.
т. 16, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕС ДЭ ЛА СЕ́РНА (Gómez de la Serna) Рамон (5.7.1888, Мадрыд — 12.1.1963),
іспанскі пісьменнік і публіцыст. Адзін з буйных прадстаўнікоў ісп. авангардызму (прапагандыст дадаізму), ідэі якога абагульніў у кн. «Ізмы» (1931). Вядомасць прынеслі кнігі эсэ і нарысаў «Растра» (1915), «Цырк» (1917), а таксама «грэгерыі» — парадаксальныя афарызмы. Яго эксперым. драматургія (п’есы «Беатрыс», 1909, «Паўлюдзі», 1929, «Лесвіцы», 1935) істотна паўплывала на фарміраванне тэатра абсурду. Аўтар больш як 20 раманаў і аповесцей. Найб. значныя: зб. навел «Незвычайны доктар» (1914), у якім прадугаданы шматлікія адкрыцці ў галіне псіхалогіі, і раман «Кіналандыя» (1923) — фантаст.-сатыр. адлюстраванне тагачаснай кінаіндустрыі. Пісаў аўтабіягр. і мемуарную прозу. Творы Гомеса дэ ла Серна вызначаюцца гумарам, стылістычнай свабодай і яркімі моўнымі навацыямі. З 1936 жыў у Аргенціне.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1983.
К.М.Міхееў.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К Эдуард Уладзіслававіч (псеўд. Э.Горскі; 1906, Мінск — 1943),
бел. фалькларыст, літ.-знавец і крытык. Сын. У.І.Галубка. Скончыў БДУ (1930). У 1931—33 у Ін-це л-ры і мастацтва, у 1934—41 у Ін-це гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру, найперш драматургію (арт. «Каштоўны ўклад у беларускую драматургію» і «Праблемы мастацкага росту беларускай драматургіі», 1934), бел. фальклор. Склаў зб. «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938), «Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі» (1939, з А.Калечыцам), «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940, з Калечыцам і Н. Багдановіч).
Тв.:
Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;
Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі // Пісьменнік і мова. Мн., 1934;
Аб маладзёжнай драматургіі БССР // Драматургія. Мн., 1934.
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)