творчыя носьбіты мясц. традыцый нар. спеву. Вядомы ўсім народам свету. На Беларусі наз. «спявухі», «пеюны», «пяюллі», «пяўчыцы», «песнахоры» і «песнахоркі». У вясковым побыце традыцыі спеву з даўніх часоў суправаджалі ўсе бакі жыцця (працу, адпачынак, звычаі і абрады, урачыстыя падзеі і святкаванні), і ва ўсіх выпадках роля Н.с. вызначальная. Яны «вядуць парадак» спявання строга прымеркаваных да пэўнага часу ці абставін каляндарных песень, выступаюць своеасаблівымі цырымоніймайстрамі пэўных этапаў сямейна-абрадавых дзеянняў (вяселля, радзін, пахавання), завадатарамі (закапёршчыкамі) нар. святкаванняў (на ігрышчах, карагодах, бяседах). У адрозненне ад прафес. спевакоў або ўдзельнікаў арганізаваных самадз. калектываў гал. асаблівасць майстэрства Н.с. — творчая імправізацыя: песня не проста выконваецца ў пэўным зафіксаваным выглядзе, а кожны раз нібыта нараджаецца нанава. Імправізацыйны пачатак у аднолькавай ступені выяўляецца ў адзіночным і хар.нар. спяванні: у свабодным распеве аднаго голасу, гетэрафонных адхіленнях (пералівах) пры выкананні аднагалосых песень хорам, у вар’іраванні меладычнай лініі падгалоска пры выкананні шматгалосых песень. Шматвяковая маст. практыка спявання на адкрытым паветры («на волі») спарадзіла свайго роду школу тэмбрава маляўнічага галаснога спеву з выдатнымі яго майстрамі, якія заўсёды вылучаліся ў працэсе стыхійнага спаборніцтва нар. самародкаў. Сярод Н.с. яны — карыфеі, якія вядуць за сабой увесь хор або ансамбль (гурт). Найчасцей гэта запявала («запявайла», «пачынальнік», «зачынальнік»), які «заводзіць песню», а таксама верхні падгалосак («падгалоснік», «падводка», «гаравік»), што «падымаіць песню». Майстроў галаснога спеву найчасцей можна сустрэць сярод пастухоў, леснікоў, працаўнікоў палёў, раней і сярод плытагонаў. Ад бел. Н.с. спецыялістамі запісана шмат узораў нар.-песеннага мастацтва. Дзякуючы фалькл. зборнікам і даследаванням, муз.-этнагр. канцэртам, дакумент. кінастужкам, грамзапісу аўтэнтычнага фальклору многія знаўцы песень і майстры нар. спеву вядомы на Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: у зах. рэгіёне — Захвея Хвораст (в. Шакуны), Мікола Смаль (в. Росахі, абедзве Пружанскі р-н), Таццяна Місевіч (в. Доўгая, Шчучынскі р-н), Кацярына Пышка (в. Зачэпічы), Надзея Бурак (в. Ахонава, абедзве Дзятлаўскі р-н); у Паазер’і — Еўдакея Зуева (в. Цясты, Верхнядзвінскі р-н), Зося і Тоня Прускія (в. Аношкі, Лепельскі р-н); на Палессі — Алесь Каранчук, Адам Масальскі, Юзік Русак (в. Клятная, Пінскі р-н); Сцяпан і Марыя Дубейкі, Ганна Вянгура (в. Тонеж), Феня Алесіч, Наля Андрэйкавец (в. Букча), Ілья Зенькавец, Іван Прыбора (в. Глушкавічы, усе Лельчыцкі р-н); ва ўсх. рэгіёне — Домна Чачуга, Таццяна Лапаціна (в. Азершчына), Есіп Сілко (в. Лазараўка, абедзве Рэчыцкі р-н); Прося Гарэцкая (в. Багацькаўка, Мсціслаўскі р-н), Кацярына Манжэрава (в. Беразоўка, Быхаўскі р-н), Міхась Басякоў (в. Антонаўка, Чавускі р-н).
Літ.:
Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962;
Ширма Г. Двести белорусских народных песен. М., 1958;
Можейко З. Песенная культура белорусского Полесья. Мн., 1971;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. М., 1984. Вып. 2. С. 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІЯ,
сям’я рускіх акцёраў.
Проў Міхайлавіч (сапр.Ярмілаў; 23.10.1818, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 28.7.1872). З 1832 у правінцыяльных т-рах, з 1839 у Малым т-ры. Удзельнічаў у першых пастаноўках амаль усіх п’ес А.Астроўскага, садзейнічаў іх сцверджанню на сцэне: Дзікой («Навальніца»), Кураслепаў («Гарачае сэрца»), Красноў («Грэх ды бяда на каго не жыве»), Любім Тарцоў («Беднасць не загана»). Сярод інш. роляў: Падкалёсін, Восіп («Жаніцьба», «Рэвізор» М.Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ананій, Мітрыч («Горкі лёс», «Самаўпраўцы» А.Пісемскага). Яго творчай манеры ўласцівы акцэнт на сац.-побытавай абмалёўцы характараў, раскрыццё яго нац. спецыфікі. Аўтар гумарыстычных апавяданняў. Міхаіл Провавіч (24.11.1847, Масква —8.8.1910), сын Прова Міхайлавіча. З 1869 у Малым т-ры. Першы выканаўца шэрагу роляў у п’есах Астроўскага. Сярод інш. значных роляў; Хлестакоў («Рэвізор» Гогаля), Пётр («Улада цемры» Л.Талстога), Калгуеў («Новая справа» У.Неміровіча-Данчанкі). Яго творчасць адметная спалучэннем глыбокай жыццёвай праўдзівасці, светлага гумару, задушэўнасці з драматызмам і сатырычнай вастрынёй. Аўтар нарысаў і апавяданняў з жыцця купецкай і мяшчанскай глушы (т. 1—2, 1899). Яго пераклады п’ес (Ж.Расіна, П.Бамаршэ, К.Гальдоні, К.Гоцы і інш.) ставіліся ў Малым т-ры. Выкладаў у Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва, на драм. курсах Маскоўскага тэатр. вучылішча. Вольга Восіпаўна (дзявочае Лазарава; 25.6.1849, Масква — 8.12.1919), жонка Міхаіла Провавіча. З 1879 у Малым т-ры. Яе ігра адметная выразнасцю сцэн. маўлення, яркасцю, тонкім гумарам. Сярод роляў у п’есах Астроўскага: Домна Панцялеўна («Таленты і паклоннікі»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Глафіра Фірсаўна («Апошняя ахвяра»), Маўра Тарасаўна («Праўда добра, а шчасце лепш»). З інш. роляў: Матрона («Улада цемры» Талстога), графіня Хруміна («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Лізавета Міхайлаўна (5.5.1872—4.6.1934), дачка Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны, па сцэне (пры жыцці маці) Садоўская 2-я. З 1894 у Малым т-ры. Выконвала лірыка-драм. і камед. ролі: Глафіра, Снягурачка, Паліксена, Негіна, Юлінька, Верачка, Варвара («Ваўкі і авечкі», «Снягурачка», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «Жартаўнікі», «Навальніца» Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Рэвізор» Гогаля), Сюзана («Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ). Π ρ о ў Міхайлавіч (21.8.1874, Масква — 4.5.1947), сын Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны. Нар.арт.СССР (1937). З 1895 у Малым т-ры. Найб. значныя ролі: Нешчасліўцаў («Лес» Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» Грыбаедава), Кошкін, Расцёгін («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.Транёва), Таланаў («Нашэсце» Л.Лявонава). Выступаў і як рэжысёр. Паставіў п’есы «Снягурачка» (1922) і «Ваўкі і авечкі» (1944) Астроўскага, «Гора ад розуму» Грыбаедава (1938) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943. У т-ры працавалі і інш. прадстаўнікі сям’і С.
Літ.:
Семья Садовских. М.; Л., 1939;
Дурылин С.Н. П.М.Садовский. М., 1950;
Клинчин А.П., Клинчин П.М. П.М.Садовский. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ, Рэспубліка Комі,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 415,9 тыс.км². Нас. 1176 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 2,8 чал. на 1 км². Жывуць комі (23,3%), комі-пермякі (0,1%), рускія (57,7%), украінцы (8,3%), беларусы (2,1%), татары (2,1%), немцы (1%), чувашы (0,9%) і інш. Сталіца — г.Сыктыўкар. Найб. гарады: Варкута, Ухта, Пячора, Інта, Усінск, Саснагорск, Вуктыл.
Прырода. Размешчана на ПнУеўрап.ч. Расіі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З ПнЗ на ПдУ цягнецца Ціманскі краж (выш. да 471 м, Чэтласкі Камень). На У адгор’і Паўн., Прыпалярнага і Палярнага Урала (выш. да 1895 м, г. На́радная). Паміж Ціманскім кражам і Уральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), прыроднага газу і нафты (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксітаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых руд, золата, фасфарытаў, марганцавых і поліметал. руд; ёсць разнастайныя буд. матэрыялы. Клімат на б.ч. рэспублікі ўмерана кантынентальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынентальнасць клімату павялічваецца з ПдЗ на ПнУ. Сярэдняя т-растудз. ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліп. 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Урала да 1500 мм за год. На Пн і ПнУ (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата. Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Вычэгда з Сысалай і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера і Сіндарскае. 7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, у паўн. частцы — тундравыя; у поймах Пячоры і Вычэгды — поймавыя глебы, якія з’яўляюцца асновай для развіцця сельскай гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на Пд трапляюцца лісцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Урала кедравыя, піхтавыя і лістоўнічныя насаджэнні. Запасы драўніны каля 3 млрд.м³. На Пн — тундра. Шмат прамысл. звяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка і інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма і інш. Пячора-Ілычскі запаведнік.
Гісторыя. К. заселена з верхняга палеаліту. Да пач. 2-га тыс.н.э. завяршылася фарміраванне плем. аб’яднання прамых продкаў сучасных комі (зыран), якія ў рус. пісьмовых крыніцах 11—14 ст. згадваюцца як перм вычагодская. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узнікалі рамесныя цэнтры. З распадам першабытнаабшчыннага ладу ў 11—12 ст. зараджаліся феад. адносіны. У 12—14 ст. перм вычагодская плаціла даніну Вял. Ноўгараду; з 14 ст. ўзмацніўся ўплыў Маскоўскага княства. У 1478 К. афіцыйна ўключаны ў склад Расіі. У 15—18 ст. праз К. праходзілі гандл. шляхі з Вяцка-Камскага бас. ў Архангельск і ад Вял. Усцюга ў Сібір, у выніку заснаваны Усць-Сысольск (цяпер г.Сыктыўкар), Усць-Вым і інш.гандл. цэнтры. У 17—18 ст. узніклі саляварныя і гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны з-д (1745). У 1-й пал. 19 ст. адбываліся масавыя выступленні сялян супраць самавольства ўлад і нац. прыгнёту. Пасля рэформы 1861 узмацніліся працэсы развіцця капіталіст. адносін, кансалідацыя комі ў нацыю. Вял. месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва. У сак. 1920 устаноўлена сав. ўлада. У 1921 створана Аўт. вобласць Комі (Зыран) у складзе РСФСР. У 1936 яна ператворана ў Комі АССР. У 1930—50-я г. адзін з цэнтраў ГУЛАГа. У вер. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй і прынята назва Рэспубліка Комі.
Гаспадарка. Аснову эканомікі рэспублікі складае прам-сць. Пераважае паліўна-энергет. комплекс (66,7% усёй прамысл. прадукцыі). Здабыча каменнага вугалю (21,7 млн.т, 1996) у раёнах Варкуты, Інты. У сувязі з нерэнтабельнасцю галіны ажыццяўляецца праграма па закрыцці шахтаў (да 2000 г. іх застанецца 7) і скарачэнні здабычы вугалю ў 2 разы. Вядзецца здабыча нафты (7,5 млн.т, разам з газавым кандэнсатам), прыроднага газу (3,5 млрд.м³) на Вуктыльскім, Заходне-Тэбукскім, Усінскім і інш. радовішчах. Нафтаперапр.з-д у г. Ухта, газаперапр. ў г. Саснагорск. Частка нафты і газу перадаецца ў Цэнтр. раён Расіі. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (Сыктыўкар, Інта, Варкута, Ухта). Пячорская ДРЭС. Здабыча тытанавых руд на Ярэгскім радовішчы. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на рамонце трактароў, дызельных рухавікоў, рачных суднаў, буд. машын, рухомага саставу чыгунак (Сыктыўкар, Варкута, Пячора, Ухта, Інта, Мікунь). Вял. значэнне мае лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (16,6% прамысл. прадукцыі). Яна прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны (бас. рэк Вычэгда, Мязень, Пячора), Сыктыўкарскім лесапрамысл. комплексам (цэлюлозна-папяровая і кардонная вытв-сць, гідролізны і фанерны з-ды), лесапілаваннем (Пячора, Сыктыўкар), вытв-сцю мэблі (Сыктыўкар, Ухта, Візінга), фанеры (Інта, Жэшарт) і драўнянастружкавых пліт (Жалезнадарожны). Вытв-сць цэглы, цэменту, вапны, жалезабетонных вырабаў. Развіты мяса-малочная, масласыраробная, хлебапякарная, мукамольная прам-сць. У лёгкай прам-сці вылучаюцца швейная, гарбарна-абутковая (Варкута, Сыктыўкар, Інта), замшавая (Усць-Цыльма) вытв-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1% тэрыторыі, у т. л. пад ворывам каля 25%. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (126,4 тыс. галоў, 1995), свіней (71,7 тыс. галоў), паўн. аленяў, тушку. З галін раслінаводства вылучаецца вытв-сць бульбы (235,9 тыс.т), агародніны (32,1 тыс.т), збожжавых (2,1 тыс.т) і кармавых культур. Развіты паляванне, рыбалоўства, зверагадоўля. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 1,7 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Гал. чыгунка Котлас—Варкута з адгалінаваннямі на Вендзінгу, Троіцка-Пячорск і Лабытнангі. Даўж. суднаходных шляхоў 3,1 тыс.км. Гал. суднаходныя рэкі Вычэгда і Пячора. Буйныя газаправоды: Вуктыл—Ухта—Таржок («Ззянне Поўначы»), Пунга—Вуктыл—Ухта, нафтаправод Усінск—Ухта—Яраслаўль. К. вывозіць нафту і нафтапрадукты, газ, каменны вугаль, лес і лесаматэрыялы, цэлюлозу, паперу, кардон, канцэнтраты каляровых металаў. Увозіць машыны і абсталяванне, мінер. ўгнаенні, прадукты харчавання і лёгкай прам-сці. Бальнеалагічны курорт Сярогава.
Літаратура. Вытокі л-ры К., якая развіваецца на комі-зыранскай і рус. мовах, у багатым і разнастайным фальклоры. Казкі, эпічныя і лірычныя песні, прыпеўкі, паданні, галашэнні і інш. творы вуснай нар. творчасці пачалі збіраць і запісваць рус. вучоныя ў 19 ст. Першыя помнікі пісьменства К. адносяцца да 14—16 ст. Заснавальнік пісьмовай л-ры К. — паэт-дэмакрат 19 ст. І.Куратаў. Асн. жанры л-ры — паэзія і драматургія — вызначыліся ў пач. 20 ст. У 1920-я г. плённа развівалася паэзія (М.Лебедзеў, В.Лыткін, В.Савін, В.Чысталёў). Каля вытокаў драматургіі творы М.Папова (сац.-быт. п’есы пра дарэв. жыццё вёскі), Лебедзева (аўтар першага на нац. мове драм. твора, вершавана-муз. камедый паводле фалькл. матываў, твораў пра гіст. мінулае і сучаснасць). Прадаўжальнікам традыцый у нац. драматургіі стаў М.Дзьяканаў (п’есы «Глыбокая запань», 1940, з С.Ярмоліным; «Вяселле з пасагам», паст. 1940, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Залаты медальён», 1971). Нарысы і апавяданні пісаў Чысталёў. 1930—50-я г. — перыяд станаўлення жанравай і тэматычна разнастайнай л-ры. У 1934 створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў рэспублікі К. Найб. развіццё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесці і раманы І.Пысціна, В.Юхніна, Я.Рочава, Г.Фёдарава і інш. Лепшыя традыцыі нац. л-ры развіваліся і ў гады Вял.Айч. вайны (зб-кі паэзіі І.Вавіліна «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944, і інш.). У пасляваен. перыяд з’явіліся творы пра гіст. мінулае, ваен. ліхалецце, пасляваен. адраджэнне: аповесці Пысціна «Франтавыя дні і ночы» (1946), Фёдарава «У дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 1949—57), Рочава «Два таварышы» (1951), гіст.-рэв. раманы Фёдарава «На досвітку» (ч. 1—3, 1959—62), «Бліскавіца» (1982) і інш. Тэмы рабочага класа, урбанізацыі і інш. адлюстраваны ў зб-ках апавяданняў і аповесцей «Дзе ты, горад?» (1971, Дзярж. прэмія Комі АССР 1972) І.Торапава, зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Г.Юшкова, паэт. зб-ках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Снежная рэспубліка мая» (1977) А.Ванеева і інш. Развіваецца літ.-знаўства (працы Ванеева, А.Мікушава і інш.). На бел. мову перакладзены асобныя творы Куратава (перакладчык М.Аўрамчык).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтвы. На тэр. К. выяўлены мезалітычныя драўляныя і каменныя рэчы і пасудзіны, багата арнаментаваныя геам., зааморфнымі і антрапаморфнымі малюнкамі, касцяныя прылады эпохі бронзы і жалеза. Знойдзена шмат прадметаў «пермскага звярынага стылю» (1-е — пач. 2-га тыс.н.э.): бронзавыя літыя культавыя выявы рэальных і фантаст. птушак і звяроў, фігуры чалавека (Усць-Вым, Усць-Ухта, Подчар’е — т.зв. Подчарамскі скарб). Разнастайныя ўпрыгожанні вымскай культуры (10—14 ст.; Кічылькоскі і інш. могільнікі на р. Вым). Драўлянае дойлідства К. набліжана да паўночнарускага: у 19 ст. пераважалі рубленыя 1—2-павярховыя дамы на высокім падклецці, да якіх прылягаў крыты 2-павярховы двор. Цэрквы ставілі драўляныя (шатровая капліца Параскевы Пятніцы ў в. Крывое Удорскага р-на, 18 ст.) і мураваныя (Стафана Пермскага ў Усць-Вымі, 1759). У 1930-я г. разгарнулася буд-ва ў Сыктыўкары, узнікалі новыя гарады (Варкута, Ухта, Інта, Пячора і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. узводзяцца новыя жылыя раёны, грамадскія будынкі: Рэсп.муз.т-р (1968, арх. А.Турчанінаў), гасцініца «Сыктыўкар» (1980, арх. А.Ракін і інш.) у Сыктыўкары. Традыц. віды нар. мастацтва: узорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, выраб футравага адзення і абутку, аздобленых мазаікай і аплікацыяй з футра і каляровага сукна, выемчатая трохгранная разьба на драўляных прадметах, пляценне з бяросты. Развіццё прафес.выяўл. мастацтва звязана з дзейнасцю графіка В.Палякова. У 1930-я г. працавалі графік М.Бязносаў, тэатр. мастакі В.Малахаў, В.Баусаў. У 1950—80-я г. развіваліся быт. жанр, партрэт (М.Жылін, В.Поснікаў), пейзаж (С.Торлапаў), нацюрморт (Е.Ярмоліна, А. і В. Куліковы). Пашырэнне атрымалі скульптура (Ю.Барысаў), гравюра, кніжная графіка. У 1943 створаны Саюз мастакоў, у 1958 — Саюз архітэктараў К.
Музыка комі да 1917 існавала ў вуснай традыцыі. Муз. фальклор уключае абрадавыя, прац., сямейна-быт., лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песні, балады, прыпеўкі. Пашыраны сольныя і хар. спевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод нар. інструментаў: сігудэк (3-струнны смычковы і шчыпковы), чыпсаны і пэляны (дудкі, разнавіднасць шматствольных флейт), этыка пэлян (аднаствольная дудка), сюмэд пэлян (берасцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама рус. балалайка і гармонік. На аснове муз. фальклору напісаны нац. творы: муз. драма «Усць-Куломскае паўстанне» А.Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» С.Кандрацьева (1946), оперы «Навальніца над Усць-Куломам» Г.Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б.Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Я.Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), аперэта «Песні да зорак» (1963) Перапяліцы і інш. У розных жанрах працуюць кампазітары М.Герцман, П.Чысталёў, А.Рочаў, А.Осіпаў і інш. Дзейнічаюць: Рэсп.муз.т-р (з 1958), філармонія (з 1939), Дзярж. ансамбль песні і танца «Ранішні досвітак» (з 1939); муз. вучылішча (Сыктыўкар), муз. школы. У 1978 створаны Саюз кампазітараў К.
Літ.:
История коми литературы. Т. 1—3. Сыктывкар, 1979—81;
Грибова Л.С. Декоративно-прикладное искусство народов Коми. М., 1980;
Осипов А. О коми музыке и музыкантах. Сыктывкар, 1969;
Чисталев П.И. Коми народные музыкальные инструменты. Сыктывкар, 1984;
Чисталев П.Й., Скляр И.Г. Коми народные танцы. Сыктывкар, 1990.