БЕЛАРУ́СКАЯ ПО́ЗНЯЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення свабоднага апылення сорту Добрая Луіза. Раянаваны па рэспубліцы.

Дрэва сярэднярослае, крона круглаватая, густая. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы і бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шурпатая, аранжава-жоўтая з невялікім малінавым румянцам. Мякаць белая, сакаўная, масляністая, салодкая з лёгкай асвяжальнай кіслінкай і пахам, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў кастр.—лютым; захоўваюцца да мая пры т-ры +1 °C.

М.​Р.​Мялік.

Беларуская позняя.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАНІШВІ́ЛІ (Рэваз Канстанцінавіч) (н. 20.12.1926, в. Хашмі Сагарэджойскага р-на, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1956). Аўтар вострапсіхал. апавяданняў, аповесцей, прысвечаных надзённым праблемам сучаснасці. У кнігах лірычных навел «З лістоў да сябра» (1958), «Замалёўкі вячэрняй пары» (1971), «Ляціць над далінай сойка» (1974), аповесцей «Перадзімовы сум» і «Дачка Месяца» (абедзве 1987) і інш. графічна дакладная манера пісьма, тонкі псіхалагізм. Піша для дзяцей (кнігі «Дзе жыве казачнік», 1970; «Ваўчаняты», 1973; «Далёкая белая вяршыня», 1976; «Добрая зямля», 1980, і інш.). Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.​Руставелі 1977. На бел. мову асобныя творы І. пераклалі Ю.​Гаўрук, В.​Нікіфаровіч, Т.​Цулукідзе.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭГА́ТА»

(«Regatta»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл. 4—7.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася ням. 36-м ахоўным палком, сіламі старшага нач. СС і паліцыі Расія—«Цэнтр», у т. л. батальён паліцэйскага палка, роты мінамётная, танк., сувязі, батальёны паліцэйскі і асобны Дырлевангера, спец. сапёрныя падраздзяленні. Карнікі блакіравалі ўсе лясныя масівы і нас. пункты на З ад Дрыбіна і на ПнЗ ад Горак. Партызанам і ч. мясц. жыхароў удалося вырвацца з блакады. Гітлераўцы загубілі шмат мясц. жыхароў, разрабавалі і спалілі вёскі. У в. Добрая, Машкова, Рэкатка яны пакінулі паліцэйскія падраздзяленні для стварэння гарнізонаў.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.​Х.​Кажура), на льнозаводзе (П.​Н.​Савінаў), цагельным з-дзе (А.​І.​Трэмба), у Горацкай МТС (С.​І.​Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.​В.​Быкаў), Добрая (Д.​Ф.​Вайстрова), Палёнка (Ф.​М.​Дзям’янаў), Тудараўка (Б.​А.​Шыманоўскі, з сак. 1942 В.​В.​Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́РАЎ (Фікрэт Мешады Джаміль аглы) (22.11.1922, г.. Гянджа — 20.2.1984),

азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1965). Чл.-кар. АН Азербайджана (1980). Герой Сац. Працы (1982). Аўтар першых нац. лірыка-псіхал. оперы «Севіль» (1953) і сімф. мугамаў «Шур» і «Кюрд-аўшары» (1948), якія паўплывалі на развіццё сімфанізму ў Азербайджане і інш. краінах Усходу.

Сярод інш. твораў: опера «Улдуз» (1948); балеты «Насімі» (1973), «Тысяча і адна ноч» (1979); муз. камедыі «Выкрадальнікі сэрцаў» (1944), «Добрая вестка» (1946); Сімфонія Нізамі (1947); сімф. і арк. творы, рамансы, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Музычныя роздумы» (1971), «Музычныя старонкі» (1978) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949 і 1980; Дзярж. прэмія Азербайджана 1974.

Літ.:

Виноградов В. Мир музыки Фикрета. Баку, 1983.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАХАТУ́НАЎ (Барыс Канстанцінавіч) (н. 28.11.1924, Тбілісі),

расійскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1951, педагог А.​Даўжэнка). З 1951 працаваў на Далёкаўсх. студыі кінахронікі, з 1969 маст. кіраўнік вытв. аб’яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1979 на Рас. цэнтр. студыі хранікальных і дакумент. фільмаў. Лепшым фільмам уласцівы праблемны падыход да тэматыкі, арган. спалучэнне розных часавых пластоў з выкарыстаннем мастацтва рэпартажных здымак. На студыі «Беларусьфільм» стварыў фільмы па ўласных сцэнарыях: «Бронзавы салдат» (1970), «Памятай!» (1972), «Дзіяна беларускіх лясоў» (сцэн. з А.​Васільевым), «Добры дзень, Беларусь!», «Адзінаццаты раунд» (усе 1973), «Шлях да Арыёна» (1974), «Вялікая вада на Брэстчыне» (1975), «Добрая зямля», «І днём, і ноччу» (1977), «Строгі рахунак» (1978), «Гарачыя травы» (1979), «Вахта памяці. Мінск—1984» (1984).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,

адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.

Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЕВА (Нона Сяргееўна) (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ).

Б.​С.​Смольскі.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ (Сяргей Уладзіміравіч) (18.6.1937, пас. Ратамка Мінскага р-на — 9.12.1999),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). У 1954—62 і з 1965 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Здымаў маст., навук.-папулярныя, дакумент. фільмы, лірычныя замалёўкі аб прыродзе, кінастужкі пра дзеячаў мастацтва. Сярод работ; ігравыя фільмы — «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Белая зямля» (усе 1970), «Заўтра будзе позна» (1973, з В.​Свобадай); дакумент. — «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (1974), «Мы з Беларусі», «Ларыса Александроўская» (абодва 1975), «Добрая зямля», «Гарызонты дарог» (абодва 1977, у сааўт.), «Зямля мая — лёс мой» (1978, з А.​Алаем), «Бацькоўскае поле» (1979), «Пяць гадоў і ўсё жыццё» (1980, у сааўт.), «Дзядзька Якуб» (1981), серыял «У вайны не жаночы твар» (1981—85, з Ю.​Ялховым), «Вяртанне ў першы снег», «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (абодва 1985, апошні з Ялховым).

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)