ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.

Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.

Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.

Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.

В.​М.​Логвінка.

Да арт. Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВА́ННЕ,

пошук і праследаванне дзікіх звяроў і птушак дзеля здабычы; таксама адлоў іх для рассялення, для заапаркаў, цыркаў і інш. Асн. спосабы сфарміраваліся ў каменным веку. Яны падзяляюцца на актыўныя (з непасрэдным удзелам чалавека) і неактыўныя (з дапамогай самалоўных прылад і прыстасаванняў — лоўчых ям, пастак, петляў, самастрэлаў, сетак, сілаў і інш.); найб. пашыраны трапленне (пошук і выяўленне звера па слядах), падыход (падкрадванне да звера або птушкі на адлегласць стрэлу), пад’езд (набліжэнне на санях або лодцы на адлегласць стрэлу), подпуск (П. з засады; часта з выкарыстаннем прынады), аблава з нагонкай (загоншчыкі гоняць звяроў у яму або на лінію расстаўленых стралкоў), аблога (аблава з флажкамі, калі з чырв. стужкамі на шнуры абкружаюць дзялянку лесу з загадзя высачаным зверам) і інш. Для высочвання або цкавання звера часта выкарыстоўваюць паляўнічых сабак. Сучаснае П. мае спарт.-аматарскі характар. Палююць на капытных і пушных звяроў, баравую, балотную і вадаплаўную дзічыну (гл. Паляўнічыя жывёлы). Дазваляецца ў паляўнічы сезон, па пуцёўках або разавых дазволах у вылучаных для П. ўгоддзях (гл. Паляўнічая гаспадарка).

У розных народаў П. вызначаецца сукупнасцю традыц. прыёмаў і спосабаў высочвання і здабывання дзічыны, мае свае асаблівасці і залежыць ад сродкаў П. і развіцця паляўнічай зброі. На Крайняй Поўначы з глыбокай старажытнасці для П. на марскіх звяроў ужывалі гарпуны. У тундры і тайзе палявалі з сабакамі і самаловамі. У конным П. качэўнікі Азіі выкарыстоўвалі лоўчых птушак і хартовых сабак. У стэпах Еўропы, Азіі і Амерыкі палявалі з арканамі (ласо) і кідальнымі прыладамі, у некат. раёнах Інданезіі і Паўд. Амерыкі — з духавымі ружжамі, у зоне трапічных лясоў — пераважна з лукамі і дзідамі. Абарыгены Аўстраліі палявалі з кідальнымі дзідамі і бумерангамі. З канца 15 ст. пашырылася П. з агнястрэльнай зброяй.

На тэр. Беларусі ў культурных пластах стаянак позняга палеаліту трапляюцца рэшткі больш як 20 відаў звяроў (паўн. аленя, ваўка, пясца, пазней — зайца-беляка, дзікага каня і інш.). Плямёны неаліту выкарыстоўвалі для П.

лук. У малалесных раёнах палявалі на куланаў, тарпанаў, аленяў, баброў, у лясах — на дзікоў, ласёў, мядзведзяў, зайцоў; для футра здабывалі куніц, вавёрак і інш. Значную ролю адыгрывала П. на птушак, асабліва на вадаплаўных. У 10—14 ст. гал. аб’екты П. — зубр, дзік, бабёр, казуля. Для іх здабычы выкарыстоўвалі лукі, кушы, коп’і, дзіды, дроцікі, вілы, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы; пашыраным было П. пасткамі, сеткамі, петлямі, сіламі. У сярэднявеччы папулярным было П. з сабакамі і сокаламі. У 19 — пач. 20 ст. П. з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёл, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан, расамаха, собаль і інш.). Гл. таксама Паляўніцтва.

Літ.:

Терехин С.Ф. Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Никифоров М.Е., Козулин А.В., Сидорович В.Е. Охотничьи звери и птицы Белоруссии. Мн., 1991.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)