ВЕ́СТЭРН (ад англ. western заходні),

жанр прыгодніцкага кіно. Узнік у ЗША на пач. 1900-х г. Адлюстроўвае падзеі, звязаныя з асваеннем амер. Захаду ў 2-й пал. 19 ст. Дынамічны сюжэт вестэрна звычайна разгортваецца на фоне дзікай прыроды пры ўдзеле мужнага героя, які ўступае ў схватку з ворагамі ў імя ўсталявання духоўных і сацыяльных ідэалаў; падзеі ў вестэрне рамантызаваліся, герой ідэалізаваўся. На пач. 1950-х г. узнікла тэндэнцыя да пераасэнсавання і дэміфалагізацыі гісторыі заваявання далёкага Захаду. Як жанр і цяпер папулярны ў ЗША, Італіі («спагеці-вестэрн»), Германіі. Тэрмін «вестэрн» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да амер. л-ры прыгодніцкага жанру з аналагічнымі сюжэтамі.

Да арт. Вестэрн. Кадр з кінафільма «Аднойчы на Далёкім Захадзе». Рэж. С.​Леоне. 1968.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАПГен. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).

М.​М.​Пікулік.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ШКАЎ,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш. пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.

М.​І.​Лашанкоў.

Гліняная фігурка каня з гарадзішча Гарошкаў.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СІ СВО́ЙСКІЯ,

вадаплаўныя птушкі сям. качыных атрада гусепадобных. Паходзяць пераважна ад дзікай шэрай гусі (Anser anser), пашыранай у Еўразіі. Гусі свойскія вызначаюцца інтэнсіўным ростам, высакаякасным мясам, скараспеласцю. На Беларусі гадуюць пераважна гусей рэйнскай пароды, таксама буйных шэрых, італьянскіх, кітайскіх, кубанскіх, ландскіх, роменскіх, халмагорскіх і інш.

Тулава гусі свойскай лодкападобнае, падоўжаная шыя мае 17—18 пазванкоў. Над дзюбай у некат. парод (напр., кітайскай, халмагорскай) ёсць касцяны выраст (гуз). Апярэнне белае і шэрае рознага адцення: дзюба і плюсны аранжавыя. Пуховае покрыва шчыльнае. У прамысл. гаспадарках гусей свойскіх гадуюць 3—4 гады, у племянных — да 5 гадоў. Гуска нясецца 4—5 месяцаў, дае ў сярэднім 25—30 і больш яец; у прамысл. гаспадарках яйцаноскасць 50—80 яец і больш за год. Жывая маса дарослых гусакоў 5—8, гусак 4—7 кг.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікалай Андрэевіч) (н. 1.6.1937, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1994; чл.-кар. 1992), д-р вет. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1964 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага (з 1988 дырэктар). З 1992 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі і вет. медыцыны Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1997 намеснік. Навук. працы па эпізааталогіі прыродна-ачаговых хвароб свойскай і дзікай жывёлы на Беларусі, распрацоўцы экспрэс-метадаў дыягностыкі, спосабаў прафілактыкі і лячэння інфекц. паталогіі жывёл.

Тв.:

Новые методы диагностики зоонозных инфекций. Мн., 1982 (у сааўт.);

Бешенство животных. Мн., 1990 (разам з М.​Р.​Таршысам, П.​П.​Кузняцовым);

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.).

М.А.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЧКІ СВО́ЙСКІЯ (Anas domestica),

сельскагаспадарчыя птушкі. Паходзяць ад дзікай качкі — крыжанкі, прыручанай у старажытнасці ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. Падзяляюць на мясныя (пекінскія, шэрыя ўкр., чорныя белагрудыя і інш.), мяса-яечныя або яечна-мясныя (хакі-кэмпбел, люстраныя і інш.) і яйцаноскія (індыйскія бегуны). На Беларусі вырошчваюць К.с. пекінскай пароды, качак жлобінскай папуляцыі (ад скрыжавання пекінскіх з белымі маскоўскімі качкамі) і шэрых украінскіх.

Маса качара да 4, качкі да 3,5 кг. Пачынаюць несціся ва ўзросце 160—180 дзён, за год даюць больш за 200 яец. Качка за год дае каля 140 качанят агульнай масай да 350 кг. Макс. працягласць племяннога выкарыстання 4—5 гадоў. Затрата корму на 100 кг прыбаўлення ў масе 350—400 кармавых адзінак. Выхад выпатрашанай тушкі да 60%, тлушчу ў мясе да 30%. Яйцы выкарыстоўваюцца для інкубацыі, у харч. прам-сці (меланж, яечны парашок, кандытарскія вырабы).

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКУ́ЛІК (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 19.4.1948, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і экалогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р біял. н. (1993), праф. (1998). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1971). З 1976 у ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1997 у Бел. пед. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па герпеталогіі, ландшафтнай экалогіі жывёл, унутрывідавой зменлівасці, біягеацэналогіі, праблемах аховы і рацыянальнага выкарыстання біял. разнастайнасці. Распрацаваў асн. палажэнні ландшафтнай герпеталогіі, абгрунтаваў новыя падыходы да комплекснага выкарыстання герпетафауны ў экалагічным маніторынгу. Правёў даследаванні па дынаміцы фауны і стане зоацэнозаў у прыродных і антрапагенных ландшафтах Беларусі, выяўленні ролі мазаічнасці ландшафтаў і рознатыповых экатонаў, наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у фарміраванні біял. разнастайнасці дзікай фауны.

Тв.:

Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;

Пресмыкающиеся Белоруссии. Мн., 1988 (разам з В.​А.​Бахаравым, С.​У.​Косавым);

Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990 (разам з Л.​М.​Сушчэнем);

Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995 (у сааўт.);

Атлас наземных пазваночных. Мн., 1996 (у сааўт.).

М.М.Пікулік.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПРО́ВІЧ ((Kasprowicz) Ян) (12.12.1860, в. Шымбаж, каля г. Інавроцлаў, Польшча — 1.8.1926),

польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Вроцлаўскім ун-тах. З 1888 жыў у Львове і Пароніне (Польшча), у 1908—25 выкладаў у Львоўскім ун-це. Друкаваўся з 1882. Рэаліст. тэндэнцыі ў паказе сац. канфліктаў у польск. вёсцы ў 1880—90-х г. уласцівы зб-кам «Паэзія» (1889), «З сялянскага загона» (1891), гіст. драмам «Канец свету» (1891), «Бунт Наперскага» (1899). Двухпланавасць, матывы жыцця і смерці, страснасць паэт. інтанацый характэрны для паэмы «Хрыстос» (1890), цыклу санетаў «Куст дзікай ружы» (1898). Аўтар цыкла пейзажнай лірыкі «З Альпаў», «З Татраў», «Над безданню» (1898), у паэт. цыклах «Балада пра сланечнік» (1908), «Імгненне» (1911) роздум пра чалавека, сябе і паэзію. У зб-ках «Кніга ўбогіх» (1916), «Гімны» (1921), «Мой свет» (1926) выявіліся уплыў сімвалізму, рэліг.-містычныя настроі. Пераклаў на польск. мову «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Гурыновіч, Я.​Купала, С.​Дзяргай.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971;

Купала Я. Зб. твораў. Т. 2. Мн., 1973;

Рус. пер. — Поэзия. М., 1983.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗЁННЫ (Сямён Міхайлавіч) (25.4.1883, хутар Казюрын Пралетарскага р-на Растоўскай вобл. — 26.10.1973),

савецкі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935), тройчы Герой Сав. Саюза (1958, 1963, 1968). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). Удзельнік рус.-японскай і 1-й сусв. войнаў (быў узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі). Летам 1917 разам з Каўказскай кав. дывізіяй прыбыў у Мінск, выбраны старшынёй палкавога і чл. дывізіённага к-таў. Пад кіраўніцтвам Будзённага 1-я брыгада Каўказскай дывізіі разам з рэўкомам аршанскіх чыгуначнікаў раззброіла 5 эшалонаў карнілаўскай «дзікай» дывізіі, якая праз Оршу накіроўвалася на барацьбу з рэв. Петраградам. У час. грамадз. вайны сфарміраваў у 1918 конны атрад, які перарос у дывізію. З 1919 камандзір у Чырв. Арміі коннага корпуса і створанай на яго базе Першай Коннай арміі. У Вял. Айч. вайну камандуючы групай армій рэзерву Галоўнакамандавання, галоўнакамандуючы войскамі Паўд.-Зах. і Паўн.-Каўказскага напрамкаў, камандуючы Зах. рэзервовым і Паўн.-Каўказскім франтамі, кавалерыяй Узбр. Сіл СССР. Канд. у чл. ЦК КПСС у 1934—39 і з 1952. Чл. ЦК КПСС у 1939—52. Чл. ВЦВК, ЦВК СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1938. Адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных.

С.М.Будзённы.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЭЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. parcelle часцінка),

раздрабленне сял. зямельных надзелаў. У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, дзе да 1920-х г. панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, П. называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз дзярж. банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і т.зв. пакінутых (землі бежанцаў І-й сусв. вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму); адно з асн. мерапрыемстваў агр. рэформы ў Польшчы ў 1920—30-я г. У Зах. Беларусі і Зах. Украіне П. мела на мэце не толькі павялічыць сял. надзел, але і ўмацаваць там сац. апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродаж часткі памешчыцкіх зямель мясц. кулакам і заможным сялянам, пры частковым захаванні і памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна паралельна з камасацыяй і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў аб агр. рэформе (15.7.1920), «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі» (17.12.1920), аб парцэляцыі і асадніцтве (28.12.1925). У Зах. Беларусі П. пачалася ў 1921. Пад прыкрыццём П. памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па спекулятыўна высокіх рыначных цэнах, маладаступных для збяднелага сялянства. Такая прыватная П. ў народзе называлася «дзікай» П. У 1921—25 у Зах. Беларусі штогод парцэлявалася да 25 тыс. га дзяржаўных і 27 тыс. га уласніцкіх зямель. Каля 80% гэтых зямель трапляла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Да 1934 распарцэлявана 597 тыс. га (20% плошчы буйной зямельнай уласнасці). Такая агр. рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу П.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)