ЛЮ́ТЫ (ад слова люты — злы, суровы),

другі месяц каляндарнага года ў Беларусі (28 дзён, у высакосным годзе 29), апошні месяц зімы. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 9 гадз 48 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 23,3°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 133 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-8 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў Л. -5,9 °C (-3,5 °C на ПдЗ і -7,5 °C на ПнУ). Вільготных дзён (адносная вільготнасць удзень не ніжэй 80%) 12—18. У Л. у сярэднім па рэспубліцы 3—8 дзён з мяцеліцай. На б. ч. тэрыторыі выпадае каля 30—40 мм ападкаў, павялічваецца таўшчыня снегавога покрыва з максімумам у 3-й дэкадзе месяца 10—15 см на ПдЗ і 20—35 мм на ПнУ. Таўшчыня лёду на вял. рэках і азёрах 35—60 см, глебы прамярзаюць да 30—50 см і болей. Глыбокі снег, ледзяная скарынка перашкаджаюць ласям, зайцам, лісам здабываць корм. У Л. адбываецца гон у ваўкоў, лісоў, зайцоў. Пачынаецца павольнае перамяшчэнне на Пн чарод чачотак, снегіроў, амялушак, крыжадзюбаў, паўн. савы.

т. 9, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́КУЛЫ (польск. kanikuła, ад лац. caniculares перыяд найб. гарачых дзён у годзе),

1) перапынкі ў занятках у навуч. установах на працягу навуч. года.

2) У некат. краінах — перапынак у рабоце парламента.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКТА́ЦЫЯ (ад лац. lactare мець малако, карміць малаком),

утварэнне малака ў малочных залозах, назапашванне і перыядычнае выдзяленне пры ссанні ці даенні. Уласціва самкам млекакормячых жывёл і чалавеку. Складаны нейраэндакрынны працэс, які характарызуецца значнай перабудовай фізіял. і біяхім. працэсаў усяго арганізма. Пачынаецца пасля родаў, працягваецца да пераходу дзіцяняці на інш. віды ежы і паступова затухае. Працягласць Л. ад 10—20 дзён у некат. дробных грызуноў да 25 месяцаў у кашалота; у свойскіх жывёл: карова — да 10 месяцаў, авечкі — 4—5, кабылы — 9 месяцаў, свінні — 60—70 дзён. Вышэйшы цэнтр рэгуляцыі Л. — кара галаўнога мозга, гал. падкоркавы цэнтр — гіпаталамус.

Л.​Л.​Галубкова, А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ ПРАЦО́ЎНАЙ СІ́ЛЫ,

паказчык, які характарызуе сярэдняе штодзённае выкарыстанне аднаго фактычна занятага працоўнага месца. Разлічваецца як адносіны чалавека-дзён, адпрацаваных ва ўсіх зменах да іх колькасці, адпрацаваных за той жа перыяд у найб. загружаную змену.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,

смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА ВЕТРАНА́Я, вятранка,

масавая востразаразная інфекц. хвароба чалавека. Узбуджальнік — фільтроўны вірус — перадаецца ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд 13—17 дзён. Павышаецца т-ра, на скуры з’яўляецца высыпка, у поласці рота і глоткі — язвачкі, запаленне дыхальных шляхоў. У перахварэлых на воспу ветраную выпрацоўваецца стойкі імунітэт.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ДЫ (лац. Idus),

у старажытнарымскім календары назва 15-га дня ў сакавіку, маі, ліпені, кастрычніку і 13-га дня ў астатніх месяцах. І. былі прысвечаны Юпітэру, якому ў гэтыя дні прыносілі ў ахвяру авечку. Па І. рымляне (як і па календах) вялі лік дзён унутры месяца.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАМЕТРЫ́Я (грэч. lipometria ад liepō не хапаць + metron памер),

замена склада паўзай у пачатку стопнага вершаванага радка. Робіць больш разнастайным рытмічна-інтанацыйны малюнак верша.

Па сялі́бах непрабу́дны
Згі́нуў со́н,
Прад вачы́ма шлях у со́нцы
Но́вых дзё́н.
(Я.​Купала. «Здаецца ж, было гэта ўчора...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НДЫ (лац. Calendae ад calare клікаць),

у старажытнарымскім календары першы дзень кожнага месяца. У адпаведнасці з традыцыяй гэты дзень абвяшчалі жрацы, якія склікалі (адсюль назва) народ. Лік дзён па К. вялі толькі рымляне, таму выраз «адкласці да грэч. К.» азначае адкласці назаўсёды. Ад слова «К.» ўзнік тэрмін Каляндар.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУЛЕ́Т (лац. amuletum),

прадмет, які носіцца на целе і, на думку ўладальніка, мае магічную ўласцівасць адводзіць хваробу, бяду, засцерагаць ад ліхіх чараў. Вера ў сілу амулета звязана з першабытнай магіяй і фетышызмам. У многіх народаў свету вера ў амулет захавалася да нашых дзён. Гл. таксама Талісман.

Амулет-конік. 12 ст.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)