род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.
Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА (Betula),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).
Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНАЯ, ДРЭВААПРАЦОЎЧАЯ І ЦЭЛЮЛОЗНА-ПАПЯРОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Уключае дрэванарыхтоўчую, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую і лесахімічную прам-сць.
Лясная прамысловасць. У Беларусі бярэ пачатак з часоў узнікнення Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). У 13—15 ст. на тэр. княства развівалася рамесная вытв-сць, у т. л. дрэваапрацоўка (27 прафесій). З драўніны рабілі асн. часткі плугоў, сох, рыдлёвак і матык, хатнія рэчы, вёслы, граблі, выпальвалі вугаль і паташ. Драўніна шырока выкарыстоўвалася пры будаўніцтве вёсак і гарадоў, трансп. сродкаў. гандл. і ваен. караблёў, мастоў, грэбляў, абарончых збудаванняў. Водныя шляхі Транспарту выкарыстоўваліся для лесасплаву. Лес і яго прадукты станавіліся ўсё больш грунтоўным фактарам эканам. развіцця краіны. Драўніна і прадукты яе перапрацоўкі (вугаль, смала, дзёгаць, паташ), а таксама драўляныя вырабы сталі важнымі экспартнымі таварамі, якія водным шляхам дастаўляліся ў еўрап. краіны. Гандлем лесатаварамі разам з купцамі часта займаліся і феадалы, якія валодалі буйнымі ляснымі масівамі. Развіццю дрэваапрацоўкі спрыяла фальварковая гаспадарка, арыентаваная на рынак. Значную ролю ў развіцці лясной прам-сці адыгралі мануфактуры. У канцы 17 ст. ў ВКЛ былі 53 мануфактуры, у т. л. 9 дрэваапрацоўчых. На кожнай з іх працавала каля 20—25 рабочых. Адначасова хутка развівалася лесанарыхтоўчая вытв-сць і лесасплаў, пастаўка драўніны на замежныя рынкі. Драўніну дастаўлялі пераважна плытамі, на якіх будавалі буданы для складавання тавараў, прадуктаў харчавання, адзення Нягледзячы на цяжкую і працяглую транспарціроўку, гандаль ляснымі таварамі быў прыбытковым заняткам. Паводле звестак з архіваў Радзівілаў, у 1654 у г. Кралявец (цяпер Калінінград) прададзена лясных тавараў на 53 тыс. злотых. Сумарныя затраты на нарыхтоўку, апрацоўку і транспарт драўніны склалі 29 114 злотых (55%), прыбытак — 23 887 злотых (45%). У 1652—53 рэалізацыя піловачніку давала 38,6% чыстага прыбытку, ванчосаў і сліпераў — 23%, клёпкі французскай — 32,5%, смалы і паташу — 38,8%.
Развіццю лесанарыхтовак спрыялі паляпшэнне шляхоў зносін і рэгуляванне рэк, якія выкарыстоўваліся для суднаходства і лесасплаву, будаўніцтва дарог і мастоў. У 1784 завершана буд-ва канала, які праз рэкі Шчара, Ясельда і Прыпяць злучыў рэкі Нёман і Дняпро. У 1781—84 пабудаваны другі канал, які праклаў шлях з р. Прыпяць у Заходні Буг, што пашырыла магчымасці асваення лясных багаццяў. У канцы 18 — пач. 19 ст. лесанарыхтоўкі з промыслу аформіліся ў капіталіст.прам-сць. Значная колькасць лесу высякалася на дровы для абагрэву гарадоў і вёсак, спальвалася ў топках паравозаў (заменены каменным вугалем толькі ў 1890-я г.). Шмат драўніны спажывалі лесапільна-дрэваапр.прам-сць, цывільнае і ваен. будаўніцтва.
У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё лесанарыхтоўчай прам-сці паўплывала буд-ва Пецярбургска-Варшаўскай, Лібава-Роменскай, Пецярбургска-Адэскай магістралей і Палескіх чыгунак. З драўніны рабілі шпалы, пераводныя брусы, тэлегр. слупы і інш.Чыг. транспарт спрыяў пастаўкам лясных грузаў за мяжу. У пач. 1-й сусв. вайны пачалі ўтварацца саюзы мясц. лесапрамыслоўцаў. Узніклі манапал. аб’яднанні «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», «Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю» і інш. З удзелам капіталу агульнарас. банкаў утвараліся акц. т-вы ў лесанарыхтоўчай, лесапільна-дрэваапрацоўчай, запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці. У 1913 на Беларусі функцыянавала 158 дрэваапр. прадпрыемстваў, 10 запалкавых, 17 кардонна-папяровых фабрык, значна павысілася роля прадуктаў перапрацоўкі драўніны. Пераважалі буйныя прадпрыемствы, аснашчаныя тагачаснай тэхнікай: запалкавыя ф-кі «Прагрэс-Вулкан» (424 чал.), «Вікторыя» ў Барысаве (496 чал.), «Бярэзіна» ў Нова-Барысаве (399 чал.), «Везувій» у мяст. Нова-Беліца Гомельскага пав. (346 чал.), «Маланка» ў Мазыры (334 чал.); шпулечна-фанерная ф-ка ў Пінску (462 чал.); фанерна-лесапільныя з-ды ў мяст. Вярхуціна Бабруйскага пав. (400 чал.), на ст. Капцэвічы (236 чал.) і Мікашэвічы (231 чал.) Мазырскага пав.; лесапільныя з-ды ў в. Парэчча Ігуменскага пав. (118 чал.); ф-ка механічнай апрацоўкі дрэва ў Рэчыцы (138 чал.). У 1872 у Добрушы на папяровай ф-цы (1276 чал.) пачала працаваць папераробная машына, у 1886 завершана будаўніцтва кардоннай ф-кі ў Чашніках (з 1894 выпускала і паперу), у 1898 — папяровай ф-кі ў Шклове, у 1899 — кардоннай ф-кі каля Пухавіч, у 1902 — кардонна-папяровай ф-кі ў Нова-Барысаве. У 1913 дзейнічала 17 кардонна-папяровых прадпрыемстваў (3201 чал.), якія выраблялі 20,4% драўнянай масы, 44,8% запалкавай саломкі, 62,3% паштовай і 23,5% шпалернай паперы, 10,3% кардону агульнарас. вытв-сці.
Хуткаму развіццю лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай прам-сці ў Беларусі спрыяла наяўнасць эканамічна даступных і каштоўных лясных рэсурсаў, пашыранай сеткі водных і сухапутных шляхоў транспарту, таннай рабочай сілы, блізкасць зах.-еўрап. рынку. У 1913 на долю прадпрыемстваў Беларусі прыпадала 20,8% агульнарас. экспарту лесаматэрыялаў (дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, шпал, клёпкі). Доля лясной прам-сці Беларусі ў агульнарас. вытв-сці складала: хвойных піламатэрыялаў 26,8%, шпал дубовых 24,4%, прадукцыі каштоўных лісцевых парод 64,2%, клеенай фанеры 23,5%, гнутай мэблі 21,8%, запалкавай саломкі 44,8%.
Паспяхова развівалася лесахімічная прам-сць, якая вырабляла смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. У 1900 на тэр.бел. губерняў дзейнічала больш за 160 смалакурных і дзягцярных прадпрыемстваў, дзе працавала каля 700 чал. Найбольшы быў Выдрынскі з-д у Аршанскім пав., які даваў больш за 60% лесахім. прадукцыі Беларусі.
У гады 1-й сусв. вайны аб’ём лесапрамысл. вытв-сці значна скараціўся. У 1917 дзейнічала толькі палова лесапільна-фанерных прадпрыемстваў, 53,8% запалкавых, 35,3% кардонна-папяровых. У 1922—29 на базе дробных прадпрыемстваў створаны дрэваапрацоўчы з-д «Пралетарый» у Мазыры, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мінску і Мазыры, дрэваапр. камбінат і запалкавая ф-ка ў Барысаве і інш. У 1927 заснаваны каніфольны з-д у Нова-Беліцы, у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д, што стала пачаткам айч. вытв-сці жывічнай і экстракцыйнай каніфолі, якую раней імпартавалі.
У 1930-я г. будаваліся новыя і рэканструяваліся з-ды, якія дзейнічалі раней. Пабудаваны Бабруйскі і Гомельскі дрэваапр. камбінаты, Рэчыцкі лесапільны з-д. У 1932 на Добрушскай папяровай ф-цы пачалі рабіць цэлюлозу. У 1940 на Беларусі дзейнічалі 27 лесазаводаў, 3 лесакамбінаты, 5 мэблевых ф-к, 66 леспрамгасаў, 6 фанерных і 4 запалкавыя з-ды, 12 папяровых ф-к, каніфольна-шкіпінарны з-д, на якіх было занята 67 тыс.чал. і выраблялася 34,7% фанеры, 6,3% паперы, 4,7% піламатэрыялаў агульнасаюзнай вытв-сці. На долю лесапрамысловага комплексу прыпадала 8,9% валавой прадукцыі прам-сці Беларусі.
За гады Вял.Айч. вайны разбурана 83,7% прамысл.-вытв. будынкаў, разрабавана 74,7% абсталявання лясной прам-сці. Пасля вайны пачалося аднаўленне лясной прам-сці. У канцы 1945 функцыянавалі 68 леспрамгасаў, 18 дрэваапр. прадпрыемстваў і 2 папяровыя ф-кі, якія давалі 23% прадукцыі адносна ўзроўню 1940. Да 1950 адноўлены дрэваапр. камбінаты ў Барысаве і Гомелі, лесазавод у Івацэвічах, камбінаты фанерна-дрэваапрацоўчы ў Бабруйску і фанерна-запалкавы ў Гомелі, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мазыры, Мінску, папяровыя прадпрыемствы ў Добрушы, Чашніках, Слоніме, Шклове. Усе яны працавалі на айч. драўнянай сыравіне. Вялася іх мадэрнізацыя, замест дробных прадпрыемстваў ствараліся буйныя: Маладзечанская мэблевая ф-ка(1954), Пінскі фанерна-запалкавы і Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы (1959) камбінаты, Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс» і Мінскае эксперым. канструктарскае тэхнал. бюро мэблі (1963), Барысаўскі папярова-лесахімічны з-д (1971), Гомельскі папярова-лесахімічны камбінат (1972, з 1976 — з-д). У 1976 пачаў працаваць Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат.
Большасць прадпрыемстваў лясной прам-сці знаходзілася ў падпарадкаванні Мін-ва лясной і дрэваапр. прам-сці БССР (66% валавой прадукцыі лесанарыхтовак і дрэваапрацоўкі). З мэтай далейшай канцэнтрацыі вытв-сці на базе 70 прадпрыемстваў створаны 11 дрэваапрацоўчых і 8 лесанарыхтоўчых аб’яднанняў. Мінлеспраму перададзены прадпрыемствы і цэхі па вытв-сці буд. драўляных дэталей і канструкцый, на базе якіх створаны яшчэ 5 вытв. аб’яднанняў. Рэканструявана 13 механізаваных ніжніх складоў, пачалі працаваць 8 паўаўтам. ліній. На лесанарыхтоўках укараняліся сківічныя пагрузчыкі і інш. перспектыўнае абсталяванне. У сярэдзіне 1970-х г. здадзены ў эксплуатацыю цэхі драўнянавалакністых пліт у Віцебску, драўнянастружкавых пліт у Івацэвічах і Мастах, паркетнай дошкі ў Бабруйску і мэблевы ў Маладзечне; рэканструявана 19 цэхаў, у т. л. запалкавыя цэхі пераведзены на выпуск кардонных пачкаў. За гэты перыяд знята з вытв-сці 90 старых мадэлей мэблі і асвоены 93 новыя. На прадпрыемствах дрэваапрацоўкі ўкаранёна больш за 30 аўтам. і паўаўтам. ліній, 35 механізаваных установак і агрэгатаў.
У 1980-я г. лясная прам-сць развівалася па шляху тэхн. прагрэсу. На лесасечных работах укаранёны валачна-пакетаваныя машыны, бясчокерная тралёўка драўніны, механізацыя ачысткі ствалоў ад сукоў. У дрэваапр. прам-сці ўкаранялася новая тэхніка і мадэрнізавалася абсталяванне. У канцы 1980-х г. тэмпы росту і мадэрнізацыі галіны запаволіліся, а ў 1-й пал. 1990-х г. пачаўся спад вытв-сці. У 1995 нарыхтоўка дзелавой драўніны знізілася на 30%, вытв-сць піламатэрыялаў, драўняных пліт, клеенай фанеры, кардону скарацілася на 40—45%, паперы — на 85,4%. У 1991 Мін-ва лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці пераўтворана ў Бел. вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Шэраг прадпрыемстваў акцыяніраваны. Узніклі розныя формы ўласнасці канцэрна: рэспубліканская — 13,1%, камунальная — 19%, прыватная — 65,3%, з удзелам замежнага капіталу — 2,6%. З 1997 пачаўся паступовы рост аб’ёму вытв-сці. Аднак па выпуску асн. відаў прадукцыі ўзровень 1990 у 2002 яшчэ не быў дасягнуты (гл.табл.). Толькі часткова асвойваецца разліковая лесасека па гал. лесакарыстанні. Марудна абнаўляюцца вытв. фонды, знос якіх у 2002 склаў 60,9%.
На пач. 2003 на Беларусі было 308 прадпрыемстваў лясной прам-сці, аб’ём іх прадукцыі склаў 1264 млрд.руб., ці 5,1% валавой прадукцыі прам-сці краіны, а рэнтабельнасць — 10,6%. Экспарт драўніны і вырабаў з яе мае тэндэнцыю росту і ў 2002 дасягнуў 340 млн.дол., што склала 4,2% экспартнай прадукцыі краіны.
Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Базавымі яе прадпрыемствамі з’яўляюцца леспрамгасы, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку драўніны і вываз лесаматэрыялаў непасрэдна да шляхоў транспарту і на склады лесапільна-дрэваапр. прадпрыемстваў і інш. спажыўцоў сыравіны. Леспрамгасы разам з асн. вытв-сцю маюць дадатковую і пабочную (падсочка хвоі, здабыча пнёвага асмолу, шпалапілаванне, вуглевыпальванне і інш.). Лесанарыхтоўкі вядуць таксама Мін-ва лясной гаспадаркі і інш. ведамствы, якія валодаюць і карыстаюцца лясным фондам.
У пасляваенны перыяд (1945—65) 68 леспрамгасаў вялі прамысл. лесанарыхтоўкі ў аб’ёме, які перавышаў магчымасці штогадовай разліковай лесасекі ў 1,5—2 разы, што прывяло да вычарпання лесасыравіннай базы і парушэння аптымальнай узроставай структуры лясоў. У выніку аб’ём высечак гал. карыстання істотна скараціўся. У 1990—2002 агульны аб’ём лесакарыстання склаў 10—13 млн.м³, што менш за палову сярэдняга прыросту драўніны. Лесанарыхтоўкі ажыццяўляюць 15 леспрамгасаў канцэрна «Беллеспаперапрам», 94 лясгасы Мін-ва лясной гаспадаркі, інш.юрыд. асобы, якія маюць ліцэнзію на вядзенне такіх работ. У перспектыве да 2015 з паляпшэннем узроставай структуры лясоў аб’ём лесанарыхтовак будзе нарастаць і складзе 19—20 млн.м³.
Дрэваапрацоўчая прамысловасць — самая буйная галіна лясной прам-сці; на яе долю прыпадае 69,5% агульнага аб’ёму прадукцыі. Вырабляе піламатэрыялы, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, паркет, аконныя пераплёты, дзверы, буд. драўляныя канструкцыі, габляваныя матэрыялы, запалкі, драўляныя дэталі для вагона-, судна- і аўтамабілебудавання, мэблю, спарт. інвентар і інш. У структуры дрэваапр. прам-сці вядучая роля належыць мэблевай прам-сці, якая ў асноўным сканцэнтравана на 26 буйных спецыялізаваных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам». Найбуйнейшыя з іх: ААТ Бабруйская мэблевая ф-ка, «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Віцебскмэбля», «Гомельдрэў», Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс», Гродзенская мэблевая ф-ка, «Івацэвічдрэў», Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, «Мінскмэбля», «Мінскпраектмэбля», «Магілёўдрэў», «Мазырдрэў», «Мастоўдрэў», «Палатэск», «Рэчыцадрэў», «Слоніммэбля», «Слуцкмэбля»; ЗАТ «Бабруйскмэбля», «Маладзечнамэбля», «Пінскдрэў» і інш. Абнаўляецца вытв. база, пашыраецца асартымент, павышаецца канкурэнтаздольнасць мэблі. Значная частка мэблі экспартуецца.
Развіваецца лесапілаванне, вытв-сць фанеры і драўняных пліт. У лесапільнай вытв-сці за кошт комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў павышаецца вытв-сць піламатэрыялаў, у дрэваапрацоўчай — клеенай і габляванай прадукцыі. Асвойваюцца новыя ўстаноўкі для сушкі піламатэрыялаў з франтальнай загрузкай, якія аснашчаны камп’ютэрнай тэхнікай з праграмным кіраваннем тэхнал. працэсам, што дазваляе аптымізаваць рэжым работы ўстановак, расход цяпла і электраэнергіі, павысіць якасць прадукцыі. Удасканальваецца тэхналогія вытв-сці драўнянастружкавых і драўнянавалакністых пліт, што дазваляе атрымліваць канструкцыйныя матэрыялы новага тыпу, ужыванне якіх у мэблевай прам-сці павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешнім рынку. На фанерных прадпрыемствах ажыццяўляецца тэхн. пераўзбраенне на аснове ўкаранення высокавытв. ліній лушчэння і сячэння шпоны, абсталявання па зрошчванню, што пашырае асартымент фанеры і зніжае энерга- і матэрыялаёмістасць вытв-сці.
Для тэхн. пераўзбраення выкарыстоўваюцца інвестыцыі замежнага капіталу, арганізуюцца сумесныя прадпрыемствы («Беларуска-брытанскае прадпрыемства «Белпаркет» і «Белшпона», Беларуска-германскае «Сымона-плюс» і інш.), што павышае канкурэнтаздольнасць прам-сці на знешнім і ўнутр. рынках.
Цэлюлозна-папяровая прамысловасць спецыялізуецца на выпуску кардонна-папяровай прадукцыі. Яе доля ў структуры валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу ў 2002 склала 18,6%. Вырабляе цэлюлозу, кардон, паперу і прадукты іх перапрацоўкі (шпалеры, школьныя сшыткі, кардонную тару і інш.). Уключае ААТ: Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, «Гомельшпалеры», папяровыя ф-кі «Чырвоная зорка» ў Чашніках, «Спартак» у Шклове, «Герой працы» ў Добрушы, кардонныя фабрыкі маладзечанскую «Раёўка», у Пухавічах, УП папяровая ф-ка «Дзяржзнак» у Барысаве і інш. Для вытв-сці паперы і кардону выкарыстоўваецца як мясц. сыравіна (цэлюлоза, драўняныя балансы, макулатура, рыззё), так і прывазное, у асн. цэлюлоза, якая завозіцца з Расіі, ЗША і інш. Выпуск цэлюлозы ў 2001 склаў 51 тыс.т, паперы — 51,5 тыс.т, кардону — 165 тыс.т.
Прыярытэтны кірунак развіцця — стварэнне ўласнай вытв-сці сульфатнай беленай цэлюлозы, што дазволіць пашырыць наменклатуру кардонна-папяровай прадукцыі, павысіць яе якасць і канкурэнтаздольнасць, панізіць залежнасць ад імпарту цэлюлозы. Значная ўвага аддаецца развіццю вытв-сці па выпуску паўфабрыкатаў высокага выхаду (драўнянай масы), што пашырыць магчымасці выкарыстання нізкаякаснай драўніны розных дрэвавых парод. Намечана будаўніцтва 2-й чаргі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната і ф-кі газетнай паперы ў Шклове.
Лесахімічная прамысловасць на Беларусі развіта параўнальна слаба і прадстаўлена ААТ «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахімічны з-д). На яго долю прыпадае 1,4% валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу. Вырабляе каніфоль, шкіпінар (тэрпенцінавае масла), дубільныя экстракты, каніфольныя кляі, лакафарбавую прадукцыю. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць пнёвы асмол, хваёвую жывіцу. Плануецца павелічэнне нарыхтоўкі жывіцы, каб атрымліваць больш жывічнай каніфолі, шкіпінару, пакосту, у т. л. на экспарт.
Літ.:
Повышение эффективности использования лесосырьевых ресурсов БССР. Мн., 1989;
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
Экономические проблемы развития деревообрабатывающей промышленности. Мн., 2002;
Экономическая история Беларуси. 2 изд., Мн., 2004.
А.Д.Янушка.
Выпуск важнейшых відаў прадукцыі лесанарыхтоўчай, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі
1940
1960
1980
1990
1995
2000
2001
2002
2003
Вывазка дзелавой драўніны, млн.м³
6,1
5,0
5,6
6,2
4,4
5,3
5,5
6,0
6,5
Піламатэрыялы, млн.м³
1,6
3,0
2,9
3,1
1,7
2,3
2,1
2,2
2,3
Драўнянастружкавыя пліты, тыс.м³
—
7,3
377
524
283
295
311
316
375
Драўнянавалакністыя пліты, млн.м³
0,7
3,0
30,1
42,4
26,4
44,6
49,7
52,2
58,2
Фанера клееная, тыс.м³
253,9
169,7
212
192
94
126
138
168
—
Цэлюлоза, тыс.т
—
—
11,3
36,8
34,9
55,9
58,1
59,2
60,6
Папера, тыс.т
51,3
69,2
189
198
27
44
51
54
68
Кардон, тыс.т
9,8
32,4
192
219
106
176
165
165
174
Шпалеры, млн. умоўных кускоў
—
—
70
122
40
84
87
94
—
Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ РАЗВІЦЦЯ
Геаграфічнае становішча і гіст. лёс Беларусі абумовілі развіццё яе гаспадаркі ў агульным кірунку развіцця еўрап. цывілізацыі. З часу з’яўлення на тэр. Беларусі чалавека сучаснага фізічнага тыпу (позні палеаліт; 40—10 тыс.г. назад) на месцах іх стараж. стаянак археолагі знаходзяць сякера- і долатападобныя прылады працы, скрэблы, наканечнікі стрэл і коп’яў і інш. вырабы, падобныя на аналагічныя знаходкі ў інш. рэгіёнах Еўропы. У глыбокай старажытнасці закладваліся амаль усе гал. віды дзейнасці чалавека: выраб прылад і сродкаў працы, паляванне і рыбалоўства, земляробства і жывёлагадоўля, будаўніцтва і транспарт, металургія і металаапрацоўка; як і мова, выяўленчае мастацтва і музыка, рэлігія і навука і інш. Ужо ў той перыяд склаліся пэўныя перадумовы развіцця гаспадаркі. Асваенне прыроднага асяроддзя суправаджалася ўскладненнем матэрыяльнай вытворчасці, удасканаленнем ведаў і звычак, што замацоўвалася праз сацыяльна-гасп. дзейнасць і перадавалася наступным пакаленням. З развіццём гэтай дзейнасці паступова ўдасканальвалася грамадства і яго арганізацыя.
На першых этапах развіцця гаспадаркі (эпохі палеаліту і мезаліту) яе аснову складалі збіральніцтва, паляўнічы промысел і рыбалоўства. Паляванне патрабавала ўжо асэнсаванага аб’яднання людзей у адпаведныя групы. Зніжэнне прадукцыйных магчымасцей прыроднага асяроддзя з-за росту колькасці насельніцтва вымагала пошуку новых сістэм гаспадарання. З палявання і рыбалоўства гістарычна развілася жывёлагадоўля. са збіральніцтва — земляробства. Менавіта гэтыя галіны забяспечылі харчовую незалежнасць людзей ад прыроды, пераход ад збірання прадуктаў харчавання да іх вытворчасці. У эпоху неаліту з’явіліся першыя шахты па здабычы крэменю (цяпер г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на). Пры гэтых шахтах і ў інш. месцах археолагі знайшлі майстэрні па апрацоўцы крэменю. Найважнейшыя здабыткі неаліту — выраб ганчарнага посуду, удасканаленне апрацоўкі каменю, узнікненне міжпляменных сувязей і абмену. Канец 3—2-га тыс. да н.э. на Беларусі можна лічыць храналагічнай мяжой паміж збіральніцтвам і вытворчай эканомікай. Паводле меркаванняў некаторых навукоўцаў, палескія і цэнтр. часткі Беларусі ўваходзяць у сусветны пояс прыручэння дзікай жывёлы. У бронзавую эпоху жывёлагадоўля (пераважала буйная рагатая жывёла) стала паўсюднай. У залежнасці ад мясц. прыродных умоў асобныя галіны (пчалярства, авечкагадоўля, конегадоўля) мелі большае развіццё, што спрыяла тэр. падзелу працы. Прырэчныя жыхары паступова ўцягваліся ў гандлёвыя адносіны, даволі хутка на тэр. Беларусі з’явіліся вырабы з жалеза, выпрацоўвалася тэхналогія атрымання металу з мясц. руд.
Земляробства на Пд Беларусі зарадзілася каля 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстанне жалезнай сякеры і агню прывялі да лядна-агнявой сістэмы земляробства, самай прымітыўнай, але яна дазволіла атрымліваць некаторы лішак прадукцыі. Найб. раннімі земляробчымі культурамі былі збожжавыя — пшаніца і проса, пазней — ячмень і зернебабовыя (гарох, боб), караняплоды, лён-даўгунец. Рост насельніцтва, стварэнне больш эфектыўных прылад працы, выкарыстанне жывёлы як цяглавай сілы вялі да павелічэння прадукцыйнасці працы і з’яўлення ворыўнай сістэмы земляробства, хоць доўгі час лядна-агнявая і ворыўная сістэмы суіснавалі разам.
З 7 ст. да н.э. ў басейнах Прыпяці і Дняпра, пазней і Бярэзіны для вытворчасці жалеза выкарыстоўвалася мясц. балотная жалезная руда і драўняны вугаль, што на многія стагоддзі вызначыла развіццё гаспадаркі. Жывёлагадоўля і земляробства сталі гал. фактарамі росту насельніцтва. пашырэння і спецыялізацыі рамёстваў, фарміравання інфраструктуры.
У 6—8 ст., калі аснову эканам. жыцця склала сельская гаспадарка, а гал. яе галіной стала земляробства, зарадзіліся класы і феадальныя адносіны. Рост прадукцыйнасці с.-г. працы і звязанага з ёй дадатковага прадукту спрыялі пашырэнню рамёстваў. Паступова стварылася шматукладная эканоміка і неаднародная сац. структура, пашырыліся гандлёва-эканам. сувязі і маёмасная дыферэнцыяцыя паміж людзьмі.
У феадальны перыяд развіцця (9 — сярэдзіна 19 ст.) на тэр. Беларусі аграрнай вытворчасцю займалася большасць насельніцтва. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі насельніцтва займалася вырабам прылад працы, бортніцтвам, рамёствамі (ткацкае, шавецкае, ганчарнае і інш.). Але рамяство і гандаль не мелі таварнага характару, хоць і спрыялі фарміраванню гарадоў і мястэчак. Матэрыяльная вытворчасць выступала пераважна як сродак самазабеспячэння саслоўя. З’яўленне гарадоў з іх асобым статусам спрыяла развіццю новых эканам. умоў, фарміраванню прадпрымальніцтва і таварна-грашовых адносін. Феадальны перыяд развіцця эканомікі на Беларусі ўмоўна падзяляюць на 3 этапы: раннефеадальны (9—1-я пал. 13 ст.), калі з’явіліся саслоўі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, утварыліся раннефеадальныя дзяржавы, у т. л. Полацкае, Тураўскае, Смаленскае і інш. княствы; развіты феадалізм (2-я пал. 13—1-я пал. 17 ст.), калі замацоўваліся асноўныя феадальныя эканам. адносіны, назіраўся пэўны ўздым эканомікі і культуры; разлажэнне феадалізму (2-я пал. 17—1-я пал. 19 ст.), які характарызуецца ростам гарадоў і таварна-грашовых адносін, узнікненнем і фарміраваннем унутранага рынку, зараджэннем капіталістычных адносін. Эканам. развіццё Беларусі ў 15—16 ст. было дастаткова высокім. Зямля як асноўны сродак вытворчасці вызначала багацце і статус чалавека, які ёй валодаў і распараджаўся. З канца 15 ст. вырас попыт на збожжа і інш.с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе, што патрабавала ўдасканалення сістэмы гаспадарання з мэтай павелічэння даходаў за кошт продажу прадукцыі. У выніку склаліся фальваркі — панскія гаспадаркі, заснаваныя на працы селяніна, але арыентаваныя на рынак. З мэтай павелічэння даходаў праведзена зямельная рэформа, так званая «валочная памера», у аснове якой быў дакладны ўлік зямель і валочная павіннасць. Рэформа не толькі ўдасканальвала арганізацыю вытворчасці, але і спрыяла пашырэнню перадавых прыёмаў с.-г. вытворчасці, у т. л. трохполля і шматполля. Фальваркі ствараліся пераважна на З і ў цэнтры Беларусі, на У часткова захоўвалася абшчына.
Рамёствы на тэр. Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваліся ў 13—1-й пал. 17 ст.Найб. пашырылася апрацоўка металаў рамеснікамі (кавалі, меднікі, бляхары, лудзільшчыкі, слесары, збройнікі і інш.); гал. сыравінай для іх заставалася жалеза, атрыманае з мясц. балотнай руды. На мясц. сыравіне працавалі ганчары, дрэваапрацоўшчыкі, гарбары, рымары, ткачы і інш. Шырокую вядомасць набылі ювеліры, півавары, мяснікі, муляры. У шэрагу раёнаў выявілася пэўная спецыялізацыя. Нягледзячы на феадальную адасобленасць гарадоў і мястэчак, развіваліся гандлёвыя адносіны паміж імі. паміж горадам і вёскай. Ва ўсіх гарадах і мястэчках наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах — кірмашы, на якіх былі і замежныя гандляры. З экспартных тавараў пераважалі збожжа, пянька, сала, воск, скуры, дзёгаць, лён, некаторыя вырабы рамеснікаў, з імпартных — металы (медзь, волава, свінец, золата, серабро) і вырабы з іх, заходнееўрапейскія сукны і палатно, віно, соль, прыправы. Рост гандлёвых сувязей паскорыў фарміраванне транспартнай сеткі. Асноўнымі гандлёвымі цэнтрамі былі гарады Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Навагрудак і інш. З 15 ст. шэраг крэпасцей, замкаў, гаспадарчых двароў і вёсак ператвараліся ў мястэчкі — гандлёва-рамесніцкія цэнтры. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі існавала 467 гарадоў і мястэчак, якія фарміравалі вакол сябе зоны эканам. ўплыву. У час позняга феадалізму (2-я пал. 17—18 ст.) Беларусь перажывала эканам. заняпад і маруднае аднаўленне гаспадаркі. Гал. прычыны такога становішча — бясконцыя войны і звязаныя з імі нястачы насельніцтва і скарачэнне яго колькасці, жорсткі феадальны ціск на сялян, міжусобная барацьба магнатаў за ўладу. Асабліва моцны заняпад эканомікі праявіўся ў гарадах, было падарвана рамяство.
Эканам. развіццю Беларусі ў канцы 18 ст. садзейнічалі рост насельніцтва, павелічэнне попыту на с.-г. прадукты, пашырэнне таварна-грашовых адносін, развіццё транспартнай сістэмы і інш. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла мануфактурная вытворчасць, якая садзейнічала росту прадукцыйнасці працы, паглыбленню яе грамадскага падзелу, падрыхтоўцы да машыннай вытворчасці. Першымі мануфактурнымі цэнтрамі былі Налібакі, Урэчча, Слуцк, Ружаны, Ілья, Свержань і інш. Да канца 18 ст. адноўлена сетка гарадскіх паселішчаў, пачала адраджацца гаспадарка гарадоў з лепшым геаграфічным становішчам (Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Навагрудак, Гродна). У гэты час на Беларусі налічваўся 41 горад і 397 мястэчак, у якіх пражывала 11% насельніцтва. З 2-й пал. 18 ст. вырасла таварнасць рамяства, павялічылася колькасць наёмных рабочых, з’явіліся першасныя формы капіталіст. вытворчасці — падзел працы паводле спецыялізацыі: рамеснікі па апрацоўцы металаў, вырабе скур, адзення, прадуктаў харчавання і па будаўніцтве. Ва ўнутраным гандлі гал. роля належала кірмашам. У знешнім гандлі аднавіліся сувязі з балтыйскімі партамі (Гданьск, Кёнігсберг, Рыга), з цэнтрамі Расіі і Украіны. Вывозіліся скураныя вырабы, воск, мёд, шчацінне, лён, пянька, збожжа, лясныя матэрыялы, завозіліся металавырабы, тканіны, прыправы.
Уваходжанне Беларусі ў склад Рас. імперыі спрыяла развіццю прадукцыйных сіл. Пашырыўся вываз збожжа, павялічыліся пасевы тэхн. культур (лён, каноплі), бульбы; склаліся новыя мануфактурныя цэнтры (Крычаў, Шклоў, Дуброўна і інш.). З 2-й пал. 19 ст. ў сельскай гаспадарцы ўкараняліся механічныя прылады апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю, пачала фарміравацца таварная вытворчасць капіталіст. тыпу і спецыялізацыя с.-г. вытворчасці. У Віцебскай, Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губернях склаўся лёна- і бульбаводчы раён. У якасці таварнай культуры пачалі вырошчваць цукровыя буракі для вырабу цукру (Гомель, Карэлічы, Парэчча і інш.). Гродзенская губ. спецыялізавалася на танкаруннай авечкагадоўлі. У месцах размяшчэння спіртавых заводаў развівалася малочна-мясная жывёлагадоўля. Для пашырэння пасяўных плошчаў пачалася меліярацыя пераўвільготненых і тарфяна-балотных зямель.
У прамысловую рэвалюцыю Беларусь уступіла пазней за заходнееўрапейскія дзяржавы. На працягу 1-й пал. 19 ст. яна прайшла ў асноўным дробнатаварную і мануфактурную стадыі (у 1867 у краіне працавала 57 капіталіст. мануфактур). Канкурэнцыя расійскіх і польскіх мануфактур запавольвала развіццё бел. прадпрыемстваў. Доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вагалася ад 60% у Гродзенскай губ. да 85% у Магілёўскай. Беларусь (акрамя яе крайняга 3) была самым аграрным рэгіёнам Рас. імперыі. Пра інтэнсіфікацыю земляробства сведчаць павелічэнне пасеваў і валавых збораў лёну, канапель і бульбы; бульбаводства стала тыпова бел. галіной, якая давала амаль 20% збору бульбы ў Рас. імперыі. Гаспадарка набывала і жывёлагадоўчы характар. Аднак Беларусь з краіны, якая некалі вывозіла збожжа, ператварылася ў краіну ўвозу яго з раёнаў таварнай вытворчасці. Змяншэнне таварнай вытворчасці збожжа сялянскія гаспадаркі кампенсавалі ростам пасяўных плошчаў бульбы для перапрацоўкі яе ў таварны прадукт (спірт, дрожджы, крухмал) і вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі і лубяных культур для вывазу за межы Беларусі. Такім чынам, сялянскія гаспадаркі ў вял. ступені набывалі рыначны характар. Напярэдадні 1-й сусв. вайны яны мелі перавагу па плошчы пасеваў тэхн. культур і бульбы, па пагалоўі цяглавай конскай сілы. Развіццю сялянскіх гаспадарак у гэты перыяд спрыялі нарошчванне капіталаў і банкаўскія крэдыты, пашырэнне меліярацыі, с.-г. ведаў, машын і прылад, рост пасяўных плошчаў кармавых траў.
Прамысловасць Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў параўнанні з расійскай была даволі слабая, працэс індустрыялізацыі тут пачаўся пазней і адбываўся больш павольна. Большасць прамысловых работнікаў складалі рамеснікі. Фабрыкі і заводы больш нагадвалі майстэрні. У 1866 на кожнае прадпрыемства ў сярэднім прыпадала па 5,7 рабочага з аб’ёмам вытворчасці ў 4,8 тыс. рублёў. Найб. індустрыяльнай была Гродзенская губ., на долю якой прыпадала 36% усіх рабочых, 41% аб’ёму вытворчасці і 30% фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (пераважна невялікіх, у сярэднім 6,8 рабочага). У 1870-я г. дзейнічала каля 160 буйных прадпрыемстваў, не менш чым 100 тыс. рабочых (каля палавіны з іх у Гродзенскай губ.). Рост прамысловасці на Беларусі пачаўся з 20 ст. Яе адметнасць была ў тым, што прадукцыйнасць працы расла хутчэй, чым колькасць рабочых. У 1913 колькасць рабочых складала 2,2% рабочых рас. фабрык, а колькасць прадпрыемстваў — 11%. Прамысловыя прадпрыемствы перапрацоўвалі ў асн.мясц. сыравіну. У пач. 20 ст. з Беларусі вывозілі пераважна лес і лён, увозілі збожжа, тытунь, бавоўну, металы, мануфактуру. Перад 1-й сусв. вайной змяніліся структура і формы экспарту і імпарту. Вырас вываз масла, яек, птушкі, садавіны, бульбы, перапрацаванай драўніны, с.-г. прылад і ўвоз коней, буйной рагатай жывёлы, паліва, складаных с.-г. прылад і механізмаў. Па росце нац. даходу Беларусь была на ўзроўні інш. рэгіёнаў Расіі, за перыяд 1900—13 ён павялічыўся ў 2 разы. Па долі прамысловасці ў нац. даходзе краіна наблізілася да сярэдняга паказчыка ў Рас. імперыі. Істотна змянілася геаграфія прамысловасці. З сельскай мясцовасці яна перамяшчалася ў гарады, дзе дробныя прадпрыемствы выцясняліся буйнымі капіталіст. фабрыкамі. У 1913 на долю буйных прадпрыемстваў прыпадала 46,5% валавой прадукцыі (ім належала вядучая роля), дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы мелі дапаможны характар. Вядучымі галінамі прамысловасці засталіся харчовыя, лесанарыхтоўчая, дрэваапрацоўчая, папяровая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, на долю якіх прыпадала каля 2/3 аб’ёму вытворчасці буйных прадпрыемстваў. У пач. 20 ст. ў прамысловасці Беларусі пачалі ўзнікаць манапалістычныя аб’яднанні па вытворчасці запалак, паперы, цэглы, шкла, піва і інш., акцыянерныя таварыствы, прадпрыемствы з удзелам залежнага капіталу. Узнікалі новыя галіны вытворчасці (шпалерная, цэментавая, фанерная і інш.). Прамысловымі цэнтрамі сталі Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смаргонь, Орша, Капыль. Падрыхтоўка рабочых кадраў наладжвалася праз рамесныя вучылішчы і школы.
На сельскую гаспадарку Беларусі пач. 20 ст. паўплывала сталыпінская зямельная рэформа. Адбываўся распад абшчынных адносін (пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губ.), ішло рассяленне на хутары. Перабудова сельскай гаспадаркі была перапынена 1-й сусв. вайной. Станоўчыя зрухі ў прамысловай і с.-г. вытворчасці спрыялі развіццю інфраструктуры Беларусі. Выгаднае геаграфічнае становішча, сетка чыгунак ператварылі краіну ў важную транзітную тэрыторыю; развіццё шашэйных дарог і воднага транспарту спрыялі арганізацыі эканам. сувязей прамысловых раёнаў Рас. імперыі з прамыслова развітымі краінамі Еўропы. Паступова Беларусь уключалася ў міжнар. падзел працы, развівала свае знешнеэканам. сувязі.
У перыяд 1-й сусв. вайны, рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваенных інтэрвенцый развіццё эканомікі Беларусі рэзка змянілася. Гэта быў перыяд ломкі ўсёй сістэмы гаспадарання і эканам. развіцця, катастрафічнай разрухі гаспадаркі. За 1913—17 прамысловая вытворчасць скарацілася амаль на 70%, многія прадпрыемствы разбураны. Да канца 1920 засталося каля палавіны дарэвалюцыйнай колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія фактычна не працавалі з-за недахопу паліва і сыравіны. Сельская гаспадарка ператварылася ў паўнатуральную. Натуральны абмен часцей замяняў таварна-грашовыя адносіны. На разбурэнне эканомікі Беларусі найб. паўплывала 1-я сусв. вайна, а на далейшы лёс краіны — рэвалюцыі, грамадзянская вайна, германская і польская інтэрвенцыі; у выніку апошняй Беларусь падзелена на 2 часткі — заходнюю і ўсходнюю.
Пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэр.БССР пачаліся спробы стварэння эканомікі, якая б абапіралася на грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, знізілася ўраджайнасць культур, скарацілася пагалоўе жывёлы. Наваствораныя саўгасы-камуны былі стратнымі, маламоцнымі гаспадаркамі з неэфектыўнай арганізацыяй працы. Сістэма кіравання сав. прамысловасцю была цэнтралізаванай, закладваліся элементы будучай камандна-адм. сістэмы. З 1920 на Беларусі пачалі аднаўляць працу асноўныя прадпрыемствы, у першую чаргу электрастанцыі, прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці. Але палітыка «ваеннага камунізму», якая абапіралася на жорсткія адм. метады, не спрыяла аднаўленню эканомікі. Улік, аналіз, кантроль, планаванне амаль адсутнічалі. Развал нар. гаспадаркі быў вынікам не толькі войнаў і рэвалюцый, але і неэфектыўнай сістэмы кіравання.
Сістэма мер новай эканам. палітыкі (нэп) паскорыла аднаўленне і развіццё прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту, таварна-грашовых адносін. Асновай эканомікі БССР заставалася сельская гаспадарка, якая ў 1925 дасягнула ўзроўню 1913. У яе спецыялізацыі пераважалі малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля, вырошчванне тэхн. культур. Аднак нізкая забяспечанасць зямлёй і слабая тэхн. аснашчанасць сялянскіх гаспадарак і саўгасаў не дазвалялі павысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. У 1926 яе таварнасць складала 13,2% (у 1913—35%). Асноўнымі формамі калектыўных гаспадарак былі камуны, сельгасарцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, сярод дзяржаўных — саўгасы. Для Сав. Беларусі перыяд нэпа быў перыядам аднаўлення эканомікі пасля разрухі. Асноўнымі галінамі прамысловасці былі харчовая, папяровая, дрэваапрацоўчая. У 1926—27 пачалося будаўніцтва буйных прадпрыемстваў, якія і ў наш час маюць гасп. значэнне (Бабруйскі дрэваапр. камбінат, Гомсельмаш, БелДРЭС, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, металаапрацоўчы завод «Камунар» у Мінску і інш.). У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, назіраўся застой або слабавыразнае развіццё.
Вынікам даваенных пяцігодак стала індустрыялізацыя ў прамысловасці і калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы. Кіраванне эканомікай зноў перайшло на камандна-адм. метады з высокай ступенню цэнтралізацыі. Дзярж. планаванню развіцця гаспадаркі надаваўся ранг закона. У гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Мазыр, Барысаў) узніклі новыя прадпрыемствы. Развіваліся машынабудаванне, паліўная і хім. прамысловасць, электраэнергетыка; завяршылася фарміраванне сеткі чыгунак і іх інфраструктуры, пабудаваны або рэканструяваны рачныя парты, аэрапорт «Мінск», лініі тэлефоннай сувязі, адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал. У 1940 на долю прамысловасці прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Беларусь вырабляла 33,8% фанеры, 27% запалак, больш за 10% металарэзных станкоў, 30% штучнага пакосту ад агульнасаюзнай вытворчасці. Прадпрыемствы рэспублікі пачалі выпускаць новую прадукцыю — складаныя металаапрацоўчыя станкі, радыёпрыёмнікі, маторы, турбіны, штучны шоўк і інш.
У выніку калектывізацыі дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную сацыялістычную, але ўзровень с.-г. вытворчасці заставаўся нізкім. З сельскай мясцовасці павялічылася міграцыя працоўных рэсурсаў у гарады і за межы рэспублікі.
У час Вял.Айч. вайны эканоміка Беларусі страціла амаль усе здабыткі першых пяцігодак. Частка прадпрыемстваў, транспартных сродкаў, жывёлы былі эвакуіраваны ў Расію. На акупіраванай тэрыторыі былі адноўлены ў асноўным прадпрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне акупацыйных улад. Гаспадарка акупіраванай тэрыторыі мела каланіяльны характар. У Германію вывозіліся сыравіна (лес, торф), прадукты харчавання. Аграрная рэформа замацоўвала за акупацыйнымі ўладамі зямлю і прадукцыю. У гады акупацыі нар. гаспадарка Беларусі падверглася жорсткай эксплуатацыі і рабаванню, што прывяло эканоміку да поўнага разбурэння і заняпаду. З утварэннем партыз. зон для патрэб мясц. насельніцтва адноўлены шэраг прадпрыемстваў, арганізавана вытворчасць у калгасах і саўгасах.
У выніку вайны Беларусь страціла больш за палавіну нац. багацця і па найважнейшых галінах эканоміка адкінута да ўзроўню 1913, па агульным узроўні — да 1928. Былі разбураны 209 (з 270) гарадоў, 9,2 тыс. вёсак, больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з даваенным узроўнем на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 49% — пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% — коней, на 78% — авечак і коз. Значныя страты прычынены транспарту. Буйныя гарады былі разбураны на 75—90%.
Пасля вызвалення Беларусі пачалося адраджэнне гаспадаркі. Да 1946 адноўлена 5,9 тыс. прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, у т. л. трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Змянілася структура прамысловасці: знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай галін, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1-ю пасляваенную пяцігодку хуткімі тэмпамі аднаўляліся прамысловасць і транспарт. У пач. 1949 прамысловая вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940, а ў 1950 валавы аб’ём прамысл. прадукцыі быў на 15% вышэйшы, чым у 1940. Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна. У калгасах не хапала тэхнікі (у канцы 1945 мелася 1/3 ад яе даваеннай колькасці). Нізкія тэмпы аднаўлення с.-г. вытворчасці былі абумоўлены таксама адсутнасцю матэрыяльнага заахвочвання ў калгасах. Нягледзячы на антысялянскі характар аграрнай палітыкі дзяржавы (адсутнасць гасп. самастойнасці, ушчамленне правоў сялян, якія нават не мелі пашпартоў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, перапампоўванне грашовых сродкаў у прамысловасць), у аграрным сектары адбыліся пэўныя змены. Вёска атрымала 8,6 тыс. трактароў, 1,5 тыс. камбайнаў, шмат інш. тэхнікі. Павялічыліся пасяўныя плошчы, у 3 разы пашырыліся пасевы тэхн. культур. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 яны складалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 96,5%, коней — 62%, свіней — 64,4%.
Аднаўленне нар. гаспадаркі, змякчэнне аўтарытарных метадаў кіравання, сац. пераарыентацыя доўжыліся да 1960-х г. Працягвалася капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя прадпрыемстваў, раслі высокатэхналагічныя галіны і вытворчасці. Прамысловасць пачала вырабляць гадзіннікі, шарыкападшыпнікі, швейныя машыны, электрарухавікі, паўправаднікі, ЭВМ, хім. мінеральныя ўгнаенні, прадукты перапрацоўкі нафты. Сістэма кіравання перайшла ад галіновага да тэр. кіраўніцтва праз саўнаргасы. Сельская гаспадарка пасля доўгага заняпаду ўпершыню стала рэнтабельнай. У выніку ліквідацыі МТСс.-г. тэхніка перададзена калгасам і саўгасам. Адметнасцю гэтага перыяду было будаўніцтва найб. у Еўропе хім. прадпрыемстваў (Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Гомельскі хім. завод, Светлагорскі камбінат штучнага валакна і інш.). У выніку доля хіміі ў вытворчых фондах падвоілася. Апераджальнымі тэмпамі развіваліся неметалаёмістыя і працаёмістыя галіны (электратэхніка, прыладабудаванне, радыёэлектроніка). Ствараліся комплексы машынабудаўнічых і металаапрацоўчых прадпрыемстваў па выпуску канструктыўна і тэхналагічна аднароднай прадукцыі. У структуры паліўна-энергетычнага балансу павялічылася доля нафты і прыроднага газу, пракладзены нафта- і газаправоды. З 1964 пачалася прамысловая здабыча нафты на тэр. Беларусі. Пазней з’явіліся нафтаперапр. заводы ў Наваполацку і Мазыры.
Развіццё сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд замаруджвалася суб’ектывізмам і валюнтарызмам у яе кіраванні. З сярэдзіны 1960-х г. узяты курс на інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі, на разгортванне меліярацыі. У жывёлагадоўлі пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў. Прамысловае будаўніцтва ў гарадах, інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, рост адукаванасці людзей выклікалі масавую міграцыю працаздольнай часткі сельскіх жыхароў, што праз 15—20 гадоў прывяло да дэпапуляцыі сельскай мясцовасці. Рэформы 1960-х г. не былі даведзены да завяршэння, што прывяло да тармажэння ў выкананні пяцігадовых планаў, а потым і да застою ў развіцці эканомікі.
У гэты перыяд на Беларусі расла вытворчасць прадукцыі такіх галін прамысловасці, як прыладабудаванне, электронная і радыётэхнічная прамысловасць, вытворчасць сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80 вырасла з 5,5% да 16%, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці — з 11,3% да 25%. Аднак у большасці галін захоўваліся ўстарэлыя тэхналогіі і абсталяванне. Эканоміка Беларусі страціла былы дынамізм. Рэзка знізіліся тэмпы эканам. росту. Так, у 1970—75 сярэднегадавыя тэмпы росту нац. даходу складалі 8,3%, а ў 1980—85 толькі 5,6%, прадукцыі прамысловасці — 10,4% і 5,4%, прадукцыйнасці працы адпаведна 7,4% і 5,3%.
Сельская гаспадарка ў гэты перыяд таксама развівалася супярэчліва, разам з поспехамі былі і недахопы. У 1970—85 сельская гаспадарка Беларусі працягвала спецыялізавацца на развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, лёну-даўгунцу, цукровых буракоў. З мэтай стварэння трывалай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі адбылося пераразмеркаванне пасяўных плошчаў, праводзілася меліярацыя і інш. Узводзіліся буйныя комплексы на некалькі тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і свіней, ствараліся міжгаспадарчыя аб’яднанні па адкорме жывёлы і птушак, вытворчасці мяса, малака і воўны. У 1970—85 валавая прадукцыя жывёлагадоўлі павялічылася ў 1,5 раза, птушкагадоўлі — у 3,2 раза. Аднак палітыка кіраўніцтва па спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі парушыла комплекснасць аграрнага сектара, павялічыла дыспрапорцыю паміж галінамі. У пач. 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі апынулася ў крызісным стане. Ураджайнасць збожжавых культур практычна не расла. Па меры зніжэння вытворчасці с.-г. прадукцыі расла дробязная апека, што стрымлівала ініцыятыву і адказнасць за канчатковыя вынікі. У краіне абвастрылася харчовая праблема. У пач. 1982 зроблены спробы выйсця з крызіснага становішча: створаны аграрна-прамысловы комплекс (на Беларусі — «Белаграпрам»), прынята харчовая праграма на перыяд да 1990. Аднак гэтыя палавінчатыя меры не закраналі інтарэсаў сялянства, неслі на сабе сляды застою. Эканоміка патрабавала перабудовы ўсяго сацыяльна-эканам. комплексу. У 1985 па ініцыятыве М.С.Гарбачова распачаты спробы рэфармавання сацыяльна-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Аднак пошук шляхоў перабудовы эканам. адносін пачаўся з вельмі сціплых праектаў у межах старой адм.-каманднай сістэмы. Пад паскарэннем сацыяльна-эканам. развіцця разумелася павышэнне тэмпаў шляхам інтэнсіфікацыі вытворчасці і новых, эфектыўных форм арганізацыі кіравання. Планавалася паскоранымі тэмпамі развіваць машынабудаванне і на яго аснове ажыццяўляць тэхн. перааснашчэнне ўсёй гаспадаркі, вывесці на перадавыя рубяжы навукова-тэхн. прагрэсу электраэнергетыку, хім. і нафтахім., лёгкую і мясц. прамысловасць, сельскую гаспадарку, сферу паслуг і гандаль. Хутка стала відавочна, што ніякага паскоранага развіцця краіны не адбылося, наадварот, становішча ў эканоміцы пагоршылася, дзяржава ўступіла ў глыбокі сістэмны крызіс.
З распадам СССР Беларусь стала незалежнай унітарнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай эканомікай. З 1991 пачаўся навейшы этап развіцця яе гаспадаркі, культуры, адукацыі, навукі і інш. галін цывілізаванай дзяржавы. Прынята праграма пераходу краіны да рыначных адносін. Першачарговымі задачамі была стабілізацыя эканомікі, прыватызацыя, стварэнне рыначнай інфраструктуры, абарона насельніцтва ад збяднення і ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку распаду СССР была парушана адзіная эканам. прастора. Стварэнне СНД было спробай захаваць адзіную эканам. прастору і сувязі, але ў поўнай меры гэтага зрабіць не ўдалося. Адсутнасць пэўнай заканадаўчай базы і кансерватызм тагачаснай улады не дазволілі наладзіць эфектыўныя рыначныя адносіны. Пастанова Вярх. Савета (1991) аб дзярж. праграме па стабілізацыі эканомікі і сац. абароне насельніцтва не рэалізоўвалася. Улады не здолелі вызначыцца ў крэдытна-грашовай палітыцы, у цэнаўтварэнні і міждзяржаўных разліках паміж краінамі СНД. Беларусь знаходзілася ў адзінай з Расіяй рублёвай зоне, дзе пачаліся ўжо рыначныя пераўтварэнні. Манетарная палітыка рас. улад стварыла востры дэфіцыт наяўных грошай на тэр. Беларусі. Увядзенне ў абарачэнне (1992) бел. разліковых білетаў вырашыла праблему толькі часткова. Лібералізацыя цэн у Расіі і краінах Балтыі, імкненне захаваць нізкі ўзровень унутр. цэн разбуралі бел. спажывецкі рынак. У эканоміцы ўзмацніліся крызісныя з’явы (інфляцыя, паніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і аб’ёмаў вытворчасці, «вымыванне» тавараў з рознічнага продажу і інш.), што абцяжарвалася абмежаванасцю крыніц паліва і сыравіны, залежнасцю ад прыродных рэсурсаў інш. краін. За 1991—95 валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыўся на 35%, таварная вытворчасць прамысловасці — на 41%, валавы прадукт сельскай гаспадаркі — на 26%, капіталаўкладанні — на 61%. Паніжэнне абсалютных тэмпаў прыросту вытворчасці заўважалася амаль ва ўсіх галінах гаспадаркі.
Наступны этап сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі характарызаваўся мэтанакіраванай дзейнасцю па стабілізацыі эканомікі. У канцы 1994 прынята праграма неадкладных мер па выхаду краіны з крызісу, распрацаваная адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праграма прадугледжвала аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэмы, паляпшэнне гандлёвага і плацежнага балансу, знешнеэканам. дзейнасці, узмацненне дзярж. рэгулявання, стабілізацыю асобных галін гаспадаркі, удасканаленне сістэмы аплаты працы. Асноўныя кірункі рэфармавання эканомікі на шляху структурнай перабудовы ў канцы 1990-х г. звязаны з нарошчваннем аб’ёмаў экспарту, жыллёвага будаўніцтва і вытворчасці харчовай прадукцыі. Рэфармаванне эканомікі ішло ў кірунку раздзяржаўлення і прыватызацыі, змянення аграрных адносін, развіцця рыначнай інфраструктуры. У канцы 1990-х г. пачаўся рост унутр. валавога прадукту і аб’ёмаў прамысл. вытворчасці, выпуску тавараў нар. спажывання. Пры гэтым аднак зніжалася рэнтабельнасць вытворчасці. павялічвалася колькасць стратных прамысловых і с.-г. прадпрыемстваў, паніжэнне жыццёвага ўзроўню значнай часткі насельніцтва. У пач. 21 ст. Беларусь апынулася па шэрагу паказчыкаў на ўзроўні дакрызіснага 1990.
Літ.:
Эканамічная гісторыя Беларусі. Пад агульнай рэд. В.І.Галубовіча. 2 выд.Мн., 1996;
Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Мн., 2003;
Шилов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Киреенко Е.Г. Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПАЧАТКУ 20 ст.
У пач. 20 ст.асн. цэнтрамі бел.нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, верш Я.Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел.сацыяліст. грамада (першапачаткова наз.Бел.рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.Кухты выйшлі творы М.Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, пераклад В.Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.Бядуля, Я.Колас, Я.Купала, С.Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.Горкі, А.Кальцоў, І.Крылоў, А.Майкаў, М.Някрасаў, А.Пушкін, А.Чэхаў), польскіх (С.Жаромскі, М.Канапніцкая, А.Міцкевіч, К.Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.Сыракомля), укр. (М.Крапіўніцкі, А.Крымскі, А.Алесь, Т.Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш.перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел. адраджэнне і літаратуру. На ўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі на паэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.Луцкевіч, Я.Купала, М.Бабровіч і інш.Бел. пісьменнік і крытык С.Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.Кацюбінскага, В.Стафаніка, І.Франко, Т.Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.Багдановіч.
Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.
У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел. адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.Коласа, апавяданні і аповесці М.Гарэцкага, многія вершы Я.Купалы, публіцыстыка Я.Купалы, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.Плуга «Кручаная баба», творы Л.Вітан-Дубейкаўскага, К.Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі з найб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Купала).
Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Колас, Я.Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).
Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ на сац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.Купалы, «Песні жальбы» Я.Коласа, вершы «Начныя думкі» А.Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.Багдановіча, зб. «Песні» Ц.Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.Багдановіча, «Курганная кветка» К.Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.
Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа з сац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. З рамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.
Адраджэнскі патрыятызм Я.Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.
Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.Багдановіч разам з Я.Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных на нар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне на нац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.
Паэзія А.Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.
Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст. З творчасцю Ф.Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.Гартнага па літ. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел.сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.Адважнага, А.Зязюлі, К.Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.
Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.
Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа і інш. На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.Бядуля, Я.Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.Коласа, «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Апавяданні» У.Галубка (1913), «Рунь» М.Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.Багдановіча на рус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.
Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.Галубок, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.Колас, Ядвігін Ш.), нар. казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.Колас, З.Бядуля), літаратурная казка (М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.Гарун), навела ў розных варыянтах (У.Галубок, Ядвігін Ш., Я.Колас, М.Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры на фалькл. матывы (М.Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.Колас, М.Багдановіч), мініяцюра (З.Бядуля, М.Гарэцкі, М.Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.Колас, В.Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.Багдановіч), імпрэсія (З.Бядуля, М.Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.Бядуля), мастацкая прамова (К.Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Колас і інш.), маст. нарыс (К.Каганец, К.Лейка, А.Пшчолка). М.Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.
Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.Гвозд, Я.Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.Багдановіч, А.Гарун, Я.Колас), вобразаў (М.Гарэцкі, Я.Колас, А.Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.Ластоўскага.
З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.Багдановіч, Я.Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.Гарэцкага, «Злачынства» М.Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.Пшчолкі).
Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.Бядулі і Я.Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.
Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.
Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.
Драматургія. Адраджэнне бел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.Аляхновіч, І.Буйніцкі, У.Галубок, Я.Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.
У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, К.Каганец, Я.Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.Аляхновіч, У.Галубок, М.Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.Каганец, Я.Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.Гарун).
Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац.тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.Купалы. Задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.
Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.Аляхновіч і У.Галубок. Як драматург Ф.Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.
Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.Багдановіч, З.Бядуля, Я.Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. З рамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, А.Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.Аляхновіча, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, В.Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя на нац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
У.М.Казбярук, А.М.Макарэвіч.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Верш Я.Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.Буйло. 1914.Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.Я.Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.