ГРА́НДЫ (Grandes),
у сярэдневяковай Іспаніі вышэйшае духоўнае і свецкае дваранства. Займалі высокія дзярж. пасады, карысталіся вял. прывілеямі і былі вызвалены ад падаткаў. З 16 ст. гранды — спадчынны дваранскі тытул (адменены ў 1931).
т. 5, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФ (ням.
(Graf),
У раннім сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе службовая асоба, якая прадстаўляла ўладу караля ў графстве. У час феад. раздробленасці ператварыліся ў незалежных буйных феадалаў. Пазней граф — дваранскі тытул; у Расіі ўведзены Пятром І у 18 ст.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІ́З (франц. marquis, ісп. marqués),
1) у раннесярэдневяковай імперыі Каралінгаў тое, што маркграф.
2) У сярэдневяковых Францыі і Італіі (з 10 ст.) буйны феадал, які паводле тагачаснай іерархіі знаходзіўся паміж герцагам і графам.
3) Спадчынны дваранскі тытул (паміж князем і графам) у Францыі, Іспаніі, Італіі.
т. 10, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧ (Антон Станіслававіч) (1801, Гродзенская губ. — 2-я пал. 1845),
дваранскі рэвалюцыянер. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. З 1819 у Чарнігаўскім пях. палку, з 1823 падпаручнік. Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826), забяспечваў яго правіянтам, узначальваў авангард палка ў час маршу. Камісіяй ваен. суда ў Магілёве прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена высылкай на вайсковую службу ў Сібір. Потым пераведзены на Каўказ, удзельнічаў у руска-персідскай вайне 1826—28. Загінуў у баі з горцамі.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗМІН (Іван Арцёмавіч) (? — каля 1696),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля (1662—67), з 1685 узначальваў яе жывапісную майстэрню. Ствараў жывапіс «па тафтах» (абразы, адзенне на якіх выканана аплікацыяй з шоўку), размалёўваў пячную кафлю, браціны, падсвечнікі, сцягі-харугвы, вялікі ліхтар Успенскага сабора (1672). Аўтар абразоў: «Страшны суд» (1682—83), «Распяцкая царква Маскоўскага Крамля», «Зняцце з крыжа» і «Уваскрэсенне» (разам з Б.Салтанавым), парсуны «Патрыярха Нікана» (каля 1683). Як узнагароду за мастацтва атрымаў дваранскі тытул (1679).
т. 2, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНІ ЗЕ́МСКІ СУД,
саслоўны дваранскі судовы орган у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у канцы 18 ст. Дзейнічаў на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» ад 7.11.1775. Складаўся з дэпартаментаў крымін. і цывільных спраў. Разглядаў крымін. справы, за якія абвінавачаны мог быць асуджаны да смяротнага пакарання, пазбаўлення гонару або да публічнага пакарання. Кампетэнцыя Верхняга земскага суда па цывільных справах выразна не была вызначана. Ён быў і апеляцыйнай інстанцыяй для ніжняга земскага суда. Засядаў 3 разы ў год. У 1797 скасаваны.
т. 4, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ (Павел Восіпавіч) (2.4.1832, б. маёнтак Вака каля Вільні — 16.2.1905),
ваенны дзеяч, гісторык і этнограф. Генерал ад інфантэрыі. Пляменнік М.К.Баброўскага. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Дваранскі полк, 1851) і Мікалаеўскую акадэмію Генштаба (1857). У 1875—97 нач. Ваенна-юрыд. акадэміі. З 1859 кіраваў групай афіцэраў Генштаба, якая падрыхтавала і выдала «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Гродзенская губерня» (ч. 1—2 і дадаткі ў 2 т., 1863). У працы прыведзены звесткі па гаспадарцы, этнаграфіі, асвеце, пра гарады і найб. значныя мястэчкі губерні. Вывучаў гісторыю летапісаў, уніяцкай царквы, жыццё і навук. дзейнасць М.К.Баброўскага.
т. 2, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАР,
паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).
В.А.Паўлоўская.
т. 5, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСЦІ́НСКІ (Міхаіл Францавіч) (28.9.1829, в. Завідзічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 1905),
бел. археолаг. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т, Пецярбургскі ун-т. Чл. Маск. археал. т-ва (з 1874, чл.-кар. з 1867). У 1850—90 вывучаў археал. помнікі Віцебшчыны, склаў яе археал. карту, для Пецярбургскай акадэміі мастацтваў зрабіў табліцу курганоў і гарадзішчаў кожнага павета Віцебскай губ. Упершыню на Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў старажытнасцей Віцебскай і суседніх губерняў. Даследаваў Гнёздаўскі курганны могільнік пад Смаленскам (гл. Гнёздава), тэр. ў вярхоўях Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар «Успамінаў» (захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы).
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996.
Т.М.Каробушкіна.
т. 9, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Міхаіл Пятровіч) (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),
расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г. — панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т.л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.
т. 11, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)