САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,

пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм. Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл. Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл. Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.​М.​Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.​Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).

Літ.:

Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;

Павлов Я.С. Советско-германские договоры 1939—1941 гг.: трагедия тайных сделок. Мн., 1996.

У.​Е.​Снапкоўскі (дагавор ад 28.9.1939), У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1921,

дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога пра спыненне польска-сав. вайны 1919—20 (гл. ў арт. Савецка-польская вайна 1920) і нармалізацыю адносін; падпісаны 18.3.1921 у Рызе. У ходзе польска-сав. вайны, развязанай Польшчай пры ваен.-матэрыяльнай і дыпламат. падтрымцы краін Антанты, што па часе супала з грамадз. вайной у Расіі, урады БССР, Літ.-Бел. ССР і РСФСР неаднойчы заклікалі польскі ўрад «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэр. пытанні». Але Польшча не адказвала, бо не прызнавала БССР як суб’ект міжнар. права, імкнулася захапіць бел., укр. і літ. землі, аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772. Дзяржавы Антанты прапаноўвалі вызначыць усх. мяжу Польшчы паводле «Керзана лініі». Толькі пасля контрнаступлення сав. войск (ліп. 1920), а потым іх паражэння ў Варшаўскай аперацыі 1920 польскі бок пагадзіўся на перагаворы (пачаліся 17.8.1920 у Мінску, з 21.9.1920 працягваліся ў Рызе). Яны праходзілі без удзелу прадстаўнікоў БССР і БНР, бо ў гэтым не былі зацікаўлены як Польшча і Антанта, так і РСФСР. Дзеля заключэння міру сав. ўрад быў гатовы пайсці на значныя тэр. ўступкі, у т. л. за кошт бел. зямель. А.Р.Чарвякоў — кіраўнік (да пач. кастр. 1920) дэлегацыі БССР (знаходзілася ў Рызе з 18.9.1920) ставіў перад кіраўніком рас. дэлегацыі А.​А.​Іофе пытанне пра допуск сваёй дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў. ВРК БССР даручыў прадстаўляць інтарэсы рэспублікі на перагаворах рас. боку, што потым пацвердзіў Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (снеж. 1920). 25.9.1920 Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі УССР. 12.10.1920 падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Канчатковы дагавор ад 18.3.1921 (ад імя БССР яго падпісалі Іофе і інш. прадстаўнікі РСФСР) складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, усх. мяжа Польшчы (дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі яе ў 1923) устанаўлівалася на У ад «лініі Керзана» (гл. карту). Бакі абавязаліся паважаць дзярж. суверэнітэт адзін аднаго, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арг-цый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутр. справы і варожай прапаганды; Польшча абавязалася забяспечыць беларусам, украінцам і рускім свабоду веравызнання і развіцця іх культуры і мовы, тое ж атрымлівалі палякі на тэр. БССР, УССР і РСФСР (на практыцы многае з гэтага парушалася). Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць выдаткі і страты, прычыненыя ў час вайны, прадастаўлялі грамадзянам поўную амністыю за паліт. злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы ваен. трафеі, вывезеныя з гэтай краіны са студз. 1772, а таксама архівы, б-кі і інш. культ. каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час 1-й сусв. вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і інш. фін. абавязацельствы былой Рас. імперыі, Расіі належала выплаціць Польшчы 30 млн. руб. золатам за ўклад апошняй у рас. эканоміку. Неадкладна пасля падпісання дагавора ўстанаўліваліся дыпламат. адносіны паміж бакамі. Дадаткі да Р.м.д. рэгулявалі эканам. і юрыд. пытанні. Дагавор ратыфікаваны Прэзідыумам ВЦВК 14.4.1921, Польшчай — 16.4.1921, УВК УССР — 17.4.1921; абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30.4.1921.

Супраць падрыхтоўкі і падпісання Р.м.д. пратэставалі Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР (В.Ластоўскі і інш.), прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі БССР. У прынятым 25.3.1921 урадам БНР звароце «Усяму культурнаму свету» заяўлялася пра непрызнанне дагавора бел. народам. Адозва ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» заклікала прагрэс. дэмакр. сілы Польшчы да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі Рыжскага міру. Напярэдадні падпісання дагавора ЦК КП(б)Б санкцыянаваў арышт у БССР 860 бел. эсэраў і больш як 60 дзеячаў БСДП і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, што сарвала акцыі бел. эсэраў супраць падзелу Беларусі. Дагавор асудзілі Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага), Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925, Берлін), а таксама праз друк бел. пісьменнікі Я.​Купала, Я.​Колас, У.​Дубоўка, А.​Дудар. Р.м.д. дзейнічаў да пач. 2-й сусв. вайны і далучэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны да СССР (адпаведна ў складзе БССР і УССР; 1939).

Літ.:

Пічэта У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. 1928. № 4;

Ольшанский П.Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. М., 1974;

Дуж-Душэўскі К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. 1995. № 6;

Dąbski J. Pokój ryski. Warszawa, 1931;

Kumaniecki J. Pokój polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985.

С.​А.​Бародзіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 13, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1529, Першы статут Вялікага княства Літоўскага,

звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст. Помнік старабел. пісьменства. Падрыхтаваны на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясц. звычаёвага права, пастаноў дзярж. і суд. устаноў, Судзебніка 1468, прывілеяў. Статут склала камісія пад кантролем канцлера ВКЛ А.​Гаштольда (ёсць меркаванні, што ў яго складанні і рэдагаванні прымаў удзел Ф.​Скарына). Пры распрацоўцы Статута ўпершыню вырашаны шэраг складаных тэарэт. і практычных задач: выпрацавана сістэма і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыпавыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзярж., адм., грамадз., сямейнага, крымін., судова-працэсуальнага і інш. галін права. Складальнікі Статута не прытрымліваліся сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, а выпрацавалі сваю. У яе аснову пакладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права, прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спец. нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам.

Статут уведзены ў дзеянне 29.9.1529. Складаецца з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў (пазнейшыя дапаўненні павялічылі іх да 283). У 1—3-м раздзелах змешчаны ў асн. нормы дзярж. права і прынцыповыя палажэнні інш. галін права, у 4-м і 5-м — шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае, у 6-м — судова-працэсуальнае, у 7-м — крымін., у 8-м — зямельнае, у 9-м — лясное і паляўнічае, у 10-м — цывільнае, у 11—13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнае права У Статуце юрыдычна замацаваны асновы грамадскага і дзярж. ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сац. груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзярж. кіравання і суда. Абвяшчалася правіла, паводле якога ўсе асобы, «як убогія, так і багатыя», павінны судзіцца паводле норм, выкладзеных у Статуце. Вял. князь абавязваўся захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзярж. пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясц. феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. Адначасова ў Статуце абвяшчалася захаванне прывілеяў і льгот для феадалаў. Ідэі гуманізму паўплывалі на нормы крымін. і цывільнага права, выкладзеныя ў Статуце 1529 і наступных Статутах. Так, у Статуце 1529 (раздз. 1, арт. 7) абвяшчалася, што ніхто не павінен адказваць за чужую віну, а крымін. пакаранне трэба назначаць толькі асобам, віна якіх устаноўлена судом. У арт. 27-м раздз. 7-га прадугледжаны тэрмін крымін. праследавання: за найб. цяжкае злачынства — 10 гадоў, менш цяжкае — 3 гады. У 7-м арт. 11 -га раздзела зроблена спроба абмежаваць халопства. Вольны чалавек за здзейсненае злачынства не павінен аддавацца ў вечную няволю. Даволі поўна выкладзены нормы, якія забяспечвалі права ўласнасці феадалаў. Змяшчаліся нормы, якія вызначалі маёмасныя правы жанчын і дзяцей, парадак выдачы дзяўчат замуж. Абвяшчалася абяцанне вял. князя не выдаваць дзяўчат замуж прымусова, а толькі з іх згоды. Падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнім дзецям, якія засталіся без бацькоў. Нормы дзярж. права, выкладзеныя ў Статуце, у сваёй сукупнасці ўяўлялі своеасаблівую феад. канстытуцыю, у якой упершыню вызначалася структура і характар дзейнасці органаў дзярж. улады, замацоўваліся асн. правы і прывілеі пануючага класа і саслоўя шляхты, Статут 1529 адыграў значную ролю ў далейшай кадыфікацыі і сістэматызацыі права. Як і Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, паслужыў базай і крыніцай для распрацоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1588.

Статут напісаны на бел. мове, мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы бел. народа, дае магчымасць вывучаць лексіку і стыль, дзярж.-прававую тэрміналогію таго часу. Вядомы пераклады Статута 1529 на лац. (1530) і польск. (1532) мовы. Захаваліся 4 спісы на бел. мове: Фірлееўскі, Замойскіх, Дзялынскіх, Слуцкі; 2 спісы на лац. мове: Лаўрэнцьеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх; спіс на польск. мове — Альшэўскі (Свідзінскі і Вастрабрамскі спісы загінулі ў 1944). Упершыню Статут 1529 надрукаваны ў 1841 у Познані ў «Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529» (лацінскім шрыфтам), у 1854 — кірыліцай у Маскве.

Публ.:

Старый Литовский Статут 1529 г. // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 18;

Статут Великого княжества Литовского 1529 г. Мн., 1960.

Літ.:

Пичета В.И. Литовский Статут 1529 г. и его источники // Пичета В.И. Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;

Крапивин П.Ф., Чернецкая Ю.И. О рукописях и изданиях первого Литовского Статута // Славянский архив. М, 1959;

Первый Литовский Статут 1529 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1982;

Лазутка С., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут. [Т.] 1, ч. 1—2. Вильнюс, 1983—85;

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;

Улашчык М. Першы Літоўскі Статут: (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння) // Бел. гіст. агляд. 1996. Сш. 1.

І.​А.​Юхо.

т. 15, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)