НЕ́ГАШЫ.

Негушы, Петравічы-Негашы, дынастыя правіцеля ў Чарнагорыі ў 1697—1918. Назва ад племя негушаў, з якога паходзілі Н. Яе першыя прадстаўнікі (мітрапаліты або ўладыкі) аб’ядноўвалі духоўную і свецкую ўладу. Заснавальнік — Даніла [1697—1735] — актывізаваў барацьбу супраць Турцыі і ўстанавіў паліт. адносіны з Расіяй (1711). Іншыя прадстаўнікі: Сава [1735—81]; Пётр I [1781—1830], пры якім Чарнагорыя дамаглася фактычнай незалежнасці (1796); Пётр II [1830—51] быў і таленавітым паэтам (гл. Негаш); Даніла [1851—60], які абвясціў Чарнагорыю свецкім княствам (1852); Мікалай [1860—1918], які дамогся міжнар. прызнання незалежнасці Чарнагорыі і яе тэр. пашырэння (1878), а ў 1910 абвясціў сябе каралём. У 1918 Н. адхілены ад улады Вял. нар. скупшчынай у сувязі з далучэннем Чарнагорыі да Сербіі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ Даніла, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Родам з Віцебска. Вучань Іпаліта (Старца). Працаваў у Маскоўскай Аружэйнай палаце. Рабіў іканастасы, клірасы, куфры, шафы, цацкі для царэвічаў. Разам з Я.​Анціп’евым і Я.​Юр’евым упрыгожыў гербамі і «рознымі вуглавымі слупкамі» царскую карэту.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў,

князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,

бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛ Міндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СТАЛ (Даніла Паўлавіч) (14.12.1654—28.1.1734),

апошні выбарны гетман Левабярэжнай Украіны ў 1727—34. Ваенны дзеяч, удзельнік паходаў супраць Турцыі і Крыма, Паўн. вайны 1700—21. У 1708 прымкнуў да І.Мазепы, аднак у хуткім часе пакінуў яго. У 1722 удзельнічаў у Персідскім паходзе рус. войскаў. Садзейнічаў росту буйнога феад. землеўладання на Украіне, праводзіў палітыку запрыгоньвання левабярэжнага сялянства і часткі казацтва. Пасля смерці Апостала выбары гетмана на Украіне забаронены.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),

дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЦЬЯ́НАЎ (Даніла Дзяменцьевіч) (н. 9-12.1918, в. Хамёнкі Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. эпізаатолаг. Д-р вет. н. (1974), праф. (1975). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1939). У 1947—54 і з 1964 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па патагенезе і імунітэце пры рожы і інш. хваробах свіней, мерах барацьбы з лептаспірозам і пастэрэлёзам с.-г. жывёл, адначасовай вакцынацыі жывёл супраць некалькіх інфекцый.

Тв.:

Одновременная вакцинация животных против нескольких инфекций. Мн., 1971 (у сааўт.).

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К (Даніла) (псеўд.; сапр. імя і гады жыцця невяд.),

аўтар нелегальнай гектаграфічнай брашуры на рус. мове «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае». Датавана 16.12.1882. Аўтар, студэнт-беларус Пецярбургскага ун-та, належаў да групы народнікаў. З любоўю пісаў пра свой народ, яго нац. характар. Не бачыў класавага размежавання ў бел. вёсцы, перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў справе сац. і нац. вызвалення бел. народа, ставіў перад ёю толькі асветныя задачы.

Тв.:

У кн.: Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 58—63.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,

шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.​І.​Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРКО́ЎСКІ (Даніла Уладзіміравіч) (2.1.1904, в. Ходараўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 31.12.1987),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1966), праф. (1967). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1931) і Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1935). У 1936—41 і 1946—52 у Ін-це хіміі АН БССР, у 1956—66 у Бел. ін-це механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, у 1968—73 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН БССР. Навук. працы па вывучэнні цэлюлозы і яе эфіраў, даследаванні працэсу мерсерызацыі.

Тв.:

О механизме щелочного набухания целлюлозы (к теории мерсеризации) (у сааўт.) // Синтетические и природные полимерные материалы. Мн., 1974.

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)