МІ́РНЫ,

пасёлак у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка. Засн. ў 1965. Цэнтр Малахавецкага с/с і калгаса. За 14 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 215 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Баранавічы-Палескія. 416 ж., 10 шматпавярховых дамоў, 16 двароў (1999). Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік І.К.Кабушкіну.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫН,

горад, цэнтр Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. на аўтамагістралі Брэст—Пінск. За 110 км ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Драгічын на лініі Брэст—Гомель. 15,2 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1452 як в. Давячоравічы. З 1623 мястэчка ВКЛ, у інвентары 1778 лічыўся горадам, з 1795 мястэчка Кобрынскага пав. У 1849—167 ж., 98 дамоў, у 1897—2258 ж., 280 дамоў, царк.-прыходская школа, 2 нар. вучылішчы, сельская лячэбніца. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Д. 2 маслабойні, завод па ачыстцы мелу, ф-ка саламяных капелюшоў, 7 мукамольняў. З 1921 у Польшчы, цэнтр Драгічынскага павета. Палескага ваяв., каля 4 тыс. ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Драгічынскага раёна. З 25.6.1941 да 17.7.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Д. і раёне 4498 чал. У 1959—3,5 тыс. ж. З 10.11.1967 горад. У 1971—7,1 тыс. ж.

Трактарарамонтны і камбікормавы з-ды. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Брацкія магілы сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, партызан і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Стрэчання (2-я пал. 19 ст.).

Драгічын. Фрагмент забудовы.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫГІ́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура Харэзма ў 4—8 ст. Назва ад харэзмскай дынастыі Афрыгідаў. Склалася пад уплывам навакольных стэпавых плямёнаў у перыяд крызісу рабаўладальніцкага ладу і станаўлення феадалізму. Для афрыгідскай культуры характэрны заняпад старых антычных гарадоў і ўтварэнне новага тыпу сельскіх паселішчаў — феад. сядзібаў-замкаў і абшчынных дамоў. Пераважаў керамічны посуд, зроблены на ганчарным крузе. На апошнім этапе афрыгідскай культуры пачалі ўзнікаць новыя гарады.

т. 2, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎМАНІС ((Baumanis) Яніс Фрыдрых Аляксандр) (4.6.1834, Рыга — 31.3.1891),

латышскі архітэктар. Вучыўся ў Будаўнічай акадэміі ў Берліне (1860—62) і Пецярбургскай АМ (1862—63). Пабудаваў у Рызе больш за 50 даходных дамоў і грамадскіх будынкаў, у дэкоры якіх выкарыстоўваў формы архітэктуры рэнесансу і класіцызму (Дом ліфляндскага дваранства, цяпер будынак урада Латвіі, 1863—67, у сааўт. з Р.​Пфлугам; Аляксандраўская гімназія, 1874, цяпер кансерваторыя) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМЕ́МНАН (грэч. Agamemnōn),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Мікен (ці Аргаса), правадыр Тахейскага войска ў час Траянскай вайны. Сварка Агамемнана з Ахілам пад Трояй — зыходны пункт развіцця сюжэта ў гамераўскай «Іліядзе». Пасля ўзяцця Троі Агамемнам вярнуўся дамоў, дзе быў забіты жонкай Клітэмнестрай і яе каханкам Эгісфам. Забойству Агамемна прысвечаны трагедыі Эсхіла і Сенекі.

Залатая пахавальная маска, т. зв. маска Агамемнана, з грабніцы. 2-я пал. 16 ст. да н.э.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МБУРАЎ (Пётр Георгіевіч) (1860 — пасля 1917),

бел. архітэктар, прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. інжынераў (1885). З 1887 працаваў у Магілёве, у 1888—1917 епархіяльны, у 1892—95 губернскі, у 1895—1914 гар. архітэктар. Пабудаваў гар. т-р (1886—88, гл. Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, шмат жылых дамоў і культавых будынкаў у Магілёве і Магілёўскай губ.

В.​М.​Чорнатаў.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў 1968 у Магілёве. У 1968—69 уведзены ў дзеянне цэхі цэглы і газасілікатных вырабаў. З 1994 калектыўнае прадпрыемства «Камбінат сілікатных вырабаў». Асн. прадукцыя (1999): з ячэістага бетону — дробныя блокі і перагародкі, пліты цеплаізаляцыйныя, панэлі вонкавых сцен, пакрыццяў і перакрыццяў для жыллёвага буд-ва; цэгла і камяні сілікатныя, панэлі са шчыльнага сілікатабетону для ўнутр. сцен жылых дамоў, вапняковыя і цэментавыя буд. растворы, бетонныя сумесі.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВЫ ФОНД,

сукупнасць жылых дамоў і памяшканняў незалежна ад форм уласнасці. Уключае жылыя дамы агульнага тыпу, спец. дамы (інтэрнаты рознага прызначэння, дамы манеўранага фонду і інш.), асобныя кватэры, службовыя і інш. жылыя памяшканні ў розных будынках, прызначаныя для пастаяннага пражывання. Адрозніваюць Ж.ф. дзярж., юрыд. асоб і індывідуальны. У дзярж. Ж.ф. уваходзяць дамы і жылыя памяшканні, што знаходзяцца ў веданні мясц. Саветаў дэпутатаў, мін-ваў, дзярж. прадпрыемстваў, устаноў, камітэтаў і ведамстваў (ведамасны Ж.ф.). Ж.ф. юрыд. асоб складаецца з жылых памяшканняў жыллёвых і жыллёва-будаўнічых кааператываў, маладзёжных жылых комплексаў, калектываў індывід. забудоўшчыкаў, грамадскіх арг-цый, калгасаў, камерцыйных і некамерцыйных арг-цый і інш. Індывід. Ж.ф. уключае жылыя дамы і кватэры, якія знаходзяцца ў асабістай уласнасці грамадзян. Дамы садаводчых т-ваў у Ж.ф. не ўваходзяць. Ж.ф. выконвае шэраг функцый у нар. гаспадарцы: забяспечвае сац. абарону асобных катэгорый грамадзян, садзейнічае рассяленню насельніцтва ў інтарэсах развіцця нар. гаспадаркі, з’яўляецца аб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. Ж.ф. Беларусі на 1.1.1997 налічвае 3 млн. 679,6 тыс. кватэр і індывід. жылых дамоў. Дзярж. Ж.ф. складае 201,4 млн. м² агульнай пл., або 30,5%, індывід. — 59,1%, юрыд. асоб — 10,4%. Гл. таксама Жыллёвае права, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь.

У.​А.​Вітушка.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМПЕ́І (Pompei),

горад у Італіі, на беразе Неапалітанскага зал., каля падножжа вулкана Везувій. Каля 25 тыс. ж. (2000). Насельніцтва ў асн. занята абслугоўваннем турыстаў. Геафіз. абсерваторыя.

У старажытнасці паселішча оскаў. У 7—6 ст. да н.э. пад уплывам грэч. калоніі. У 5 ст. да н.э. тут жылі этрускі. У канцы 5 ст. да н.э. захоплены самнітамі, у канцы 4 ст. да н.э. — рымлянамі. З 1 ст. да н.э. важны гандл. порт і рамесніцкі цэнтр. Разбураны ў 63 н.э. ў час вывяржэння Везувія, адбудаваны. Пры вывяржэнні Везувія 24.8.79 н.э. засыпаны шматметровым слоем попелу (разам з Геркуланумам і Стабіямі). У 1689 адшуканы сляды горада, з 1748 (з 1860 сістэматычна) вядуцца раскопкі. Ад попелу ачышчана ​3/5 тэр. горада. Адкрыты руіны форума з базілікай, тэатры, амфітэатр, храмы, кварталы жылых дамоў, упрыгожаныя мазаікай, фрэскамі, скульптурамі, гладыятарскія казармы, тэрмы і інш. Горад меў водаправод, каналізацыю, брук. Паколькі П. загінулі раптоўна, захавалася ўсё абсталяванне дамоў, крам, грамадскіх будынкаў. Як найб. захаваны горад старажытнасці, П. — важная крыніца звестак пра гаспадарку, побыт, культуру, мастацтва Рым. імперыі 1 ст. н.э.

А.​У.​Казленка.

Да арт. Пампеі. Дом Фаўна. 2 ст. да н.э.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНАБЛО́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

зборныя канструкцыі з буйнапамерных штучных або прыродных камянёў (блокаў). Выкарыстоўваюцца для ўзвядзення жылых дамоў, прамысл. будынкаў і збудаванняў.

Блокі вырабляюць на з-дах з лёгкіх, цяжкіх, ячэістых (керамзітабетон, шлакабетон і інш.), сілікатных бетонаў, цэглы, а таксама выпілоўваюць у кар’ерах з туфу, ракушачніку і інш. З суцэльных і пустацелых блокаў манціруюць фундаменты, вонкавыя і ўнутр. сцены, перагародкі і інш. Найб. пашыраны буйнаблочныя канструкцыі вонкавых сцен з блокаў, зробленых з лёгкіх і ячэістых бетонаў.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)