ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.​Маркса, Ф.​Энгельса і У.​І.​Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАНКА (Антон Сямёнавіч) (13.3. 1888, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 1.4.1939),

савецкі педагог і пісьменнік. Скончыў Палтаўскі настаўніцкі ін-т (1917). Пед. дзейнасць пачаў у 1905. У 1920 стварыў пад г. Палтава і ўзначаліў прац. калонію для непаўналетніх правапарушальнікаў (з 1922 калонія імя М.​Горкага). З 1927 сумяшчаў работу ў калоніі з арганізацыяй дзіцячай прац. камуны імя Дзяржынскага пад Харкавам. З 1935 нач., з 1937 нам. нач. аддзела прац. калоніі НКУС УССР. З 1937 у Маскве, займаўся літ. і грамадска-пед. дзейнасцю. Распрацаваў методыку выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам. У калоніі і камуне стварыў высокаарганізаваны дзіцячы калектыў, дзе выхаванцы набывалі адукацыю, спалучалі навучанне з вытв. працай, маральным і фіз. выхаваннем. Шырока ўкараняў прынцып самакіравання. Характэрная рыса выхаваўчага стылю М. — спалучэнне высокага даверу з вял. патрабавальнасцю. Ва ўмовах аўтарытарных тэндэнцый у жыцці грамадства, насуперак уціску з боку пед. чыноўнікаў, ён змагаўся за ўсталяванне гуманіст. педагогікі. Пісаў аповесці, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, выступаў як крытык і публіцыст. Пед. вопыт і погляды М. адлюстраваны ў маст. творах: «Педагагічная паэма» (ч. 1—3, 1933—35), «Сцягі на вежах» (1938); «Кніга для бацькоў» (1937) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. 2 изд. М., 1959—60;

Пед. соч. Т. 1—8. М., 1983—86;

Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1978.

Літ.:

А.​С.​Макаренко: Указ. тр. и лит. о жизни и деятельности. М., 1988.

А.С.Макаранка.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д-р тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВА́Ч (Платон Раманавіч) (18.4.1903, в. Пабокавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1926). У 1922—23 інструктар Барысаўскага павятовага к-та камсамола, з 1926 заг. аргаддзела, з 1928 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ, у 1929—30 нам. наркома асветы БССР. Быў рэдактарам газ. «Чырвоная змена», час. «Маладняк», «Полымя». У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), нарыса пра буд-ва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У апавяданнях пісаў пра грамадз. вайну і класавую барацьбу на вёсцы, выкрываў «ворагаў народа», рэліг. забабоны, старое вясковае жыццё. Яны вызначаюцца гуманіст. пафасам, псіхалагізмам, вастрынёй канфліктаў. У аповесцях ставіў праблему даверу да чалавека («Вінаваты», нап. 1929), адлюстроўваў калектывізацыю бел. вёскі («Спалох на загонах», 1930), паказваў барацьбу супраць польскіх акупантаў («Носьбіты нянавісці», 1936, «Яны не пройдуць!», 1937). Аналітычна, шматпланава паказаў рэчаіснасць ад пярэдадня 1-й сусв. вайны да калектывізацыі ў рамане «Праз гады» (1934): перадаў паэзію вясковай працы, сял. любоў да зямлі, сац. і псіхал. складанасць ломкі старога жыццёвага ўкладу, псіхалогіі людзей. Аўтар публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—30. Чл. ЦВК БССР у 1927—35.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1958;

Пісьмы Платона Галавача // Полымя. 1963. № 4;

Праз гады. Мн., 1992;

Спалох на загонах. Мн., 1996.

Літ.:

Булацкі Р.В., Карніловіч Э.А. Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973;

Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Луфераў М. Платон Галавач // Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, 1917—1940. Мн., 1981.

Дз.​Я.​Бугаёў.

П.Р.Галавач.

т. 4, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)