ГІПАМЕНАРЭ́Я
(ад гіпа... + аменарэя),
гіпаменструальны сіндром, аслабленне менструальнага цыкла. Праяўляецца мізэрнымі менструацыямі (10—20 мл крыві), апсаменарэяй (працягласць менструацыі 1—2 дні) і алігаменарэяй (менструацыі праз 40—60 дзён); заканчваецца, як правіла, аменарэяй. Бывае пры хваробах, якія пашкоджваюць адно ці некалькі звёнаў, што рэгулююць менструальны цыкл: ц. н. с. (гіпаталамус — гіпофіз — яечнікі), шчытападобная залоза, наднырачнікі — матка.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЫНАМІ́Я
(ад гіпа... + грэч. dynamis сіла),
зніжэнне мышачных намаганняў, што трацяцца на ўтрыманне позы, перамяшчэнне цела ў прасторы, фіз. работу. Прычыны гіпадынаміі: маларухомы спосаб жыцця, імабілізацыя, працяглы пасцельны рэжым, знаходжанне ва ўмовах бязважкасці, касм. станцый. Пры гіпадынаміі развіваюцца функцыян. і марфал. змены (парушаецца рэактыўнасць арганізма, паніжаецца яго ўстойлівасць да інфекцый і перагрузак, фіз. працаздольнасць, аб’ём цыркулявальнай крыві, мазгавы кровазварот і інш.).
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКСІ́Я
(ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод),
анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць, паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭРМІ́Я
(ад гіпа... + грэч. thermē цяпло),
ахаладжэнне, паніжэнне т-ры цела цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Памяншае спажыванне кіслароду органамі і тканкамі арганізма, павышае ўстойлівасць яго да гіпаксіі. Штучная гіпатэрмія выкарыстоўваецца ў хірургіі пры аперацыях на сэрцы, вял. сасудах і нейрахірургічных (траўмы ц. н. с., ацёкі, інтаксікацыі). Пры зніжэнні т-ры цела чалавека да 20—23 °C спыняюцца дыханне, дзейнасць сэрца.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСПАДЫ́Я
(ад гіпа... + грэч. spaō адцягваю ўніз, адрываю знізу),
ніжняя шчыліна мочаспускальнага канала, прыроджаны недахоп развіцця мочаспускальнага канала ў мужчын, калі вонкавая адтуліна канала адкрываецца на ніжняй паверхні палавога члена, машонцы ці на прамежнасці. Гіпаспадыя — самая частая анамалія развіцця органаў мочапалавой сістэмы. Прычыны гіпаспадыі: лішак жаночых палавых гармонаў, хваробы, што ўплываюць на развіццё плода (таксікоз і інш.). Пры гіпаспадыі бывае парушэнне мочавыдзялення і палавога жыцця. Лячэнне хірургічнае.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Русаков В.И. Лечение гипоспадии. Ростов н/Д, 1988.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЭ́РМА
(ад гіпа... + дэрма),
у пазваночных жывёл самы глыбокі слой скуры з рыхлай злучальнай тканкі, у якім назапашваюцца тлушчавыя клеткі, што ўтвараюць падскурную тлушчавую клятчатку. Гіпадэрма злучае скурнае покрыва з падлеглымі тканкамі, выконвае апорную, трафічную, пластычную, тэрмарэгулятарную, ахоўную функцыі. У беспазваночных жывёл гіпадэрма — тонкі слой прызматычнага эпітэлію, што знаходзіцца пад кутыкулай, створанай у выніку сакраторнай дзейнасці клетак гіпадэрмы. У раслін гіпадэрма — адзін ці некалькі слаёў клетак, што знаходзяцца пад эпідэрмісам сцёблаў, лісця, насення і пладоў; у каранях гіпадэрмы іншы раз называюць вонкавыя пласты клетак першаснай кары.
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАПЛАЗІ́Я
(ад гіпа... + грэч. plasis утварэнне),
недаразвіццё тканкі, органа, часткі цела ці ўсяго арганізма; анамалія развіцця. У аснове гіпаплазіі, як і аплазіі, ляжыць прыроджаная адсутнасць органа ці часткі цела. Прычыны ўзнікнення гіпаплазіі: эндагенныя (анамаліі першаснай закладкі зародкавых клетак) і экзагенныя (прамянёвая энергія, траўмы, ціск на цяжарную матку, уздзеянні тэмпературы, алкаголю, наркотыкаў на арганізм маці, анамальны аб’ём і інш.) фактары, што неспрыяльна ўплываюць на фарміраванне і рост зародка і плода, а таксама хваробы, у т. л. інфекцыі (краснуха, грып, поліяміэліт і інш.), што перадаюцца ад маці плоду.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ
(ад гіпа... + сексуальнасць),
зніжэнне сексуальнай схільнасці пры адсутнасці якіх-небудзь адхіленняў у здароўі чалавека. Адзначана залежнасць сексуальных праяўленняў ад палавой канстытуцыі мужа і жонкі, якая ў значнай ступені вызначае ўстойлівасць арганізма да ўздзеяння патагенных фактараў на палавую функцыю. Адны і тыя ж фактары па-рознаму дзейнічаюць на розных асоб. У мужчын выражаная і працяглая гіпасексуальнасць трапляецца вельмі рэдка. Прычынай гіпасексуальнасці часцей бываюць неўратычная рэакцыя на няўдачы ў палавым жыцці, авітаміноз, ператамленне, недасыпанне, страхі, інтаксікацыя алкаголем або наркотыкамі і інш. Да гіпасексуальнасці могуць прыводзіць і парушэнні псіхасексуальнага развіцця. Гіпасексуальнасць звычайна з’яўляецца часовым або сезонным станам.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАЛА́МУС
(ад гіпа... + таламус),
гіпаталамічная вобласць, аддзел прамежкавага мозга, які ўтварае дно і сценкі трэцяга мазгавога жалудачка.
Размешчаны ніжэй таламуса. Тонкай ножкай злучаецца з гіпофізам. Складаецца з ядраў — адасобленых скопішчаў нерв. клетак. Ад іх ідуць нерв. шляхі ў розныя аддзелы мозга. Гіпаталамус — найвышэйшы цэнтр вегетатыўнай нервовай сістэмы. Удзельнічае ў рэгуляцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і водна-салявога абмену. Рэгулюе дзейнасць сэрца, крывяносных сасудаў, ціск крыві, тэмпературны баланс, уплывае на вонкавае выяўленне эмоцый у жывёл і чалавека. Пашкоджанні гіпаталамуса бываюць пры вострых інфекцыях, інтаксікацыях, чэрапна-мазгавых траўмах і інш.
Літ.:
Гращенков Н.И. Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГАНАДЫ́ЗМ
(ад гіпа... + ганады),
гіпагеніталізм, паталагічны стан чалавека, які абумоўлены зніжанай сакрэцыяй палавых гармонаў і характарызуецца слабым развіццём палавых органаў і другасных палавых прыкмет. Бывае першасны (пры паталогіі палавых органаў) і другасны (у выніку пашкоджання інш. эндакрынных залоз — гіпофіза, гіпаталамуса, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў і інш.).
Адрозніваюць розныя клінічныя формы гіпаганадызму: эмбрыянальная — праяўляецца адсутнасцю яечак, крыптархізмам або сіндромам Клайнфелтэра (калі развіваецца ў раннім эмбрыянальным перыядзе, да 20 тыдняў, прыводзіць да гермафрадытызму); дапубертатная форма суправаджаецца фарміраваннем еўнухападобных прапорцый цела і недастатковасцю або адсутнасцю другасных палавых прыкмет; постпубертатная (у дарослым узросце) характарызуецца знікненнем другасных палавых прыкмет і парушэннем палавых функцый. Гіпаганадызм можа ўзнікаць у выніку запаленчых працэсаў у яечках, таксама з прычыны гарманальнай недастатковасці.
т. 5, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)