ПАДО́КШЫН (Сямён Аляксандравіч) (н. 8.3.1931, г. Гомель),
бел. філосаф і гісторык-медыявіст. Д-рфілас.н. (1987), канд.гіст.н. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1960 у Ін-це філасофіі і права Нац.АН Беларусі. Даследуе гуманіст. рух і рэліг.-царк. жыццё Беларусі 14—17 ст., гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, філасофіі і гісторыі, нац. самасвядомасці бел. народа. Стварыў цэласную гісторыю станаўлення і развіцця рэнесансава-гуманіст. думкі Беларусі, вызначыў спецыфічныя рысы айч. Адраджэння і гуманізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), прац «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты, даведнік, каментарыі» (1989), «Скарына і яго эпоха» (1990), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974;
Франциск Скорина. М., 1981;
Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЛЕ́ ((Rabelais) Франсуа) (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),
французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв.сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.Бурносаў і Р.Канавалаў.
Тв.:
Бел.пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;
Рус.пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЗЕ ((Duse) Элеанора) (3.10.1858, г. Віджэвана, Італія — 21.4.1924),
італьянская актрыса. З акцёрскай сям’і. Выступала ў італьян. вандроўных трупах, у 1887 арганізавала ўласную. Шмат гастраліравала па краінах Еўропы і Амерыкі. Актрыса трагічнага плана. Лепшыя ролі: Тэрэза Ракэн («Тэрэза Ракэн» Э.Заля), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Сантуца («Сельскі гонар» Дж.Вергі), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Нора («Нора» Г.Ібсена), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні), Ганна («Мёртвы горад» Г.Д’Анунцыо). Дэмакр. і гуманіст. мастацтва Д. вызначалася праўдзівасцю, філігранным майстэрствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ РУСІ́Н З КРО́СНА (1470 ?, г. Кросна, Польшча — 1517),
паэт-лацініст. Гуманіст. Вучыўся ў Кракаўскім і Грэйфсвальдскім (Памеранія) ун-тах. У 1499 атрымаў ступень бакалаўра, у 1506 магістра вольных мастацтваў. У 1506—16 праф. Кракаўскага ун-та. Аўтар зборніка паэт. твораў (1509). Выдаў творы стараж.-рым. пісьменнікаў Персія Флака (1508), Сенекі (1513) са сваімі вершаванымі і празаічнымі прадмовамі. Сярод яго вучняў паэт Я.Вісліцкі, якому ён прысвяціў хвалебную элегію.
Літ.:
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ (Wacław z Szamotuł),
Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568), польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац.нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.Зарэмбам (1558).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧА́К НААПЕ́Т (?—1592?),
армянскі паэт. Верагодна, жыў у в. Хараконіс каля г. Ван (цяпер Турцыя). Пачынальнік свецкай тэматыкі ў арм. паэзіі. Дасканала валодаў найб.стараж. формай верша — айрэнам. Пісаў вершы любоўныя, філасофска-павучальныя (айрэны роздумаў) і вандроўніцкія (айрэны блуканняў), у якіх апяваў радасць кахання і жыцця, прыгажосць жанчыны, імкнуўся асэнсаваць пакутніцкі лёс арм. народа, сцвярджаў гуманіст. ідэалы. Лірыка К. глыбока народная, рытмамеладычная. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ II [Pius; свецкае Пікаломіні (Piccolomini) Энеа Сільвіо; 18.10.1405, г. Піенца, Італія — 15.8.1464],
папа рымскі з 1458. Гуманіст, гісторык, паэт, дыпламат. У 1442 сакратар герм. караля Фрыдрыха III, які назваў П. каралём паэтаў. У 1446 прыняў сан святара, быў епіскапам Трыеста (1447), Сіены (1450). З 1456 кардынал. Змагаўся за ўзмацненне папскай улады, пашырыў тэр.Папскай вобласці. Заклікаў да крыжовага паходу супраць туркаў. Аўтар паэтычных твораў на лац. мове, навел у стылі Дж.Бакачыо, кніг пра гісторыю г. Базель, Базельскага сабора 1431—49, гісторыю Чэхіі, аўтабіягр. «Каментарыяў» (выд. 1525).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕ́ЗІ [Arghezi; сапр. Іон Тэадарэску
(Teodorescu)] Тудор (21.5.1880, г. Бухарэст — 14.7.1967),
румынскі пісьменнік. Акадэмік Румынскай АН (з 1955). За антыўрадавыя памфлеты ў 1930-я г. зняволены, за выступленні супраць фашызму ў 1943 кінуты ў канцлагер. Аўтар зб-каў лірыкі «Патрэбныя словы» (1927), «Сем песень з закрытым ротам» (1939), «Новыя вершы» (1963), «Ноч» (1967), раманаў «Вочы Божай маці» (1934), «Могілкі Дабравешчання» (1936) і інш. Пісаў таксама сатыр. прозу, нарысы, эсэ, апавяданні для дзяцей. Паэт-гуманіст, схільны да філас. абагульненняў. Рэфарматар рум. верша. На бел. мову вершы Аргезі перакладалі А.Бачыла і П.Прыходзька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НІ ((Bruni) Леанарда) (празваны Арэціна; Aretino; 1369, г. Арэца, Італія — 8.3.1444),
італьянскі гуманіст, пісьменнік, гісторык. У 1410, 1427—44 канцлер Фларэнцыі. У паліт. памфлетах выступаў супраць тыраніі, абараняў рэсп. лад, адстойваў ідэю ўсебаковага развіцця асобы і асуджаў аскетызм. Філас. і эстэт. погляды выклаў у творах, напісаных на лац. мове (трактат «Уводзіны ў навукі пра мараль», дыялог «Спрэчка пра высакароднасць» і інш.). Найбольш вядомыя яго гіст. творы («Гісторыя Фларэнцыі», «Запіскі аб падзеях майго часу»). Аўтар біяграфій Дантэ, Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо на італьян. мове. Перакладаў з грэч. Платона, Арыстоцеля, Плутарха; кн. «Аб правільным перакладзе» — адна з першых спроб стварыць тэорыю перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́Й КУНАНБА́ЕЎ (10.8.1845, в. Караул Абайскага р-на, Казахстан — 6.7.1904),
казахскі паэт-асветнік, заснавальнік новай пісьмовай казахскай літаратуры. Вывучаў араб., перс. і інш. мовы. Светапогляд Абая Кунанбаева фарміраваўся пад уплывам гуманіст. ідэй паэтаў і вучоных Усходу, рус. класічнай л-ры і стараж.-грэч. філосафаў. У лірычных і сатыр. вершах выступаў супраць сац. зла, невуцтва, старых звычаяў. У паэмах «Масгуд» (1887), «Іскандэр», «Сказанне пра Азіма» выкарыстаў усх. сюжэты. У кн. прозы «Павучанні» выклаў этычныя і філас. погляды. Увёў новыя формы верша (6- і 8-радкоўе). Жыццю Абая Кунанбаева прысвечаны раман-эпапея М.Аўэзава «Шлях Абая».
Літ.:
Ауэзов М.О. Абай Кунанбаев: Статьи и исследования. Алма-Ата, 1967.