ПАСЭСІ́ЙНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

у Расійскай імперыі ў 18—1-й пал. 19 ст. прыгонныя сяляне, замацаваныя за прыватнымі прамысл. прадпрыемствамі (мануфактурамі, фабрыкамі, заводамі) на аснове пасэсійнага права (без права продажу асобна ад прадпрыемства). Катэгорыя П.с. уведзена пры Пятру I у 1721. У іх склад уваходзілі купленыя да прадпрыемстваў сяляне, «вечнаадданыя» (указ 1736), казённыя фабр. рабочыя, перададзеныя ўладальнікам пасэсійных прадпрыемстваў. У 19 ст. ў лік П.с. ўвайшлі т. зв. неадменныя работнікі, што замянілі сабой прыпісных сялян. Ў адрозненне ад звычайных прыгонных П.с. не дазвалялася пераводзіць на с.-г. работы, аддаваць у рэкруты; яны маглі падаваць чалабіцці ў Берг- і Мануфактур-калегіі, якім былі падсудныя. У той жа час іх жорстка эксплуатавалі: грубы пазаэканам. прымус спалучаўся з грашовымі штрафамі і вылікамі. З развіццём капіталізму ўладальнікі пасэсійных прадпрыемстваў імкнуліся пазбавіцца ад П.с. (у 1840 яны атрымалі такое права) і замяніць іх паднявольную працу больш прадукц. працай наёмных работнікаў. Катэгорыя П.с. скасавана пасля адмены прыгоннага права ўказамі 1861 і 1863.

Літ.:

Панкратова АМ. Формирование пролетариата в России (XVII—XVIII вв.). М., 1963.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),

расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.​Агняцвет, А.​Каско.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1976—77;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;

Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.​Мартынова). Омск, 1989;

Воспоминания о Леониде Мартынове. М., 1989.

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЦА (Triticum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.

Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.

На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел. НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.

Літ.:

Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;

Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;

Ламан Н.А., Янушкевич Б.Н., Хмурец К.И. Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987.

В.​М.​Прохараў.

Пшаніца: 1 — мяккая (а — безасцюковая, б — асцюкаватая); 2 — цвёрдая; 3 — культурная адназярнянка; 4 — Цімафеева; 5 — полба; 6 — польская; 7 — персідская; 8 — спельта; 9 — хлеб з мукі (а — слабай, б — сярэдняй, в — моцнай пшаніцы).

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

ідэалогія, палітыка і практыка ў нац. пытанні, заснаваныя на прызнанні нацый як вышэйшай формы грамадскага адзінства, прыярытэту нац. фактара над сац. у жыццядзейнасці і грамадстве. Існуюць розныя падыходы да разумення прыроды, умоў узнікнення, зместу і функцый Н. У зах. філасофіі і сацыялогіі нац. разглядаецца найперш як духоўнае, а паняцце «Н.» як пэўная самадастатковая суверэнная сіла. Г.​Кон, Б.​Шэйфер (ЗША), А.​Швейцэр (Германія — Францыя), Ж.​Мішэль (Францыя) вызначалі Н. як фанатычную прыхільнасць да сваёй нац. супольнасці, прызнанне нац. дзяржавы ідэальнай формай арганізацыі грамадства. Рас. мысліцелі Я.​М.​Трубяцкой і І.​А.​Ільін сапраўдным Н. лічылі адданасць чалавека свайму народу, краіне, а лжывым Н. — нянавісць і пагарду да інш. народаў. М.​А.​Бярдзяеў адрозніваў Н. агрэсіўны, заалагічны, разбуральны і Н. творчы, культ., стваральны. Л.​Доўбу, Р.​Эмерсан, Р.​Страўс-Хупе (ЗША) ставяць знак роўнасці паміж Н. і патрыятызмам, нац. і нацыяналістычным і сцвярджаюць, што нацыяналіст — гэта грамадзянін, які ўсведамляе свой абавязак перад Радзімай. У марксісцкай л-ры Н. вызначаецца як адзін з прынцыпаў ідэалогіі і палітыкі, што заключаецца ў абсалютызацыі нац.-этн. моманту ў жыцці і свядомасці народаў; пры гэтым вылучаюць Н. пануючых нацый у форме дзярж. шавінізму і Н. прыгнечаных народаў, які садзейнічае барацьбе за незалежнасць.

У перыяд фарміравання нацый і нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і ЗША разам з лозунгам дэмакратыі Н. з’яўляўся ідэйным сцягам буржуазіі ў барацьбе супраць феадалізму і нац. прыгнёту, за стварэнне агульнанац. рынку і ўсталяванне свайго панавання ў нац. рамках. У гэтым плане, асабліва ў барацьбе супраць каланіялізму, Н. адыграў станоўчую ролю ў станаўленні нацый, іх кансалідацыі, вызваленні прыгнечаных народаў, іх нацыянальным самавызначэнні, захаванні і развіцці іх самабытнасці і інш. Існуюць і крайнія формы выяўлення нац. інтарэсаў, якія могуць перарастаць у сваю процілегласць — у пачуццё нац. выключнасці, перавагі над інш. нацыямі, параджаць імкненне да нац. замкнёнасці, адасобленасці, нац эгаізму і інш. праяўленняў Н Як ідэалогія і псіхалогія Н. уключаецца ў індывід. і розныя формы грамадскай свядомасці (палітыка, мараль, права, рэлігія, мастацтва, філасофія). У сучаснай навуцы вылучаюць такія тыпы і формы Н., як індывідуальны і групавы, бытавы (грубы) і «інтэлігентны», свецкі і рэліг., «чужы» і «сваёй» нацыянальнасці. Н. нац. большасці і нац. меншасці, прыгнечаных і пануючых нацый, вял. і малых нацыянальнасцей, Н. вызваленчы, месіянскі, мясцовы, расавы, фашысцкі, дзярж.-бюракратычны і інш.

Ідэалогія і практыка вялікадзярж. шавінізму і ваяўнічага Н. садзейнічаюць разбурэнню роўнасці, справядлівасці і павагі ў адносінах паміж людзьмі і народамі, спараджаюць сепаратызм, міжнац. і міжэтн. канфлікты, экстрэмізм, кровапралітныя войны; нярэдка яны набываюць форму касмапалітызму, нігілістычных адносін да нац. культур і традыцый. У краінах Зах. Еўропы Н. найчасцей выступае ў форме этн. сепаратызму, у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі — знаходзіцца на ўзбраенні антыкаланіяльнага руху. Ажыўленне Н. ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі, у канцы 20 ст. адбывалася ва ўмовах барацьбы розных сац. і паліт. сіл па праблемах арыентацыі грамадскага развіцця пасля распаду СССР.

У пераадоленні крайніх форм Н. важнае значэнне маюць паслядоўная дэмакратызацыя нац. адносін, прызнанне прынцыпу роўнасці ўсіх народаў, моў і культур, своечасовае вырашэнне эканам. і сац.-культ. праблем у грамадстве з улікам інтарэсаў нацый і этн. меншасцей, нац. пачуццяў людзей. Вял. ролю ў гэтым адыгрываюць этн., ментальныя, светаадчувальныя, светапоглядныя і інш. асаблівасці і традыцыі народаў (гл. Інтэрнацыяналізм, Менталітэт, Светапогляд).

Літ.:

Поздняков Э.А. Национализм. Национальные интересы. М., 1994;

Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Этнические и этносоциальные категории. М., 1995;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)