БРУСЧА́ТКА,
дарожна-будаўнічы матэрыял з трывалых горных парод (граніт, дыябаз, базальт і інш.). Мае выгляд брускоў (даўж. 15—30, шыр. 12—15, выш. 10—15 см). Вырабляюць на каменедрабільных машынах з выраўноўваннем правай грані і краёў. Выкарыстоўваюць для брукавання плошчаў і вуліц.
т. 3, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШКАВІЧЫ,
вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 50 км на ПдЗ ад Лельчыц, 257 км ад Гомеля, 110 км ад чыг. ст. Жыткавічы. 2367 ж., 715 двароў (1996). Друзавы з-д, кар’ер «Граніт» (гл. Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму.
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКІ КАНА́Л,
суднаходны канал у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Злучае р. Прыпяць з рачным портам Мікашэвічы (ніжэй упадзення р. Лань, за 6 км на З ад р.п. Мікашэвічы). Даўж. 7 км. Праходзіць па забалочанай левабярэжнай пойме р. Прыпяць. Пабудаваны ў 1974—78, рэканструяваны ў 1979—80. Служыць для вывазу прадукцыі Мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» (друз, штучны пясок і інш.).
т. 10, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКА-ЖЫ́ТКАВІЦКІ ВЫ́СТУП,
тэктанічная Структура на Пд Беларусі. Адыходзіць ад Палескай седлавіны на У і ў выглядзе горставай структуры ўкліньваецца ў зах. ч. Прыпяцкага прагіну, якую падзяляе на Тураўскую і Старобінскую дэпрэсіі. Выцягнуты ў субшыротным напрамку на 80 км, шыр. да 10 км. На Пд абмежаваны буйным субшыротным разломам з амплітудай 1—3 км, на Пн — малаамплітудным (дзесяткі метраў). Папярочнымі дыяганальнымі разломамі выступ падзелены на Мікашэвіцкі і Жыткавіцкі горсты, паміж імі Слуцкі грабен. Фарміраванне выступу пачалося ў пратэразоі і адбывалася ў асн. у познім дэвоне, адначасова з гал. фазай рыфтагенезу Прыпяцкага грабена. М.-Ж.в. характарызуецца дадатнымі адзнакамі паверхні фундамента (+110 м над узр. мора) і адсутнасцю ў скляпеннай ч. даантрапагенавых адкладаў. Выступ складзены з крышт. парод ніжняга пратэразою (дыярыт, гранадыярыт, граніт, кварцыт і інш.). У паглыбленнях скляпеннай ч. трапляюцца верхнепратэразойскія кварцыта-пясчанікі і палеагенавыя адклады; на схілах сярэдне- верхнепратэразойскія, сярэдне- верхнедэвонскія, верхнемелавыя, палеагенавыя і неагенавыя пароды. На Мікашэвіцкім падняцці здабыча парод крышт. фундамента для буд-ва (друз; Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт»).
І.В.Клімовіч.
т. 10, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯСКІ́Т (ад назвы п-ва Аляска, дзе ўпершыню знойдзены),
інтрузіўная субшчолачная горная парода; граніт, у якім менш за 5% цёмнаколерных мінералаў. Складаецца з каліевага палявога шпату (каля 65%) і кварцу (каля 35%). Структура крышт.-зярністая, радзей парфірападобная. Колер мяса-чырвоны, ружовы, белы, светла-шэры. Магматычнага, іншы раз метасаматычнага паходжання. Утварае буйныя масівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці шкла, тонкай керамікі, як буд. друз і абліцовачны камень.
т. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г. п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.
т. 8, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ з адзнакай, геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, абразівы,
прыродныя ці штучныя матэрыялы павышанай цвёрдасці, якія выкарыстоўваюцца для абразіўнай апрацоўкі і вырабу абразіўных інструментаў. Да прыродных абразіўных матэрыялаў адносяцца алмаз, граніт, кварц, карунд, крэмень, наждак; да штучных — электракарунд, карбід крэмнію, карбід бору, кубічны нітрыд бору (эльбор, кубаніт), штучны алмаз (мае значна большую цвёрдасць, стабільнасць уласцівасцяў, інш. высокія тэхнал. якасці). Мікрацвёрдасць абразіўных матэрыялаў ад 18—26 ГПа (электракарунд) да 100 ГПа (сінт. алмаз), іх трываласць на сцісканне адпаведна ад 760 да 2000 МПа.
т. 1, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА БУДАЎНІ́ЧАГА КА́МЕНЮ.
У Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля р.п. Мікашэвічы, ва ўсх. ч. Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу. Паклад звязаны з ніжнепратэразойскімі пародамі крышт. фундамента. Карысныя выкапні (дыярыты, гранадыярыты, граніты) светла-шэрых адценняў, пераважна сярэднезярністыя, зверху трэшчынаватыя. Разведаныя запасы 373,3 млн. м³, перспектыўныя 147,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 82,8—135,8 м, ускрышы (пяскі, гліны, алеўрыты, выветралыя крышт. пароды) 3,1—59,4 м. Карысныя выкапні прыдатныя на выраб бутавага каменю, шчэбеню і штучнага пяску. Распрацоўваецца Мікашэвіцкім прадпрыемствам «Граніт».
А.П.Шчураў.
т. 10, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛОТАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, кіслотатрывалыя матэрыялы,
металічныя і неметалічныя матэрыялы, устойлівыя супраць разбуральнага дзеяння кіслот. К. м. металічныя — высокалегіраваныя сталі і чыгун, некат. металы (напр., нікель, медзь, алюміній, цырконій, серабро) і сплавы. К. м. неметалічныя — горныя пароды (напр., андэзіт, граніт), каменнае ліццё (напр., базальт), палімерныя матэрыялы (полівінілхларыд, поліэтылен, фтарапласты і інш.), кераміка, шкло, спец. замазкі, цэменты і інш. Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. прам-сці для вырабу розных ёмістасцей (і іх футравання), труб, шлангаў, падлогі, пакрыццяў, а таксама як кіслотатрывалыя герметыкі і ўшчыльняльнікі.
т. 8, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)