ПЛАЦІ́НА,

гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.

Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.

На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).

П.​К.​Чэрнік.

Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.
Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ВАРВА́РЫНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Першапачаткова мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1785 на каталіцкіх могілках, побач — мураваная капліца (у 1800 новая) і драўляны дом-плябанія. Пабудовы мелі мураваную агароджу з трохпралётнай уязной брамай. У 1885 касцёл перабудаваны (інж.-арх. В.​Піятроўскі), стаў 3-нефавай 2-вежавай базілікай. У цэнтры гал. фасада — арачны партал з трохвугольным франтонам, над ім 3 арачныя нішы. Двух’ярусныя вежы завершаны высокімі шатрамі. Першы ярус вежаў 4-гранны, кожная з граней прарэзана трохарачнымі праёмамі, другі — 6-гранны, кожная грань мае па аднаму арачнаму праёму, скошаная і завершана трохвугольным франтонам. Ярусы аддзяляюцца карнізам з шырокім арнаментальным поясам. У дэкоры неатынкаваных фасадаў касцёла выкарыстаны дэталі з лякальнай цэглы: карнізы з зубчастым поясам, аркатурны пояс, пілястры, калонкі, нішы і інш. У Вял. Айч. вайну будынкі і агароджа часткова разбураны. У 1990 рэстаўрыраваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Віцебскі Варварынскі касцёл.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́ЦКІ (Сяргей Мітрафанавіч) (17.1.1884, С.-Пецярбург — 8.6.1967),

рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Адзін з арганізатараў «Цэха паэтаў» (гл. Акмеізм). Скразныя тэмы паэзіі Гарадзецкага — роздум пра лёс радзімы на розных гіст. этапах, рамантыка барацьбы за шчасце народа, цікавасць да простых працаўнікоў горада і вёскі, інтэрнац. салідарнасць. Аўтар зб. вершаў «Яр» (1907, тэмы і вобразы рус. фальклору), «Пярун» (1907), «Русь» (1910), «Серп» (1921), «З цемры да святла» (1926), «Грань» (1929), «Думы» (1942), «Паўночнае ззянне» (апубл. 1968), раманаў «Пунсовы смерч» (1927, пра падзеі 1-й сусв. вайны на Каўказе) і «Сады Семіраміды» (апубл. 1971, пра трагічныя падзеі ў Зах. Арменіі ў канцы 1916), аповесцей «Сутулаўскае гняздоўе» (1915), «Помнік паўстання» (1928), «Чорны шаль» (1929), паэм «Чырвоны Піцер» (1922), «Тры сыны» (1956) і інш., новага лібрэта да оперы М.​Глінкі «Іван Сусанін» (1937—44). Перакладчык вершаў і паэм Я.​Купалы («Над ракою Арэсай») і Я.​Коласа («Новая зямля», «Рыбакова хата», з Б.​Ірыніным і П.​Сямыніным).

Тв.:

Избр. произведения. Т. 1—2. М., 1987.

С.М.Гарадзецкі.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЕ ШКЛО мастацкае,

вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяпер г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.​Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.​Анішчык, К.​Вакс, В.​Дзівінская, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, С.​Раўдвеэ, В.​Сазыкіна, Г.​Сідарэвіч, Федаркоў і інш.

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Нёманскае шкло. Г.​Сідарэвіч. Дэкаратыўныя пласты «Цішыня». 1985.
Да арт. Нёманскае шкло. Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Антык». 1996.
Да арт. Нёманскае шкло. У.​Мурахвер. Дэкаратыўная скульптура «Ефрасіння». 1999.

т. 11, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),

расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл. Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.​Банапартам (гл. Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.

Літ.:

Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;

Песков А.М. Павел I. М., 1999;

Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.

Павел I.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)